Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны – першы ў свеце, прысвечаны самай кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя, і адзіны ў Беларусі, створаны ў гады фашысцкай акупацыі.
Сёння гэта адзін з самых значных і вялікіх музеяў планеты – нараўне з багацейшымі зборамі ў Маскве, Кіеве, Новым Арлеане – якія расказваюць пра падзеі Другой сусветнай вайны.
…У гэтыя страшныя гады Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара – загінулі каля 3 мільёнаў чалавек, у тым ліку амаль 50 тысяч партызан і падпольшчыкаў. На тэрыторыі краіны дзейнічалі 250 лагераў смерці, сярод якіх сумна вядомы "Трасцянец" – адзін з буйнейшых пасля “Асвенціма”, “Майданака” і “Трэблінкі”...
Калекцыя першага ў свеце музея Вялікай Айчыннай вайны была заснавана яшчэ ў чэрвені 1942 года, калі ніхто не мог сказаць, колькі часу прадоўжыцца гэта крывавая трагедыя…
Будучыя экспанаты непасрэдна з фронту адпраўлялі ў спецыяльна створаную рэспубліканскую Камісію па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны, якая знаходзілася ў эвакуацыі ў Маскве. У ліку першых каштоўнасцей былі хронікі партызанскага руху, друкаваныя і рукапісныя выданні, самаробная зброя...
Амаль паўгода дзякуючы разрыву лініі фронту паблізу Віцебска, калі ўтварыліся "Віцебскія вароты”, каштоўныя прадметы, доказы злачынстваў ворага перадаваліся ў Маскву для стварэння выстаўкі ў Дзяржаўным гістарычным музеі.
У лістападзе 1942-га жыхары ваеннай Масквы сталі сведкамі ўражальнай экспазіцыі пад назвай "Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай”. Яна працавала да жніўня 1944 года, пакуль не пераехала ў вызвалены Мінск.
У паўразбуранай і разрабаванай сталіцы музей, які захоўвае памяць аб мужнасці і трагедыі беларускага народа, атрымаў адзін з нямногіх уцалелых будынкаў у самым цэнтры горада, і ўжо 22 кастрычніка 1944 г. адкрыўся для наведвальнікаў.
Першыя экспазіцыі – аб узбраенні партызан і ваеннай прэсе – хутка папаўняліся ўсё новымі рарытэтамі. Супрацоўнікі музея ўжо ў 1944 годзе даследавалі мясціны, дзе быў размешчаны канцлагер "Трасцянец", у 1949-м – удзельнічалі ў першых раскопках на тэрыторыі гераічнай Брэсцкай крэпасці...
У 1966 годзе музей пераехаў у спецыяльна ўзведзены будынак на цэнтральнай плошчы Мінска (цяпер Кастрычніцкая). У 1977-м побач з музеем пачала работу ўнікальная экспазіцыя ваеннай тэхнікі і ўзбраення пад адкрытым небам.
За дзесяцігоддзі даследаванняў Вялікай Айчыннай вайны калекцыя музея вырасла ў шмат разоў: да гэтага часу яе кожны год папаўняюць 700-800 бясцэнных рарытэтаў.
І ўжо ў ХХI стагоддзі па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі было прынята рашэнне стварыць для музея новы комплекс – з павялічанымі экспазіцыйнымі заламі, сучаснымі тэхнічнымі магчымасцямі, якія дапамагаюць расказаць і паказаць больш аб той трагічнай вайне…
У праектаванні прымалі ўдзел выдатныя дзеячы краіны, сярод якіх – сааўтар праектаў мінскага чыгуначнага вакзала і Нацыянальнай бібліятэкі прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры Віктар Крамарэнка, адзін са стваральнікаў знакамітага мемарыяла "Хатынь" заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін…
Урачыстае адкрыццё абноўленага музея адбылося 2 ліпеня 2014 года напярэдадні Дня Незалежнасці і стала своеасаблівым прысвячэннем 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Велічны будынак агульнай плошчай 15 600 м² узведзены ў знакавым месцы беларускай сталіцы – на плошчы Герояў побач са стэлай "Мінск – горад-герой" і музейна-паркавым комплексам "Перамога". Тут жа – на праспекце Пераможцаў – па традыцыі праходзяць ваенныя парады і святочныя шэсці.
Сучасны будынак музея ўражвае не толькі маштабамі, але і сімвалізмам, што адлюстроўвае вехі гісторыі 1941-1945 гадоў. Кампазіцыя аб’ядноўвае 4 асноўныя блокі – па колькасці ваенных гадоў і франтоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі.
Галоўны фасад выкананы ў выглядзе святочнага "салюту": 11 ззяючых "прамянёў" з нержавеючай сталі сімвалізуюць Вялікую Перамогу і адначасова нагадваюць аб 1100 трагічных днях і начах акупацыі Мінска.
Суровы бляск металу ў афармленні "гаворыць" пра вайну, а залацістае ззянне шкла – пра перамогу і найвялікшую каштоўнасць міру.
У праекце новага музея гарманічна злучыліся манументальнасць і сучасныя тэхналогіі. Шкляныя нішы дапаўняюць шырокія плазменныя экраны, а дзякуючы лазернаму падсвечванню “прамені салюту” нібы ідуць у начное неба, падкрэсліваючы контуры ўсяго музейнага ансамбля.
Над ім узвышаецца 45-метровая стэла "Мінск – горад-герой" (адкрыта ў 1985 г. да 40-годдзя Вялікай Перамогі), а побач размешчана скульптура "Радзіма-маці".
Плошчу Герояў упрыгожвае фантан са 170 струменяў, якія прысвечаны населеным пунктам Беларусі, вызваленым савецкімі войскамі ў час вайны.
У музеі на плошчы больш як 3 000 м² можна ўбачыць больш за 8 тысяч экспанатаў, што расказваюць аб гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Усяго ў фондах захоўваецца амаль 145 тысяч рарытэтаў, сабраных у час баявых дзеянняў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і Германіі, а таксама перададзеных пасольствамі розных краін ужо ў мірны час.
Ваенныя рарытэты складаюць 28 калекцый і экспануюцца ў 10 тэматычных залах:
Асаблівую цікавасць уяўляюць:
Да нашых дзён захавалася пісьмо камандуючага 6-й арміяй вермахта генерала Фрыдрыха Паўлюса ад 19 верасня 1942 года.
У музеі можна ўбачыць рэчы разведчыцы Алены Мазанік, якая ў 1943 годзе ўдзельнічала ў аперацыі мінскіх падпольшчыкаў і партызан па ліквідацыі стаўленіка Гітлера, генеральнага камісара акупіраванай Беларусі Вільгельма фон Кубэ. Праз гады гэта гісторыя стала сюжэтам аднаго з самых вядомых савецкіх кінафільмаў "Гадзіннік спыніўся апоўначы"…
У афармленні экспазіцый выкарыстаны мультымедыйныя тэхналогіі: шаравы экран, галаграфічныя 3D-інсталяцыі, туманны экран, які стварае эфект полымя.
У залах працуюць інфакіёскі, дзе можна "пагартаць" ваенныя дакументы, у тым ліку перапіску маршалаў, нямецкія загады, рукапісныя выданні і пісьмы франтавікоў, убачыць спісы спаленых вёсак, вязняў лагераў…
На шырокіх плазменных экранах дэманструюцца ўнікальныя кадры з кінахронікі, а таксама больш як 40 тысяч фатаграфій таго часу.
Наведвальнікі могуць стаць удзельнікамі ваенна-гістарычных рэканструкцый:
Памяшканні музея аб’ядноўвае самая вялікая зала – "Дарога вайны", якая займае трэць пляцоўкі – амаль 1 000 м². У ёй кожны ўзровень адпавядае не толькі пэўнаму перыяду ваеннай гісторыі, але і адзнацы ў рэльефе парка Перамогі.
Экспазіцыю завяршае цудоўная Зала Перамогі, аформленая ў выглядзе шклянога купала берлінскага Рэйхстага, над якім у 1945 годзе савецкія воіны ўстанавілі сцяг Перамогі.
У нашы дні над музеем развяваецца савецкі сцяг, а знутры яго празрысты купал упрыгожвае вітраж з малюнкам бусла – сімвала Беларусі. Адсюль адкрываецца цудоўная панарама горада і маляўнічы від на раку Свіслач і парк Перамогі.
Кошт уваходнага білета ў музей – Br9, для школьнікаў – Br4.50, для студэнтаў – Br7. Кожны трэці аўторак месяца – дзень ільготнага наведванны пастаяннай экспазіцыі музея: кошт білета – ад Br1.25 да Br2.50.
Музей працуе:
Па папярэдніх заяўках праводзяцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі для групы (не больш за 25 чалавек) – ад Br10 да Br25. Акрамя таго, арганізуюцца індывідуальныя кансультацыі, работа з матэрыяламі з фонду, фота- і відэаздымка, а таксама стральба імітацыйнай зброяй.
Пры наведванні музея можна скарыстацца аўдыягідамі на рускай, беларускай, англійскай, нямецкай, іспанскай і кітайскай мовах.
Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Мінска па адрасе – праспект Пераможцаў, 8.
Дабрацца да музея можна на маршрутных аўтобусах: