У Беларусі – краіне на "скрыжаванні" культур і канфесій – захаваліся старадаўнія праваслаўныя цэрквы і манастыры, касцёлы, сінагогі і мячэці, драўляныя храмы старавераў…
Дзякуючы пераплятанню рэлігій і архітэктурных стыляў храмавая архітэктура Беларусі своеасаблівая і незвычайная, а многія з культавых збудаванняў – абсалютна ўнікальныя. Сярод іх і аб'екты, прадстаўленыя ў папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА:
Паломнікі з розных краін свету і шматлікія турысты, якія цікавяцца гісторыяй і архітэктурай, прыязджаюць убачыць цудоўныя храмы і старадаўнія святыні Беларусі, наведаць рэлігійныя святы і духоўныя фестывалі.
У горадзе Гродна існуе адзіны ў Беларусі музей гісторыі рэлігіі, размешчаны ў будынку былога палаца XVIII-XIX стагоддзяў – помніку архітэктуры барока і класіцызму. Яго багатая экспазіцыя прысвечана архаічным вераванням, хрысціянскім канфесіям, ісламу і іўдаізму…
Падарожнічаючы па Беларусі, вы абавязкова ўбачыце цудоўныя праваслаўныя цэрквы і манастыры са шматвяковай гісторыяй.
У старажытным горадзе Полацку ў 1120-х гадах прападобная Ефрасіння – святая заступніца Беларусі – заснавала Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Тут жа знаходзіцца адзін з самых старадаўніх храмаў Беларусі – Спаса-Праабражэнская царква, сцены якой упрыгожваюць унікальныя фрэскі XII стагоддзя.
Кожны год тысячы паломнікаў збіраюцца ў Полацку 5 чэрвеня – у дзень памяці прападобнай Ефрасінні. У Спаса-Праабражэнскім храме знаходзяцца яе мошчы, а таксама захоўваецца адноўлены вобраз страчанай рэліквіі беларусаў – Крыж прападобнай Ефрасінні.
Яшчэ адна архітэктурная жамчужына Полацка – Сафійскі сабор, узведзены ў сярэдзіне XI стагоддзя ўслед за аднайменнымі храмамі Кіева і Ноўгарада.
Самы стары дзеючы храм Беларусі – унікальная Свята-Барыса-Глебская (Каложская) царква, пабудаваная ў XII стагоддзі на крутым беразе ракі Нёман у Гродне.
Таксама сярод знакамітых праваслаўных храмаў Беларусі:
Славутасць Мінска – храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у Айчыне нашай, пабудаваны ў 2006-2008 гадах.
Другі пасля Полацка старажытны рэлігійна-духоўны цэнтр Беларусі – палескі горад Тураў, дзе можна ўбачыць драўляную царкву Усіх Святых і культавыя каменныя крыжы, фрагменты храма XII стагоддзя, на месцы якога ўзведзены помнік "Скрыпта" ў візантыйскім стылі.
На беларускім Палессі захаваліся ўнікальныя драўляныя цэрквы XVI-XVII стагоддзяў з асаблівай архітэктурай і незвычайнымі крыжамі – сярод іх няма і двух аднолькавых. Напрыклад, царква ў вёсцы Здзітава Жабінкаўскага раёна (пабудавана ў пачатку XVI стагоддзя), царква ў Дабраслаўцы Пінскага раёна (самая вузкая з беларускіх цэркваў: шырыня 5-7 метраў)...
Цэнтрамі паломніцтва і выдатнымі мясцінамі для турыстаў з'яўляюцца знакамітыя манастыры Беларусі:
У розных гарадах Беларусі ўстаноўлены помнікі святым і выдатным духоўным асобам:
Славутасцю Полацка стаў і помнік дойліду Іаану – заснавальніку полацкай архітэктурнай школы, які пабудаваў у XII стагоддзі па заказе прападобнай Ефрасінні Спаса-Праабражэнскі храм.
Знаходзячыся на стыку праваслаўнага і каталіцкага светаў, Беларусь стала краінай, дзе суседнічае мноства храмаў дзвюх хрысціянскіх канфесій.
У сувязі з гістарычнымі падзеямі і царкоўнай уніяй тут адбылося ўнікальнае змяшэнне архітэктурных стыляў, таму ў Беларусі вы нярэдка ўбачыце праваслаўныя храмы, падобныя да каталіцкіх.
Напрыклад, Полацкі Сафійскі сабор, перабудаваны ў XVIII стагоддзі на старажытным фундаменце як базіліка ў стылі віленскага барока, або неагатычная царква ў вёсцы Сар'я Верхнядзвінскага раёна…
У XVII-XVIII стагоддзях у беларускіх гарадах і мястэчках былі пабудаваны раскошныя ансамблі каталіцкіх храмаў і манастыроў у стылі барока, готыкі і неаготыкі, якія сталі сапраўднымі архітэктурнымі жамчужынамі краіны, месцам пакланення святыням.
Сярод знакамітых каталіцкіх храмаў Беларусі:
У Гродне на месцы самага вялікага старадаўняга храма горада – Фары Вітаўта – устаноўлены памятны знак Паклонны крыж.
Кожны год у пачатку ліпеня тысячы пілігрымаў з Беларусі і замежжа накіроўваюцца ў вёску Будслаў Мядзельскага раёна – Нацыянальны санктуарый, дзе захоўваецца адна з галоўных каталіцкіх святынь Беларусі цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай. 400-годдзе яго набыцця святкавалі ў 2013 годзе.
У Будславе знаходзіцца цудоўны барочны касцёл Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі і капліца святой Варвары (1643), дзе захаваўся ўнікальны драўляны алтар. За асаблівую ролю ў гісторыі і духоўным жыцці Папа Рымскі Іаан Павел II у 1994 годзе прысвоіў касцёлу тытул "базіліка малая".
Шматлікія паломнікі прыязджаюць і ў іншыя беларускія санктуарыі, дзе захоўваюцца каранаваныя па благаславенні Папы Рымскага цудатворныя абразы:
Славутасць Гродна – адзіная дзеючая лютэранская кірха ў Беларусі.
Беларускі горад Ветка – месца паломніцтва старавераў. У старажытным горадзе створаны знакаміты ўнікальнымі рарытэтамі Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый.
У Гомелі дзейнічае царква ў гонар святога прарока Ільі, якая належыць Рускай праваслаўнай стараверскай царкве. Ільінскі храм – помнік драўлянага дойлідства канца XVIII стагоддзя.
У часы ВКЛ у Беларусі было больш за 100 мячэцей – практычна ў кожным татарскім пасяленні, у пачатку ХХ стагоддзя – каля 40, аднак пасля Вялікай Айчыннай вайны доўгія гады дзеючай заставалася толькі адна мячэць, пабудаваная ў 1882 годзе ў горадзе Іўе (Гродзенская вобласць).
І менавіта ў шматнацыянальным Іўі, дзе на працягу стагоддзяў суседнічаюць мусульмане і іўдзеі, католікі і праваслаўныя, у 2012 годзе быў устаноўлены ўнікальны па-свойму манумент у гонар дружбы чатырох канфесій.
Сёння ў беларускіх мусульман больш як 10 мячэцей і малітвенных дамоў. Старадаўнія драўляныя мячэці захаваліся ў Навагрудку і ў вёсцы Лоўчыцы ў межах горада.
У Мінску на месцы, дзе была старажытная і адзіная мураваная мячэць Беларусі, узведзены новы велічны храм.
У Беларусі захавалася больш як 100 будынкаў былых сінагог, аднак у многіх сёння знаходзяцца разнастайныя ўстановы (культуры, спорту): Нацыянальны драматычны тэатр і Дом прыроды (Траецкае прадмесце) у Мінску, кінатэатр "Беларусь" у Брэсце…
Некаторыя старадаўнія сінагогі – помнікі гісторыі і архітэктуры – закансерваваны або рэстаўруюцца. Напрыклад, унікальная абаронная сінагога ў Быхаве, сінагагальны двор у Ружанах, сінагога ў Слоніме (1642), дзе захаваліся арыгінальныя яўрэйскія фрэскі…
Сёння ў Беларусі дзейнічаюць 8 сінагог, сярод якіх і цудоўныя храмы-помнікі архітэктуры:
У 1806 годзе ў беларускім горадзе Валожыне была адкрыта першая ва ўсёй Усходняй Еўропе іешыва (вышэйшае духоўнае вучылішча, дзе вучыліся будучыя рабіны з розных краін), а ў 1815-м – у Міры. Старадаўнія будынкі іешываў захаваліся да нашых дзён, прыцягваючы паломнікаў і турыстаў.
У чэрвені 2014 года ў Беларусі праходзіў IV Праваслаўна-каталіцкі форум.