Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр

Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку


Унікальны праваслаўны манастыр Беларусі, адзін з найстаражытнейшых ва Усходняй Еўропе, заснаваны першай беларускай святой – нябеснай заступніцай краіны Ефрасінняй Полацкай.

Манастыр Святога Спаса (Спаса-Праабражэнскі) узнік у горадзе Полацку ў 1125 годзе. Як расказвае "Жыціе Ефрасінні Полацкай…", маладая князёўна, якая прыняла пострыг, тройчы ўбачыла сон, як анёл прыводзіў яе ў месца будучага манастыра на беразе ракі Палаты. У хуткім часе тут пачаў будавацца манастыр, які праз гады і атрымаў імя Ефрасінні.

Сёння гэта самы вядомы праваслаўны цэнтр Беларусі, месца паломніцтва для шматлікіх вернікаў з усяго свету, манастыр з багатай гісторыяй, бясцэннымі рэліквіямі і рэдкай спадчынай духоўнага мастацтва.

Святая зямлі беларускай – прападобная Ефрасіння Полацкая

Жанчына, першай прылічаная да ліку святых на беларускіх земляхунікальная асоба свайго часу, падзвіжніца Полацкага княства.

З прападобнай Ефрасінняй звязана адкрыццё першых на беларускіх землях навучальных устаноў і бібліятэк, стварэнне школы архітэктуры і жывапісу, развіццё рамёстваў. Яна праславілася не толькі як апякунка жаночага манаства, але і стваральніца мужчынскага манастыра.

Ефрасіння жыла ў складаны час міжусобіц і прыкладала вялікія намаганні, каб прымірыць ворагаў: "Не бо хотяше видети кого враждующих, ни князя со князем, ни болярина с болярином, ни от простых кого со своим другом, но всех хотяше имети, яко едину душу"...

Мяркуюць, што князёўна Прадслава – дачка князя Святаслава Усяславіча (у хрышчэнні Георгія) і праўнучка святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра – нарадзілася каля 1101 года. З дзяцінства яна вызначалася любоўю да веры і неверагоднай прагай да вучэння. А ў 12 гадоў рашуча адхіліла прапанову аб замужжы і прыняла пострыг пад імем Ефрасіння – "радасць" (грэч.).

Пасяліўшыся ў келлі Сафійскага сабора, юная манашка пачала весці Полацкі летапіс, перапісвала кнігі, дзякуючы продажу якіх дапамагала бедным, збірала бібліятэку, якая пазней стала скарбам усходнеславянскіх зямель…

У пажылым узросце прападобная Ефрасіння разам з сястрой манашкай Еўпраксіяй і братам Давідам адправілася ў паломніцтва. Яна паспела пакланіцца святыням Царграда і прыбыла ў Іерусалім, дзе 23 мая 1173 года памерла ў манастыры Прасвятой Багародзіцы.

Як сведчаць гісторыкі, не пазней за 1187 год цела ігуменні перанеслі ў Кіева-Пячэрскую лаўру. Праз многія стагоддзі ў 1871 годзе епіскап Полацкі Сава дабіўся, каб у Спаскі манастыр была дастаўлена частка мошчаў Ефрасінні, і толькі ў 1910 годзе астанкі святой апынуліся на радзіме.

Упрыгожаны кветкамі беласнежны параход, дзе знаходзілася рака з мошчамі прападобнай Ефрасінні, плыў па Дняпры ў суправаджэнні яшчэ двух суднаў з паломнікамі, вядомымі рэлігійнымі і дзяржаўнымі дзеячамі. У месцах спынення па ўсім шляху з Кіева ў Полацк ажыццяўляліся богаслужэнні. Каля прычалаў вернікі разводзілі вогнішчы і запальвалі свечкі, полымя якіх адбівалася ў вадзе, надаючы яшчэ большую ўрачыстасць і прыгажосць малебнам. Мошчы, якія прыбылі ў родны горад ігуменні, былі пахаваны ў заснаваным ёю Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры. На працягу наступных гадоў яны яшчэ некалькі разоў пакідалі Полацк, але з 1943 года і да гэтага часу застаюцца рэліквіяй старажытнага манастыра.

Гісторыя Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра

Вядома, што каля 1125 года Ефрасіння разам з адной з манашак пасялілася ў мястэчку пад назвай Сяльцо побач з Полацкам, дзе па благаславенні епіскапа Іліі заснавала новы дзявочы манастыр – "каля царквы Спаса".

У хуткім часе сюды сталі прыходзіць і іншыя юныя палачанкі, якія шукалі ратавання душы. Следам за Ефрасінняй у Спаскі манастыр прыбылі яе сёстры – родная Гардзіслава і стрыечная Звеніслава – у манастве Еўдакія і Еўпраксія. Насельніц манастыра Ефрасіння навучала перапісванню кніг, спевам, шыццю і іншым рамёствам.

У першыя гады існавання манастыра на беразе Палаты стаялі драўляная Спаская царква і каменны храм-пахавальня полацкіх епіскапаў. Але пазней па даручэнні Ефрасінні на месцы драўлянай царквы дойлід Іаан за 30 тыдняў узвёў каменны Спаса-Праабражэнскі храм, які захаваўся да нашых дзён. Тут ён зрабіў дзве крыжападобныя келлі – для самой прападобнай і яе сястры манашкі Еўдакіі.

Цудоўным упрыгажэннем гэтага храма стаў фрэскавы жывапіс – дзіўна тонка прадуманы і выкананы з неверагодным мастацкім майстэрствам. І сёння фрэскі Спаса-Праабражэнскай царквы, напісаныя ў ХII стагоддзі, з'яўляюцца самымі старымі з захаваных на тэрыторыі Беларусі. Доўгі час яны былі скрыты пад слоем позніх малюнкаў XVIII–XIX стагоддзяў. Але ў апошнія дзесяцігоддзі, пачынаючы з 1990-х, рэстаўратары вяртаюць іх з забыцця: раскрыты ўжо амаль усе, за выключэннем фрэсак у самых цяжкадаступных месцах пабудовы.

Для Спаса-Праабражэнскага храма ў 1161 годзе па заказе Ефрасінні майстар Лазар Богша стварыў напрастольны Крыж-каўчэг у старажытнавізантыйскай тэхніцы перагародчатай эмалі. Ён стаў не толькі цудоўным узорам ювелірнага мастацтва, але і бясцэннай рэліквіяй. Крыж аб'яднаў хрысціянскія святыні – часцінку Жыватворнага Дрэва з кропляй Крыві Збавіцеля, часцінку каменя Труны Гасподняй, часцінку каменя Труны Божай Маці і часцінкі мошчаў святых. "Честное древо безценно", – гаварылася ў зробленым на ім надпісе.

У гады Вялікай Айчыннай вайны рэліквія знікла і не знойдзена да гэтага часу. У 1997 годзе ювелір-эмальер з Брэста Мікалай Кузьміч узнавіў Крыж прападобнай Ефрасінні: над дакладнай копіяй майстар працаваў на працягу 5 гадоў. Новую рэліквію, якую асвяціў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт, упершыню прадставілі ў Свята-Сімяонаўскім кафедральным саборы Брэста. Пасля гэтага Крыж стаў святыняй Спаса-Праабражэнскага храма ў родным манастыры прападобнай Ефрасінні і ўсёй Беларусі.

Цікава! Каля 1155 года недалёка ад Спаскага жаночага манастыра па даручэнні Ефрасінні ўзвялі Багародзічную царкву, пры якой ігумення заснавала мужчынскі манастыр. Па яе просьбе з Царграда даставілі рэліквію – Эфескі абраз Прасвятой Багародзіцы, напісаны, паводле падання, святым апосталам і евангелістам Лукой. Сёння гэты абраз, аддадзены ў благаслаўленне на шлюб Аляксандра Неўскага з полацкай князёўнай Аляксандрай, знаходзіцца ў храме ў гонар дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў пасёлку Княжае Возера Маскоўскай мітраполіі. Аднак заснаваны Ефрасінняй мужчынскі Багародзічны манастыр Полацка, які праіснаваў некалькі стагоддзяў, да нашых дзён не захаваўся.

А вось Спаскі жаночы манастыр выстаяў скрозь стагоддзі! Пасля захопу Полацка войскам караля Стафана Баторыя ў 1580–1820-я гады (з перапынкам на 1654–1667-я гады) манастыр знаходзіўся ва ўладанні каталіцкага ордэна езуітаў, а з 1820-га па 1832 год – піяраў.

У 1841 годзе Свяцейшым Сінодам быў выдадзены Указ аб адраджэнні старажытнага манастыра "каля царквы Спаса". У Полацку аднавілася манаскае жыццё, а ў 1844 годзе пры манастыры адкрылася Спаса-Ефрасіннеўскае жаночае вучылішча.

Манастыр рос, становячыся не толькі буйным рэлігійным цэнтрам, але і цудоўным архітэктурным ансамблем. У 1847 годзе на месцы старога дамавога храма была ўзведзена новая каменная царква, якую асвяцілі ў гонар прападобнай Ефрасінні.

У 1897 годзе над манастыром узвысіўся пяцікупальны Крыжаўзвіжанскі сабор. Сучаснікі былі захоплены яго веліччу і вытанчаным унутраным аздабленнем – жывапісам, арнаментным іканастасам, мазаічнай падлогай з мармуровых і цэментных пліт.

У 1910 годзе ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр вярнуліся мошчы святой ігуменні. З Кіева да Оршы яны былі дастаўлены на параходзе, а ад Оршы да Полацка акружным шляхам праз Віцебск іх урачыста неслі свяшчэннаслужыцелі, манахі і простыя вернікі.

У гады Першай сусветнай вайны насельніцы і рэліквіі манастыра былі эвакуіраваны ў Растоўскі Аўраміеў манастыр, дзе яны знаходзіліся да 1921 года.

Пасля рэвалюцыі 1917 года пачаўся складаны для полацкага манастыра перыяд, калі было рэквізавана шмат рэліквій. А ў 1925 годзе манастыр наогул закрылі, перадаўшы будынкі ваеннаму і іншым ведамствам.

Вялікая Айчынная вайна стала для Полацка перыядам акупацыі. У гады цяжкіх выпрабаванняў людзі зноў пачалі звяртацца да Бога, і ў 1943 годзе акупацыйныя ўлады далі дазвол адкрыць Полацкі манастыр.

У 1961 годзе Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр быў яшчэ раз закрыты, а манашкі пераехалі ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр. Зрэшты, старажытная Спаса-Праабражэнская царква заставалася адзіным дзеючым храмам горада.

У 1989–1990 гадах манастыр святой Ефрасінні быў адроджаны і з таго часу з'яўляецца буйнейшым духоўным цэнтрам праваслаўя ў Беларусі. У 1997 годзе сюды прыбыў узноўлены ювелірам з Брэста Мікалаем Кузьмічом Крыж прападобнай Ефрасінні. А ў 2007 годзе той жа майстар аднавіў і сярэбраную раку для мошчаў – па эскізах з фотаздымкаў 1910 года.

Архітэктурны ансамбль

Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр з'яўляецца адным з першых жаночых манастыроў на тэрыторыі Кіеўскай Русі. Сёння гэты ўражальны архітэктурны ансамбль – упрыгажэнне старажытнага Полацка.

На тэрыторыі манастыра размяшчаюцца:

  • Спаса-Праабражэнскі храм ХІІ стагоддзя, які быў пабудаваны пры жыцці святой Ефрасінні і захаваў унікальныя старажытныя фрэскі;
  • Свята-Ефрасіннеўская (Цёплая) царква, у 1847 годзе перабудаваная са старой дамавой царквы ў каменны храм;
  • Крыжаўзвіжанскі сабор, узведзены ў 1893–1897 гадах;
  • званіца (каменная званіца над брамай манастыра з'явілася ў 1882 годзе, але, хутчэй за ўсё, у час Вялікай Айчыннай вайны была разбурана і зноў адбудавана толькі ў 1992 годзе да свята 1000-годдзя Полацкай епархіі);
  • сястрынскія карпусы і сястрынская трапезная;
  • гаспадарчыя пабудовы.

У комплекс манастыра таксама ўваходзяць духоўна-асветніцкі цэнтр, царкоўныя крамы, гасцініцы для паломнікаў, манастырская чайная.

Да нашых дзён не захаваліся храм-пахавальня ХII ст. (на яго месцы ўстаноўлены крыж), стары трапезны дом (1902–1903 гг.), летні фантан (пач. ХХ ст.), а таксама капліца (1897 г.), якая знаходзілася за 400 метраў ад манастыра.

Святыні манастыра

Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку кожны дзень наведваюць паломнікі з Беларусі і розных куткоў свету. Многія вернікі імкнуцца сюды, каб пакланіцца святыням манастыра. Сярод іх:

  • Святыя мошчы заснавальніцы манастыра Ефрасінні Полацкай;
  • Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай (адноўлены ў 1997 годзе);
  • Сярэбраная рака (адноўленая ў 2007 годзе па эскізах 1910 года);
  • вярыгі прападобнай Ефрасінні Полацкай (у 1991 годзе былі знойдзены ў старажытнай Спаса-Праабражэнскай царкве);
  • два асабліва шануемыя спіскі Эфескага абраза Божай Маці (першы – старажытны – створаны ў XVI стагоддзі з Полацкага цудатворнага абраза XII стагоддзя, другі – сучасны – створаны ў 1992 годзе іканапісцам М.Р. Багданавым у Рускім музеі Санкт-Пецярбурга з іконы-арыгінала);
  • Краснастоцкі абраз Божай Маці (прыкладна XVII стагоддзя);
  • іншыя шануемыя абразы (у Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры захоўваецца шмат абразоў розных перыядаў, якія ў тым ліку былі здабыткам манастыра яшчэ да пачатку ХХ стагоддзя; таксама ёсць сучасныя абразы, напісаныя насельніцамі манастыра);
  • машчавікі (акрамя мошчаў прападобнай Ефрасінні, у манастыры захоўваецца каля трохсот часцінак мошчаў угоднікаў Божых).

Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр сёння

Ігумення Спаса-Ефрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра – Еўдакія (Ляўшук), са жніўня 2004 г.

Сёння ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры пражывае каля 130 сясцёр, працуюць супрацоўнікі. У манастыры дзейнічаюць выдавецтва і архіў, манастырская і прыходская бібліятэкі, нядзельная школа, экскурсійная служба, майстэрні (іканапісная, швейная, пераплётная), сястрынскі хор, прасвірня.

Пакланіцца прападобнай Ефрасінні Полацкай штогод прыязджаюць тысячы паломнікаў. І, вядома, манастыр як адна з галоўных выдатных мясцін Полацка прыцягвае шмат турыстаў.

Урачыстасці ў гонар 900-годдзя манастыра

У 2025 годзе Беларусь адзначыць 900-годдзе заснавання Спаса-Ефрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра.

Дзе знаходзіцца Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр

Адрас манастыра: Віцебская вобласць, г. Полацк, вул. Ефрасінні Полацкай, 89

Выдатныя мясціны паблізу Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра

Манастыр знаходзіцца ў самым старажытным горадзе Беларусі – Полацку. Многія стагоддзі ён славіўся сваімі храмамі і манастырамі, самабытнай архітэктурнай школай, выдатнымі людзьмі, з якімі да гэтага часу звязаны знакавыя месцы і збудаванні.

Прыехаўшы ў Полацк, вам варта ўбачыць не толькі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, але і іншыя выдатныя мясціны горада, сярод якіх:

  • Музей беларускага кнігадрукавання і іншыя музеі Полацка;
  • памятны знак "Полацк – геаграфічны цэнтр Еўропы";
  • помнік унікальнай беларускай літары Ў;
  • Полацкі езуіцкі калегіум, дзе на пытанні гасцей сёння адказвае "Механічная галава" – рэканструкцыя знакамітага твора вучонага XVIII ст. Габрыэля Грубера;
  • Ніжне-Пакроўская – вуліца старадаўніх дамоў і музеяў;
  • помнікі выдатным ураджэнцам – Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму.
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі