Родны горад Марка Шагала – Віцебск – на працягу ўсяго жыцця майстра быў невычэрпнай крыніцай натхнення. Купалы храмаў і старадаўнія вулачкі, мініяцюрныя дамы і крамы з шыльдамі, стужкі драўляных платоў, возчыкі на вуліцах назаўсёды засталіся на маляўнічах палотнах разам з яго знакамітымі лунаючымі ў небе анёламі і закаханымі…
У нашы дні вучоныя, гісторыкі, мастацтвазнаўцы і, вядома, жывапісцы з усяго свету прыязджаюць у гэты горад, каб прасякнуцца атмасферай і ўбачыць, дзе жыў і тварыў адзін з самых яркіх прадстаўнікоў сусветнага авангарда ХХ стагоддзя…
Знакаміты дом на Пакроўскай вуліцы, у якім прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады мастака, у пачатку 1900-х на правым беразе Заходняй Дзвіны пабудаваў яго бацька. У гады вайны цагельны будынак вельмі пацярпеў ад бамбёжкі і пажару – і цудам уцалеў.
У 1997 годзе тут быў адкрыты мемарыяльны музей Марка Шагала. У яго экспазіцыі сабраны прадметы быту рубяжа XIX-XX стагоддзяў, а таксама сапраўдныя "сведкі" жыцця Шагала – архіўныя дакументы і першыя работы, асабістыя рэчы мастака і яго сям'і. Іх захавалася няшмат, але атмасфера эпохі перададзена максімальна дакладна: старадаўнія экспанаты для калекцыі падбіралі з дапамогай серыі малюнкаў, якую сам Марк Шагал стварыў, па памяці адлюстраваўшы інтэр'еры бацькоўскага дома.
На левым беразе Заходняй Дзвіны размешчаны другі будынак музея – Арт-цэнтр Марка Шагала, дзе знаходзіцца адна з буйнейшых калекцый Шагала ў свеце, якая аб'ядноўвае больш за 300 арыгінальных графічных работ і рэпрадукцыі самых вядомых карцін.
Арт-цэнтр Марка Шагала адкрыўся ў 1992 годзе ў будынку ХIХ стагоддзя, які адлюстраваны на сусветна вядомым палатне "Над горадам". Першымі экспанатамі ў калекцыі сталі работы, падораныя сябрамі – "Колам садзейнічання Дому-музею Шагала ў Віцебску" (Нінбур, Германія).
У музеі сабрана багатая калекцыя графічных работ мастака, у якую ўвайшлі літаграфіі, ксілаграфіі, а таксама 3 каляровыя акватынты, падораныя ў 1994 годзе дачкой мастака Ідай Шагал, і 96 афортаў, якія прадстаўляюць цыкл кніжных ілюстрацый, перададзеных унучкамі мастака Мерэт і Бэлай.
Жамчужына калекцыі – цудоўныя ілюстрацыі Марка Шагала да літаратурных твораў, сярод якіх серыя замалёвак да паэмы-рамана Мікалая Гогаля "Мёртвыя душы" (1923-25), серыі каляровых літаграфій пад назвамі "Біблія" (1956 і 1960 гады) і "12 кален Ізраіля" (1960)…
Тут таксама захоўваецца важкі збор друкаванай графікі выдатных прадстаўнікоў еўрапейскага авангарда – Хуана Міро, Пабла Пікаса, Анры Матыса, Фернана Лежэ…
Традыцыйна ў Арт-цэнтры праводзяцца выстаўкі работ Марка Шагала з уласнага збору музея і калекцыі яго патомкаў, а таксама карцін сучасных беларускіх і замежных мастакоў.
У рамках Шагалаўскіх чытанняў праходзяць навуковыя канферэнцыі, вернісажы, лекцыі, канцэрты, выступленні тэатральных і цыркавых калектываў, пленэры, а таксама выстаўкі графічных работ пачынаючых мастакоў горада.
У будынку Арт-цэнтра знаходзіцца навуковая бібліятэка, дзе можна знайсці кнігі пра жыццё і творчасць Марка Шагала. Адкрыццё адбылося ў 2002 годзе ў гонар 115-годдзя з дня нараджэння мастака і аказалася магчымым дзякуючы шчодраму дару доктара Генрыха Мандэля (г. Ірэль, Германія).
Збор бібліятэкі налічвае больш як 3 500 кніг на розных мовах свету – англійскай, нямецкай, французскай, рускай… У фондах захоўваюцца выданні з пачатку ХХ стагоддзя да нашага часу, у тым ліку рэдкія, па гісторыі выяўленчага мастацтва, рускага і еўрапейскага авангарда, манаграфіі аб творчасці Марка Шагала, выданні аўтабіяграфіі "Маё жыццё", успаміны пра мастака, кнігі з яго ілюстрацыямі…
На працягу года ў гонар знакавых падзей жыцця знакамітага мастака адзіны музей Марка Шагала ў Беларусі ператвараецца ў сусветны культурны цэнтр. Тут збіраюцца вучоныя, мастакі, пісьменнікі, музыканты, а таксама праходзяць цікавыя мерапрыемствы:
У 2015 годзе ў гонар 100-годдзя шлюбу Марка Шагала і Бэлы Розенфельд у Віцебску адбылася вясельная феерыя "Закаханыя над горадам".
Дом-музей Марка Шагала знаходзіцца ў цэнтры Віцебска недалёка ад чыгуначнага вакзала – вул. Пакроўская, 11.
Арт-цэнтр Марка Шагала – вул. Путна, 2 (Савецкая, 25).
Час работы: 11.00 – 18.30. Выхадныя дні: з 1 кастрычніка па 1 красавіка – панядзелак, аўторак; з 1 красавіка па 1 кастрычніка – панядзелак.
Цана ўваходнага білета для дарослых – Br2,50, для школьнікаў і студэнтаў – Br1,50. Экскурсія – Br12 (у доме-музеі групы да 25 чалавек, у Арт-цэнтры – да 40 чалавек).