У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара, але нават залітая крывёй мільёнаў людзей, разрабаваная і напаўразбураная, краіна не здавалася. Праз многія дзесяцігоддзі памяць пра подзвіг народа, які ўнёс вялікі ўклад у Перамогу над фашызмам – свяшчэнная.
Сярод 34,4 мільёна савецкіх воінаў, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на франтах Вялікай Айчыннай вайны, больш за 1,3 мільёна – беларусы і ўраджэнцы Беларусі.
На беларускай зямлі Вялікая Айчынная вайна (22 чэрвеня 1941 г. – 9 мая 1945 г.) доўжылася 3 гады 1 месяц і 6 дзён – з 22 чэрвеня 1941-га па 28 ліпеня 1944 года. Тут праходзілі маштабныя баі і ваенныя аперацыі, сярод якіх:
Акупіраваная фашыстамі Беларусь стала краінай, дзе разгарнуўся буйнейшы ў Еўропе партызанскі і падпольны рух. Супраць захопнікаў змагаліся больш за 374 тысячы партызан, больш як 70 тысяч удзельнікаў налічвала антыфашысцкае падполле.
Першы партызанскі бой Другой сусветнай вайны правёў 28 чэрвеня 1941 года ў наваколлі Пінска атрад легендарнага камандзіра Васіля Каржа.
Першымі партызанамі-героямі СССР у 1941 годзе сталі беларусы Ціхан Бумажкоў і Фёдар Паўлоўскі.
У ліпені 1943 года на чыгуначнай станцыі ў Асіповічах партызаны ажыццявілі буйнейшую дыверсію, узарваўшы 4 нямецкія эшалоны з боепрыпасамі і танкамі "Тыгр". А адным з самых вялікіх партызанскіх баёў у гісторыі вайны стала Полацка-Лепельская бітва 1944 года.
Да канца 1943 года пад кантролем партызан знаходзілася 108 тысяч км² – амаль 60% акупіраванай праціўнікам тэрыторыі. Сярод самых вялікіх партызанскіх зон былі Клічаўская, Полацка-Лепельская, Суражскія (Віцебскія) "вароты"…
У час Вялікай Айчыннай вайны менавіта ў беларускім Мінску дзейнічала самае вялікае гарадское антыфашысцкае падполле ў Еўропе.
Адной з самых памятных старонак гісторыі мінскага супраціўлення стала аперацыя па ліквідацыі стаўленіка Гітлера ў Беларусі – гаўляйтара Вільгельма Кубэ. У ноч на 22 верасня 1943 года ў пасцелі ката, які знішчыў сотні тысяч жыццяў, узарвалася смяротная міна.
Праз гады гэта гісторыя была пакладзена ў аснову сюжэту вядомага савецкага фільма "Гадзіннік спыніўся апоўначы" – першай кінастужкі аб героях мінскага падполля…
Аднак нягледзячы на гераічнае супраціўленне народа, Беларусь, якая стаяла на шляху нацысцкай арміі Германіі, несла ў гады вайны незаменныя страты…
На беларускай зямлі былі разрабаваны і разбураны 209 з 270 гарадоў. Фашысты правялі ў Беларусі больш за 140 карных аперацый, поўнасцю або часткова знішчыўшы 5454 вёскі.
Сумна вядомым сімвалам бязлітаснай расправы стала спаленая разам з людзьмі Хатынь, лёс якой падзялілі яшчэ сотні вёсак краіны…
На тэрыторыі Беларусі фашысты стварылі больш як 260 лагераў смерці і месц масавага знішчэння людзей. У гэтым трагічным спісе:
Паводле няпоўных даных, у лагерах на тэрыторыі Беларусі нацысты знішчылі амаль 1,5 мільёна чалавек – не толькі мясцовых жыхароў, але і вывезеных з Аўстрыі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі, Германіі…
***
Пасля заканчэння той страшэннай вайны Беларусь яшчэ доўгія гады аднаўлялася ад разбурэнняў і страт. І да нашых дзён краіна свята шануе памяць аб ахвярах фашызму, подзвігу герояў і мужнасці людзей, якія жылі ў цяжкі час і аддавалі ўсё, каб наблізіць доўгачаканы Дзень Перамогі.
Кожны год у Беларусі праходзіць мноства мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. У мясцінах гераічных баёў і чалавечых трагедый створаны мемарыяльныя комплексы і ўстаноўлены абеліскі, распрацаваны ўнікальныя гістарычныя маршруты.
Ва ўсіх гарадах краіны дзейнічаюць экспазіцыі пра вайну, а галоўным сховішчам рарытэтаў з'яўляецца заснаваны менавіта ў Мінску першы ў свеце музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
У памятныя дні – пачатку вайны, прарыўных наступаў аперацыі "Баграціён" і, вядома, Вялікай Перамогі – у розных кутках Беларусі праходзяць маштабныя ваенна-гістарычныя рэканструкцыі.
На некалькі гадзін перанесціся ў ваенны час можна у гераічнай Брэсцкай крэпасці і на "Лініі Сталіна" пад Мінскам, у Магілёве (бітва на Буйніцкім полі), Віцебску, Гомелі (бой пры фарсіраванні Дняпра), на Аўгустоўскім канале ў наваколлі Гродна, іншых гарадах краіны.
Прыехаўшы ў Беларусь, вы ўбачыце, з якой пашанай тут ставяцца да памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і як берагуць мір, заваяваны цаной мільёнаў жыццяў…