Палацавы комплекс у Ружанах – адзін з унікальных куткоў Беларусі. На працягу стагоддзяў найпрыгажэйшы архітэктурны ансамбль, які называюць беларускім Версалем, належаў магутнай дынастыі Сапегаў.
Мястэчка Ружаны (сёння Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць) упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у канцы XV стагоддзя. Вядома, што да 1552 года яно належала роду Тышкевічаў. У тыя ж часы Ружаны славіліся вытворчасцю сукна і дываноў, мастацкіх паясоў, керамікі. Тут жа праходзілі вялікія кірмашы.
У 1598 годзе маёнтак Ружаны купіў знакаміты магнат і палітычны дзеяч, канцлер, адзін з аўтараў унікальнага зводу законаў – Статута Вялікага Княства Літоўскага – Леў Сапега. Менавіта па яго загаду ў пачатку XVII стагоддзя тут пачалося грандыёзнае будаўніцтва. У Ружанах з'явіўся замак з трыма вежамі, які спалучае ў сабе рысы абароннай крэпасці і параднага палаца.
У XVII стагоддзі Ружанскі замак быў значным цэнтрам палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага. Тут вырашаліся многія дзяржаўныя пытанні, праходзілі прыёмы паслоў і каралёў.
Адзін з роданачальнікаў дынастыі Ян Сапега прымаў у Ружанах караля Рэчы Паспалітай Сігізмунда Старога. Бывалі тут кароль Жыгімонт III Ваза, каралевіч Уладзіслаў (Уладзіслаў IV Ваза).
У вялікіх двухпавярховых падвалах замка захоўваліся дзяржаўная казна Вялікага Княства Літоўскага, арсенал, дзяржаўныя дакументы і архіў роду Сапегаў, запасы прадуктаў і бочкі з віном.
У другой палавіне XVII стагоддзя палац перажыў не лепшыя часы, быў разрабаваны і паўразбураны. Прычынай сталі міжусобіцы сярод мясцовай шляхты і Паўночная вайна.
У 1770-я гады ўладальнік Ружанаў канцлер Аляксандр Сапега зноў адбудаваў рэзідэнцыю. Дзякуючы саксонскаму архітэктару Яну Самуэлю Бекеру непрыступны замак ператварыўся ў вытанчаны палац з садамі, паркамі, аранжарэямі.
Спалучаючы адразу два архітэктурныя стылі – барока і класіцызм – па хараству ён не ўступаў знакамітаму Версалю. Аднаўленчыя работы завяршыліся ў 1786 годзе.
Гордасцю Ружанскага палаца былі найбагацейшыя бібліятэка і карцінная галерэя, адзін з лепшых у Еўропе тэатраў. У яго трупе ігралі 60 артыстаў і 40 музыкантаў, а многія спектаклі ставіліся на французскай мове. Гледачом тут не раз бываў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Пасля паўстання 1831 года Ружанскія ўладанні былі канфіскаваны, а Сапегі перабраліся ў іншы маёнтак. Купец-арандатар арганізаваў у пакоях палаца ткацкую фабрыку, якая працавала тут да пачатку ХХ стагоддзя.
У гады Першай сусветнай вайны комплекс зноў быў разбураны, але найбольшы ўрон палацу нанесла Другая сусветная вайна. Захаваліся галоўны і ўсходні карпусы, брама і флігелі.
Летам 2008 года ў старадаўняй рэзідэнцыі Сапегаў пачаліся рэстаўрацыйныя работы. На першым этапе былі абноўлены цэнтральныя ўязныя вароты – Брама, адноўлены ўсходні і заходні флігелі.
У 2011 годзе адкрыўся музей "Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў", дзе можна ўбачыць аўтэнтычныя прадметы і элементы інтэр'ера. Ва ўсходнім флігелі знаходзяцца залы, прысвечаныя гісторыі дынастыі, замкаваму і палацаваму перыядам. У заходнім флігелі размешчана экспазіцыя аб мінулым мястэчка Ружаны, а ў зале "Гасцёўня канцлера" з інтэр'ерамі XIX стагоддзя праводзяцца тэатралізаваныя гістарычныя паказы.
У 2019 годзе рэстаўратары прыступілі да работ на ўсходнім корпусе палаца. У часы Сапегаў у XVIII стагоддзі там размяшчаліся манеж і тэатр. Згодна з захаванымі гістарычнымі дакументамі, у трупе было 60 артыстаў і танцоўшчыкаў. Пры тэатры таксама працавалі музычна-оперная школа, капэлы і аркестр з 40 музыкантаў. Палацавая сцэна з 7 планамі куліс давала магчымасць тройчы за спектакль мяняць афармленне.
Па плане, пасля завяршэння рэстаўрацыйных работ (2025), на першым паверсе ўсходняга корпуса з'явяцца шматфункцыянальная тэатральная зала для правядзення культурных мерапрыемстваў, міні-гасцініца і кафэ. Другі паверх зоймуць выставачная галерэя і фондасховішча.
З 2011 года на тэрыторыі палаца Сапегаў праходзіць штогадовае свята "Ружанская брама". Яго госці могуць азнаёміцца з мінулым рэзідэнцыі, наведаць экскурсіі, убачыць гістарычныя рэканструкцыі і выступленні артыстаў, пабываць на кірмашы народных майстроў.
З Мінска ў Ружаны можна дабрацца на аўтамабілі. Большая часть дарогі будзе праходзіць па аўтамагістралі М1 (частка еўрапейскага маршруту E30). У Івацэвічах неабходна павярнуць на трасу Р44, якая вядзе ў Ружаны.
Таксама можна прыехаць на аўтобусе (шлях ад Мінска да Ружан зойме амаль 4 гадзіны) або поездзе (да Івацэвіч).
У гарадскім пасёлку ёсць адна невялікая гасцініца, але, магчыма, зручней прыехаць у Ружаны на дзень.
Акрамя палаца, у Ружанах ёсць і іншыя мясціны, якія заслугоўваюць увагі турыстаў:
Яшчэ адна знакамітасць гарадка – Ружанская мэблевая фабрыка, заснаваная ў 1944 г. Адзін з яе вядомых брэндаў – тэатральныя крэслы, якія ўстаноўлены ў многіх залах Беларусі, Расіі.
Недалёка ад Ружан знаходзіцца Музей-сядзіба Тадевуша Касцюшкі і Косаўскі замак. Легенда гаворыць, што ў даўнія часы існаваў падземны ход, па якім за гадзіну можна было дабрацца з Ружанскага палаца ў Косаўскі.
У лясным масіве "Ружанская пушча" на беразе маляўнічага возера Паперня размешчана адна з беларускіх здраўніц – санаторый "Ружанскі".
У раённым цэнтры Пружаны працуе музей "Пружанскі палацык" – адзіная ў Беларусі адноўленая сядзіба ХIХ стагоддзя ў стылі мадэрн. Таксама ў горадзе адкрыты сучасныя Водны палац з аквапаркам і Лядовая арэна.