Рэзідэнцыю ў Жылічах, якая ў мінулым належала дваранскаму роду Булгакаў, нярэдка называюць "другі Нясвіж" і нават "беларускі Версаль". Класічны палацава-паркавы ансамбль ХІХ стагоддзя з'яўляецца архітэктурнай жамчужынай усходняй часткі Беларусі. Гэта адна з самых вялікіх сядзіб краіны і самы захаваны да нашых дзён палац.
Раскошны ансамбль недалёка ад Бабруйска з'явіўся дзякуючы гаспадару тутэйшага маёнтка Добасна - бабруйскаму павятоваму маршалку Ігнацію Булгаку. Кажуць, ён быў настолькі ўражаны палацамі ў Францыі, калі ў час вайны з Напалеонам дайшоў з рускай арміяй да Парыжа, што вырашыў: у родных мясцінах адбудуе не менш раскошны. І сапраўды, па багацці дэкаратыўнага афармлення, дасканаласці аздаблення палац у Жылічах мог параўнацца і з французскімі, і з рэзідэнцыяй самай магутнай дынастыі беларускіх зямель – Радзівілаў – у Нясвіжы.
Разгалінаваны род Бу́лгакаў вядомы з ХV стагоддзя і лічыцца адным з самых старых на землях Беларусі. Паводле легенды, ён звязаны сваяцтвам з рыцарам Сыракомлем. У 1399 годзе бравы воін атрымаў герб ад Ягайлы і Вітаўта за тое, што ў час бітвы пры Ворскле ў асабістым паядынку перамог ханскага мурзу. Таму Булгакі, зрэшты, як і мноства іншых родаў, выкарыстоўвалі герб "Сыракомля".
Пачынаючы з XVI стагоддзя прадстаўнікі роду Булгакаў займалі важныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім, а потым і ў Расійскай імперыі, валодалі землямі ў Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і іншых губернях.
Мястэчка Жылічы на рацэ Добасна недалёка ад Бабруйска вядома з XV стагоддзя. У розны час яно належала князям Трабскім, Гаштольдам, Хадкевічам, Сапегам. У XVII стагоддзі тут была ўзведзена крэпасць: земляныя валы ў 3-4 чалавечыя росты часткова захаваліся да нашых дзён.
У канцы XVIII стагоддзя Ігнацій Булгак, кіраўнік дваранства павета, разам з братам Вінцэнтам-Мікалаем выкупіў у Францішка Сапегі маёнтак Добасна. Браты не пакінулі наследнікаў, таму маёнтак быў завяшчаны сястры Фартунаце і яе мужу Габрыэлю Булгаку, які паходзіў з паралельнай генеалагічнай галіны. Гэты шлюб, заключаны ў 1785 годзе, аб’яднаў род Булгакаў. Пазней уласнасць і капіталы фаміліі ўнаследаваў іх сын – Ігнацій-Казімір Булгак. Менавіта ён і задумаў у Жылічах вялікае будаўніцтва!
Важна адзначыць, што Булгакі былі не такімі ўплывовымі, як Радзівілы або Сапегі, але славіліся як вельмі паспяховыя прадпрымальнікі, гаспадары зямель, уладальнікі цукровых, крухмальных і спіртзаводаў, млыноў і лесапілак… Таму палац, які пачалі будаваць у 1823 годзе, павінен быў стаць і ўвасабленнем мар, уражанняў ад Францыі Ігнація-Казіміра Булгака, і дэманстрацыяй багацця сям’і.
Акрамя таго, пакінуўшы службу ў арміі, Ігнацій Булгак ажаніўся з Ізабэлай Слізень – дзяўчынай з багатага і знатнага роду, які не меў наследнікаў па мужчынскай лініі. Праз некалькі гадоў яна памерла, але паспела нарадзіць сына і дачку, а яшчэ – залажыць у Жылічах палацавы парк і аранжарэю. Пасля жалобы па жонцы Ігнацій ажаніўся з яе малодшай сястрой Тэрэзай, тым самым захаваўшы і правы на спадчыну дынастыі Слізняў. Другая жонка не толькі пяшчотна выхоўвала дзяцей нябожчыцы сястры, але і нарадзіла яшчэ сямёра наследнікаў. Таму вялікай дружнай сям’і патрэбны быў і вялікі палац.
Праект ансамбля ў Жылічах па заказе Ігнація Булгака стварыў вядомы архітэктар – прафесар Віленскага ўніверсітэта Караль Падчашынскі.
Пры жыцці Ігнація Булгака быў пабудаваны галоўны корпус і пачаты бакавыя, але ўбачыць ансамбль поўнасцю гаспадар не змог, паколькі памёр у 1848 годзе. Завяршаў будаўніцтва яго малодшы сын Эдгар Булгак. Ужо ў другой палавіне XIX стагоддзя палац набыў форму правільнага чатырохвугольніка з вялікай унутранай прасторай.
Рэзідэнцыя ў Жылічах была вытрымана ў адзіным стылі класіцызму: строгасць ліній, яснасць і прастата сілуэта, іанічныя калоны, порцікі з вытанчанай лепкай, закругленыя аркі…
У палацы налічвалася каля сотні памяшканняў: банкетная і бальная залы, мноства гасціных і салонаў, галерэі, дамавая капліца, аранжарэя. Пакоі размяшчаліся ў пэўным парадку, што таксама з’яўляецца адной з асаблівасцей класіцызму.
Інтэр’еры былі раскошныя: усе столі з вытанчанай лепкай, дарагая мэбля і дываны, мастацкая паркетная падлога з розных парод дрэва (ёсць нават з эфектам 3D!). Безумоўна, многія памяшканні былі прызначаны для дэманстрацыі гасцям уражальных калекцый гаспадароў.
Булгакі часта падарожнічалі і прывозілі з сабой мноства прадметаў мастацтва, набывалі цэлыя архітэктурныя элементы для ўпрыгажэння маёнтка. У параднай зале віселі жывапісныя палотны з пячаткай Эрмітажа, стаялі рэдкія антычныя скульптуры, прывезеныя з Грэцыі і Італіі.
У Жылічах можна было ўбачыць калекцыю сярэдневяковай зброі, бібліятэку з сямі тысяч тамоў старадрукаваных і рукапісных кніг, карціны вядомых майстроў, у тым ліку Яна Дамеля – аднаго з праслаўленых жывапісцаў XIX стагоддзя. У збор Булгакаў уваходзілі шматлікія старадаўнія габелены са спадчыны Слізняў, 30 арнатаў (адзенне каталіцкіх свяшчэннікаў) і 18 слуцкіх паясоў мануфактуры Яна Маджарскага, з якіх самым каштоўным быў пояс з надпісам Radziwill. Тканіны з Абюсона выкарыстоўваліся для абіўкі сцен і мэблі ў палацы. Урэцкае шкло, серабро аўгсбургскіх майстроў, французскія і італьянскія камінныя гадзіннікі з пазалочанай бронзы, люстры, дэкаратыўны фарфор і маёліка, размаляваныя вазы – палац быў напоўнены прыгажосцю!
Самыя велічныя залы палаца – бальная і банкетная, дзе да нашых дзён захаваліся аўтэнтычныя кесонныя столі вельмі тонкай работы, аздобленыя малюнкамі, унікальнымі барэльефамі і лепкай, сусальным золатам. Тут можна ўбачыць сюжэты антычнай, біблейскай, усходняй і славянскай міфалогіі. Сёння ў свеце, напэўна, няма майстроў, якія маглі б паўтарыць такі складаны дэкор.
Цікава, што насуперак традыцыйным праектам, бальную залу ў Жылічах размясцілі не на першым, а на другім паверсе. Гэта дало магчымасць павялічыць вышыню столі, уладкаваць хоры і аркестравыя балконы для лепшай акустыкі, галерэі. Дарэчы, у Булгакаў некалі працаваў свой прыдворны кампазітар. Маэстра па прозвішчы Грунер, які вучыўся ў Вене, пражыў у Жылічах каля 30 гадоў – ствараў кампазіцыі для баляў, навучаў музыцы дзяцей Булгакаў і мясцовых сялян, якія ігралі на раўтах.
Знакавым месцам палаца Булгакаў, якія прытрымліваліся каталіцызму, стала ўласная дамавая капліца (дамавы касцёл, прыдворны храм), выбудаваная з асаблівым размахам і густам. Да нашых дзён тут захаваліся фрагменты лепкі з выявай херувімаў, плітачная падлога, псеўдакесонная столь…
Асаблівай гордасцю маёнтка была аранжарэя, якую заклала першая жонка Ігнація Ізабэла. Збудаванне для Булгакаў праектавалі ў Варшаве па асаблівым заказе. Тут вырошчвалі экзатычныя трапічныя расліны: пальмы, кіпарысы, лімонныя, апельсінавыя і персікавыя дрэвы, нават ананасы, якія, кажуць, прадпрымальна здавалі напракат тым, хто хацеў здзівіць сваіх гасцей або пусціць пыл у вочы... Да нашых дзён аўтэнтычная аранжарэя не захавалася, але цяпер яна аднаўляецца па старадаўніх фота і архіўных крыніцах.
На 16 метраў над зямлёй узвышалася палацавая вежа-бельведэр, з якой адкрываўся цудоўны від на парк, каскадная сажалка, стайня і карэтная вазоўня.
…Апошнім уладальнікам палаца ў Жылічах стаў пляменнік бяздзетнага халасцяка Эдгара Булгака – Эмануіл. Зрэшты, дзядзька не завяшчаў сядзібу, а прадаў яе сваяку. Сямейная гісторыя расказвае, што пакрыўдзіўся за няўдачны падарунак пляменніка ў выглядзе… мармуровага саркафага.
Эмануіл Булгак быў вядомым вучоным-тэолагам і выкладчыкам, заснаваў касцёл і школу ў Варшаве, якая мае яго імя. Наследнік роду жыў у Польшчы, нячаста бываючы ў Жыліцкім палацы. Калі пачалася Першая сусветная вайна, ён вывез усё самае каштоўнае ў горад Арол далей ад фронту, але пасля рэвалюцыі 1917-га вярнуць скарбы ўжо не змог. А 1920-30-я многія прадметы калекцыі былі распрададзены ў заходнія зборы.
Сам ансамбль у Жылічах пасля падзей 1917 года перайшоў дзяржаве. Тут быў адкрыты дзіцячы дом, а ў 1930-я – заатэхнічны тэхнікум.
У час Другой сусветнай вайны частку сцен знеслі і разабралі на цэглу. Немцы адкрылі ў палацы шпіталь, а ў палацы нават хавалі сваіх салдат (цяпер астанкі перапахаваны). Але самае дзіўнае, что палац практычна ў цэласці перажыў дзве сусветныя вайны – яго ні разу не бамбілі і тут не адбылося ні аднаго пажару.
Пасля вайны ў памяшканні была адкрыта агратэхналагічная школа, пазней многія дзесяцігоддзі тут размяшчаўся сельскагаспадарчы тэхнікум. Вядома, гэта наклала свой адбітак на старадаўнія інтэр’еры: значная частка ўбрання не захавалася або доўгія гады была пакрыта слаямі фарбы.
У 1953 годзе палац быў пастаўлены пад ахову дзяржавы як помнік гісторыі і культуры.
Каля 1971 года ў палацы адкрылася дзіцячая музычная школа, у 1976-м пры саўгасе-тэхнікуме арганізавалі музей, які расказвае ў тым ліку і аб гісторыі старадаўняга маёнтка. Некаторыя рэстаўрацыйныя работы ў былой рэзідэнцыі арыстакратаў вяліся і ў савецкі час, аднак самае маштабнае вяртанне палаца Булгакаў да жыцця пачалося ў 2009 годзе.
У 1910-я сядзібу наведаў прадстаўнік роду Ян Булгак, які пазней набыў вядомасць як майстар мастацкай пейзажнай фатаграфіі. Яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны і іншых пераломных падзей на тэрыторыі Беларусі ён зрабіў шэраг здымкаў палаца і інтэр’ераў. У далейшым гэтыя кадры аказаліся вельмі карыснымі пры правядзенні рэстаўрацыйных работ.
Пасля пачатку вялікай рэстаўрацыі першая чарга была завершана ў 2011 годзе. У флігелях палацава-паркавага комплексу размясціліся дзіцячая школа мастацтваў, музей і бібліятэка.
Самы маштабны этап адраджэння завяршыўся ў 2023 годзе і даў магчымасць поўнасцю адкрыць варты ўвагі аб’ект для гасцей, хоць і ў гады рэстаўрацыі тут прадаўжалі прымаць турыстаў.
Знешні выгляд і інтэр’еры палаца адноўлены дзякуючы фатаграфіям 1910-х гадоў, старадаўнім запіскам і замалёўкам, архіўным крыніцам. Пошук экспанатаў і напаўненне залаў актыўна прадаўжаюцца. Сёння пакоі ўпрыгожвае антыкварная мэбля – набытая або прадастаўленая ў часовае экспанаванне калекцыянерамі. Таксама ў Жылічах можна ўбачыць каштоўныя жывапісныя палотны і гравюры з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Па фатаграфіях, якія захаваліся, дасканала адноўлены інтэр’ер палацавай капліцы. Яе алтар упрыгожыла набытая музеем рэдкасць – карціна "Узнясенне Багародзіцы", якая напісана ў канцы XVIII стагоддзя і належыць да школы Рубенса.
Жыліцкі гістарычны комплекс-музей наведваюць шматлікія госці з Баларусі і замежжа. Экскурсіі праводзяцца кожную гадзіну ў рабочыя дні і кожныя паўгадзіны ў выхадныя дні.
Адрас: вул. Міра, 5, аг. Жылічы, Кіраўскі раён, Магілёўская вобласць
Час работы музея: з 9:00 да 18:00 (перапынак на абед з 13:00 да 14:00). У панядзелак і аўторак музей не працуе.
Цяпер на тэрыторыі комплексу ідзе аднаўленне аранжарэі, якая некалі была гордасцю Булгакаў. У палацы пачалі ўжо зноў вырошчваць экзатычныя расліны: праект па архіўных апісаннях 1909 года падрыхтаваны спецыялістамі Батанічнага саду НАН Беларусі.
Былая карэтная і іншыя гаспадарчыя пабудовы, а таксама палацавы парк з яго алеямі, лабірынтамі дарожак, каскадам сажалак і фантанамі належаць да будучай чаргі рэстаўрацыі ансамбля.
Пасля завяршэння самага вялікага этапу рэстаўрацыі ансамбль поўнасцю адкрыты для гасцей. Цяпер кожны сезон года ў Жыліцкім гістарычным комплексе-музеі напоўнены экскурсіямі і шматлікімі творчымі мерапрыемствамі.
А традыцыяй восені абяцае стаць рэгіянальнае свята "Вераснёўскі фэст. Палац у Жылічах" ("Сентябрьский фест. Дворец в Жиличах"), якое ўпершыню адбылося ў гонар 200-годдзя палаца Булгакаў у верасні 2023 года.
Аграгарадок Жылічы размешчаны ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. З Мінска шлях (каля 190 км) ляжыць па трасе Е271/М5 амаль да Бабруйска, далей па дарогах Р93, Н10457, Н10451 да Жыліч.
Ад цэнтра раёна Кіраўска да Жыліч – каля 25 км, ад Магілёва – каля 110 км.
Спыніцца можна ў гасцініцах Бабруйска, Мінска або Магілёва, невялікая гасцініца ёсць у Кіраўску.
Сёння палац Булгакаў уваходзіць у адзін з самых папулярных турыстычных маршрутаў усходняй Беларусі: Бабруйск – Жылічы – Чырвоны Бераг. Гэты "трохвугольнік" аб’яднаў дзве цудоўныя рэзідэнцыі, унікальныя аб’екты ваеннай гісторыі, горад з багатым мінулым і каларытнай атмасферай.
Бабруйск вядомы як "яўрэйская сталіца Беларусі" са сваім асаблівым шармам месца, дзе некалі вялі справы і будавалі арыгінальныя асабнякі заможныя купцы, нараджаліся і раслі будучыя вядомыя асобы рэлігіі, культуры, палітыкі… Тут жа была ўзведзена "старэйшая сястра" Брэсцкай крэпасці – Бабруйская, якая ўвайшла ў гісторыю вайны 1812 года, дзекабрысцкага руху і Вялікай Айчыннай вайны.
Чырвоны Бераг славіцца сядзібай Козел-Паклеўскіх – адной з самых незвычайных у Беларусі. Мудрагелісты палац аб’яднаў амаль дзясятак розных напрамкаў – готыку і раманскі стыль, ракако і маньерызм, барока і класіцызм, нават неамаўрытанскі стыль, чаго больш няма нідзе ў краіне. …Сімвал трагедыі Чырвонага Берага і ўсёй Беларусі – мемарыял дзецям - ахвярам вайны. Ён створаны практычна на тым жа месцы, дзе ў час Вялікай Айчыннай знаходзіўся дзіцячы канцлагер, вязні якога станавіліся нявольнымі донарамі крыві для нямецкіх салдат.
За 45 км на поўнач ад Жыліч знаходзіцца мемарыяльны комплекс "Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці" ў вёсцы Баркі (Кіраўскі раён). Тут 15 чэрвеня 1942 года адбылася адна з самых буйных карных аперацый супраць мірных жыхароў Беларусі. За адзін дзень загінулі больш як 2 тысячы чалавек – жыхары Баркоў і навакольных вёсак. Гэтыя падзеі, як і трагедыя Хатыні, а таксама соцень іншых спаленых вёсак Беларусі, пакладзены ў аснову ўражальнага фільма "Ідзі і глядзі" рэжысёра Элема Клімава. Стужка ўваходзіць у спісы лепшых ваенных фільмаў сусветнага кінематографа.
Недалёка ад Баркоў і за 50 км ад палаца Булгакаў у Жылічах размешчана Чыгірынскае вадасховішча – турыстычная жамчужына Магілёўскай вобласці, месца правядзення Вялікай бард-рыбалкі. Кожнае лета на арыгінальны фестываль аўтарскай песні і рыбнай лоўлі збіраюцца выканаўцы з блізкага і далёкага замежжа, шматлікія турысты. На вадаёме створаны ўмовы для актыўнага адпачынку.