Ахутанае міфамі і легендамі, старажытнае свята Купалле беларусы любяць і беражліва захоўваюць ужо многія стагоддзі. Кожны год у канцы чэрвеня і пачатку ліпеня па ўсёй краіне яго адзначаюць прыгожымі гуляннямі – плятуць купальскія вянкі і загадваюць жаданні, запальваюць вогнішчы, спяваюць песні і шукаюць таямнічую папараць-кветку…
А самай вялікай святочнай пляцоўкай, дзе Купалле праходзіць з міжнародным размахам, у сучаснай Беларусі стаў аграгарадок Александрыя. У Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці з’язджаюцца тысячы гасцей, каб у адну з самых кароткіх летніх начэй убачыць самае яркае дзейства на маляўнічым беразе "ракі дружбы" – Дняпра.
Александрыя "збірае сяброў" не толькі з усёй Беларусі, але і краін замежжа. Першы маштабны фестываль адбыўся ў 2010 годзе. Традыцыя замацавалася, і з кожным годам да гаспадароў-беларусаў далучаецца ўсё больш сяброў з іншых краін.
Месца правядзення таксама знакавае. Са старажытных часоў рака Днепр аб’ядноўвала ўсходнеславянскія народы, была артэрыяй знакамітага шляху "з варагаў у грэкі", які звязваў лёсы людзей, гарады і дзяржавы.
Сёння мост, побач з якім праходзіць фестываль, злучае два раёны і дзве вобласці Беларусі – Шклоўскі на Магілёўшчыне і Аршанскі на Віцебшчыне. Ён звязвае гарадскі пасёлак Копысь і Александрыю – малую радзіму Прэзідэнта краіны. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю правядзення свята братэрскіх народаў, якіх аб’ядноўваюць агульныя традыцыі, гістарычныя і культурныя падзеі.
Купалле ў Александрыі стала сапраўдным культурным брэндам Беларусі. І калі першае свята на Магілёўшчыне сабрала 3 тысячы чалавек, то ў 2018 годзе на фестывалі пабывала больш за 110 тысяч гасцей, у тым ліку з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Германіі.
Расце і тэрыторыя свята, а разам з ёю – калейдаскоп купальскіх падзей. Гэта і народныя забавы – карагоды, скачкі праз вогнішча, пляценне вянкоў, пошук папараць-кветкi, і "горад майстроў", і маштабныя выстаўкі-кірмашы, атракцыёны, майстар-класы, конкурсы.
Кульмінацыяй свята нязменна становіцца гала-канцэрт. На сцэне ў Александрыі пабывалі такія замежныя і беларускія зоркі, як Аляксандр Буйноў, Ніна Шарубіна, Таісія Павалій, Ціна Караль, Ігар Карнялюк, Алёна Ланская, Аляксандр Саладуха, Сяргей Трафімаў, Іскуі Абалян, Іна Афанасьева і многія іншыя.
Сваю гісторыю Купалле ў Александрыі як маштабны фэст пачынае з 2010 года. Свята наведаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і, пасля знаёмства з фестывальнымі падворкамі, адзначыў, што прыемна ўражаны ўвагай да свята – на мерапрыемства з’ехаліся госці з навакольных вёсак, а таксама з Оршы, Шклова, Магілёва і Мінска.
Аднаму з паўнапраўных "герояў" Купалля ў Александрыі – Дняпру, было прысвечана свята 2011 года. На гала-канцэрце ўпершыню выступілі замежныя артысты: у "Купаллі над Дняпром" прымалі ўдзел госці з Расіі і Украіны.
На свяце-2012 экспазіцыя "Горада майстроў" разгарнулася на беразе Дняпра ў выглядзе знакамітага купальскага сімвала – сонца, прамянямі якога сталі вуліцы рамеснікаў з трох краін. Таксама ўпершыню была праведзена шырокая дзелавая праграма – пасяджэнне Асацыяцыі гандлёва-прамысловых палат краін Прыдняпроўя, сустрэчы бізнес-колаў Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Украіны, работа выставачнага павільёна.
У 2013 годзе на Купалле ў Александрыі былі прэзентаваны новыя праекты, прайшлі фестывалі лёну, квасу, піва, майстар-класы ўдзельнікаў міжнароднага пленэру па кераміцы "Арт-жыжаль", выстаўка "Археалагічныя знаходкі Верхняга Падняпроўя"…
Першы юбілей свята – у 2014 годзе – аб’яднаў тры маштабныя кірмашы: Ніжагародскі (Расія), Сарачынскі (Украіна) і Александрыйскі (Беларусь). Асноўнае дзейства разгарнулася на тэатралізаванай пляцоўцы "Гасцёўня бульбаша" ў стылізаванай беларускай хаце, дзе гасцей здзіўлялі незвычайнымі забавамі і частавалі дзясяткамі нацыянальных страў з бульбы.
У 2015 годзе на фестывальнай сцэне ўпершыню прадставілі мюзікл Максіма Сокала "Папараць-кветка". Пасля яркага дэбюту пастаноўка адправілася пакараць гарады Беларусі. Праводзіць тэатралізаваныя паказы стала яшчэ адной добрай традыцыяй Купалля ў Александрыі.
У купальскі "Горад дружбы" ў 2016 годзе на Мінскую, Маскоўскую і Кіеўскую "вуліцы" прыбылі госці з краін-суседак, каб прадставіць сваю культуру, пачаставаць стравамі нацыянальнай кухні, стварыць каларытную атмасферу вясёлага славянскага кірмашу. Акрамя таго, упершыню была арганізавана экскурсія па галоўных лакацыях Купалля. А пасля "Александрыйскай вандроўкi" госці з задавальненнем назіралі, як здзяйсняецца "Купальская казка".
У 2017 годзе свята ў Александрыі ўжо ў статусе міжнароднага фестывалю прадставіла гледачам эстрадна-цыркавую пастаноўку "Купальскі сон" з удзелам калектываў з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы.
Кульмінацыяй свята ў 2018 годзе стаў мюзікл "Малая радзіма", другая ж частка фестывалю была прысвечана Дням культуры Украіны ў Беларусі. Гасцей забаўлялі на Сарачынскім кірмашы, частавалі баршчом і галушкамі, паказвалі коннае тэатралізаванае шоу "Кіеўская Русь".
Рэспубліканскае свята "Купалле" ў Шклоўскім раёне штогод становіцца адной з самых яркіх культурных падзей краіны і збірае дзясяткі тысяч гасцей. Сёлета яно пройдзе 6 ліпеня на сваёй звыклай лакацыі – маляўнічым беразе Дняпра каля моста, які злучае аграгарадкі Александрыя і Копысь.