Выдатныя мясціны Магілёўскай вобласці | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Выдатныя мясціны Беларусі | Магілёўская вобласць

Выдатныя мясціны Магілёўскай вобласці


Стагоддзі таму праз усходнія землі Беларусі праходзіў знакаміты гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі", часткай якога быў Днепр – адна з буйнейшых рэк Еўропы. Ужо з ХII-XIII стагоддзяў тут вядомы гарады Мсціслаў (1135), Крычаў і Прапойск (Слаўгарад) (1136), Магілёў (1267)… Пазней Магілёўская губерня стала ўпадабаным месцам імператараў: Кацярына II дарыла тутэйшыя маёнткі фаварытам, а Мікалай II у гады Першай сусветнай вайны зрабіў Магілёў Cтаўкай Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Сярод выдатных мясцін рэгіёна – цудоўныя помнікі архітэктуры губернскага Магілёва, замак XVII стагоддзя і ўнікальная сінагога ў Быхаве, палацава-паркавы ансамбль у Жылічах, палац Пацёмкіна ў Крычаве, Пустынскі манастыр, старажытны Мсціслаў, Бабруйская крэпасць

Магілёў

За сваю гісторыю Магілёў не раз аказваўся важным стратэгічным пунктам на карце Беларусі. У гады Першай сусветнай вайны тут знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага і рэзідэнцыя імператара Мікалая II. А напярэдадні Другой сусветнай горад ледзь не стаў сталіцай Беларусі з-за небяспечнай блізкасці Мінска да заходняй граніцы. Пра тыя часы нагадвае ўзведзены ў кароткія тэрміны Дом Саветаў – амаль дакладная копія мінскага Дома Урада. Адной з самых яркіх старонак гісторыі Магілёва стала гераічная абарона ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі горад трымаўся 23 дні, з іх 16 – у поўным акружэнні.

МагілёўГасцей горада, які ўзнік больш за сем стагоддзяў таму на беразе Дняпра, сустракае скульптура станцыйнага наглядчыка на фоне старадаўняга вакзала (1902). Гістарычную атмасферу захоўвае і пешаходная вуліца Ленінская, вядомая з XVI стагоддзя пад назвай Ветраная, Вялікая Садовая, Інжынерная. Тут можна ўбачыць цудоўныя будынкі XVIII–XIX стагоддзяў: былую гарадскую ўправу, палац архіепіскапа, корпус гімназіі, дзе вучыліся першы прэзідэнт Гавайскіх астравоў Мікалай Судзілоўскі, даследчык Поўначы Ота Шміт… Вуліцу дзеліць Плошча Зорак, якую ўпрыгожваюць адзіны ў свеце помнік астролагу і сонечны гадзіннік з 12 крэслаў, якія сімвалізуюць знакі задыяка.

Падняўшыся на адноўленую Магілёўскую ратушу, можна палюбавацца панарамай горада і паслухаць трубача, які тройчы на дзень іграе фанфары і расказвае пра падзеі з гісторыі Магілёва.

Дзе знаходзіццаЗа 200 км ад Мінска

Магілёўскі драматычны тэатр

Магілёўскі драматычны тэатрАрыгінальны будынак Магілёўскага тэатра стаў першым у Беларусі, пабудаваным спецыяльна для акцёрскай трупы: да гэтага спектаклі ставілі ў палацах магнатаў і вулічных балаганах. Яшчэ ў 1810-я гады жыхары губернскага Магілёва марылі аб стацыянарным тэатры, але ажыццявіць ідэю ўдалося праз дзесяцігоддзі. Аўтарам праекта тэатра з чырвонай цэглы ў псеўдарускім стылі, узведзенага на месцы замка XVII стагоддзя, стаў архітэктар Пётр Камбураў. Урачыстае адкрыццё адбылося 25 верасня 1888 года. На адной з лепшых па акустыцы сцэн Еўропы выступалі легендарны оперны спявак Фёдар Шаляпін, віртуоз Сяргей Рахманінаў, актрыса Вера Камісаржэўская… У час Першай сусветнай вайны менавіта ў зале тэатра Мікалай II глядзеў ваенную кінахроніку, а з балкона прымаў парады салдат.

Каля ўвахода ў Магілёўскі тэатр гасцей сустракае бронзавая "Дама з сабачкам" – копія вядомай скульптуры беларускага майстра Уладзіміра Жбанава, якая ўстаноўлена ля Камароўскага рынку ў Мінску.

Дзе знаходзіццаМагілёў, вуліца Першамайская, 7

Сабор Трох Свяціцеляў у Магілёве

Сабор Трох Свяціцеляў у МагілёвеГалоўны праваслаўны храм горада, помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, названы ў гонар усяленскіх свяціцеляў – Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Златавуста. Сямікупальны сабор у форме крыжа, вытрыманы ў строгіх лініях псеўдарускага стылю, мае цікавую асаблівасць: увайсці ў яго можна з трох бакоў. У гады Першай сусветнай вайны сабор часта наведваў Імператар Мікалай II. Галоўная святыня храма – спіс цудатворнага Магілёўска-Брацкага абраза Божай Маці. Тут жа захоўваюцца абраз свяціцеля Мікалая з часцінкамі мошчаў, спісы Бялыніцкага і Баркалабаўскага абразоў Божай Маці, абраз прападобнай Ефрасінні Полацкай 1910 года.

Дзе знаходзіццаМагілёў, вуліца Першамайская, 7

Кафедральны сабор святога Станіслава

Кафедральны сабор святога СтаніславаЦудоўны барочны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў узведзены ў Магілёве на месцы манастыра кармелітаў. Паводле адной з легенд, яго пабудавалі з пячной цэглы, якую прынеслі гараджане, згладжваючы віну за забойства мясцовага шляхціца. Пасля наведвання храма ў 1780 годзе імператрыца Кацярына II загадала высяліць манахаў, а касцёл пераўтварыць у кафедральны. У канцы XVIII стагоддзя ён быў рэканструяваны ў стылі класіцызму і тады ж атрымаў другую назву – у гонар святога Станіслава. Купал касцёла ўпрыгожваюць унікальныя аўтэнтычныя фрэскі другой палавіны XVIII стагоддзя на біблейскія сюжэты аднаго з найбольш поўных і прафесійных евангельскіх цыклаў Беларусі.

На жаль, у сценах храма быў знішчаны ўнікальны арган, які, згодна з паданнем, лічыўся ў Ватыкане пад нумарам 2. У наш час штогод праходзяць канцэрты міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа".

Дзе знаходзіццаМагілёў, вуліца Камсамольская, 4

Свята-Нікольскі манастыр у Магілёве

Свята-Нікольскі манастыр у МагілёвеСвята-Нікольскі манастыр – адно з нямногіх захаваных да нашых дзён культавых збудаванняў у стылі беларускага барока. На тэрыторыі манастыра, які ўваходзіць у папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, размешчаны Свята-Нікольскі сабор (у рэестры найбольш каштоўных барочных збудаванняў Еўропы), храм прападобнага Ануфрыя Вялікага, званіца, жылыя памяшканні. Гордасць Свята-Нікольскага храма – надзвычай прыгожы чатырох'ярусны іканастас, выкананы ўмелымі магілёўскімі рэзчыкамі XVII стагоддзя, сярод якіх быў ураджэнец Шклова Клім Міхайлаў, знакаміты работай над царскім палацам у Каломенскім, палатамі Крамля. Такі іканастас можна ўбачыць толькі ў Смаленскім саборы Новадзявочага манастыра ў Маскве.

Свята-Нікольскі храм нярэдка наведваў апошні расійскі імператар Мікалай II, а раней у сценах манастыра паслушнікам быў Ілжэдзмітрый II.

Дзе знаходзіццаМагілёў, вуліца Т. Сурты, 19

Палац архіепіскапа Георгія Каніскага ў Магілёве

Палац архіепіскапа Георгія Каніскага ў МагілёвеАрхірэйскі палац выдатнага праваслаўнага дзеяча, вучонага і асветніка, прылічанага да ліку святых БеларусіГеоргія Каніскага – быў узведзены ў 1762 – 1785 гадах архітэктарам Янам Глаўбіцам. І да нашых дзён старадаўняя рэзідэнцыя застаецца ўпрыгажэннем Магілёва. Мноства дэталей – нішы, налічнікі з мудрагелістым малюнкам і раслінныя матывы – надаюць палацу барочны выгляд. У свой час па абодвух баках будынка размяшчаліся манастырскія келлі, малюнак на сценах якіх арганічна завяршаў афармленне ўсяго ансамбля. У вялікай зале на першым паверсе праводзіліся прыёмы, а на верхнім ярусе, дзе размяшчаліся асабістыя пакоі, кабінет і бібліятэка, архіепіскап мог пабыць у адзіноце.

Дзе знаходзіццаМагілёў, вуліца Архірэйскі Вал Каніскага, 1

Магілёўскі мастацкі музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі

Магілёўскі мастацкі музей Вітольда Бялыніцкага-БіруліМузей вядомага беларускага пейзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, работамі якога захапляўся Ілья Рэпін, прадстаўляе вялікі збор карцін майстра. Родны дом мастака недалёка ад горада не захаваўся, і музей – філіял НММ Беларусі – быў адкрыты ў магілёўскім асабняку XVII стагоддзя. У яго фондах – дакументы,  фатаграфіі мастака і яго сям'і, асабістыя рэчы: эцюднік, палітра, пэндзлі, паляўнічае ружжо… У музеі захоўваецца медаль, якім адзначаны знакаміты "Зімовы сон" на выстаўцы ў Барселоне (1911). Цікавы і цыкл карцін, прысвечаны пушкінскім месцам: "Міхайлаўскае. Домік няні А.С. Пушкіна Арыны Радзівонаўны", "Святагорскі манастыр. Магіла А.С. Пушкіна", "Трыгорскае. Бяроза ля ракі Сораць"…
 
Дзе знаходзіццаМагілёў, вул. Ленінская, 37

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. МасленікаваМастацкі музей у Магілёве – не толькі скарбніца твораў мастацтва XVII–XIX стагоддзяў, але і цудоўны помнік архітэктуры. Будынак сялянска-зямельнага банка, дзе пазней размяшчаліся музеі, установы, рэдакцыі газет, будаваўся ў 1903–1914 гг. У праекце гарманічна злучыліся мадэрн, псеўдарускі стыль і позні класіцызм. А галоўнай славутасцю быў браніраваны пакой-сейф, дзе захоўваліся ўнікальныя каштоўнасці, многія з якіх бясследна зніклі ў час Вялікай Айчыннай вайны: Крыж Ефрасінні Полацкай (цяпер у музеі працуе экспазіцыя пакоя з галаграмай рэліквіі), золата Пампеі, паднос Аляксандра Македонскага, карціны еўрапейскіх мастакоў, рукапісныя кнігі і граматы, манеты і абразы XVII–XIX стст…

Выявы будынка музея можна ўбачыць на беларускай банкноце вартасцю Br200 тыс.

Дзе знаходзіццаМагілёў, вул. Міронава, 33

Час работыз 10.00 да 18.00, выхадныя – панядзелак, аўторак

Мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле"

Мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле"Мемарыял прысвечаны воінам, якія ў ліпені 1941 года на працягу 23 дзён абаранялі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Подзвіг салдат стаў адной з самых яркіх старонак Вялікай Айчыннай вайны, і нярэдка Магілёў называюць "бацькам Сталінграда". У цэнтры комплексу – чырвоная капліца, дзе ўстаноўлены памятныя дошкі з імёнамі загінуўшых абаронцаў і народных апалчэнцаў, а таксама маятнік Фуко – сімвал вечнай памяці. Ад капліцы разыходзяцца 4 алеі, адна з якіх прысвечана першаму "летапісцу" магілёўскай абароны – аўтару рамана "Жывыя і мёртвыя" Канстанціну Сіманаву. Побач размешчана экспазіцыя ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам.

Непадалёку ад капліцы знаходзіцца Возера Слёз, якое ўвасабляе пакуты ўсіх маці, якія страцілі дзяцей у час вайны.

Дзе знаходзіццаМагілёўскі раён, в. Буйнічы, ад Магілёва – 3 км

Быхаўскі замак

Быхаўскі замакВізітная картка старадаўняга горада – выдатны помнік архітэктуры Быхаўскі замак, які ўзвёў гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Кароль Хадкевіч. Магутная цытадэль была акружана землянымі валамі і равом з вадой, умацавана абарончымі вежамі. Але акрамя крапасных сцен тут быў велічны палацавы корпус, дзе былі размешчаны пакоі гаспадароў і шыкоўная каронная зала для сустрэч, пасяджэнняў і баляў. У 1628 годзе палацава-замкавы ансамбль перайшоў у рукі Льва Сапегі і быў значна перабудаваны. За сваю гісторыю замак перажыў шмат ваенных падзей: да нашага часу захаваліся фрагменты, і цяпер адзіны ў Беларусі горад-крэпасць XVII стагоддзя, які захаваўся да нашага часу, знаходзіцца на рэстаўрацыі.

Сярод іншых славутасцей Быхава – старадаўняя Свята-Троіцкая царква і ўнікальная абарончая сінагога XVII стагоддзя.

Дзе знаходзіццаБыхаў

Палацава-паркавы комплекс у Жылічах

Палацава-паркавы комплекс у ЖылічахУ XIX стагоддзі Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль быў сярод самых вядомых і шыкоўных рэзідэнцый нараўне з комплексамі ў Нясвіжы і Міры. Палац належаў шляхціцу Ігнату Булгаку, а пасля паўстагоддзя будаўніцтва перайшоў да яго сына Эдгара. Інтэр'еры сядзібы ўражвалі гасцей: ляпны дэкор на столі і сценах, багацце дрэва і люстэрак, асаблівы патайны паверх для музыкантаў, якія забаўлялі публіку на балконах. Скарбамі рэзідэнцыі былі мэбля ў стылі Людовіка XVI, карціны музейнай каштоўнасці і ўнікальная калекцыя антычнай скульптуры, знакамітыя слуцкія паясы, найбагацейшая бібліятэка… Ансамбль дапаўнялі трапічная аранжарэя і цудоўны парк са скульптурамі, павільёнамі і вадаёмамі...

Сёння ў Жыліцкім палацы вядзецца рэстаўрацыя. У адкрытых памяшканнях працуе школа мастацтваў, а пазней у палацы з'явяцца музей, бібліятэка, карцінная галерэя, аранжарэя і міні-атэль.

Дзе знаходзіццаКіраўскі раён, в. Жылічы, ад Магілёва – 114 км, ад Мінска – 169 км

Бабруйск

БабруйскАдзін з самых буйных і старадаўніх гарадоў Беларусі, Бабруйск яшчэ і літаратурная зканамітасць. Героі рамана Ільфа і Пятрова "Залатое цяля" называлі яго "месцам цудоўным і высокакультурным": невыпадкова ля Чырвонай вежы (1927) была ўстаноўлена скульптура персанажу Шуры Балаганаву. Стагоддзі таму Бабруйск славіўся рамёствамі і паляваннем на баброў, дзякуючы чаму атрымаў незвычайную назву і сучасны папулярны сімвал – помнік Бабру: кажуць, для дастатку і поспеху трэба пацерці ланцужок гадзінніка на яго салідным жываце. Знакаміты Бабруйск утульнай атмасферай і дзіўнай архітэктурай яўрэйскага гарадка ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя. Сярод знакамітых будынкаў горада – дом купчыхі Кацнэльсон, старадаўнія сінагогі, Свята-Мікалаеўскі сабор (1892-94), касцёл Дзевы Марыі (1901)…

У Бабруйску знаходзіцца адзін з самых значных помнікаў ваеннай гісторыі краіныБабруйская крэпасць, будаўніцтва якой пачалося ў 1810 годзе.

Дзе знаходзіццаад Магілёва – 111 км, ад Мінска – 145 км

Бабруйская крэпасць

Бабруйская крэпасцьБабруйская крэпасць – адна з лепшых у Еўропе па ваенным аснашчэнні – увайшла ў гісторыю ў сувязі з падзеямі вайны 1812 года, дзекабрысцкага руху і Вялікай Айчыннай вайны. У свой час гэта быў унікальны комплекс, знакаміты не толькі ўмацаваннямі, але і цудоўнай архітэктурай у стылі класіцызму. У ходзе вайны 1812 года гарнізон прыняў асноўны ўдар арміі Напалеона, а пасля адступлення рускіх войскаў яшчэ 4 месяцы стрымліваў асаду французаў. Менавіта ў гэтых сценах дзекабрысты С. Мураўёў-Апостал і М. Бястужаў-Румін распрацавалі легендарны "Бабруйскі план" па захопе крэпасці і звяржэнні Аляксандра I.

Дзе знаходзіццаБабруйск

Асіповічы

АсіповічыАдзін з самых буйных транспартных вузлоў Беларусі ўзнік у канцы ХIХ стагоддзя ў сувязі з будаўніцтвам станцыі Лібава-Роменскай чыгункі. Часткай гісторыі горада і сімвалам на яго гербе невыпадкова стаў паравоз, а ў 2002 годзе ў гонар 130-годдзя горада на пастаменце ля вакзала быў устаноўлены адзін з сапраўдных рарытэтных лакаматываў, які выкарыстоўваўся на станцыі. Сярод іншых славутасцей горада – будынак вакзала, старадаўняя воданапорная вежа, будынкі канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяў, а таксама цудоўны помнік драўлянага дойлідства  – Свята-Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1826 годзе ў вёсцы Зборск і перавезеная ў 1946-м у Асіповічы.

Дзе знаходзіццаад Магілёва – 160 км, ад Мінска – 108 км

Шклоў

Шклоў"Агурочная сталіца" Беларусі славіцца багатымі ўраджаямі агуркоў, якія мясцовыя жыхары вырошчваюць з XVI стагоддзя, і кожны год у жніўні тут праходзіць Дзень агурка. Цэнтральную плошчу горада ўпрыгожваюць скульптурная кампазіцыя "Агурок" і помнік знакамітаму фаварыту Кацярыны II Сямёну Зорычу, які заснаваў у Шклове дваранскае вучылішча, тэатр, балетную і музычную школы, пабудаваў шыкоўны палац і велізарную аранжарэю для баляў і маскарадаў, заклаў Спаса-Праабражэнскую царкву. Сёння галоўная славутасць горада – ратуша – помнік архітэктуры канца ХVIII стагоддзя, узведзены разам з гандлёвымі радамі. Яе высокую гранёную вежу ўпрыгожвае старадаўні гадзіннік, а шпіль вянчае герб Шклова.

На ўскраіне сучаснага Шклова ля выгіну ракі Днепр археолагі выявілі "зніклы" стары горад з замкам, дзе кожны год прадаўжаюць адкрываць новыя гістарычныя пласты. Сярод іх – замкавая дазорная вежа і гаспадарскі дом, руіны Васкрасенскай царквы і Дамініканскага манастыра, мноства артэфактаў XVII стагоддзя.

Дзе знаходзіццаад Магілёва – 35 км на поўнач, ад Мінска – 244 км

Горкі

ГоркіГорад на беразе ракі Проні са старадаўніх часоў вядомы кірмашамі, якія тройчы на год збіралі купцоў з розных краін. Аднак найбольшага росквіту Горкі дасягнулі ў ХIХ стагоддзі, калі па загадзе Мікалая I была адкрыта Горы-Горацкая земляробчая школа – першая ў краіне вышэйшая навучальная ўстанова такога профілю. У нашы дні Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія з'яўляецца адной з самых  старых і буйных еўрапейскіх аграпрамысловых ВНУ. Для наведвальнікаў адкрыты галоўны корпус (1840), узведзены італьянскім архітэктарам Анджэла Кампіёні, а таксама самы стары ў Беларусі батанічны сад і дэндрарый, дзе сабрана багатая калекцыя раслін з розных эколага-геаграфічных зон.

Дзе знаходзіццаад Магілёва – 115 км, ад Мінска – 274 км

Мсціслаў

МсціслаўЗнакамітым ураджэнцам старадаўняга города з'яўляецца вялікі друкар Пётр Мсціславец, які ў ХVI стагоддзі з Іванам Фёдаравым заснаваў першую друкарню ў Маскве. У 2001 годзе ў Дзень беларускага пісьменства горад упрыгожыў яго помнік. У Мсціславе захаваліся Замкавая і Дзявочая горы, а таксама ўнікальная архітэктура ХVII–ХХ стагоддзяў – касцёл кармелітаў, езуіцкі калегіум і сабор Аляксандра Неўскага, дзе захоўваецца Іверскі абраз Божай Маці, асвячоны ў час каранацыі імператара Мікалая I. У горадзе і яго наваколлях знаходзіцца 19 культавых збудаванняў ХVII–ХХ стагоддзяў.

Дзе знаходзіццаад Магілёва – 95 км на ўсход, ад Мінска – 364 км

Пустынскі Свята-Успенскі манастыр

Пустынскі Свята-Успенскі манастырПустынскі манастыр, які стаіць ужо больш за 6 стагоддзяў у наваколлях Мсціслава, прыцягвае паломнікаў і ўсіх жадаючых пакланіцца святой крыніцы, вада з якой, паводле падання, вылечвае ад хвароб зроку і слыху. Старадаўні манастыр у 1380 годзе заснаваў удзельнік Кулікоўскай і Грунвальдскай бітваў князь Сімяон Лугвеній, якому пасля абмывання ў крыніцы ўдалося вярнуць зрок. У ХIХ стагоддзі быў пабудаваны каменны Успенскі храм, а затым – Пакроўская царква і храм Ражджаства Прасвятой Багародзіцы, які размешчаны побач з крыніцай. У канцы ХIХ стагоддзя ў Пустынках з'явілася шмат'ярусная шатровая званіца, якая стала яе вядомым сімвалам.

Ужо ў наш час пры аднаўленні манастыра на адной са сцен абраз Ісуса Хрыста, які манахі лічаць благаславеннем.

Дзе знаходзіццаМсціслаўскі раён, за 11 км ад горада

Палац Пацёмкіна ў Крычаве

Палац Пацёмкіна ў КрычавеБеларуская сядзіба фаварыта Кацярыны II князя Рыгора Пацёмкіна, пабудаваная ў 1778–1787 гадах вядомым архітэктарам, аўтарам Таўрычаскага палаца ў Пецярбургу, Іванам Старавым, з вышыні птушынага палёту нагадвала літару "Е" – у гонар адданасці імператрыцы. Раскоша і планіроўка палаца ўражвалі: велізарныя залы, ззяючыя хрустальныя люстры, мазаічныя паркетныя падлогі, цудоўная мэбля і прадметы дэкору… Ля сцен палаца знакаміты садавод Джон Гульд разбіў парк, дзе ў час візіту Кацярыны II высадзілі "дуб царыцы". Пры Яне Галынскім палац упрыгожылі стральчатыя аркі і зубцы на даху, а ў XIX стагоддзі з'явіліся ўязныя вароты, стылізаваныя пад егіпецкія піраміды.

Даўней у палацы пастаянна арганізоўвалі пышныя прыёмы. У 1787 годзе, калі Кацярына II наведала Крычаў, князь Пацёмкін даваў у яе гонар баль, які пачаўся з паланэза. І сёння ў адрэстаўрыраванай сядзібе-музеі з узноўленымі параднай і рыцарскай заламі, дзявочым пакоем і будуарам, традыцыя велікасвецкіх баляў адраджаецца.

Дзе знаходзіццаКрычаў, ад Магілёва – 90 км, ад Мінска – 310 км

Мемарыяльны комплекс у вёсцы Лясная

Мемарыяльны комплекс у вёсцы ЛяснаяЛегендарная бітва ля вёскі Лясная, якую Пётр I назваў "маці Палтаўскай баталіі", у час Паўночнай вайны стала пераломнай для рускай арміі. У ходзе бітвы 28 верасня 1708 года 16-тысячны шведскі корпус генерала Левенгаўпта пацярпеў паражэнне, страціўшы 9 тысяч салдат. Гэта канчаткова падарвала план шведаў па захопе Масквы і ўмацавала баявы дух рускай арміі. Праз два стагоддзі – у 1908 годзе – на месцы бітвы ля вёскі Лясная быў узведзены мемарыяльны комплекс. Сярод яго помнікаў – капліца апостала Пятра, манумент у выглядзе арла, які ўзвышаецца над шведскім сцягам і сімвалізуе перамогу Расіі, а таксама мармуровы абеліск на брацкай магіле.

Дзе знаходзіццаСлаўгарадскі раён, в. Лясная

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі