Руіны Крэўскага замка, Беларусь | Belarus.by | Забавы ў Беларусі | Belarus.by | Турызм, Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Прэзідэнцкія выбары-2025 у Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Руіны Крэўскага замка

Руіны Крэўскага замка


Дзякуючы мноству легенд – ад расказаў пра сакрэтныя тунэлі да гісторый аб замураваных князёўнах  – руіны Крэўскага замка з'яўляюцца адной з найбольш прывабных турыстычных мясцін у Беларусі.

Гісторыя Крэўскага замка

Руіны Крэўскага замка знаходзяцца ў в.Крэва паблізу горада Смаргонь у Гродзенскай вобласці Беларусі.

Крэўскі замак – адзін з самых старадаўніх беларускіх замкаў, створаны ў пачатку XIV стагоддзя. Гэта быў першы ў Беларусі замак, поўнасцю пабудаваны з каменю. Таўшчыня сцен складала 2,5 метра, вышыня – 12–13 метраў. Замак меў дзве вартавыя вежы. Яны былі размешчаны па дыяганалі. Малая вежа выконвала толькі абарончыя функцыі. Вялікая, або Княжацкая – выступала за перыметр сцен і дасягала ў вышыню амаль 20 метраў. Два паверхі займалі жылыя пакоі, трэці паверх быў поўнасцю аддадзены пад абарончыя патрэбы, у склепе знаходзілася турма.

У сценах Крэўскага замка адбылося шмат важных гістарычных падзей:

  • у 1382 г. у замку быў забіты вялікі князь Кейстут
  • у 1385 годзе тут паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім была падпісана знакамітая Крэўская унія

У XVI стагоддзі замак неаднаразова вытрымліваў аблогі татарскага і маскоўскага войскаў.

Да пачатку XIX стагоддзя ён страціў сваё абарончае прызначэнне і быў занядбаны. У час Першай сусветнай вайны замак быў моцна разбураны. Крэпасць занялі нямецкія войскі, якія выкарыстоўвалі яе як абарончае збудаванне. Каб выгнаць варожыя часці, расійская армія сабрала пад сценамі Крэўскага замка каля 800 гармат, у тым ліку карабельную артылерыю. У выніку абстрэлу моцна пацярпелі Княжацкая вежа і сцены цытадэлі.

У 1929 годзе праведзена кансервацыя руін.

Крэўскі замак сёння

Цяпер ад замка засталіся толькі руіны: усё яшчэ відаць сцены, захаваліся некаторыя часткі вежаў. Уражвае і фундамент збудавання, які ідзе ўглыб на 4 метры!

З Крэўскім замкам звязана шмат легенд, у тым ліку гісторыі пра падземны тунэль прама з яго вежы да горада Вільні і аб прыгажуні, якую замуравалі жывой у магутных сценах.

Цудоўны від на сцены замка адкрываецца з вяршыні высокага ўзгорка – Юр'евай гары. Многія стагоддзі таму тут размяшчалася старажытнае язычніцкае капішча, а сёння знаходзіцца адзін з чатырох камянёў-абярэгаў, якія стаялі калісьці на ўездзе ў Крэва, каб засцерагчы горад ад напасцей і хвароб.

З 2017 года вядзецца работа па аднаўленні Крэўскага замка. Згодна з праектам, неабходна адрэстаўраваць чатыры замкавыя сцяны, галерэі і вежы, максімальна абараніць старажытны помнік ад разбуральных фактараў, стварыць музейную экспазіцыю.

У 2021 годзе завяршыліся работы па кансервацыі паўночна-ўсходняй сцяны, у тым ліку адноўлена частка, прылеглая да Княжацкай вежы, адроджаны Галоўныя вароты. Гэта дазволіла зноў адкрыць унікальны гістарычны аб'ект для турыстаў. Паралельна працягнулася і рэстаўрацыя разам з археалагічнымі даследаваннямі.

У 2022 годзе побач з Крэўскім замкам на Юр'евай гары была адноўлена дазорная вежа. У часы Вялікага княства Літоўскага такія збудаванні з'яўляліся аб'ектамі сігнальных сістэм. Крэўскі замак меў вялікае абарончае значэнне і ўваходзіў у агульную лінію ўмацаванняў з Лідай і Навагрудкам. Археолагі знайшлі ў Крэве частку гістарычнага падмурка XIV стагоддзя, на якім і ўзвялі стылізаваную драўляную вежу. Чвэрць старажытнага фундамента стала экспазіцыяй унутры збудавання. На 9-метровую вежу можна падняцца па ўнутранай лесвіцы, а з агляднай пляцоўкі адкрываецца выдатны від на замак і наваколлі.

Па планах, да 2025 года завершыцца самы складаны этап па кансервацыі, умацаванні і аднаўленні ўсяго перыметра Крэўскага замка. А далей пачнецца рэстаўрацыя Княжацкай вежы і яе музеефікацыя. У асноўнай экспазіцыі будуць прадстаўлены артэфакты, знойдзеныя падчас раскопак розных гадоў.

Цікава, што падчас нядаўніх даследаванняў на тэрыторыі Крэўскага замка былі знойдзены фрагменты каменных падмуркаў невядомых раней канструкцый. Навукоўцы мяркуюць, што гэта могуць быць рэшткі маста, галерэі і нават яшчэ адной – трэцяй! – замкавай вежы. Верагодна, яна была разбурана ў ХV стагоддзі, але так і не адрадзілася.

Крэўскі замак захаваў сляды розных эпох і ў нашыя дні аднаўляецца не толькі як помнік Сярэднявечча з улікам аўтэнтычнай канструкцыі XIV і XV стагоддзяў, але і як знакавы аб'ект Першай сусветнай вайны, які знаходзіўся на лініі фронту. У сценах замка размешчаны нямецкі дот, які пасля рэстаўрацыі таксама ўвойдзе ў экспазіцыю. На тэрыторыі можна ўбачыць варонкі ад снарадаў часоў вайны, і яны застануцца ў гістарычным ландшафце.

Сёння ў Крэўскім замку ў выхадныя праводзяцца экскурсіі, майстар-класы, арганізаваны фотазоны. Мноства гасцей збіраюць буйныя мерапрыемствы:

            • "Ноч музеяў" у сценах замка,
            • фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Крэва на скрыжалях часу",
            • брэндавае свята "Керамiка Крэва".
          •  

Як дабрацца да руін Крэўскага замка і дзе спыніцца

Руіны Крэўскага замка размешчаны прыкладна за 70 км на паўночны захад ад Мінска. Да іх лёгка даехаць па дарозе Мінск – Вільнюс. Замак знаходзіцца ўсяго за кіламетр ад трасы.

У г. Смаргонь размешчана чыгуначная станцыя на лініі Маладзечна – Вільнюс.

Лепш за ўсё спыніцца ў гасцініцы ў Мінску і прыехаць на дзень у Крэва.

Славутыя турыстычныя мясціны Беларусі паблізу руін Крэўскага замка

Калі вы наведваеце руіны Крэўскага замка і вырашылі агледзець наваколле, варта паглядзець:

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі