На берагах ракі Оксны (левы прыток Віліі) і Гервяткі, якая ўпадае ў яе на паўночным захадзе Беларусі, стаіць горад Смаргонь. Ён вядомы з пачатку XVI стагоддзя як мястэчка, уладальнікамі якога былі ўплывовыя роды Зяновічаў, Радзівілаў, Пшаздзецкіх. У XVII стагоддзі тут з'явілася незвычайная навучальная ўстанова – "мядзведжая акадэмія". А ў час, калі гаспадарамі маёнтка былі прадстаўнікі дынастыі Радзівілаў, яна стала самай вядомай школай дрэсіроўкі мядзведзяў не толькі на беларускіх землях, але і ва ўсёй Еўропе. …У 1812-м у лесе пад Смаргонню знаходзілася апошняя на тэрыторыі Расійскай імперыі стаянка Напалеона і яго штаба: пасля спалення сцягоў, кінуўшы сваіх маршалаў і ўцалелых гвардзейцаў, Банапарт бег у Парыж. Праз стагоддзе ў гады Першай сусветнай вайны Смаргонь убачыла сапраўдны гераізм, не здаючыся ворагу 810 (!!!) дзён, і перажыла неверагодную трагедыю, стаўшы "мёртвым горадам", куды вярнуліся ўсяго каля 150 жыхароў.
Дакладных звестак пра паходжанне назвы Смаргоні гісторыя не захавала, і да нашых дзён дайшлі некалькі версій. Мясцовыя краязнаўцы настойваюць, што так злучыліся два словы – "морг" (адзінка плошчы прыблізна 0,71 га) і "гоні" (ворны ўчастак). Як мяркуецца, першыя гаспадары мястэчка Зяновічы давалі сваім сялянам участкі зямлі памерам у адзін морг – "с морг гони". Яшчэ адно паданне гаворыць, што першыя жыхары паселішча з выкарчаваных на лясных участках пнёў "гналі" шкіпінар, гэта значыць "смар" або "смур". А таму іх прафесія называлася "смарагоны" або "смургоні".
Беларускі тапаніміст В. Жучкевіч звязваў назву горада з балцкім словам smurgo – неахайнік, халтуршчык, чаляднік. Пазней гэту версію развілі, дадаўшы, што магло існаваць імя-мянушка Сморг, утворанае ад smurgo. Падобныя ідэі пра балцкія карані формы Smurgainys (Смургойні) узводзяць назву да слоў smurgis – "смаркач, сапляк", smurgas – "лядзяш з даху, соплі", smurgti – "накрапваць, імгліць". Самую экзатычную версію прапанаваў вучоны А. Рогалеў, які лічыў, што назва з'явілася ад больш старажытнага гідроніма, дзе часткі Смар- і -гонь звязаны з этнонімам кімеры (кімерыйцы) і іранскімі словамі кан, хан, хон – "крыніца"…
Мінулае Смаргоні напоўнена знакавымі падзеямі сусветнай гісторыі, але, на жаль, занадта часта яны былі звязаны з войнамі. Акрамя таго, горад не аднойчы станавіўся месцам размяшчэння галоўнакамандуючых армій. У чэрвені 1655 года ў Смаргоні размяшчалася стаўка цара Аляксея Міхайлавіча. У час Паўночнай вайны ў лютым-сакавіку 1708 года тут размясціў сваю галоўную кватэру Карл XII. Пры адступленні французскай арміі ў Смаргонь 5 снежня 1812 года прыбыў Напалеон: у гэтых краях ён прадыктаваў свой апошні загад па арміі, правёў нараду з генераламі, перадаў камандаванне маршалу Мюрату і ўвечары адбыў у Парыж. У канцы снежня ў Смаргоні знаходзілася стаўка галоўнакамандуючага Міхаіла Кутузава…
У гады Першай сусветнай вайны Смаргонь стала адзіным горадам на фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора, які руская армія абараняла доўгія 810 дзён – беспрэцэдэнтны на той момант выпадак у гісторыі.
Другая сусветная вайна прынесла гораду і яго жыхарам яшчэ шмат месяцаў трагедый і незлічоных ахвяр. На аднаўленне спатрэбіліся дзесяцігоддзі.
Сёння Смаргонь цікавая турыстам як месца, дзе адбываліся знакавыя падзеі еўрапейскай і сусветнай гісторыі, асабліва ваеннай. Нягледзячы на разбуральныя бітвы розных стагоддзяў, горад і наваколле захавалі частку ўнікальнай спадчыны, якая і ў нашы дні ўражвае.
Касцёл Святога Міхаіла Архангела ў Смаргоні – самы знакаміты з нешматлікіх помнікаў эпохі Рэнесанса ў Беларусі. Яго лёс незвычайны. Калі ў XVI стагоддзі на беларускія землі прыйшла Рэфармацыя, новыя храмы практычна не будавалі: пад пратэстанцкія зборы прыстасоўвалі каталіцкія збудаванні. Аднак храм у Смаргоні – выключэнне. Ён першапачаткова быў узведзены (1606 – 1612) як кальвінскі збор – без алтарнай часткі, у адпаведнасці са сціплымі патрабаваннямі кальвінісцкага богаслужэння. Цікава, што менавіта гэта рэфармацыйная плынь стала самай распаўсюджанай у ВКЛ. Данатарам збору выступіў уплывовы дзяржаўны дзеяч і кальвініст Крыштоф Зяновіч.
Будынак атрымаўся вялікім і нават суровым: таўшчыня сцен дасягала трох метраў, вокны былі высока падняты над зямлёй. Упрыгожыў храм атык, тыповы для архітэктуры рэнесансу. Першапачаткова над уваходам узвышалася чатырох'ярусная вежа-званіца, але ў ХIХ стагоддзі яе зменшылі на два паверхі.
Да сярэдзіны XVII стагоддзя каталіцкая царква вярнула свае пазіцыі, таму збор у Смаргоні стаў касцёлам. За час існавання будынак паспеў паслужыць таксама і праваслаўным, а ў савецкія гады яго выкарыстоўвалі як магазін і залу музейнай экспазіцыі. У падзямеллі святыні знаходзіцца магільны склеп сям'і Зяновічаў..
Адрас: вул. Пятра Балыша, 1
Архітэктурная дамінанта Смаргоні – сабор Праабражэння Гасподняга – стаіць на ўзгорку каля ракі Оксны. Ён заняў месца старажытнага праваслаўнага храма, які, на жаль, быў разбураны ў савецкія гады. Будаўніцтва па праекце архітэктара Анатоля Шабаліна пачалося ў 1989 годзе і доўжылася два дзесяцігоддзі. Асвяцілі храм у 2009-м у рамках правядзення ў горадзе Дня беларускага пісьменства.
Пяцікупальны сабор Праабражэння Гасподняга стаў самым вялікім збудаваннем у горадзе. Яго вышыня каля 40 м, даўжыня 35 м, шырыня прыкладна 28 м. Храм можа ўмясціць да 1500 чалавек.
Адрас: вул. Чырвонаармейская, 3
"Хто пад Смаргонню не быў, той вайны не бачыў" – гаварылі салдаты Першай сусветнай. І сапраўды, менавіта тут разгарнуліся самыя крывавыя і жорсткія падзеі тых страшных гадоў. Горад, які стаяў на лініі Усходняга фронту, абаранялі 810 дзён, пасля якіх на выпаленых руінах не засталося амаль нікога з жыхароў, а газеты таго часу назвалі яго "мёртвым". Пазней лютыя баі пад Смаргонню 1915-га параўнаюць са Сталінградам у гады Другой сусветнай.
У наваколлі Смаргоні ў 1916 годзе ўпершыню на нашай зямлі немцы выкарысталі атрутныя рэчывы, ад якіх загінулі тысячы салдат і афіцэраў. Іпрыт прымянілі, нягледзячы на рашэнне Гаагскай канферэнцыі аб забароне атрутных рэчываў, якое падпісала і Германія. Аднак немцы сцвярджалі: забараняюцца снарады з удушлівымі і шкоднымі газамі, але не балоны…
На Усходнім фронце каля Смаргоні змагаліся маладыя пісьменнікі Міхаіл Зошчанка і Валянцін Катаеў. А ў былым маёнтку Агінскіх у Залессі недалёка ад горада вялікім франтавым шпіталем кіравала малодшая дачка Льва Талстога графіня Аляксандра Талстая, якая пакінула праніклівыя ўспаміны пра вайну. Радыётэлеграфнай станцыяй на фронце камандаваў прапаршчык Сяргей Вавілаў – фізік-оптык, будучы прэзідэнт Акадэміі навук СССР.
У баях каля Смаргоні ўдзельнічала першае ў гісторыі Рускай арміі жаночае воінскае падраздзяленне – "Батальён смерці" пад камандаваннем адной з першых жанчын-афіцэраў Марыі Бачкаровай.
У сакавіку 1916-га пад Смаргонь прыехаў і Вярхоўны галоўнакамандуючы: імператар Мікалай II разам з наследнікам прастола цэсарэвічам Аляксеем правялі агляд Валынскага палка ў прыфрантавой паласе ў Залессі, падбадзёрыўшы сваім з'яўленнем абаронцаў горада.
…Нямецкі кампазітар Герман Блуме, які страціў у тутэйшых баях правую руку, напісаў у гонар баёў "Смаргонскі марш", які пазней быў уключаны ў "Збор ваенных маршаў бундэсвера".
Трагічная і неверагодна гераічная гісторыя Смаргоні стала асновай для стварэння буйнейшага ў Беларусі мемарыяльнага комплексу памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны. Ён адкрыўся ў 2014-м – у год 100-годдзя пачатку ваеннага канфлікту, які змяніў гісторыю чалавецтва. Больш таго, комплекс у Смаргоні стаў першым мемарыялам такога маштабу на постсавецкай прасторы. Многія дзясяткі гадоў падзеі Вялікай вайны не былі ні вывучаны, ні ўвекавечаны на належным узроўні.
Смаргонь, якую называюць яшчэ і "беларускім Вердэнам", стала горадам-героем Першай сусветнай, хоць такіх званняў у той час не давалі. І сёння яна нібы музей пад адкрытым небам, дзе засталіся ўмацаванні і траншэі вайны, а галоўнае – масавыя пахаванні і шматлікія салдацкія магілы…
Створаны ў парку Перамогі мемарыяльны комплекс аб'ядноўвае скульптурныя кампазіцыі "Бежанцы", "Салдаты Першай сусветнай вайны" і "Крылаты геній салдацкай славы" – сімвал гонару воінаў, якія аддалі сваё жыццё за Радзіму. Таксама на яго тэрыторыі пабудавана капліца і ўстаноўлены "Камень памяці" са зваротам да нашчадкаў: "Любая вайна нясе разбурэнні, гора, кроў і смерць. Наш свяшчэнны абавязак – помніць пра гэта". Уваход у мемарыял абазначаны Георгіеўскім крыжам.
Адрас: парк Перамогі
У гарадскім парку недалёка ад касцёла Святога Міхаіла Архангела гасцей сустракае каларытная скульптурная кампазіцыя "Мядзведжая акадэмія" – скамарохі и мядзведзь з герба Смаргоні. Знакамітая ўстанова, дзе вучылі касалапых артыстаў, існавала ў XVII–XIX стагоддзях. Асаблівага росквіту акадэмія дасягнула ў XVIII стагоддзі, калі ўладарыў князь Кароль Станіслаў Радзівіл – весялун і гаварун, які быў празваны Пане Каханку. Кажуць, у сваёй нясвіжскай рэзідэнцыі ён нават летам катаўся на санях па дарогах, усыпаных… соллю.
Дрэсіраваныя смаргонскія мішкі былі вядомы далёка за межамі Вялікага Княства Літоўскага. Яны выступалі на кірмашах Прусіі, Шлезвіга, Баварыі, Эльзаса... І ў родных мясцінах без іх не абыходзілася ні адно гулянне. Чатырохлапыя артысты паказвалі мудрагелістыя трукі – кланяліся, танцавалі, маршыравалі, глядзелі ў люстэрка, выконвалі каманды скамарохаў.
Навучанне будучых артыстаў вялося актыўна, а часам і вельмі… жорстка. Вясной маладых жывёл навакольных лясоў выцягвалі з бярлогі і прывозілі ў акадэмію. Клеткі для гадаванцаў былі з медным дном і стаялі на ямах, дзе разводзілі агонь. На заднія лапы вучням надзявалі спецыяльныя калодкі, а пярэднія заставаліся не абароненымі. І калі дно клеткі награвалася, ад моцнай гарачыні мядзведзі пачыналі ўставаць і пераступаць з лапы на лапу – так іх вучылі пад удары бубнаў "танцаваць", бегаць, змагацца. Праз некалькі месяцаў у выпускнікоў акадэміі выпрацоўваліся рэфлексы, дзякуючы якім яны станавіліся паслухмянымі артыстамі ўжо без жару пад лапамі, а з заахвочвальнымі ласункамі. Ледзь пачуўшы гукі бубнаў і іншых інструментаў, мядзведзі пачыналі паказваць свае ўменні.
Мядзведжая акадэмія ў Смаргоні перастала існаваць у канцы 1860-х, але слава пра яе дайшла да нашых дзён. У 2014 годзе ў горадзе з'явіўся помнік, які расказвае пра даўнія часы і касалапых артыстаў. Дарэчы, мядзведзь стаў не толькі сімвалам Смаргоні і персанажам на гербе, але па-сапраўднаму любімым героем жыхароў горада. Мішка ўпрыгожвае кубачкі мясцовага марожанага, а ў XVII–XIX стагоддзях менавіта выхаванцы акадэміі паслужылі натхненнем для кулінарнай славутасці Смаргоні – абаранкаў. Для касалапых ласуноў пачалі пячы спецыяльныя палачкі з цеста. Пазней яны "закругліліся", а рэцэпт стаў яшчэ больш смачным, у тым ліку і для людзей – з дабаўленнем маку, мёду і нават віна. Смаргонскія ласункі называлі абваранкі, абаржанкі і смаргонкі.
Скарбніца артэфактаў мінулага – Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей – захоўвае больш за 11 тысяч прадметаў асноўнага фонду. Гэта калекцыі жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дакументаў, друкаваных выданняў, нумізматыкі, баністыкі, фалерыстыкі, археалогіі, зброі, прадметаў з гісторыі тэхнікі, прадметаў побыту і этнаграфіі, фотадакументаў, прыродазнаўства, скульптуры.
Першапачаткова музей, створаны ў 1984 годзе, размяшчаўся ў былым кальвінскім зборы, але праз дзесяцігоддзі атрымаў пастаяннае месца ў новым будынку. Экспазіцыя аб'ядноўвае чатыры залы. Першая – "Крэва ў XIV-XVII стст." – расказвае пра гісторыю мястэчка Крэва і Крэўскага замка. У зале "Шляхамі кірмашовымі", прысвечанай мінуламу Смаргоні з XVI па XIX стагоддзі, можна даведацца пра ўладальнікаў горада Зяновічаў, Радзівілаў, Пшаздзецкіх, Смаргонскі кірмаш і знакамітую мядзведжую акадэмію. Зала "Святло і цемра. Стагоддзе ХХ" прадстаўляе Смаргонскі край у мірны час і цяжкія гады войнаў – трагедыю і гераізм людзей Першай сусветнай, сілу пакаленняў, якія перамаглі ў Вялікай Айчыннай… Зала "Мы ўсе ў край свой закаханы" прысвечаны малой радзіме і ўлюбёным у яе таленавітым людзям – вядомым скульптарам, мастакам, музыкантам, пісьменнікам, народным умельцам.
Гасцям музея прапануюць захапляючыя экскурсіі па выставах і пастаяннай экспазіцыі, а таксама экскурсійныя паездкі па горадзе і раёне, у тым ліку тэатралізаваныя.
Адрас: вул. Кутузава, 23
Арт-аб'ектамі цэнтральнага парку Смаргоні сталі работы, якія з'явіліся пасля пленэру маладых скульптараў. Майстры тварылі на адкрытым паветры, і ў выніку іх работы, высечаныя з такога складанага прыроднага матэрыялу, як камень, былі падораны гораду. Адны – абстрактныя і ўмоўныя, іншыя – больш пазнавальныя і канкрэтныя. Гуляючы па парку, кожны зможа ацаніць творчыя ідэі аўтараў.
Недалёка ад сабора Праабражэння Гасподняга ў цэнтральным парку ўстаноўлены помнік знакамітаму ўраджэнцу смаргонскай зямлі Францішку Багушэвічу – выдатнаму нацыянальнаму паэту, аднаму з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Бронзавая фігура вышынёй каля трох з палавінай метраў нібы запрашае госця спыніцца, разам падумаць, пачытаць. Аўтар знакавых зборнікаў "Дудка беларуская" і "Смык беларускі" паказаны ў традыцыйным нацыянальным адзенні – доўгай світцы з поясам і саламяным капелюшы. У руцэ паэта, вядома ж, кніга, а на таблічцы пастамента запісана самая вядомая цытата Багушэвіча: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі".
Аўтарамі манумента, праект якога быў створаны яшчэ за 20 гадоў да яго ўвасаблення, сталі архітэктар Яўген Міцько і скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія – вядомы творчы дуэт бацькі і сына.
Радавое гняздо сям'і Францішка Багушэвіча – Кушляны – знаходзіцца побач з аднайменнай вёскай за 18 км ад Смаргоні. Сядзіба стаіць у акружэнні шматвяковых дубоў, і менавіта яна стала месцам, дзе паэт правёў апошнія гады жыцця. У адноўленым доме створаны філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Абстаноўка пераносіць гасцей у канец XIX стагоддзя. Тут у дэталях адноўлены рабочы кабінет і гасціная, прадстаўлены першыя паэтычныя зборнікі Багушэвіча, дакументы, асабістыя фатаграфіі.
Недалёка ад Кушлян размешчана вёска Жупраны, якая таксама захоўвае памяць аб знакамітым пісьменніку. Старажылы расказваюць, што Францішак Багушэвіч унёс вялікі асабісты ўклад у будаўніцтва тутэйшай славутасці – неагатычнага Петрапаўлаўскага касцёла, узведзенага ў 1875 годзе. На сцяне храма ўстаноўлена мемарыяльная дошка з партрэтам паэта. А побач з касцёлам знаходзіцца магіла Францішка Багушэвіча.
Гісторыя гэтага замка-фарпоста поўная гучных падзей, легендарных сустрэч і каварных інтрыг. Яго пабудавалі ў канцы XIII – пачатку XIV стагоддзяў пры вялікім князю Гедыміне ля зліцця перакрытых плацінай рачулак Краўлянкі і Шляхцянкі. Потым тут жыў і кіраваў сын Гедыміна Альгерд. У 1385 годзе князі Вітаўт і Ягайла падпісалі ў замку эпахальную Крэўскую унію, што паклала пачатак аб'яднанню беларускіх і польскіх зямель. А за тры гады да гэтага па загадзе Ягайлы быў заключаны ў вежу і задушаны яго дзядзька – князь Вялікага Княства Літоўскага Кейстут. Сыну Кейстута Вітаўту, які знаходзіўся тады ў падзямеллі замка, удалося ўцячы, пераапрануўшыся ў сукенку служанкі…
За больш як сем стагоддзяў існавання замак стаў сведкам многіх войнаў, што прайшлі па беларускай зямлі. А ў час разбуральнай Першай сусветнай ад яго засталіся толькі руіны, якія, тым не менш, і сёння прывабліваюць мноства турыстаў.
У 2016 годзе пачаліся работы па кансервацыі і частковым аднаўленні сцен замка, і ў ліпені 2021-га ён пачаў прымаць гасцей. Плануецца, што пасля рэстаўрацыі Княжацкай вежы ў ёй размесціцца музейная экспазіцыя з артэфактамі, знойдзенымі ў час раскопак на тэрыторыі Крэўскага замка. Цікава, што ў час кансервацыі падвальных памяшканняў пад Княжацкай вежай былі знойдзены фрагменты старажытных фрэсак.
У 2022 годзе побач з Крэўскім замкам на Юр'евай гары была адноўлена дазорная вежа. У час Вялікага Княства Літоўскага такія збудаванні з'яўляліся аб'ектамі сігнальных сістэм. Крэўскі замак меў вялікае абарончае значэнне і ўваходзіў у агульную лінію ўмацаванняў з Лідай і Навагрудкам. Археолагі знайшлі ў Крэве частку гістарычнага падмурка XIV стагоддзя, на якім і ўзвялі стылізаваную драўляную вежу. Чвэрць старажытнай асновы стала экспазіцыяй унутры збудавання. На дзевяціметровую вежу можна падняцца па ўнутранай лесвіцы, а з агляднай пляцоўкі адкрываецца цудоўны від на сам замак і наваколле.
Дзе знаходзіцца: аграгарадок Крэва, Смаргонскі раён
Паселішча Залессе з'явілася ў канцы XVI стагоддзя як шляхецкі фальварак. З XVII стагоддзя ён стаў уласнасцю магнатаў Агінскіх, якія стварылі цудоўную сядзібу, якую далёка за яе межамі сталі называць "Паўночнымі Афінамі", "сядзібай муз". Дваццаць гадоў свайго жыцця (1802–1822) тут правёў Міхал Клеафас Агінскі – уплывовы дыпламат, палітычны дзеяч, адораны музыкант і кампазітар, аўтар знакамітага паланэза "Развітанне з радзімай".
У нашы дні адрэстаўрыраваная сядзіба сустракае гасцей не толькі багатай экспазіцыяй, але і ўтульнай творчай атмасферай. Знаёмства з маёнткам праводзяць экскурсаводы ў вобразах родных і блізкіх Міхала Клеафаса Агінскага – дачок Амеліі і Эмы, сына Ірэнея, сакратара Леанарда Ходзькі. І, зразумела, расказваюць шмат цікавага!
…Гаспадар сядзібы Міхал Клеафас Агінскі быў вельмі таленавітым кампазітарам, хоць і лічыў сябе аматарам. Ён пакінуў каля 70 твораў, сярод якіх вальсы, мазуркі, галопы, менуэты, кадрылі. І яго цудоўны паланэз "Развітанне з Радзімай", які першапачаткова называўся "Ля мінор №13", быў напісаны менавіта ў Залессі. Зрэшты, яшчэ да прыезду ў маёнтак бальныя танцы Агінскага заваявалі папулярнасць не толькі ў былой Рэчы Паспалітай, але і па ўсёй Еўропе. У сядзібе пад Смаргонню гаспадар таксама часта праводзіў цудоўныя музычныя вечары з удзелам усёй сям'і і гасцей.
Сёння наведвальнікі музея-сядзібы могуць прайсці па пакоях з экспазіцыяй аб жыцці і творчасці Міхала Клеафаса Агінскага, зазірнуць у аранжарэю экзатычных раслін, якія можна было ўбачыць у маёнтку Агінскіх у XIX стагоддзі, прагуляцца па вялікім маляўнічым парку. Акрамя таго, і ў наш час у Залессі праходзяць шматлікія мерапрыемствы – навуковыя канферэнцыі, балі, майстар-класы па танцах XIX стагоддзя, канцэрты жывой класічнай музыкі, спектаклі.
Адрас: аграгарадок Залессе, Смаргонскі раён
Мястэчка Солы ў наваколлі Смаргоні ўвайшло ў гісторыю як месца, дзе ў канцы Першай сусветнай вайны рускія падпісалі з немцамі першы дагавор аб перамір'і, які фактычна завяршыў баявыя дзеянні на Усходнім фронце. Гэта адбылося 23 лістапада 1917 года.
У пасляваенны час велічнай славутасцю мястэчка стаў каталіцкі храм Маці Божай Ружанцовай, пабудаваны ў 1926–1934 гадах. Асіметрычны і пры гэтым вельмі грацыёзны касцёл у стылі мадэрн быў створаны па праекце архітэктара А. Дубаневіча. У яго ўзвядзенні ўдзельнічалі жыхары Солаў і прылеглых вёсак.