Гальшанскі замак | Belarus.by | Забавы ў Беларусі | Belarus.by | Турызм, Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Гальшанскі замак

Гальшанскі замак


Гэты замак, пабудаваны ў першай палове XVII стагоддзя, лічыцца адной з самых містычных мясцін Беларусі. Некалі ён быў рэзідэнцыяй уплывовага роду Сапегаў, а ў ХХ стагоддзі стаў крыніцай натхнення для знакамітага дэтэктыўнага рамана класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі".

Гісторыя Гальшанскага замка

Замак, які захаваўся, на жаль, у моцна разбураным стане, знаходзіцца ў аграгарадку Гальшаны Ашмянскага раёна.

Само паселішча згадваецца ў летапісах з XIII стагоддзя. Тады на ўзгорку над ракой Карабель стаяў драўляны замак, пабудаваны пры князі Гольшы. Яго нашчадкі – князі Гальшанскія (або Альшанскія) – валодалі гэтымі землямі да сярэдзіны XVI стагоддзя.

Пасля смерці апошняга прадстаўніка роду Гальшанскіх мужчынскага полу Сямёна Юр'евіча маёнтак разам з замкам у якасці пасагу перайшоў да новых уладальнікаў –  князёўны Алены Гальшанскай і яе мужа Паўла Стафана Сапегі, падканцлера Вялікага Княства Літоўскага і стрыечнага брата знакамітага канцлера Льва Сапегі. Ужо пры Сапегах радавое гняздо размясцілі на беразе ракі Лусты (іншыя яе гістарычныя назвы – Жыгянка, Вішнеўка, сёння – Альшанка або Гальшанка).

Новы мураваны замак быў пабудаваны ў першай палове XVII стагоддзя. Кампазіцыйна ён быў падобны на свайго "сабрата" ў мястэчку Мір і ўяўляў сабой прамавугольную замкнёную форму з бакамі амаль 100 м на 90 м. Але тут, у адрозненне ад Мірскага замка, аснова абароны абапіралася на вежы, земляныя валы і водныя равы, якія акружалі крэпасць. Тоўстыя сцены змяніліся на фасад жылога збудавання. Вежы сталі менш масіўнымі, не страціўшы пры гэтым абарончага значэння. Акрамя таго, у іх размясціліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні.

Уезд у замак (брама) размяшчаўся па цэнтры паўночна-ўсходняга фасада. Сцены крэпасці мелі фігурны мур з ляпнінай, вялікія вокны. Па другім паверсе паўночна-ўсходняга корпуса праходзіла адкрытая галерэя, павернутая ў двор.

Багацце і амбіцыі Паўла Сапегі ператварылі Гальшанскі замак у адзін з лепшых архітэктурных і гаспадарчых комплексаў свайго часу. Унутры палац быў багата ўпрыгожаны: жывапіс на сценах, аздобленыя кафляй печы, стукавая ляпніна на столі і камінах. У будынку была ўладкавана ўнікальная сістэма ацяплення, былі водаправод і каналізацыя.

Пад двума паверхамі знаходзіліся шэсць падвалаў, кожны з якіх меў сваё прызначэнне – піўны, мядовы, вінны. У замку размяшчаліся саладоўня, бровар, кухня з пякарскай хатай. Тут жа былі ўладкаваны лазня, цэйхгаўз, хата гайдукоў (ахоўнікаў) і гараднічага, турма і іншыя аб’екты для аўтаномнага жыцця рэзідэнцыі.

Побач з замкам стварылі тры цудоўныя рукатворныя возеры – ёсць нават версія, што дно кожнага з іх было выкладзена пліткай, але пацвердзіць гэта сёння немагчыма. Недалёка ад сваёй рэзідэнцыі Павел Сапега загадаў пабудаваць касцёл і францысканскі кляштар.

З цягам часу замак не раз разбураўся і перабудоўваўся, што паўплывала на яго знешні выгляд. У выніку археалагічнага даследавання ў 1981-83 гадах вучоныя выявілі тры этапы будаўніцтва, якія адрозніваліся характарам выкарыстанай цэглы, вапнавага раствору і тэхнікай муроўкі.

Пасля смерці Паўла Сапегі ў канцы XVII стагоддзя Гальшанскі замак перайшоў да новых гаспадароў, і на працягу стагоддзяў яшчэ не раз мяняў уладальнікаў. У 1880 годзе чарговы ўласнік вырашыў, што такі вялікі замак без патрэбы, і разбурыў частку вежаў і сцен, а цэглу прадаў для будаўніцтва карчмы.

Да 1939 года ў замку яшчэ жылі гаспадары, а пасля Вялікай Айчыннай вайны ўцалелыя памяшканні пачалі разбіраць на матэрыялы для ўзвядзення дома культуры і свінарнікаў мясцовай гаспадаркі.

Да пачатку ХХI стагоддзя ад некалі цудоўнага замка захаваўся толькі каркас. Практычна па цаглінцы мясцовыя жыхары разабралі сцены на будаўнічыя патрэбы. З гэтага самага каменю "з пальчаткай" – гэта значыць з адбіткам рукі майстра – пабудаваны многія дамы ў Гальшанах. Дарэчы, сам населены пункт, дзе захавалася планіровачная структура сярэднявечнага мястэчка, з'яўляецца ледзь не самым каларытным у Беларусі.

Цікава, што кляштар з касцёлам, пабудаваныя па распараджэнні Паўла Сапегі, уцалелі. У 2-й палове XVIII ст. яны перажылі значныя змены ў параўнанні з першапачатковым праектам, але з таго часу дайшлі да нашых дзён практычна ў аўтэнтычным выглядзе.

Пра Гальшанскі замак можна пачуць нямала таямнічых гісторый, хоць, што цікава, узніклі яны толькі ў ХIХ-ХХ стагоддзях. …Кажуць, на руінах часам бачаць прывіды Чорнага манаха і Белай дамы. Паводле адной з легенд, стагоддзі таму ў замку жыла прыгажуня князёўна, якую пакахаў малады просты чалавек. Пачуцці аказаліся ўзаемнымі. Але пра тайныя сустрэчы закаханых даведаўся бацька дзяўчыны, які... загадаў замураваць абодвух у сцены замка. З тых часоў па развалінах блукаюць непрыкаяныя душы Чорнага манаха і Белай дамы…

Ці ведаеце вы, што…

Прадстаўнікі сем'яў уладальнікаў Гальшан займалі высокія пасады ў дзяржаве, а прыгожыя дамы пакаралі сэрцы знакамітых мужчын. Напрыклад, Ульяна Гальшанская была жонкай князя Вітаўта, а Соф'я Гальшанская стала жонкай караля Ягайлы. З яе пачалася вядомая каралеўская дынастыя Ягелонаў.

У 2013 годзе ў Беларусі адбылася прэм'ера першага нацыянальнага мюзікла "Соф'я Гальшанская" на музыку кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча. І сёння гэту рамантычную меладраму можна ўбачыць на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Гальшанскі замак сёння

Доўгі час пра былую веліч рэзідэнцыі Сапегаў нагадвалі толькі рэшткі старадаўніх сцен і вежаў. Але ў 2010-я гады іх закансервавалі, а ў 2017-м пачалася рэстаўрацыя. Гальшанскі замак паступова адраджаецца, і ў 2021 годзе ён афіцыйна раскрыў дзверы для турыстаў.

Для наведвання адкрылася адноўленая Паўночная вежа. Тут з'явілася музейная экспазіцыя з каштоўнымі артэфактамі. У кожнага яруса – свая канцэпцыя. Падвальны паверх прысвечаны містыцы і легендам Ашмянскага краю, літаратурным загадкам пра Гальшанскі замак. Яшчэ адзін паверх дэманструе рарытэты, знойдзеныя ў час археалагічных даследаванняў замка і наваколля ў розны час. Таксама адноўлены бытавое памяшканне і парадная зала з камінам.

На верхнім ярусе вежы знаходзіцца назіральная пляцоўка, з якой адкрываецца цудоўны від на Гальшаны. Тут прадстаўлены макет замка, малюнкі, як ён выглядаў у розныя гады, партрэты ўладальнікаў.

Побач з замкам створана неабходная для турыстаў інфраструктура – візіт-цэнтр з сувенірным магазінам, адміністрацыйныя і санітарныя памяшканні, паркоўка.

Яшчэ да пачатку рэстаўрацыі візіткай старадаўняй рэзідэнцыі стаў фестываль сярэднявечнай культуры "Гальшанскі замак", што праводзіцца раз у год. А пасля адкрыцця для турыстаў мерапрыемстваў тут стала намнога больш. Сярод іх – "Ноч музеяў каля сцен Гальшанскага замка", летнія "Вечары ў Соф'і Гальшанскай".

У снежні 2021 года ў замку ўпершыню адкрылася навагодняя рэзідэнцыя Дзеда Мароза, якая запрашала гасцей перанесціся на стагоддзі таму. Акрамя казачных, наведвальнікаў сустракалі і героі з рэальнага мінулага – кароль Ягайла і яго жонка Соф'я Гальшанская, а таксама міфічная Белая дама. У якасці сувеніра госці маглі атрымаць размаляваны гальшанскі пернік, выпечаны па старадаўнім рэцэпце. Гавораць, менавіта такім частаваў гасцей гаспадар замка Павел Сапега. Плануецца, што рэзідэнцыя Дзеда Мароза стане зімовай традыцыяй Гальшан.

Як дабрацца да Гальшанскага замка і дзе спыніцца

Гальшаны размешчаны ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. На аўтамабілі гэта прыкладна 130 км ад Мінска. Найбольш зручны маршрут праходзіць па трасе М6, далей каля населенага пункта Шараі неабходна з'ехаць на магістраль Е28/M7. На развязцы недалёка ад мястэчка Крэва, дзе размешчаны руіны не менш знакамітага замка, павярнуць налева на Р95. Да гальшанскай рэзідэнцыі Сапегаў будзе весці паказальнік аб'екта гістарычнай спадчыны. Каардынаты: 54.251389, 26.020278.

Спыніцца можна ў гасцініцы з гаворачай назвай "Замак", якая размешчана ў будынку былых гандлёвых радоў у цэнтры Гальшан.

Славутыя мясціны паблізу Гальшанскага замка

На паўночным захадзе Беларусі, дзе знаходзяцца Гальшаны, уцалела шмат цікавых славутасцей. Напрыклад, яшчэ па дарозе ў рэзідэнцыю Сапегаў можна наведаць руіны вядомага замка ў Крэве і былы кляштар базыльян у вёсцы Баруны.

Самі Гальшаны – каларытная гістарычная мясціна. Тут захавалася забудова са старадаўніх мураваных дамоў у цэнтры, большая частка з якіх адносіцца да канца XIX – пачатку XX стст., уражваюць і гандлёвыя рады на галоўнай плошчы. Знакавыя славутасці – касцёл святога Іаана Хрысціцеля і ансамбль былога кляштара ордэна францысканцаў, пабудаваныя пры Сапегах.

Цікава, што з імі звязана яшчэ адна версія легенды пра Белую даму. …Пры будаўніцтве храма некалькі разоў абвальваліся сцены, і, баючыся раззлаваць гаспадара, работнікі вырашылі: каб непрыемнасці спыніліся, патрэбна ахвяра – першая жанчына, якая прынясе абед мужу. Ёю стала маладая жонка муляра, якую і замуравалі ў сцяну. З таго часу прывід няшчаснай у белым адзенні блукае па наваколлі…

Праваслаўны цэнтр Гальшан – Свята-Георгіеўская царква, пабудаваная ў 1901 годзе. Сам прыход у мястэчку вядомы з ХIII стагоддзя, але старажытныя драўляныя храмы, якія старэлі і змянялі адзін аднаго, не захаваліся.

Па дарозе да замка размешчана цікавая драўляная пабудова Гальшан – будынак адміністрацыі гміны 1928 года ў стылі мадэрн з элементамі неакласіцызму. Цяпер гэта невялікі атэль, дзе можна адчуць дух даўніны.

Таксама недалёка ад Гальшан у вёсцы Трабы знаходзяцца мураваны неагатычны касцёл Раства Найсвяцейшай Панны Марыі пачатку ХХ стагоддзя і драўляная  Петрапаўлаўская царква 1784 года, якая добра захавалася.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі