Навагрудскі замак | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Навагрудскі замак

Навагрудскі замак


Шмат стагоддзяў таму сямівежавы мураваны замак Навагрудка стаў грандыёзнай цытадэллю Вялікага Княства Літоўскага – адной з буйнейшых дзяржаў сярэдневяковай Еўропы. На жаль, да нашых дзён у былой велічы ён не захаваўся: сёння на Замкавай гары можна ўбачыць толькі дзве часткова ўцалелыя вежы і руіны крапасных сцен. Але нават яны сваім маштабам нагадваюць пра выдатнае мінулае прынёманскіх зямель і з’яўляюцца адной з найбольш папулярных славутых мясцін Беларусі.

Цяпер руіны Навагрудскага замка знаходзяцца ў працэсе рэстаўрацыі. Плануецца, што галоўная вежа – легендарная Шчытоўка (цэнтральная) – будзе адноўлена да гістарычнага памеру і стане музеем з "халоднай экспазіцыяй". Такая канцэпцыя прынята, каб не весці на старажытную Замкавую гару падземныя інжынерныя камунікацыі і не ўмешвацца ў гістарычны культурны слой.

Гісторыя замка ў Навагрудку – першай сталіцы ВКЛ

Па волі гісторыі да XIII стагоддзя размешчаны ў даліне ракі Нёман Навагрудак ператварыўся ў вялікі палітычны цэнтр свайго часу. Найбольшую вагу ён набыў пры князі Міндоўгу, які паклаў пачатак стварэнню Вялікага Княства Літоўскага. Навагрудак стаў першай сталіцай новай дзяржавы сярэдневяковай Еўропы: у горадзе праходзілі сеймы, пасяджэнні Трыбунала ВКЛ, сустрэчы з правіцелямі і пасламі…

Не пазней за 1323 год ужо князь Гедымін заклаў новую рэзідэнцыю і перанёс сталіцу ў Вільню. Навагрудак страціў былое палітычнае значэнне, але ў якасці важнейшага фарпоста і аднаго з цэнтраў Велікакняжацкага ўладання ён яшчэ доўга заяўляў пра сябе.

У канцы XIV – пачатку XV стагоддзя князь Вітаўт пасяліў у Навагрудку і навакольнай мясцовасці ліпкінскіх татар (ліпкі, ліпка – татары ВКЛ), у 1428 г. запісаў горад у пажыццёвае валоданне сваёй жонцы Ульяне. У 1415 г. на Саборы праваслаўных епіскапаў у Навагрудку Грыгорый Цамблак быў выбраны мітрапалітам Вялікага Княства Літоўскага: сінод фактычна абвясціў аўтакефалію Праваслаўнай царквы ў ВКЛ. У 1422 годзе менавіта ў Навагрудку ў Праабражэнскім храме каля падножжа замка адбылося вяселле караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Ягайлы з князёўнай Соф’яй Гальшанскай, а іх шлюб стаў пачаткам дынастыі Ягелонаў… Усё гэта сведчыць пра важкую ролю горада на працягу стагоддзяў.

У XIII стагоддзі пры Міндоўгу на Замкавай гары, дзе размяшчаўся драўляны дзядзінец, была пабудавана першая мураваная вежа-данжон – Шчытовая. Яна не аднойчы абараняла горад ад ворага, разбуралася і зноў адбудоўвалася, але ўсё ж доўгі час заставалася адзіным мураваным умацаваннем. І толькі з канца ХIV стагоддзя разгарнулася вялікае будаўніцтва.

На высокім узгорку выраслі трох’ярусныя мураваныя вежы з байніцамі на кожным паверсе, злучаныя 10-12-метровымі моцнымі сценамі, з’явілася вынасная Калодзежная вежа, побач з якой білі крыніцы, што забяспечвалі замак вадой. Унутры цытадэлі былі пабудаваны велікакняжацкі палац, мураваны храм, будынак Трыбунала – найвышэйшага апеляцыйнага органа судовай сістэмы ВКЛ, казармы для воінаў, памяшканне арсенала, гаспадарчыя пабудовы. У пачатку XVI стагоддзя з’явілася вялікая вежа Дазорца, якая злучылася са Шчытовай тоўстай сцяной і замкнула ўмацаванні ў кальцо.

Так да пачатку XVI стагоддзя 7-вежавы фарпост у Навагрудку стаў самым моцным і непрыступным замкам Усходняй Еўропы. Яго неаднойчы спрабавалі ўзяць прыступам татары і тэўтонскія рыцары: лічыцца, што за гісторыю замка тры магістры ордэна былі паранены пры аблозе Навагрудка, а адзін так і не вярнуўся ў Марыенбург жывым.

Навагрудскі замак у XIV стагоддзі: рэканструкцыя беларускага мастака Віктара Сташчанюка

Але гісторыя была бязлітасна! Ужо ў другой палавіне ХVII стагоддзя ў ходзе ваенных бітваў многія вежы і сцены Навагрудскага замка былі разбураны: на аднаўленне не хапіла палітычнай волі і не знайшлося сродкаў. У час Паўночнай вайны былі канчаткова знішчаны мясцовыя ўмацаванні.

У 1802 годзе па загадзе генерал-губернатара Лявонція Бенігсена каменнем ад сцен… брукавалі вуліцы горада і дарогі. Да нашых дзён захаваліся значныя рэшткі дзвюх вежаў – Шчытовай і Касцельнай (у 1906 годзе абвалілася палавіна Шчытоўкі, а ў 1914-м большая частка Касцельнай), а таксама руіны сцен і іншых вежаў, якія цудам уцалелі праз стагоддзі.

Навагрудскі замак сёння

Сёння Замкавая гара – 323 метры над узроўнем мора – з’яўляецца самай высокай кропкай Навагрудка і адной з найбольш высокіх у Беларусі. Адсюль адкрываецца панарамны від горада, а само месца з’яўляецца ўнікальнай каштоўнасцю краіны.

З 2012 г. на тэрыторыі замка рэалізуецца архітэктурны праект "Рэканструкцыя з кансервацыяй і прыстасаваннем гісторыка-культурнай каштоўнасці Навагрудскага замка", якім прадугледжана рэалізацыя шасці пускавых комплексаў (чэргаў). Праведзены работы па кансервацыі Касцельнай вежы (яе давялося ратаваць ад разбурэння), умацаванні схілаў Замкавай гары, стварэнні сістэмы водаадвядзення з замка, кансервацыі руін Дазорнай, Пасадскай і ўваходнай вежаў, кансервацыі мураваных праслаў дзядзінца і частковым аднаўленні сцен… Цікава, што да пачатку работ большая частка сцен і руін замкавай агароджы знаходзілася ў зямлі, а руіны Пасадскай і Дазорнай вежаў былі пакрыты ахоўнымі корабамі.

Цяпер у рамках 6-га этапу праекта прадаўжаецца аднаўленне галоўнай вежы замкаШчытоўкі. Ён уключае рэстаўрацыю фрагментаў захаваных гістарычных сцен і аднаўленне страчаных: іх вышыня будзе максімальна набліжана да ўцалелай старажытнай часткі.

Аўтэнтычныя сцены ўмацуюць, запоўняць пашкоджанні (трэшчыны, сколы) і некаторыя страчаныя ўчасткі. Пры гэтым выкарыстоўваецца рэстаўрацыйная цэгла ручной работы, якая адпавядае гістарычнай па памерах, колеры, фактуры.

Страчаныя сцены вежы адновяць гістарычным спосабам кладкі з новай цэглы: як адзначаюць спецыялісты, такі прыём дазволіць паказаць розніцу паміж старажытнымі і адноўленымі сценамі.

Згодна з планамі, пасля рэстаўрацыі Шчытоўкі на Замкавай гары Навагрудка будзе ўзвышацца шасціўзроўневая вежа-музей памерам прыкладна 11,4 м на 11,4 м у падмурку. Першы ўзровень знаходзіцца на глыбіні большай за 5 м, шосты – на вышыні 12,5 м (паводле вядомых даных, у старажытнасці вышыня вежы дасягала 25 метраў). Таўшчыня сцен складзе больш за 1 метр: у адной з адноўленых з’явіцца ўнутраная лесвіца, па якой госці славутай мясціны змогуць падымацца наверх. Для спуску будзе ўстаноўлена металічная лесвіца ў аб’ёме вежы.

Вежа Шчытоўка стане музеем, прысвечаным гісторыі старажытнага замка і навагрудскіх зямель, дзе пачалося фарміраванне Вялікага Княства Літоўскага.

На ніжніх ярусах можна будзе ўбачыць старажытныя фундаменты і сцены вежы, а таксама рэшткі фундаментаў прымыкаўшага да яе і страчанага палаца Трыбунала. На верхніх ярусах будуць выстаўлены артэфакты, якія дапускаецца экспанаваць у халодным музеі. У аснове калекцыі – прадметы, знойдзеныя археолагамі ў час раскопак на Замкавай гары ў розныя перыяды ХХ стагоддзя. У час цяперашняй рэстаўрацыі археалагічныя даследаванні не вядуцца, але вучоныя ажыццяўляюць пільны нагляд: культурны слой ляжыць на глыбіні больш за 4 метры, што дазваляе весці работы на паверхні без яго парушэння.

Атрымаць больш інфармацыі аб экспанатах гасцям будучага музея Шчытоўкі дапамогуць мультымедыйныя ўстройствы.

Таксама на вежы пад дахам з’явіцца аглядная пляцоўка, якая будзе выкарыстоўвацца як канферэнц-зала і прастора для часовых экспазіцый у цёплую пару года.

Згодна з праектам, у час рэстаўрацыі Шчытоўкі адновяць і адзін з самых старых у Беларусі сярэдневяковых туалетаў – данскер, што выступае за межы асноўнай сцяны.

З восені 2024 года пасля завяршэння чарговага этапу рэстаўрацыйных работ тэрыторыя Навагрудскага замка стала ахоўным аб’ектам. Наведваць яго можна з 10:00 да 17:30 ва ўсе дні, акрамя панядзелка. Уваход па білетах за сімвалічную плату Br1, дзецям да 7 гадоў – бясплатна.

Як дабрацца і дзе спыніцца

Ад Мінска да Навагрудка – амаль 150 км на аўтамабілі. Найбольш хуткі і цікавы шлях са сталіцы можна пракласці па дарогах P1 і Е30/М1 (напрамак на паўднёвы захад у бок Брэста), каля павароту з паказальнікам на Мірскі замак з’ехаць на Р64 і ў гарадскім пасёлку Мір павярнуць на Р11 да Навагрудка.

Адрас: Беларусь, Гродзенская вобласць, Навагрудак, вул. Малы Замак

Каардынаты: 53.60155, 25.82737

Спыніцца можна ў самім Навагрудку, паколькі ў горадзе ёсць што паглядзець, і паспець усё ўбачыць за адзін дзень немагчыма.

Славутыя мясціны паблізу Навагрудскага замка

Навагрудак – не толькі першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, але і горад паэта-рамантыка Адама Міцкевіча, цэнтр важных гістарычных падзей. Акрамя руін старажытнага замка, тут можна наведаць яшчэ нямала славутых мясцін, звязаных з рознымі эпохамі і таленавітымі асобамі. У спісе цікавых мясцін – Гара Міндоўга, касцёл Праабражэння Гасподняга, касцёл Святога Міхаіла Архангела, Барысаглебская царква, Свята-Мікольскі кафедральны сабор, Дом-музей Адама Міцкевіча і курган у гонар паэта, Музей яўрэйскага супраціўлення, гасцінічны нумар-музей акцёра і паэта-барда Уладзіміра Высоцкага...

Шлях у Навагрудак з Мінска праходзіць цераз гарадскі пасёлак Мір, дзе знаходзіцца замак, які ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і прызнаны адным з самых прыгожых у Еўропе.

Яшчэ адзін замак Любчанскі – стаіць на высокім беразе Нёмана за 25 км ад Навагрудка. Больш за 400 гадоў таму яго пабудавалі ўплывовыя магнаты Кішкі, а пазней ён на многія дзесяцігоддзі стаў адной з рэзідэнцый прадстаўнікоў самай магутнай дынастыі ВКЛ – Радзівілаў.

За 25 км ад Навагрудка і за 15 км ад Любчы размешчаны Шчорсы, дзе захаваліся будынкі некалі раскошнага маёнтка апошняга канцлера ВКЛ графа Іаахіма Літавора Храптовіча. Ён заснаваў знакамітую бібліятэку Храптовічаў, што існавала з другой палавіны XVIII да пачатку ХХ стагоддзя. Гэты збор лічыўся адным з найбагацейшых ва Усходняй Еўропе і захоўваў больш за 20 тысяч кніг на розных мовах – творы антычных аўтараў, французскай і італьянскай класікі, унікальныя гістарычныя дакументы, рукапісы, геаграфічныя карты. Папрацаваць сюды прыязджалі вядомыя вучоныя і пісьменнікі, у тым ліку Адам Міцкевіч, які напісаў у Шчорсах паэму "Гражына".

У аграгарадку Уселюб Навагрудскага раёна (14 км ад горада) можна ўбачыць касцёл Святога Казімірасамы стары з захаваных каталіцкіх храмаў Беларусі. Ён пабудаваны да 1433 года, з’яўляецца ўзорам гарманічнага спалучэння традыцый беларускага дойлідства і заходнееўрапейскай архітэктурнай школы.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі