Лідскі замак – унікальны помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя. Ён стаў не толькі адным з першых мураваных замкаў Вялікага Княства Літоўскага на беларускіх землях, але і правобразам сусветна вядомага Мірскага замка, які праз два стагоддзі пабудаваў намеснік Ліды князь Юрый Іллініч.
Цікава таксама, што Лідскі замак і легендарны Крэўскі, які дайшоў да нашых дзён значна больш разбураным, з’яўляюцца двума ўзорамі кастэляў на тэрыторыі Беларусі. Усяго ў Вялікім Княстве Літоўскім было вядома 4 замкі такога тыпу ‒ Ковенскі, Крэўскі, Лідскі і Медніцкі.
Горад Ліда знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці за 112 км на паўночны ўсход ад Гродна. Тут захаваўся сярэдневяковы замак – выдатны помнік абарончага дойлідства XIV ст.
Будаўніцтва замка ў Лідзе было пачата ў 1323 г. вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага Гедымінам. Магутную крэпасць ‒ апорны пункт на шляху паміж Навагрудкам і Вільняй (першай і другой сталіцамі ВКЛ) на мяжы славянскіх і літоўскіх плямёнаў ‒ узвялі на насыпным пясчаным узгорку, абкружаным балоцістымі берагамі рэк Лідзея і Каменка і ровам, што злучае гэтыя рэкі з поўдня і аддзяляе замак ад горада.
Пазней Лідскім замкам валодалі вялікія князі Кейстут Гедымінавіч, Альгерд Гедымінавіч, Ягайла Альгердавіч, Вітаўт Кейстутавіч, князь Карыбут Альгердавіч і Вайдыла. У розныя гады тут адбываліся падзеі дзяржаўнай важнасці. Лідскі замак уваходзіў у лінію абароны супраць крыжаносцаў Навагрудак – Крэва – Меднікі – Трокі.
За сваю гісторыю замак вытрымаў мноства бітваў і аблог. У XVIII ст. ён страціў сваё стратэгічнае значэнне і пачаў паступова разбурацца.
У 1891 г. цэнтральная частка Ліды перажыла вялікі пажар, і без якіх-небудзь абмеркаванняў замкавыя сцены пачалі разбіраць на камяні і цэглу ‒ не толькі для аднаўлення пацярпелых будынкаў горада, але і для продажу... У хуткім часе звесткі аб гэтым дайшлі да Імператарскай археалагічнай камісіі: у горад прыбыў інспектар, і пасля яго даклада Камісія забараніла дакранацца да сцен старажытнага помніка.
У пачатку ХХ стагоддзя ў Лідскім замку прайшлі ўмацавальныя работы, у 1909-1910 гадах па даручэнні Імператарскай археалагічнай камісіі праведзены рамонт заходняй, паўночнай і паўднёвай сцен... У 1920-я гады, калі Ліда знаходзілася ў складзе Польшчы, у замку таксама прайшла невялікая рэстаўрацыя. Летам у двары славутай мясціны спыняліся цырк-шапіто або звярынец, зімой тут залівалі каток.
У пасляваенныя савецкія дзесяцігоддзі Лідскі замак, як каштоўны помнік архітэктуры, патрабуючы кансервацыі і рэстаўрацыі, перажываў розныя перыяды ‒ ад актыўных работ да спынення рэстаўрацыі з-за недахопу фінансавання ў сярэдзіне 1990-х.
Сапраўднае адраджэнне Лідскага замка пачалося ўжо ў суверэннай Беларусі ў 2006 годзе: аўтары праекта рэстаўрацыі імкнуліся вярнуць аблічча, якое замак мог мець у XIV стагоддзі. Паступова былі адноўлены сцены і паўднёва-заходняя вежа. Драўляная галерэя з новымі кансольнымі бэлькамі і брусам, пакрытая чарапіцай, злучыла вежы. Замкавы двор быў засыпаны пяском і шчэбнем.
Лідскі замак, як і Мірскі замак, знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Замак Ліды адкрыты для турыстаў круглы год і прываблівае тысячы наведвальнікаў.
У яго паўночна-ўсходняй вежы створана выставачная экспазіцыя "Лідскі замак. Гістарычныя падзеі і постаці", у паўднёва-заходняй – музейная экспазіцыя "Старонкі гісторыі. Ад XIV стагоддзя…".
У залах Лідскага замка пастаянна праводзяцца розныя выставы экспанатаў з прыватных калекцый і міжнародныя выставачныя праекты. Працуе сувенірная крама, дзе прадстаўлены вырабы ручной работы ад майстроў з усёй Беларусі.
Брэндам горада і яго галоўнай славутасці стаў культурна-турыстычны праект "Замкавы гасцінец", які праводзіцца традыцыйна з мая па жнівень. Па суботах і нядзелях на працягу дня каля сцен Лідскага замка гараджан і турыстаў чакаюць тэатралізаваныя паказы рэканструктараў, канцэрты мясцовых артыстаў, "горад майстроў" і захапляльныя майстар-класы ад рамеснікаў.
У рамках праекта "Замкавы гасцінец" і Міжнароднага дня музеяў у Лідзе праходзіць штогадовы фестываль "Магія агню і святла". Замак таксама становіцца цэнтрам падзей Дня горада і знакамітага open air фестывалю музыкі, ежы і танцаў LIDBEER.
Супрацоўнікамі музейнага комплексу рэалізуецца інклюзіўны праект "Лідскі замак для ўсіх і кожнага".
Горад Ліда, у якім знаходзіцца замак, размешчаны за 112 км ад Гродна і прыкладна ў такой жа адлегласці ад Мінска.
У Ліду можна дабрацца:
Лепш аддаваць перавагу арганізаваным паездкам у Ліду. У гэтым могуць дапамагчы турыстычныя бюро ў Мінску і Гродне.
У Лідзе некалькі гасцініц, але паколькі горад невялікі, лепш спыніцца ў гасцініцы ў Гродне і прыехаць у Ліду адтуль.
Сярод выдатных мясцін горада Ліда таксама: