Прыгожы народны абрад "Юраўскі карагод" захаваўся да нашых дзён і сёння з размахам праходзіць толькі ў адной вёсцы на беларускім Палессі. Убачыць старадаўнюю традыцыю яе жыхароў кожны год прыязджаюць госці з усёй краіны і замежжа.
У снежні 2019 года "Юраўскі карагод" увайшоў у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Рашэнне надаць элементу ад Беларусі статус каштоўнасці сусветнага значэння, якая мае патрэбу ў асаблівай ахове, зацвердзілі на 14-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Багаце (Калумбія). І ў вёсцы Пагост, вядома, прадоўжаць захоўваць абрад, перадаючы яго новым пакаленням і паказваючы свету.
Першым беларускім аб'ектам у Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2009 г. стаў унікальны зімовы абрад-карнавал "Калядныя цары". Кожны год у Шчодры вечар з 13 на 14 студзеня юнакі і мужчыны вёскі Семежава (Капыльскі раён, Мінская вобласць) пераапранаюцца ў бравых воінаў, разыгрываюць вясёлы паказ з жартамі і віншаваннямі, а з надыходам цемнаты праводзяць факельнае шэсце.
У 2018 г. у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва быў уключаны буйнейшы ў краіне фестываль пілігрымаў – "Будслаўскі фэст" (Мядзельскі раён, Мінская вобласць), заснаваны ў гонар старажытнага свята ўшаноўвання цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
Веснавое свята – Юр'еў дзень – з даўніх часоў адзначаюць многія славянскія народы. Яно звязана з першым пасля зімы выганам жывёлы на пашу, абходам азімых пасеваў і першай свежаўзаранай баразной, пажаданнямі багатага прыплоду і ўраджаю на ўвесь наступны год. У кожнага народа ёсць і агульнапрынятыя традыцыі, распаўсюджаныя на вялікіх тэрыторыях, і рэдкія незвычайныя рытуалы з мясцовым каларытам. Такім, напрыклад, стаў і палескі "Юраўскі карагод".
Калісьці абрад праводзіўся ў розных вёсках недалёка ад Турава – аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі. Але ў нашы дні яго выконваюць толькі ў вёсцы Пагост (Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць). Яна размешчана ў маляўнічых месцах Палескай нізіны, дзе рака Сцвіга ўпадае ў Прыпяць.
Цікава, што ў 2020-м Пагост адзначыў 500-годдзе. Першае згадванне ў пісьмовых крыніцах датуецца 1520 годам, калі гаспадар тутэйшых зямель князь Канстанцін Астрожскі перадаў вёску Тураўскаму Свята-Успенскаму сабору. Урэшце, гэта значыць, што паселішча заснавана яшчэ раней.
Да нашых дзён мясцовыя жыхары захавалі не адзін дзясятак старадаўніх народных абрадаў, якія нязменна збіраюць усю акругу – Каляды і Шчадрэц, "Стрэчанне", "Саракі" і "Гуканне вясны", "Купалле", святы сямейнага календара ("радзіны", "хрысціны", "сватанне", "вяселле"), знакамітая "талака"... І вядома, веснавы "Юраўскі карагод"!
Галоўнай захавальніцай абрадаў Пагоста многія гады з'яўляецца Кацярына Панчэня. Жанчына – старажыл вёскі ведае ўсе тонкасці мясцовых традыцый, спявае сотні абрадавых песень, а яе дом стаў скарбніцай народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Пакоі ўпрыгожваюць саматканыя пакрывалы і дарожкі, фіранкі, абрусы і ручнікі, вышытыя ўзорамі Палесся. Менавіта тут часта збіраюцца мясцовыя жыхары, рыхтуючыся да чарговага абраду.
Каля 40 гадоў таму Кацярына Панчэня адрадзіла "Юраўскі карагод". З маленства яна сама разам з бацькамі і аднавяскоўцамі ўдзельнічала ў абрадзе. Тут "карагодзілі" нават у цяжкія гады Вялікай Айчыннай вайны, але пазней на нейкі час традыцыя ў вёсцы была забыта.
Пасля адраджэння знакаміты абрад праводзіцца кожны год, збіраючы жыхароў і гасцей 6 мая ў дзень святога Юр'я (Георгія) – апекуна свойскай жывёлы і сельскай гаспадаркі (па старым стылі 23 красавіка). Паглядзець на дзейства прыязджаюць турысты, журналісты, этнографы.
Кацярына Панчэня – "баба Каця", як звалі яе мясцовыя – у 2023 годзе памерла, але паспела перадаць справу свайго жыцця іншай гаспадыні – Ірыне Торчык, загадчыцы мясцовага Дома культуры.
Рыхтуюцца да свята загадзя. Напярэдадні вяскоўцы наводзяць парадак у дамах і ў дварах, плятуць вянкі, а галоўнае – выпякаюць абрадавы хлеб-каравай, які называюць "карагод". Гэты атрыбут свята гаспадыні гатуюць разам, упрыгожваючы сімваламі ўраджаю – каласамі з цеста. Пякуць таксама і булачкі ў выглядзе вестуноў вясны птушак. Яшчэ адзін важны элемент, які нагадвае пра жаночы пачатак, – тры трохпальцыя галінкі абгортваюць палоскамі з цеста і разам з караваем адпраўляюць у печ. Гатовы "карагод" вяскоўцы ўпрыгожваюць кветкамі, зробленымі ўручную з яркіх папяровых стужак, і жывымі квітнеючымі галінкамі садовых дрэў.
У дзень абраду жыхары Пагоста апранаюцца, як у мінулыя часы, і вялікай працэсіяй адпраўляюцца ў поле, па дарозе праходзячы праз сімвалічныя "вароты з ручнікоў". Першым нясуць шануемы вобраз Маці Божай, за ім каравай-"карагод" у руках "ваяводы". Потым ідуць васьміканцовая зорка і зялёны фартух, замацаваны на драўляных граблях. Усе гэтыя сімвалы давяраюць толькі мужчынам.
У полі свяшчэннік чытае малітву і акрапляе зямлю, а жыхары заклікаюць апекуна Юр'ю "ўстаць рана, умыцца бела, асядлаць каня і ехаць адчыняць зямельку ды выпускаць расіцу". З просьбай пра будучы ўраджай у зямлю закопваюць акраец чорнага ахвярнага хлеба з мукі мінулага ўраджаю: яго абвязваюць сімвалічнай чырвонай стужкай, каб збожжа ўрадзілася шмат.
І тут пачынаецца ўжо гучнае дзейства: усе ад малога да вялікага водзяць карагоды "па сонцы" вакол сімвалаў абраду, спяваюць старадаўнія веснавыя песні. Каравай тройчы ўзнімаюць да неба, а зялёны фартух мяняюць на чырвоны. Пасля ўсе вяртаюцца ў вёску. Святочная працэсія затрымліваецца ля дамоў, дзе з дазволу гаспадароў удзельнікі абраду водзяць карагод. А за пажаданні добрага здароўя і дабрабыту ("каб усё радзіла і пладзіла") гаспадары дзякуюць святочнымі пачастункамі…
Унікальная традыцыя "Юраўскага карагода", якую жыхары Пагоста захоўваюць, адзначана высокім ахоўным статусам ЮНЕСКА. Цікава, што менавіта гэты абрад першым у краіне папоўніў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Нематэрыяльныя скарбы пачалі ўключацца ў яго пасля 2004 года, калі Беларусь адной з першых у свеце падпісала прынятую ў 2003 г. Міжнародную канвенцыю ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны.