Стары і Новы замкі ў Гродне | Belarus.by | Забавы ў Беларусі | Belarus.by | Турызм, Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Стары і Новы замкі ў Гродне

Стары і Новы замкі ў Гродне


Здабытак аднаго з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы Гродна – Стары і Новы замкі – узвышаюцца на правым беразе ракі Нёман. Яны былі сведкамі знакавых сустрэч, памятаюць гучныя палітычныя падзеі і раскошныя балі, захоўваюць гісторыю выдатных дзеячаў розных часоў. А сёння ўваходзяць у топ-10 самых папулярных славутых мясцін Беларусі.

Па волі гісторыі Стары і Новы замкі Гродна – адзіныя манаршыя рэзідэнцыі, якія захаваліся на тэрыторыі Беларусі.

Дарэчы! Гродна часта называюць "каралеўскі горад", але, несумненна, дакладней – "велікакняжацка-каралеўскі". Справа ў тым, што з часоў Крэўскай дынастычнай уніі, а пазней федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай правіцель адначасова меў тытулы "вялікі князь літоўскі" і "кароль польскі".

Стары замак

Гісторыя замка ў Гродне пачалася шмат стагоддзяў таму. Ужо ў XII стагоддзі горад быў цэнтрам княства са сваёй абарончай крэпасцю, акружанай ровам і ярам. А ў XIV стагоддзі на старажытнай Замкавай гары была ўзведзена рэзідэнцыя вялікага князя літоўскага Вітаўта, і яе мінулае непарыўна звязана з жыццём легендарнага кіраўніка.

Паводле аднаго з паданняў, пажар, які ахапіў замак у 1398 годзе, ледзь не загубіў не толькі будынак, але і найвышэйшых асоб. Разбудзіла варту і выратавала ад гібелі Вітаўта і яго жонку... малпа. Паводле іншай версіі – марскі коцік, які быў любімцам гаспадара і жыў пры двары.

Каб пазбегнуць паўтарэння катастрофы, па загадзе Вітаўта ў 1400 годзе на месцы ранейшых драўляных пабудоў узвялі мураваны замак у стылі готыкі. Гэта было ўражальнае абарончае збудаванне з 5 вежамі і магутнымі сценамі, таўшчыня якіх дасягала 3 метры. Аднак і ў такім выглядзе замак не праіснаваў стагоддзя.

У 1579 г. у Гродне пачалося будаўніцтва рэзідэнцыі для караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя. Верагодней за ўсё, у рабоце ўдзельнічала група архітэктараў, сярод якіх называюць вядомага фларэнтыйца Санці Гучы, але дакладных звестак наконт гэтага не захавалася. На месцы гатычнага Верхняга замка Вітаўта была ўзведзена новая цытадэль, якая пазней атрымала назву Стары замак. Дарэчы, ад крапасных пабудоў часоў Вітаўта былі выкарыстаны ніжняя частка абарончых сцен, рэшткі вежы, фундаменты і сцены велікакняжацкага палаца.

Дамінантай рэзідэнцыі Стафана Баторыя стаў палац у стылі рэнесансу, які меў два паверхі з асобнымі ўваходамі. На першым размяшчаліся арсенал, канцылярыя, скарбніца і  іншыя службы палаца. Другі паверх займалі каралеўскія пакоі – жылыя і парадныя.  Знадворку палац быў аздоблены шэра-белым сграфіта ў выглядзе раслінна-геаметрычнага арнаменту з геральдычнымі матывамі.

Стваральнікі гродзенскай рэзідэнцыі пастараліся сумясціць каралеўскую раскошу палаца і абарончыя функцыі замка-фарпоста. Ёсць меркаванні, што ў работах прымаў удзел вядомы фартыфікатар Рудальфіна дэ Камерына.

У час руска-польскай вайны 1654–1657 гадоў Стары замак сур'ёзна пацярпеў. Гродзенскі стараста і канцлер літоўскі Крыштоф Зыгмунт Пац заняўся аднаўленнем, пасля якога палац набыў барочныя рысы. Паўплывала на знешні выгляд рэзідэнцыі і прынятае ў 1673 г. рашэнне аб правядзенні ў Гродне сеймаў Рэчы Паспалітай (нараўне з Варшавай). Першы адбыўся тут у 1678-1679 гг. На тэрыторыі Старога замка нават узвялі асаблівы будынак для пасяджэнняў. На жаль, у гады Паўночнай вайны ён быў разбураны, як і іншыя пабудовы моцна пацярпелай рэзідэнцыі.

Вялікія пашкоджанні прынёс таксама пажар 1735 года, пасля чаго пачалася грандыёзная рэканструкцыя. Саксонскі архітэктар Карл Фрыдрых Пёпельман прапанаваў карэнныя змяненні. У палацы зменшылі вокны, а над цэнтральнай часткай узвялі трэці паверх пад чатырохсхільным дахам, знешняя лесвіца стала ўнутранай, уздоўж сцяны да Нёмана была пабудавана казарма, з фасадаў знік цудоўны дэкор сграфіта…

У XIX – пачатку XX стст. Стары замак Гродна канчаткова ператварыўся ў стратэгічны фарпост, які ў розныя гады выкарыстоўвалі руская, нямецкая і польская арміі.

На працягу 120 гадоў замак знаходзіўся ў распараджэнні ваеннага ведамства Расійскай імперыі, а ў 1924 годзе тут быў створаны музей. З 1967 г. гродзенскі Стары замак уваходзіць у гісторыка-археалагічны запаведнік "Замкавая гара".

У 2017 г. пачаліся маштабныя работы па аднаўленні Старога замка, якія павінны былі захаваць унікальны помнік гісторыі і архітэктуры, зрабіць яго турыстычнай жамчужынай Гродна. Праект уключае тры этапы.

Першы этап завяршыўся ў лістападзе 2021 г. Ён прадугледжваў аднаўленне аўтэнтычных уязной і сярэдняй вежаў, крапасной сцяны з галерэяй, будаўніцтва «мернай» хаты і камяніцы.

Другі этап адраджэння Старога замка прадугледжвае работы па рэстаўрацыі галоўнай яго часткі – палаца Стафана Баторыя – унікальнага помніка архітэктуры Усходняй Еўропы.

Трэці этап уключыць рэстаўрацыю вуглавой вежы, гаспадарчых пабудоў і ніжняй царквы XII стагоддзя. Рэшткі верхняй царквы, знойдзеныя пры раскопках, захаваны і пасля заканчэння работ таксама будуць экспанавацца.

У лістападзе 2021 г. пасля трохгадовага перапынку для наведвальнікаў адкрыўся музей Старога замка, экспазіцыя якога прысвечана гісторыі Гродзенскага краю, пачынаючы з XII стагоддзя і заканчваючы эпохай заснавальніка манаршай рэзідэнцыі – караля Стафана Баторыя.

Абноўленая экспазіцыя, без перабольшання, унікальная. Большая частка каштоўнасцей дэманструецца толькі з 2021 года, у тым ліку артэфакты, знойдзеныя ў ходзе раскопак на Замкавай гары. Сярод іх – фрагменты драўлянага зруба хаты і тратуара, боцік XIV стагоддзя, шахматныя фігуры XII–XIV стагоддзяў, зробленыя з рога, дрэва і косці, залаты пярсцёнак, часткі металічных вырабаў канца XIV – пачатку XV стагоддзяў, фрагмент самай старой у Беларусі агнястрэльнай зброі – гарматы XIV–XV стагоддзяў, ядры асадных машын XIV стагоддзя, самыя старыя ў Беларусі крэслы пачатку XVIII стагоддзя… Знакавай стала знаходка цэглы з выявай "Калюмны" (Слупы Гедымінавы) – аднаго са знакамітых геральдычных сімвалаў Вялікага Княства Літоўскага, герба роду Гедымінавічаў.

Цікавы аб'ект музея – зменшаная копія гродзенскага дзядзінца XII стагоддзя, створаная майстрам Ігарам Адасікам.

Асобны пакой расказвае пра жыццё караля Стафана Баторыя. Таксама ў адной з залаў размешчана копія сярэднявечнага друкарскага станка і праводзяцца майстар-класы па вырабе гравюр, як гэта рабілася стагоддзі таму.

Выставачныя залы Старога замка (усяго іх 8) прапануюць гасцям як традыцыйную экспазіцыю, так і займальныя сучасныя магчымасці – дэманстрацыю фільмаў, створаных з дапамогай 3D-мапінгу, інтэрактыўныя вітрыны і мультымедыйныя кіёскі, сэнсарныя экраны з інфармацыяй аб экспанатах. Напрыклад, на другім паверсе ўваходнай вежы дзякуючы праекцыі ажыла самая першая графічная выява Гродна – гравюра Адэльгаўзера Цюнта.

Таксама для наведвальнікаў Старога замка створана назіральная пляцоўка, з якой адкрываюцца цудоўныя краявіды на раку Нёман, старажытную Каложскую царкву і, вядома ж, Новы замак, які стаіць побач. Хоць у аўтэнтычнай рэзідэнцыі часоў Баторыя такой назіральнай пляцоўкі не было.

Адрас: вул. Замкавая, 22

Новы замак

Другая гродзенская рэзідэнцыя манархаў, якая стала знакавым месцам у гісторыі Еўропы, была пабудавана ў XVIII стагоддзі. З часам яна атрымала назву-антонім – Новы замак.

Зрэшты, сама тэрыторыя была заселена яшчэ са старажытных часоў. На працягу стагоддзяў тут знаходзіліся розныя збудаванні – гарадскі жылы пасад з мураванай царквой, Ніжні замак з Каралеўскім домам (Domus Regia), адміністрацыйныя будынкі, дзе праходзілі мясцовыя сеймы і пасяджэнні суда, дом начальніка варты, кухня і пякарня, памяшканні для варты і каралеўскай чэлядзі. Да пачатку XVIII ст. зямлю займала драўляная шляхецкая рэзідэнцыя.

У 1726 годзе ў час праўлення Аўгуста II Моцнага на пасяджэнні вялікага сейма Рэчы Паспалітай было вырашана пабудаваць у Гродне новы палац, які выкарыстоўваўся б і як летняя рэзідэнцыя манарха, і як месца пасяджэнняў сейма. Аднак работы пачаліся толькі праз дзесяцігоддзе – у 1737 годзе пры каралю Аўгусце III.

Большасць даследчыкаў лічаць, што аўтарам праекта быў вядомы саксонскі архітэктар Карл Фрыдрых Пёпельман, які служыў пры двары. Ёсць таксама версіі, што праект стварыў яго бацька Матэус – адзін з буйнейшых еўрапейскіх майстроў барока, альбо ж бацька і сын працавалі разам.

Будаўніцтва палаца ў стылі позняга барока (ракако) завяршылася ў 1742 годзе, і разам са Старым замкам ён утварыў адзіны комплекс. Пазней работы ў Новым замку ажыццяўлялі таксама Іаган Фрыдрых Кнёбель, Іаахім Даніэль Яўх і ў 80-я гады XVIII стагоддзя Джузэпэ дэ Сака.

Паводле задумы архітэктараў П-падобны будынак (асноўны корпус з бакавымі крыламі) функцыянальна падзяляўся на дзве часткі: у адной знаходзіліся жылыя пакоі і залы для высокіх асоб, другая прызначалася для пасяджэнняў сейма. У канцы XVIII стагоддзя ў рэзідэнцыі пабудавалі цудоўную каралеўскую капэлу з купалам, а таксама ўзвялі яшчэ адзін будынак для патрэб саслоўна-прадстаўнічага органа. Паміж двума бакавымі флігелямі – домам варты і малой каралеўскай кухняй – размяшчалася парадная брама з каменнымі скульптурамі сфінксаў.

Цікава, што знешне Новы замак выглядаў значна больш лаканічна, у адрозненне ад унутранага ўбрання. Інтэр'еры ракако, якія ўражваюць гасцей, асабліва адпавядалі густу апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава II Аўгуста Панятоўскага, які вельмі любіў раскошу і эфектныя прыёмы. Тут праводзілі пышныя балі і званыя абеды, прымалі ўплывовых сенатараў і паслоў, праводзілі генеральныя сеймы Рэчы Паспалітай…

Самая вялікая зала замка – Сенатарская – займала два паверхі, і ў яе верхняй частцы размяшчалася спецыяльная галерэя для каралевы і замежных паслоў. Сцены ўпрыгожвалі гербы ваяводстваў Рэчы Паспалітай, а з заходняга боку знаходзіўся раскошны трон пад чырвоным балдахінам. Каралеўскай прыёмнай служыла Авальная зала, злучаная пераходам з капліцай. Прыводзіла ў захапленне гасцей і Пасольская зала, дзе праводзіліся важныя сустрэчы.

Пакоі палаца ўпрыгожвалі пазалочаныя панэлі, ляпніна тонкай работы, выдатныя творы жывапісу і скульптуры. У час рэканструкцыі пад кіраўніцтвам архітэктара Джузэпэ дэ Сака ў 80-я гады XVIII стагоддзя была зроблена цудоўная размалёўка інтэр'ераў па праектах галоўнага каралеўскага мастака Марчэла Бачарэлі. Яго задумкі ажыццявілі майстры-мастакі Антоній Грушэцкі і Шымон Манькоўскі.

У Новым замку Гродна адбываліся знакавыя палітычныя падзеі. Першы генеральны сейм Рэчы Паспалітай у пабудаванай рэзідэнцыі адбыўся ў 1744 годзе, далей былі пасяджэнні 1752 і 1784 гадоў.

Нарэшце, менавіта Новы замак Гродна стаў сведкам драматычнага і лёсавызначальнага сейма 1793 года. Яго кульмінацыяй была ноч з 23 на 24 верасня, калі адбылося "нямое пасяджэнне", што ўвайшло ў гісторыю. Знаходзячыся пад вялікім палітычным націскам і зачыненыя ў замку пад прыцэлам гармат паслы сейма моўчкі прынялі ўмовы II падзелу Рэчы Паспалітай з Расіяй і Прусіяй.

…У час паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі сам лідар супраціўлення прыязджаў у Гродна і ў Новым замку ўдзельнічаў у сустрэчы кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў ВКЛ. Пры гэтым многія высокапастаўленыя ўдзельнікі праведзенага ў Гродне "нямога пасяджэння" ў хуткім часе былі пакараны смерцю за здрадніцтва.

Падзелы Рэчы Паспалітай вырашылі лёс самога Гродна і яго каралеўскіх рэзідэнцый, якія адышлі Расійскай імперыі. Пасля задушэння паўстання Касцюшкі ў 1795 г. у Новы замак вярнуўся апошні польскі кароль і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Тут жа 25 лістапада 1795 года ён адрокся ад прастола і да 1797 года жыў пад дамашнім арыштам разам з членамі сям'і. Па рашэнні Кацярыны II яму было дазволена прымаць гасцей, аб'язджаць акругу пад наглядам расійскага канвою. Пры гэтым на далучаных тэрыторыях былога ВКЛ распараджаўся князь Мікалай Рапнін, які жыў у гродзенскім прадмесці ў палацы Тызенгаўза.

У лютым 1797 года па загадзе імператара Паўла Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пакінуў Новы замак Гродна і адправіўся ў Санкт-Пецярбург. У былой манаршай рэзідэнцыі ўлады ўладкавалі кадэцкі корпус, а пазней ваенны шпіталь, які працаваў тут многія дзесяцігоддзі аж да вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе.

Вялікая Айчынная вайна прынесла прыгранічнаму Гродну вялікія разбурэнні. На жаль, бамбёжкі практычна знішчылі Новы замак – некранутай засталася толькі ўязная брама з міфічнымі сфінксамі.

У 1952 годзе было прынята рашэнне аднавіць Новы замак і прыстасаваць яго пад адміністрацыйны будынак. Праектам заняўся архітэктар Уладзімір Вараксін, які адрадзіў замак значна змененым – у стылі неакласіцызму савецкай эпохі, або сталінскага ампіру. Так у сярэдзіне ХХ стагоддзя каля рэзідэнцыі з'явіліся масіўны шасцікалонны порцік, круглая вежа з доўгім шпілем, якіх не было ў гістарычным замку XVIII стагоддзя…

На працягу доўгага часу ў Новым замку працаваў абласны камітэт КПБ. У 1991 годзе тут размясціліся навуковая бібліятэка імя Я. Карскага і Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Сёння Новы і Стары замкі ўваходзяць у склад музея.

Памяшканні Новага замка ператвораны ў выставачныя залы і запаснікі. Дарэчы, гістарычная планіроўка – нават пасля вольнай рэканструкцыі 1950-х – часткова захавана. Гасцям былой каралеўскай рэзідэнцыі прадстаўляюць пастаянныя экспазіцыі:

  • "Новы замак. Падзеі і лёс";
  • "Старажытныя помнікі Панямоння";
  • "Гісторыя Гродзеншчыны ў XIX–XX стагоддзях";
  • "Гродзеншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны";
  • мемарыяльная зала памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў;
  • "Сакральнае мастацтва";
  • "Выратаваныя каштоўнасці";
  • "Зброя мінулых стагоддзяў";
  • "Жывёльны і раслінны свет Гродзеншчыны";
  • "Дзіўны свет прыроды".

У Сенатарскай зале праходзяць часовыя выставы з фондаў Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея і іншых устаноў, а таксама прыватных калекцый.

Адрас: вул. Замкавая, 20

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі