Лячэнне ў Беларусі. Медыцынскі турызм у Беларусі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Лячэнне ў Беларусі

Лячэнне ў Беларусі


Медыцынскі турызм у Беларусі – напрамак, які з кожным годам становіцца ўсё больш запатрабаваным і папулярным. Госці нашай краіны могуць спалучаць адпачынак з атрыманнем высокакваліфікаванай дапамогі ў лепшых медыцынскіх цэнтрах і клініках, прайсці курсы рэабілітацыі і аздараўлення ў санаторыях Беларусі.

Беларусь даволі даўно прымае замежных грамадзян, якія вырашылі зрабіць складаную аперацыю або прайсці эфектыўны курс лячэння менавіта ў нашых спецыялістаў. За апошнія гады краіна зарэкамендавала сябе адным з самых перспектыўных напрамкаў па медыцынскаму турызму ў СНД. Гэтаму садзейнічаюць:

• кваліфікаваныя ўрачы, якія праходзяць стажыроўкі ў вядучых клініках свету, і падрыхтаваны медперсанал
• высокая якасць паслуг і добрая аснашчанасць клінік
• перадавыя медыцынскія тэхналогіі і прагрэсіўныя методыкі лячэння
• параўнальна невялікі кошт медыцынскіх паслуг
• зручнае геаграфічнае становішча Беларусі ў цэнтры Еўропы і ажыўленыя транспартныя зносіны
• умераны клімат Беларусі, які не патрабуе перыяду акліматызацыі і спрыяе больш хуткаму выздараўленню

Колькасць замежных грамадзян, якія атрымліваюць медыцынскую дапамогу і праходзяць рэабілітацыю ў Беларусі:

  • 2010 г. – больш за 100 тыс.,
  • 2011 г. – 115,5 тыс.,
  • 2012 г. – 130 тыс.,
  • 2013 г. – каля 160 тыс.
  • 2014 г. – больш за 160 тыс.
  • 2015 г. – каля 160 тыс.
  • 2016 г. – каля 158 тыс.
  • 2017 г. – звыш 190 тыс.
  • 2018 г. – больш за 150 тыс.
  • 2019 г. – больш за 165 тыс.
  • 2020 г. – больш за 160 тыс.
  • 2021 г. – каля 160 тыс., больш за 2,5 тыс. іншаземцаў прыехалі ў Беларусь вакцынавацца ад каранавіруса.
  • 2022 г. – звыш 160 тыс.
  • 2023 г. – больш за 134 тыс.

На лячэнне ў Беларусь прыязджаюць грамадзяне больш як 140 краін свету: Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана, Малдовы, Грузіі, Сірыі, Латвіі, Літвы, Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Ізраіля, Італіі, Кіпра, Сербіі, Кітая, ЗША і многіх іншых.

Аперацыі і лячэнне – што прапануюць беларускія спецыялісты?

Анкалогія, анкагематалогія, траўматалогія, афтальмалогія, акушэрства і гінекалогія, стаматалогія, нейрахірургія, кардыялогія, кардыяхірургія, спелеалячэнне, медыцынская рэабілітацыя – далёка не поўны пералік напрамкаў практычнай медыцыны, якія прадастаўляюць паслугі на экспарт.

Разам з высокім узроўнем аказання медыцынскіх паслуг і добрымі вынікамі лячэння, клінікі Беларусі пастаянна пашыраюць пералік высокатэхналагічных і складаных медыцынскіх умяшанняў.

Кардыялогія
У Беларусі праводзяць самыя перадавыя аперацыі на сэрцы і магістральных сасудах, уключаючы імплантацыю штучных жалудачкаў і трансплантацыю сэрца, аорты і іншых сасудаў, аперацыйнае лячэнне пры парушэннях рытму сэрца ў дарослых і дзяцей.

 

 

Анкалогія
Укаранёны такія метады лячэння, як тэрмахіміятэрапія пры распаўсюджаным раку лёгкага, фотадынамічная тэрапія ў пацыентаў з дысплазіяй шыйкі маткі, трансплантацыя гемапаэтычных стваловых клетак.
Вынікі, атрыманыя беларускімі спецыялістамі ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі пры лячэнні злаякасных новаўтварэнняў, адпавядаюць сусветным стандартам: эфектыўнасць лячэння пры вострым лімфабластавым лейкозе –  75%, лімфагранулематозе – большая за 90%.

Нейрахірургія
Прымяняюцца эндаваскулярныя метады лячэння пры анеўрызмах галаўнога мозга і артэрыя-венозных мальфармацыях, стэрэатаксічныя метады лячэння пры хваробе Паркінсона і пухлінах галаўнога мозга, малатраўматычныя мікрахірургічныя методыкі выдалення пухлін галаўнога мозга, а таксама метады рызатаміі пры лячэнні неўралгіі трайчастага нерва.

 

Траўматалогія і артапедыя
Многія праводзімыя беларускімі спецыялістамі ўмяшанні –  унікальныя. З 2009 года, акрамя эндапратэзавання каленных і тазасцегнавых суставаў, выконваецца эндапратэзаванне плечавога і галёнкаступнёвага суставаў.

 

 

Афтальмалогія
Выкарыстоўваюцца такія перадавыя метады лячэння, як мікрахірургічныя аперацыі ў сувязі з катарактай (факаэмульсіфікацыя), трансплантацыя рагавіцы і лазерныя аперацыі пры рэтынапатыі неданошаных дзяцей.

 

 

Отарыналарынгалогія
Праводзяцца аднаўленне прасвету гартані і трахеі ў дзяцей да года, мікрахірургічныя аперацыі па карэкцыі насавой перагародкі, кахлеярная імплантацыя.

 

 

 

Рэпрадуктыўныя тэхналогіі (ЭКА)
Правядзенне экстракарпаральнага апладнення і вынік наступлення цяжарнасці больш чым у 42% выпадкаў - паказчык нараўне з замежнымі клінікамі.

 

 

 

Трансплантацыя органаў і тканак
Беларускія спецыялісты-трансплантолагі прайшлі стажыроўкі ў лепшых клініках ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Бельгіі, Расіі, Літвы, Польшчы. Па колькасці трансплантацый органаў Рэспубліка Беларусь апярэджвае ўсе краіны постсавецкай прасторы, у тым ліку Расію і Украіну.

 

Рэабілітацыя
Комплексны падыход да кожнага пацыента, высокая эфектыўнасць рэабілітацыі, унікальныя магчымасці аднаўлення парушаных рухальных функцый на найноўшым высокатэхналагічным абсталяванні.
У Беларусі дзейнічае адзіны спелярый у СНД.

 

Пластычная хірургія
Нізкія цэны і добрыя вынікі прыцягваюць у беларускія цэнтры кліентаў з усяго свету: у некаторых клініках да 50% пацыентаў - іншаземцы. Якасць работы беларускіх пластычных хірургаў ацанілі жыхары краін Балтыі, Германіі, ЗША.

 

 

Цэны на медыцынскія паслугі ў Беларусі

Кошт паслуг у беларускіх клініках – адзін з найбольш значных фактараў, што прыцягваюць пацыентаў нараўне з высокай якасцю лячэння. Вось некалькі прыкладаў цэн на медыцынскія паслугі:

• Працэдура экстракарпаральнага апладнення (ЭКА) – каля 2.500$
• Эндапратэзаванне тазасцегнавога сустава – каля 6.000$
• Аорта-каранарнае шунціраванне – каля 10.000$
• Аперацыя па кахлеярнай імплантацыі з улікам імпланта – 15.500-36.500€
• Адзін дзень у бальніцы спелеалячэння – 45-79$

Як прыехаць на лячэнне ў Беларусь?

На сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі дзейнічае раздзел "Платныя паслугі замежным грамадзянам", дзе пастаянна абнаўляецца інфармацыя аб пераліку медыцынскіх паслуг, клініках, неабходных дакументах, кошце аперацый і лячэння.

Прыехаць на лячэнне ў Беларусь можна:

  • самастойна
  • з дапамогай агенцтва па медыцынскаму турызму ў Беларусі

Вывучыўшы папярэднюю інфармацыю і звязаўшыся з клінікай, вы можаце прыехаць (грамадзянам шэрага дзяржаў патрэбна віза ў Беларусь), аформіць дагавор на аказанне платнай медыцынскай паслугі і прайсці лячэнне.

Аднаразовая медыцынская паслуга аплачваецца да яе аказання, комплексная (стацыянарнае лячэнне) – у два этапы: перадаплата (знаходжанне ў стацыянары і арыенціровачны кошт лячэння) з далейшым канчатковым разлікам.

Калі вы вырашылі скарыстацца паслугамі агенцтва па медыцынскаму турызму, выбірайце надзейную кампанію, у якой наладжаны кантакты з рознымі бальніцамі, і якая бярэ на сябе адказнасць за патрэбы пацыента ў час яго знаходжання ў Беларусі.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі