Маляўнічая даліна ракі Прыпяць, векавыя дубровы і балоты-"лёгкія Еўропы" – усё гэта беларускае Палессе, з якім звязана мноства легенд і гістарычных падзей. На тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці захаваліся стаянкі першабытных людзей Юравічы і Бердыж, старажытныя гарадзішчы і буйнейшыя ва Усходняй Еўропе пахаванні эпохі Кіеўскай Русі (амаль 600 насыпаў), цудоўныя архітэктурныя помнікі. Унікальная спадчына краю – драўляныя цэрквы, прадстаўленыя ў папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Больш як два стагоддзі візітнай карткай горада на Сожы з'яўляецца цудоўны палац Румянцавых і Паскевічаў – адна з самых папулярных выдатных мясцін Беларусі. На тэрыторыі ансамбля знаходзяцца сабор святых Пятра і Паўла, капліца і фамільная пахавальня Паскевічаў, помнік М.П. Румянцаву-Задунайскаму. А ў легендарным "Паляўнічым доміку" размешчаны Музей гісторыі Гомеля. Вакол знакамітай рэзідэнцыі распасціраецца старадаўні парк – у свой час адзін з лепшых у Еўропе – з экзатычнымі дрэвамі, кветнікамі, гротамі, фантанамі і альтанкамі. Ад парку да цэнтра горада і будынка гомельскага цырка вядзе вуліца Савецкая з арыгінальнымі, быццам "пернікавымі", домікамі ў стылі мадэрн.
На Кіеўскім спуску набярэжнай ракі Сож устаноўлена скульптурная кампазіцыя, прысвечаная першаму жыхару горада, які адлюстраваны з калчаном і стрэламі за спінай, а побач з ім сядзіць рысь – сімвал Гомеля.
За 300 км ад Мінска
Гомельскі палац, які ўзвышаецца на беразе ракі, некалі належаў аднаму з фаварытаў Кацярыны II – графу Пятру Румянцаву-Задунайскаму. У XIX стагоддзі маёнтак купіў вядомы палкаводзец Іван Паскевіч, які сабраў тут багацейшую калекцыю твораў мастацтва і антыкварыяту. Апошняй уладальніцай рэзідэнцыі была княгіня Ірына Паскевіч – аўтар першага перакладу рамана Льва Талстога "Вайна і мір" на французскую мову. Сёння ў палацавым музеі прадстаўлена больш як 150 тысяч арыгінальных экспанатаў. Сярод іх і абраз "Божая Маці Замілаванне" з фамільнай пахавальні Паскевічаў, выкананы ў 1887-1910 гадах знакамітай фірмай "Фабержэ" ў Пецярбургу і мазаічнай майстэрні Уладзіміра Фралова.
Гомель, пл. Леніна, 4.
З 11.00 да 19.00, выхадны – панядзелак
Экспазіцыя галерэі расказвае аб жыцці і творчасці аднаго з самых вядомых беларускіх жывапісцаў – народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі, які ў 1992 і 1994 гадах быў названы "Чалавекам года" па версіі Міжнароднага біяграфічнага цэнтра Кембрыджа. Палотны майстра знаходзяцца ў калекцыях амаль 30 буйнейшых музеяў свету, у тым ліку Траццякоўскай галерэі (12 карцін). Пры гэтым менавіта ў Гомелі прадстаўлены самы вялікі збор жывапісных палотнаў, акварэлей і эскізаў манументальных работ мастака больш як за 50 гадоў. Многія з іх прысвечаны роднаму Палессю.
Гомель, вул. Карповіча, 4
Штодзённа з 10.00 да 19.00
Музей ваеннай славы ў Гомелі адкрыўся ў 2005 г. у гонар 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Экспазіцыя, прысвечаная гісторыі ад старажытнасці да нашых дзён, прадстаўляе зброю і боепрыпасы, экіпіроўку, кінастужкі, дакументы, рукапісы і фатаграфіі... Асаблівая гордасць музея – адкрытая пляцоўка, дзе знаходзіцца "Партызанскі гарадок", а таксама выстаўка ваеннай тэхнікі ХХ стагоддзя. Сярод 35 экспанатаў – зенітная ўстаноўка ЗСУ-23-4 "Шылка" і баявая машына дэсанта "БМД-1".
Гомель, вул. Пушкіна, 5
З 11.00 да 19.00 (май – верасень), з 10.00 да 18.00 (кастрычнік – красавік).
У асобным будынку працуе "Музей крыміналістыкі", дзе можна ўбачыць зброю, амуніцыю супрацоўнікаў міліцыі, пабываць у кабінеце крыміналіста канца ХХ стагоддзя, разгледзець фальшывыя дакументы і грашовыя знакі, канфіскаваныя ў злачынцаў, а таксама паўдзельнічаць у экспертызе па раскрыцці злачынства.
Гомель, вул. Пушкіна, 1
З 11.00 да 19.00 (май – верасень), з 10.00 да 18.00 (кастрычнік – красавік). Выхадныя – панядзелак, аўторак.
Унікальны прыродны рэзерват у міжрэччы Прыпяці, Сцвігі і Убарці – адзінае месца ў свеце, дзе захаваліся некранутымі векавыя пойменныя дубровы і знаходзіцца буйнейшы ў Еўропе масіў пераходных і вярховых балот. Акрамя таго, нацыянальны парк "Прыпяцкі" мае статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі. Тут не толькі спыняюцца тысячы пералётных, але і пастаянна пражываюць звыш 250 відаў птушак (79 працэнтаў арнітафаўны ўсёй краіны), сярод якіх рэдкія шэры журавель, чорны бусел, балотная сава, арлан-белахвост… Для турыстаў у парку арганізуюцца экскурсіі па экамаршрутах, прагулкі на цеплаходах і лодках, фотасафары, паляванне і рыбалка.
У маляўнічых мясцінах "Прыпяцкага" раз у два гады праходзіць міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся".
Петрыкаўскі раён, аграгарадок Ляскавічы, адлегласць ад Мінска – 260 км, ад Гомеля – 270 км.
Старажытны Тураў – буйнейшы разам з Полацкам рэлігійна-духоўны цэнтр Беларусі – упамінаецца ў летапісах з 980 года. Менавіта тут быў пабудаваны другі па велічыні пасля полацкай Сафіі храм (на жаль, не ўцалеў з-за балоцістых глеб), а ў 1056-1057 гадах створаны адзін з першых помнікаў усходнеславянскага пісьменства – Тураўскае Евангелле. У палескім горадзе жыў і тварыў знакаміты "беларускі Златавуст" – прапаведнік і багаслоў Кірыла Тураўскі. Да нашых дзён у Тураве захавалася гарадзішча Х-XIII стагоддзяў з фрагментамі храма і жылых пабудоў, а таксама выдатны помнік драўлянага дойлідства царква Усіх Святых, культавыя каменныя крыжы…
Па легендзе, каменныя крыжы прыплылі – супраць цячэння – па Дняпры і Прыпяці з Кіева, дзе князь Уладзімір хрысціў Русь. Два з іх ("бацька" і "маці") захоўваюцца ў царкве Усіх Святых, а трэці – унутры помніка Кірылу Тураўскаму на Замкавай гары.
Жыткавіцкі раён
Мазыр – адзін з самых старых гарадоў Беларусі: на яго тэрыторыі выяўлена 5 гарадзішчаў, самаму старажытнаму з якіх амаль 4 тысячы гадоў. У XV стагоддзі ў цэнтры Мазыра стаяў замак, які не раз разаралі татары, а ў 1649 годзе захапіў і спаліў князь Януш Радзівіл. У 2005 годзе да 850-годдзя горада на гістарычным месцы быў адноўлены драўляны "Мазырскі замак", які стаў папулярным турыстычным аб'ектам. Самыя знакавыя славутасці горада – касцёл святога Міхаіла Архангела і манастыр бернардзінцаў XVII стагоддзя, Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор, а таксама бровар 1885 года, будынак мужчынскай гімназіі XIX стагоддзя і царква святога Мікалая ў стылі канструктывізму.
Ад Гомеля – 136 км, ад Мінска – 281 км.
Экспазіцыя пад адкрытым небам "Мазырскі замак" працуе з 10.00 да 18.00, выхадны – панядзелак.
Старажытнейшая ў Беларусі стаянка першабытных людзей, якой амаль 25 тысяч гадоў, захавалася ў вёсцы Юравічы. Яшчэ ў 1929 годзе беларускія археолагі выявілі паселішча, а дзякуючы наступным экспедыцыям былі знойдзены астанкі 20 мамантаў, першабытнага быка, дзікага каня. Паблізу старажытнага жылля акруглай формы, пабудаванага з касцей, шкур і валуноў у фундаменце, знайшлі пласцінчатыя нажы, скрабкі, крэмніевы кінжал. У1970-х гадах археолагі адкрылі ў Юравічах яшчэ 5 пасяленняў, у тым ліку тры неалітычныя, паселішча банцараўскай культуры і, галоўнае, рэшткі вялікага сярэдневяковага горада IX-X стагоддзяў. Памерамі ён не ўступаў Полацку, але па невядомых прычынах знік і не ўпамінаецца ў летапісах.
Калінкавіцкі раён, в. Юравічы
Юравіцкі Свята-Ражджаство-Багародзічны манастыр – адзіны помнік архітэктуры ў стылі віленскага барока ў Гомельскай вобласці. У пачатку XVIII стагоддзя яго заснавалі езуіты для захавання рэліквіі, якую шанавалі і праваслаўныя, і католікі – цудатворнага абраза Божай Маці Юравіцкай-Міласэрнай. У 1855 годзе святыня была вывезена, а ў нашы дні тут захоўваецца яе спіс. Арыгінал можна ўбачыць у кракаўскім храме святой Варвары. На тэрыторыі манастыра знаходзіцца касцёл Ражджаства Прасвятой Багародзіцы, якому ў 1867 годзе імператар Аляксандр II падарыў абраз святога благавернага князя Аляксандра Неўскага.
Штогод у свята Пахвалы Прасвятой Багародзіцы ў гонар Юравіцкага абраза Божай Маці праводзяцца ўрачыстая літургія, малебен і хрэсны ход з Мазыра ў Юравічы.
Калінкавіцкі раён, в. Юравічы, вул. Горная, 9
Сядзіба ў вёсцы Чырвоны Бераг, якая нагадвае казачны домік, была ўзведзена ў другой палавіне XIX стагоддзя для генерал-лейтэнанта Міхаіла Гатоўскага. У архітэктуры арганічна спалучыліся элементы готыкі, рэнесансу, ампіру і мадэрну: шатры вежаў, эркеры, мансардныя дахі, дахавыя вокны, анфіладнае размяшчэнне пакояў. Пры гэтым інтэр'еры пакояў адпавядалі пэўнаму стылю – раманскаму, арабскаму, рэнесанснаму, французскаму… Палац славіўся багатай калекцыяй жывапісных палотнаў, сярод якіх былі арыгіналы Івана Айвазоўскага, Гаўрылы Кандраценкі, Генрыха Сямірадскага. Вакол рэзідэнцыі быў англійскі парк і сад з экзатычнымі раслінамі.
Жлобінскі раён, в. Чырвоны Бераг, вул. Ісаева, 16
Адзіны ў свеце мемарыял, прысвечаны дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, знаходзіцца ў вёсцы Чырвоны Бераг. У 1943 годзе фашысты стварылі тут лагер, дзе самымі жорсткімі, бесчалавечнымі спосабамі ў дзяцей бралі кроў для шпіталяў гітлераўскай арміі. У XXI стагоддзі на месцы гібелі 1990 чалавек з'явіўся мемарыял, над праектам якога працавалі архітэктары пад кіраўніцтвам аўтара комплексу "Хатынь" Леаніда Левіна. Каля ўвахода наведвальнікаў сустракае бронзавая фігурка дзяўчынкі са складзенымі накрыж рукамі. Ад плошчы Сонца разыходзяцца алеі-прамяні, адзін з якіх – "Прамень памяці" – перасякае пусты клас, дзе толькі 21 белая парта і чорная дошка з пісьмом вязніцы Каці Сусанінай бацьку. На фоне вітражоў з замілавальнымі малюнкамі ўстаноўлены сімвал няздзейсненых дзіцячых надзей – "Папяровы караблік"…
Мемарыял у Чырвоным Беразе акружае старадаўні яблыневы сад, які міжвольна стаў яшчэ адным сімвалам крывавай трагедыі вёскі. Паводле падання, мясцовы батанік Нязведскі высадзіў тут кітайскія яблыні, што вясной пакрываліся пунсовай пенай кветак, а восенню – "кропелькамі" ярка-чырвоных яблыкаў.
Жлобінскі раён, в. Чырвоны Бераг
Знакаміты музей у Ветцы – беларускім цэнтры стараверства – быў створаны на аснове асабістага збору выхадца з мясцовага роду, мастака і калекцыянера Фёдара Шклярава. Беларускія стараверы пакінулі багацейшую спадчыну – арыгінальныя абразы і цудоўныя рукапісныя кнігі з мініяцюрамі і арнаментам. У музеі прадстаўлена звыш 10 тысяч экспанатаў, якія расказваюць аб гісторыі і культуры стараверскай і праваслаўнай беларускай вёскі. Тут знаходзіцца адна з буйнейшых у Беларусі калекцый старадрукаваных і рукапісных кніг, сярод якіх і "Анфалагіён" – першая кіеўская кніга, выдадзеная ў 1619 годзе.
г. Ветка, Чырвоная Плошча, 5
З 9.00 да 18.00 (аўторак – чацвер)
Палац у вёсцы Хальч быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя ў стылі позняга класіцызму і на працягу дзесяцігоддзяў належаў роду Халецкіх. Апошні ўладальнік – шляхціч Зігмунд Войніч-Сенажэцкі – праславіўся сваёй цягай да палявання і раскошнымі прыёмамі. Бальная зала асабняка ўражвала вытанчаным дэкорам і прадметамі інтэр'ера: яе ўпрыгожвалі пуфікі часоў Людовіка XVI, старадаўняя мэбля чырвонага дрэва ў стылі ампір. У Хальчанскім палацы былі сабраны багатая бібліятэка, калекцыі карцін, дываноў, срэбра і фарфору, паляўнічыя трафеі. Цяпер сядзіба рыхтуецца да рэстаўрацыі.
Веткаўскі раён, в. Хальч
Гісторыя Чачэрска налічвае больш як восем стагоддзяў. З даўніх часоў горад славіцца вытворчасцю шкла і хрусталю, які ў 1751 годзе быў прадстаўлены на міжнароднай выстаўцы ў Лондане. У 1774 годзе Кацярына II падарыла Чачэрск вядомаму палкаводцу графу Захару Чарнышову, і цяпер на цэнтральнай плошчы ўстаноўлены помнік першаму генерал-губернатару краю. Сярод славутасцей Чачэрска – Свята-Праабражэнская царква ў стылі класіцызму, якая нагадвае храм-ратонду, а таксама ратуша, аўтарства якой прыпісваюць знакамітаму архітэктару Барталамеа Франчэска Растрэлі.
Чачэрская ратуша – помнік XVIII стагоддзя – самая незвычайная са старадаўніх гарадскіх ратуш Беларусі (у Нясвіжы, Віцебску, Шклове, Слоніме). Замест адной яна мае пяць драўляных вежаў, дэкарыраваных пад каменныя, а ў залежнасці ад кропкі агляду ў яе афармленні выяўляюцца рысы класіцызму, готыкі і нават усходнія матывы. Сёння ў ратушы размяшчаецца гісторыка-этнаграфічны музей і адноўлены тэатр XVIII стагоддзя.
Ад Гомеля – 65 км, ад Мінска – 300 км
Старадаўні горад на правым беразе Дняпра вядомы з 1213 года. У гістарычным цэнтры Рэчыцы захавалася акружанае з трох бакоў валамі гарадзішча, дзе археолагі выявілі кераміку ранняга жалезнага веку, XIII-XIV стагоддзяў. Мяркуюць, што тут знаходзіўся дзядзінец сярэдневяковага горада і заснаваны князем Вітаўтам драўляны замак. Сярод іншых славутасцей Рэчыцы – праваслаўны Свята-Успенскі сабор і неагатычны касцёл Прасвятой Троіцы (п. ХХ стагоддзя), які бачны з любой кропкі горада дзякуючы званіцы, увянчанай шпілем. Цікава, што іх тэрыторыі прымыкаюць адна да адной.
На высокім беразе Дняпра стаіць капліца святой Ефрасінні Полацкай, узведзеная на гістарычным месцы, дзе ў 1910 годзе спынілася працэсія, што ішла з мошчамі прападобнай Ефрасінні з Кіева-Пячэрскай лаўры ў яе родны Полацк.
Ад Гомеля – 59 км, ад Мінска – 276 км
У сярэднія вякі Добруш быў буйным рамесным цэнтрам, дзе выраблялі карабельныя вяроўкі і парусы, таму яго незвычайны герб упрыгожваюць тры бухты каната на зялёным шчыце. У 1774 годзе Кацярына II падарыла добрушскія землі герою Балканскай вайны Пятру Румянцаву. У 1870 годзе патомак новых гаспадароў князь Фёдар Паскевіч заснаваў тут адну з буйнейшых папяровых фабрык Еўропы. На працягу гісторыі яна ўдастойвалася вышэйшых узнагарод на прамысловых выстаўках у Маскве (1882) і Ніжнім Ноўгарадзе (1892), а ў 1922 годзе атрымала ганаровае званне "Герой працы". Да нашага часу захаваліся арыгінальныя будынкі фабрыкі, пабудаваныя з чырвонай цэглы ў стылі неаготыкі, а таксама стары мост, які называюць "гарбатым".
Ад Гомеля – 25 км, ад Мінска – 339 км
Добрушская папяровая фабрыка: г. Добруш, пр. Луначарскага, 7
У манастыры захоўваюцца мошчы нябеснага заступніка беларускай зямлі святога праведнага Іаана Кармянскага, у гонар якога названы праваслаўны манастыр. Ён заснаваны в 2000 годзе, аднак гісторыя пачалася стагоддзі таму. У 1760 годзе была ўзведзена Свята-Пакроўская царква – помнік архітэктуры псеўдарускага стылю, а ў 1869-м – храмавы ансамбль завяршыла драўляная званіца. Сярод святынь Свята-Пакроўскай царквы – часцінка Дрэва Крыжа і Гроба Гасподняга, цудатворныя абразы Божай Маці Уладзімірскай і Хуткапаслушніцы, што напісаны ў 1901 годзе на Святой гары Афон.
Протаіерэй Іаан, прылічаны да ліку святых, паходзіў з роду Гашкевічаў, прадстаўніком якога быў таксама выдатны дыпламат, вучоны-ўсходазнавец і падарожнік Іосіф Гашкевіч.
Добрушскі раён, в. Карма
Са старажытных часоў Лоеў, размешчаны на Дняпры, быў часткай знакамітага шляху "з варагаў у грэкі", які звязваў Скандынавію і Візантыю. У XIV–XVIII стагоддзях у цэнтры горада стаяў замак, які цяпер упрыгожвае герб горада. Лоеўскі край увайшоў у гісторыю як "яблык разладу" паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім княствам Літоўскім, горад не раз разбуралі крымскія татары… У наш час можна ўбачыць помнік архітэктуры другой палавіны XIX стагоддзя, які цудоўна захаваўся, – дом купца Навума Далгіна, дзе пасля рэстаўрацыі размяшчаецца бібліятэка.
Ад Гомеля – 89 км, ад Мінска – 337 км
У гады Вялікай Айчыннай вайны Лоеў быў двойчы вызвалены: у лістападзе 1942-га – партызанамі, а ў кастрычніку 1943-га – савецкімі войскамі, якія фарсіравалі Днепр. У памяць аб гэтых падзеях заснаваны Музей бітвы за Дняпро, дзе прадстаўлена амаль 3 тысячы экспанатаў.
Лоеў, вул. Савецкая, 9
З 8.30 да 18.00 (аўторак – пятніца), з 10.00 да 18.00 (субота, нядзеля). Выхадны – панядзелак.
"Паляўнічы домік" у Каранёўцы – помнік архітэктуры другой палавіны XIX стагоддзя, пабудаваны па заказе генерал-фельдмаршала Івана Паскевіча. Першапачаткова ў бела-чырвоным цагляным будынку размяшчаўся вінакурны завод, які ў 1860-х гадах быў перабудаваны ў вялікі сядзібны дом, акружаны паркам з маляўнічым штучным возерам. У загараднай сядзібе гаспадары прымалі гасцей, арганізуючы ў навакольных лясах паляванне, дзякуючы чаму дом і атрымаў сваю назву. Сёння ў былым маёнтку графа Паскевіча размяшчаецца эксперыментальная лясная база НАН Беларусі. Ад старадаўніх інтэр'ераў тут цудоўна захаваліся дзеючыя каміны.
Хойніцкі раён, в. Каранёўка
Са старажытных часоў асаблівай гордасцю палескага краю было драўлянае дойлідства. Старадаўнія культавыя збудаванні Брэсцкай і Гомельскай абласцей з'яўляюцца ўнікальнай спадчынай Беларусі, якая не мае аналагаў у свеце. У 2004 годзе прэтэндэнтамі на ўнясенне ў папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА сталі драўляныя цэрквы ў горадзе Петрыкаве, вёсках Старая Беліца, Прыбалавічы і Кашэвічы. Аднак на тэрыторыі Гомельшчыны знаходзяцца яшчэ больш праваслаўных храмаў, узведзеных у XVIII-XIX стагоддзях, якія цудоўна захаваліся. Сярод іх Свята-Кацярынінская царква (в. Гадзічава) і царква Ражджаства Прасвятой Багародзіцы (в. Глыбоцкае) Гомельскага раёна.