Палац Валовічаў у Свяцку | Belarus.by | Забавы ў Беларусі | Belarus.by | Турызм, Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнцкія выбары-2025 у Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Палац Валовічаў у Свяцку

Палац Валовічаў у Свяцку


Прыгожая рэзідэнцыя дваранскага роду, які пакінуў след у гісторыі некалькіх дзяржаў, сядзіба з драматычнай легендай, элітны рэабілітацыйны цэнтр, шпіталь і санаторый... У мінулым палаца Валовічаў, які параўноўвалі нават з каралеўскімі ўладаннямі ў Версалі, пераплялося шмат падзей і роляў. Сёння ён адраджаецца як музей, прысвечаны гісторыі знатнай фаміліі і ўсяго прынёманскага краю, а таксама як атмасферны турыстычны аб’ект, што запрашае гасцей перанесціся на некалькі стагоддзяў таму.

Гісторыя палаца ў Свяцку

Вёска Свяцк, размешчаная за 20 км ад Гродна, упершыню згадваецца ў XVI стагоддзі. Кароль Жыгімонт I Стары падараваў мясцовасць князю Сапоцьку, які і заснаваў маёнтак. Уласнікі мяняліся часта: адны перадавалі яго ў якасці пасагу, іншыя прадавалі цалкам або па частках. У другой палове XVIII стагоддзя раздробленыя свяцкія землі аб’яднаў Юзаф Валовіч (Józef Wołłowicz). Яго сын Антоній выкупіў яшчэ некалькі суседніх маёнткаў. Так з’явіўся Вялікі Свяцк.

Цікава, што Валовічы, нараўне з Радзівіламі, Сапегамі, Хадкевічамі, былі адной з найбольш уплывовых дынастый у ВКЛ. Сямейная гісторыя расказвала, што род паходзіць ад паўлегендарнага воіна па мянушцы Вол – аднаго з целаахоўнікаў караля польскага і вялікага князя літоўскага Казіміра: магутны храбрэц выратаваў манарху жыццё… Прадстаўніком дынастыі быў знакаміты дзяржаўны дзеяч, гуманіст і асветнік, адзін з аўтараў Статута ВКЛ Астафій Валовіч.

Будаўніцтва фамільнай рэзідэнцыі ў Свяцку разгарнулася ў 1779 годзе: пачаліся работы па ініцыятыве гродзенскага маршалка Юзафа Валовіча, а пасля яго скорай смерці справу прадоўжыў сын Антоній Валовіч – сенатар Рэчы Паспалітай, які атрымаў тытул прускага графа, які пазней быў пацверджаны і ў Расійскай імперыі.

Раскошны палац, які стаў самай вялікай з рэзідэнцый роду, спраектаваў знакаміты майстар свайго часу – прыдворны архітэктар караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага італьянец Джузэпэ дэ Сака. Ён удзельнічаў у перабудове кафедральнага сабора ў Вільні і касцёла Святога Іаана Хрысціцеля ў Варшаве, рэканструяваў Новы замак у Гродне і спраектаваў яшчэ многія будынкі каралеўскага горада, стаў аўтарам вядомых палацава-паркавых ансамбляў магнатаў на тэрыторыі Беларусі.

Створаны Джузэпэ дэ Сака палац у Свяцку злучыў найбольш характэрныя рысы трох стыляў: барока, класіцызму і ва ўнутраным убранні – рамантызму.

Двухпавярховы цэнтральны будынак і сіметрычна размешчаныя флігелі злучылі паўкруглыя галерэі, упрыгожаныя каланадамі. Галоўны корпус накрыў ламаны дах з мансардай. У крылах размяшчаліся жылыя памяшканні і манеж. Зрэшты, пабудаваны флігелі пазней за палац – у пачатку XIX стагоддзя – і, верагодна, па праекце iншага архітэктара. Галерэі, якія злучаюць цэнтральны будынак з бакавымі прыбудовамі, першапачаткова не былі зашклёнымі. Вокны ў іх з’явіліся пасля рэстаўрацыі ў першай палове XX стагоддзя. Парадны двор замыкае паўкруглая агароджа з уязной брамай. Яе дабавілі ў новым тысячагоддзі на аснове аднаго з праектных малюнкаў.

Першы паверх цэнтральнага будынка спланаваны па калідорным тыпе, другі – па анфіладным. У галоўным корпусе знаходзіліся бальныя залы, гасцёўні. На другі паверх вяла парадная трохмаршавая лесвіца. Пакоі былі багата ўпрыгожаны стука, калонамі, пілястрами, парталамі. Сцены размаляваны ў тэхніцы грызайль, як мяркуецца, мастакамі Манькоўскім і Смуглевічам. Да нашых дзён часткова захаваліся ляпніна, каміны, шалёўка дзвярэй.

У канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя вакол палаца быў разбіты пейзажны парк з рысамі рэгулярнай планіроўкі. Яго кампазіцыя ўключае каскад з чатырох вадаёмаў. У парку былі высаджаны грабы, клёны, сосны, экзатычныя дугласіі... На жаль, многія віды дрэў, у тым ліку рэдкіх, загінулі ў гады дзвюх сусветных войнаў.

Цераз дарогу ад сядзібы ў канцы XIX стагоддзя была пабудавана невялікая капліца-пахавальня ў неагатычным стылі: яна захавалася і ў хуткім часе будзе адрэстаўрыравана. Уцалелі і гаспадарчыя пабудовы, якія ў нашы дні атрымалі другое жыццё. Напрыклад, у адной з іх адкрыўся рэстаран-піваварня.

З палацам звязана трагічная легенда. Паводле яе, дачка аднаго з Валовічаў пакахала конюха. Раззлаваны бацька загадаў утапіць юнака ў сажалцы, а зганьбаваную дзяўчыну замураваць зажыва ў адной з калон дваранскага дома. Непрыкаяны цень графскай дачкі нібыта сустракаюць у палацы дагэтуль. І ўсё ж пацверджанняў настолькі драматычнага і жорсткага эпізода ў мінулым сям’і няма!

На працягу гісторыі маёнтак у Свяцку пераходзіў у спадчыну, яго атрымлівалі ў якасці пасагу, прадавалі і нават прайгравалі альбо ў карты, альбо ў більярд, забіралі за даўгі. Зрэшты, варыянт з пройгрышам не пацвярджае ніводны даследчык.

У першай палове XX стагоддзя палац апынуўся ва ўласнасці міністэрства аховы здароўя Польшчы. Пацярпелы ў час Першай сусветнай вайны будынак было вырашана адрэстаўрыраваць. Пасля завяршэння рамонту ў 1930-я гады тут адкрылася элітная лячэбніца (санаторый) для тых, хто церпіць ад нервовага знясілення і розных залежнасцей.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны палац у Свяцку, ужо на тэрыторыі СССР, зноў стаў медыцынскай установай – тут працаваў шпіталь, пазней санаторый. У незалежнай Беларусі ў былым дваранскім маёнтку размяшчаўся рэабілітацыйны цэнтр  для хворых на туберкулёз, што праіснаваў да сярэдзіны нулявых. Пазней палацавы комплекс перайшоў ва ўласнасць санаторыя "Азёрны" і будынак закансервавалі да лепшых часоў.

Палацава-паркавы комплекс "Вялікі Свяцк Валовічаў" сёння

У 2016 годзе пачалося аднаўленне старадаўняй рэзідэнцыі, і паступова жамчужына Свяцка набывае былую веліч. Вясной 2023-га завяршылася першая чарга рэканструкцыі з  частковай рэстаўрацыяй: поўнасцю адноўлена знешняе аблічча палацавага комплексу, адрадзіўся курданёр, у флігелях і галерэях абнавілася аддзелка.

Сёння ў флігелях палаца працуе гасцініца. Таксама абсталяваны SPA-цэнтр, выставачная і канферэнц-залы.

У старой пабудове, дзе некалі былі свіран, размясціўся рэстаран-піваварня. "Свяцкі бровар" варыць некалькі гатункаў крафтавага пеннага напітку з арыгінальнымі назвамі, прысвечанымі гісторыі Свяцка.

Пакуль любавацца галоўным будынкам можна толькі знешне – унутры прадаўжаецца рэстаўрацыя. Завяршыць яе разлічваюць у 2025 годзе. Плануецца, што ў цэнтральным корпусе адкрыецца музей, будуць адноўлены інтэр’еры палаца з мэбляй і рарытэтнымі прадметамі.

У розныя сезоны года на тэрыторыі маёнтка праходзяць музычныя вечары, народныя гулянні, праводзяцца вясельныя цырымоніі. Штогадовымі традыцыямі адноўленай рэзідэнцыі абяцаюць стаць:

  • баль у палацы Валовічаў;
  • фестываль крафтавай культуры "Свяцкі крафт фэст";
  • свята "Купальскі карагод у Свяцку";
  • спартыўна-масавае мерапрыемства "Свяцкі трыятлон".

Як дабрацца і дзе спыніцца

На аўтамабілі з Мінска ў Свяцк можна дабрацца па трасе М6 да Гродна і далей па дарозе Н6054 на паўночны захад ад абласнога цэнтра.

Таксама можна скарыстацца грамадскім транспартам з Гродна. У гэтым напрамку кожны дзень ходзяць аўтобусы "Гродна – Сапоцкін", "Гродна – Нямнова", "Гродна – Гарачкі", "Гродна – Калеты".

Спыніцца можна ў самім палацавым ансамблі – у флігелях сёння размешчаны камфартабельныя нумары парка-атэля "Свяцкі Палац".

Адрас: Гродзенскі раён, Сапоцкінскі сельсавет, в. Свяцк

Каардынаты: 53.797433, 23.660924

Славутасці паблізу палаца Валовічаў

Недалёка ад Свяцка знаходзіцца ўнікальны аб’ект гідратэхнічнага будаўніцтва – Аўгустоўскі канал. Гэта адно з трох такіх збудаванняў у свеце. Суднаходны шлях даўжынёй крыху больш як 101 км пачынаецца ад возера Сервы каля польскага Аўгустава і заканчваецца амаль каля беларускага Гродна. Канал злучае рэкі Віслу і Нёман цераз рэкі Бебжу, Нету і Чорную Ганчу.

Заснаваны больш як 500 гадоў таму Сапоцкін, размешчаны за некалькі кіламетраў ад Свяцка, таксама варта наведаць. Яго архітэктурная дамінанта і асноўная славутасць – касцёл Успення Дзевы Марыі. Храм, які аб’яднаў у сваім абліччы рысы барока і класіцызму, пабудавалі ў 1789 годзе. Цяперашні выгляд касцёл набыў пасля рэканструкцыі ў канцы 1980-х. Былі адноўлены знесеныя яшчэ ў XIX стагоддзі вежы, калі будынак перадалі праваслаўнаму манастыру.

Акрамя таго, на мясцовых могілках знаходзяцца цікавыя капліцы XIX стагоддзя ў стылі неаготыкі. У іх спачываюць уладальнікі сапоцкінскага маёнтка Юлія Дзяконская і Юзаф Гурскі.

Абавязковы для наведвання ўнікальны Музей пісанкі. Тэхналогія размалёўкі велікодных яек, што зарадзілася ў Сапоцкіне, уключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Багатая калекцыя налічвае больш за 1500 экспанатаў. Акрамя прывычных курыных, можна ўбачыць размаляваныя гусіныя, страусавыя і перапяліныя яйкі. У музеі прапануюць не толькі паглядзець на гатовыя маляванкі, але і зрабіць уласную.

Амаль за 30 км ад Гродна ў вёсцы Радзівілкі размешчаны сядзібны  комплекс "Свяцк Гурскіх". Ён працуе як гасцініца. "Цёзка" маёнтка Валовічаў маладзейшы і больш сціплы. Аднапавярховы мураваны дом пабудавалі ў 1828 годзе. У пачатку XX стагоддзя да яго прыбудавалі двухпавярховы будынак. Каля сядзібы размешчаны каскад з пяці сажалак.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі