На рукатворным узгорку каля ракі Нёман недалёка ад Навагрудка стаіць замак, які некалі быў адной з рэзідэнцый самых магутных дынастый Вялікага Княства Літоўскага. Ён увабраў у сябе элементы готыкі і рэнесансу. Неаднаразова перабудоўваўся, разбураўся, стаяў у руінах і атрымаў шанц на аднаўленне і новае жыццё.
Паселішча Любеч (Любч, Любча) вядома многія стагоддзі. Яно належала каралю Міндоўгу – першаму правіцелю Вялікага Княства Літоўскага, знаходзілася ў валоданні вялікіх князёў Гедыміна, Альгерда, Ягайлы, Кейстута, Вітаўта, Казіміра і Аляксандра, не аднойчы дарылася, зноў пераходзіла да дзяржавы або набывалася багатымі вяльможамі… Да пачатку ХVI стагоддзя Любча вырасла ў значны цэнтр рэгіёна.
Цікава, што адна з найбольш вядомых версій назвы мястэчка і будучага замка звязана з рамантычнай гісторыяй жыцця Міндоўга. Перапраўляючыся цераз Нёман, менавіта тут ён сустрэў прыгожую вясковую дзяўчыну па імені Марта, якую ўзяў у жонкі. Так узнікла Любча – месца, дзе нарадзілася любоў.
Гісторыя рэзідэнцыі ўплывовых магнатаў у Любчы налічвае больш за 400 гадоў. У канцы XVI стагоддзя памесны горад, які атрымаў у 1590 г. магдэбургскае права і ўласны герб, актыўна развіваў гандлёвыя і эканамічныя сувязі. Для абароны паселішча тагачасны яго ўладальнік Ян Кішка – вядомы вяльможа Вялікага Княства Літоўскага – загадаў пабудаваць крэпасць. На левым беразе Нёмана быў насыпаны ўзгорак, які падняўся над поймай ракі амаль на 7 метраў.
Да 1581 года – на гэта паказвае знойдзены на тэрыторыі флюгер з выбітай датай і гербам Кішкаў – замак быў гатовы. Першапачаткова яго пабудавалі з дрэва, за выключэннем уязной мураванай вежы. У плане замак уяўляў сабой прамавугольнік 64 м на 87 м з чатырма вуглавымі вежамі. З трох бакоў яго акружаў абарончы роў шырынёй да 30 м і глыбінёй 7–10 м, а з чацвёртага – абаранялі воды Нёмана. Пасля смерці Яна Кішкі замкам валодаў яго брат Станіслаў, які пакінуў пасаг дачцэ Ганне.
Наступны ўладальнік Любчы – муж Ганны Кішкі – Крыштоф Радзівіл вырашыў поўнасцю перабудаваць замак і зрабіць яго больш абароненым. Мураванымі пабудавалі ўсе вежы, сцены, а таксама іншыя пабудовы на тэрыторыі.
Галоўная (Брамная, або надбрамная) вежа ператварылася ў магутнае фартыфікацыйнае збудаванне з чатырма агнявымі ўзроўнямі: на першым знаходзілася 8 ружэйных байніц, на другім – 12, на трэцім – 8 гарматных байніц. Пад самым дахам па ўсім перыметры васьміграннай часткі вежы размяшчаліся мушкетныя байніцы. У гэтым жа будынку былі ўладкаваны скарбец і вязніца, а пад купалам устанавілі звон.
На многія дзесяцігоддзі Любчанскі замак стаў адной з рэзідэнцый прадстаўнікоў самай магутнай дынастыі ВКЛ – Радзівілаў.
На жаль, у ходзе канфлікту ў 1659 годзе крэпасць у Любчы была захоплена і значна разбурана, а дзве вежы знішчаны. Цытадэль страціла сваё абарончае значэнне… У далейшым замак яшчэ неаднойчы перажываў пажары і разбурэнні, перабудоўваўся.
На працягу XIX стагоддзя нярэдка мяняліся ўладальнікі і арандатары замка. У 1890-я гады ў Марыі Гогенлоэ (Вітгенштэйн) яго набылі браты з дваранскага роду Фальц-Фейнаў. У гэты час на месцы руін старога панскага дома быў пабудаваны двухпавярховы беласнежны палац у стылі англійскай неаготыкі. Уцалелыя вежы атрымалі вокны замест байніц.
У 1904 годзе маёнтак у сваіх братоў выкупіла баранеса Лідзія фон Пейкер (у дзявоцтве Фальц-Фейн). Яе сын ад першага шлюбу Мікалай Набокаў, які правёў дзяцінства ў Любчы, стаў знакамітым кампазітарам – аўтарам музыкі легендарных "Рускіх сезонаў" Сяргея Дзягілева, заснавальнікам амерыканскага класічнага балета, натхніцелем некалькіх значных музычных фестываляў Еўропы. Сусветную вядомасць заваяваў і яго стрыечны брат – пісьменнік Уладзімір Набокаў.
Першая, а затым Другая сусветныя войны не прайшлі для Любчанскай рэзідэнцыі бясследна – гатычны палац быў практычна знішчаны, а ад умацаванняў засталіся толькі вежы.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны на падмурку гаспадарскага асабняка была пабудавана школа. Пры ёй у 1964 годзе арганізавалі краязнаўчы музей, што выратавала замак ад поўнага забыцця. У 1980-я археолагі пачалі праводзіць тут раскопкі.
Каб уратаваць замак ад поўнага разбурэння, у 2003 годзе ўраджэнец Любчы Іван Пячынскі – былы ваенны, бізнесмен і заўзяты гісторык – разам з валанцёрамі-энтузіястамі пачаў работы па захаванні гэтай жамчужыны краю. Ён заснаваў і ўзначаліў дабрачынны фонд, які ўжо многія гады займаецца вяртаннем старажытнай рэзідэнцыі магнатаў да жыцця.
Любчанскі замак стаў першым у Беларусі такім аб'ектам, за аднаўленне якога ўзяліся неабыякавыя людзі за кошт дабрачыннага фонду, а таксама дапамогі партнёраў і спонсараў. Кожны цёплы сезон сюды прыязджаюць валанцёры – студэнты, навуковыя работнікі, іншыя спецыялісты, якія паступова праводзяць неабходныя рэстаўрацыйныя работы.
Згодна з планам, замак павінен быць адноўлены па праекце 1654 года. За мінулы час цалкам адрэстаўрыраваны дзве вежы і сцяна паміж імі. Флігель і былы палац (школа) яшчэ чакаюць сваёй чаргі. Цяпер ідуць работы па аднаўленні ўнутранага ўбрання вежаў, адраджаецца на ўцалелым падмурку трэцяя – паўночная, або Дазорная вежа.
Пакуль прадаўжаецца рамонт памяшканняў, замак даступны для агляду толькі звонку. Перад уваходам на тэрыторыю знаходзіцца брама, верагодна, пабудаваная ў пачатку XX стагоддзя пры Фальц-Фейнах. Тут жа ўстаноўлены інфармацыйныя стэнды, дзе можна даведацца больш пра Любчанскі замак і гісторыю мястэчка, іншыя славутасці краю.
Цікава, што выкапаны ўручную стагоддзі таму абарончы роў каля замка ў Любчы – сёння адзіны ў краіне, які застаўся арыгінальным, не зведаў якога-небудзь змянення.
Каля ўвахода на тэрыторыю замка турыстаў можа сустрэць каларытная гераіня-экскурсавод – ключніца, якая стагоддзі таму загадвала гаспадаркай і, несумненна, ведала кожны патаемны куток. Таксама для гасцей праходзяць анімацыйныя праграмы з удзелам рэканструктараў.
Акрамя таго, восенню ў Любчы праводзіцца свята "Любчанскі шпацыр Радзівілаў" з паказальнымі выступленнямі і майстар-класамі ад ваенна-гістарычнага клуба, тэатралізаванымі забавамі, выставамі, дэгустацыяй старажытных мясцовых страў.
Ад Мінска да Любчы – каля 135–150 км на аўтамабілі ў залежнасці ад выбранага маршруту. Найбольш хуткі і цікавы шлях са сталіцы можна пракласці па P1 і Е30/М1 (напрамак на паўднёвы захад у бок Брэста), каля павароту з паказальнікам на Мірскі замак з’ехаць на Р64 і ў гарадскім пасёлку Мір звярнуць на Р11. Далей у Карэлічах накіравацца на Н6190, даехаць да Шчорсаў, звярнуць на Н6325 і трымаць курс на Любчу.
Адрас: Беларусь, Гродзенская вобласць, Навагрудскі раён, г.п. Любча
Каардынаты: 53.752008, 26.068939
Спыніцца можна ў Мінску і за дзень наведаць Любчанскі замак. Таксама зручныя варыянты начлегу ў Навагрудку або Міры, дзе размешчаны вядомыя славутыя мясціны, якія абавязкова варта ўбачыць.
Недалёка ад Любчы знаходзіцца нямала знакавых месцаў, слаўных не толькі ўцалелай архітэктурнай спадчынай, але і ўкладам іх ураджэнцаў у гісторыю і культуру.
Дарога ў Любчу з Мінска праходзіць праз гарадскі пасёлак Мір, дзе знаходзіцца замак, які ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і прызнаны адным з самых прыгожых у Еўропе.
За 25 км ад Любчанскага замка размешчаны Навагрудак – першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага і горад паэта-рамантыка Адама Міцкевіча. Тут захаваліся руіны старадаўняга замка і яшчэ мноства цікавых славутасцей розных эпох.
Усяго за 15 км ад Любчы знаходзяцца Шчорсы, дзе захаваліся будынкі некалі раскошнага маёнтка апошняга канцлера ВКЛ графа Іаахіма Літавора-Храптовіча. Ён заснаваў знакамітую бібліятэку Храптовічаў, якая існавала з другой паловы XVIII да пачатку ХХ стагоддзя. Гэты збор лічыўся адным з найбагацейшых ва Усходняй Еўропе і захоўваў больш за 20 тысяч кніг на розных мовах – творы антычных аўтараў, французскай і італьянскай класікі, унікальныя гістарычныя дакументы, рукапісы, геаграфічныя карты. Папрацаваць сюды прыязджалі вядомыя вучоныя і пісьменнікі, у тым ліку Адам Міцкевіч, які напісаў у Шчорсах паэму "Гражына".
У Любчы таксама можна ўбачыць велічны храм у гонар святога прарока Іліі. Ён быў пабудаваны ў 1910–1914 гадах на месцы старой струхлелай царквы. Збудаванне ў псеўдарускім стылі створана ў форме крыжа.