Адчуць атмасферу гэтага ўнікальнага месца – аднаго з першых буйных гарадоў усходніх славян, прагуляцца па вулачках, якія захоўваюць таямніцы шматвяковай гісторыі, убачыць легендарныя храмы і паслухаць арган славутага сабора Святой Сафіі – усё гэта варта зрабіць абавязкова, калі вы прыехалі ў Беларусь. Сёння Полацк уваходзіць у спіс галоўных культурных, рэлігійных і турыстычных маршрутаў краіны. Тут саборы і манастыры суседнічаюць з рэдкімі помнікамі і незвычайнымі музеямі, а фестываль "Званы Сафіі", які стаў візітнай карткай, штогод прыцягвае самых дасведчаных паклоннікаў музыкі.
Першае згадванне пра Полацк датуецца 862 годам: у "Аповесці мінулых гадоў" горад на рацэ Палата ля месца самага яе зліцця з Заходняй Дзвіной, меў назву Полотеск або Полотьск. Ён вырас на скрыжаванні значных гандлёвых шляхоў і быў часткай знакамітай артэрыі "з варагаў у грэкі", дзякуючы чаму імкліва развіваўся. У X стагоддзі ўтварылася Полацкае княства, якое вылучылася са складу Кіеўскай Русі і заставалася вялікім культурным і сацыяльна-эканамічным цэнтрам больш за тры стагоддзі.
На працягу гісторыі Полацкім княствам кіравалі знакамітыя князі Рагвалод, які, паводле адной з версій, прыйшоў са скандынаўскіх зямель, Ізяслаў, які стаў родапачынальнікам дынастыі полацкіх князёў Ізяславічаў, Брачыслаў, Усяслаў Чарадзей, Андрэй Полацкі...
У розныя перыяды горад быў часткай Вялікага Княства Літоўскага (XIII–XVI стст.), а пазней Рэчы Паспалітай, атрымаў грамату на Магдэбургскае права (1498 г.). У ходзе падзелу федэрацыі часткі Полацка ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі: у 1772 г. правы бераг Заходняй Дзвіны, а ў 1793 г. – левы. З 12 снежня 1796 года ён быў павятовым горадам Беларускай губерні, пазней Віцебскай. У 1924 годзе ўвайшоў у склад Беларускай ССР…
Полацкая зямля – радзіма выдатных людзей, якія сталі сапраўднымі легендамі ў гісторыі краіны. Сярод іх святая заступніца Беларусі, ігумення-асветніца Ефрасіння Полацкая, вучоны, філосаф, усходнеславянскі першадрукар Францыск Скарына, пісьменнік і багаслоў-асветнік, адзін з выхавальнікаў Пятра I Сімяон Полацкі…
У сучаснай Беларусі Полацк – як самы старажытны горад і здабытак краіны, калыска дзяржаўнасці, культуры і адукацыі – мае асаблівы статус. Тут створаны Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. На ўнікальнай гістарычнай тэрыторыі помнікі ахоўваюць, вывучаюць і рэстаўрыруюць. Сёння ў запаведніку працуе 11 музеяў, а ўсяго ў горадзе захавалася каля 150 гістарычных каштоўнасцей.
Горадабудаўнічай гісторыі Полацка далі пачатак дзве ракі – Заходняя Дзвіна і Палата, па берагах якіх размясціліся культавыя збудаванні. Галоўны храм горада – Сафійскі сабор (1030–1060 гг.) – адзін з самых ранніх на тэрыторыі Старажытнай Русі.
Полацкая Сафія была пабудавана пасля сваіх "старэйшых сясцёр" у Кіеве і Ноўгарадзе – па ўзоры знакамітага сабора ў Канстанцінопалі. Так яна стала чацвёртым у свеце храмам Святой Сафіі. Аднак праз стагоддзі сабор не паўстае ў сваім першапачатковым абліччы грандыёзнага крыжова-купальнага збудавання з 7 купаламі – у гонар Усяленскіх царкоўных сабораў. Справа ў тым, што ў XVIII стагоддзі ён быў перабудаваны па праекце архітэктара Яна Глаўбіца. З той пары на беразе Дзвіны ўзвышаецца аднаапсідная базіліка з сіметрычнымі вежамі-званіцамі, што адлюстроўваецца ў плыні ракі.
Шматлікія работы па аднаўленні і захаванні доўжыліся на працягу ўсяго існавання. У час маштабнай рэстаўрацыі 1969–1983 гг. тут былі адкрыты музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора і, дзякуючы цудоўнай акустыцы, канцэртная зала камернай і арганнай музыкі.
Сёння Сафійскі сабор – адзін з буйнейшых культурных цэнтраў Беларусі. Тут праводзяцца богаслужэнні і абрады, праходзяць экскурсіі, канцэрты і творчыя вечары, музычны фестываль "Званы Сафіі".
Каля сабора вы можаце ўбачыць вялізны валун пад назвай "Барысаў камень": мясцовыя жыхары вераць, што калі падумаць аб ім з дабром, дакрануцца, загадаць жаданне і тройчы абысці вакол – здзейсніцца патаемнае жаданне. Побач цячэ ручай, ваду ў якім лічаць гаючай.
Яшчэ адна жамчужына Полацка – Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, які заснавала ў 1125 г. прападобная Ефрасіння. Унучка князя Усяслава Чарадзея, у 12 гадоў князёўна Прадслава прыняла пострыг і стала манашкай, асветніцай і дабрачынніцай, перапісчыцай і, верагодна, перакладчыцай кніг, ігуменняй, паломніцай, першай жанчынай Беларусі, якая прылічана да ліку святых і шануецца як нябесная заступніца беларускай зямлі. Дзякуючы ёй у горадзе з’явіліся два манастыры, але, на жаль, мужчынскі Багародзіцкі манастыр да нашых дзён не захаваўся.
Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр – адзін з першых на тэрыторыі Беларусі і буйнейшы цэнтр праваслаўя. Cамы старажытны храм манастыра – унікальная Спаса-Праабражэнская царква XII стагоддзя – адзіны поўнасцю дайшоўшы да нашых дзён помнік гісторыі і культуры Полацкага княства. Як расказваюць летапісы, яго будаўніцтва завяршылася ў 1133 годзе, і работы правялі за рэкордны для свайго часу тэрмін – за 30 сядміц (тыдняў). Нават калі ў майстроў скончыліся матэрыялы, пасля малітвы Ефрасінні раніцай у печы знайшлі новую плінфу, каб у той жа дзень завяршыць будаўніцтва і ўзнесці крыж…
Будаваў царкву вядомы дойлід Іаан. На беразе Палаты вырас трохнефавы крыжова-купальны храм залаціста-бэжавага колеру, і ў яго будаўніцтве прымяняліся незвычайныя рашэнні. Напрыклад, пры раскопках, якія вядуцца з 2015 г., на глыбіні каля 3 м знайшлі рэшткі памяшкання, дзе, як мяркуецца, мог быць пахаваны бацька Ефрасінні Полацкай. Прыкладаў такога падзямелля ў старажытнарускай архітэктуры X–XIII стагоддзяў ва Усходняй Еўропе не сустракалася, што пацвярджае індывідуальны падыход у будаўніцтве храма на заказ прападобнай.
Унікальнасць храма і ў тым, што гэта адзіны ў Беларусі помнік ХІІ стагоддзя, дзе амаль поўнасцю захавалася фрэскавая размалёўка. У другой палавіне ХІХ стагоддзя на ёй з’явіўся алейны жывапіс, але з 1992 г. рэстаўратары раскрываюць старажытныя малюнкі і вяртаюць храму аўтэнтычнае аблічча.
З імем Ефрасінні Полацкай звязана і стварэнне шэдэўра старабеларускага ювелірнага мастацтва – напрастольнага крыжа-каўчэга, які на заказ прападобнай у 1161 годзе вырабіў таленавіты майстар Лазар Богша. Мініяцюры, што ўпрыгожылі рэліквію, не ўступалі лепшым узорам візантыйскага прыкладнога мастацтва. На жаль, у час Вялікай Айчыннай вайны святыня была страчана, і яе месцазнаходжанне дагэтуль невядома. Аднак у 1990-я гады беларускі мастак-ювелір Мікалай Кузьміч ва ўсіх дэталях аднавіў нацыянальную святыню, якая сёння знаходзіцца ў храме манастыра. Майстар таксама вырабіў сярэбраную раку для нятленных мошчаў прападобнай, якія пахаваны ў Полацку з 1910 г. пасля пераносу з Кіева-Пячэрскай лаўры.
Прыгожы архітэктурны ансамбль манастыра ўражвае шматлікіх паломнікаў і турыстаў. Акрамя Спаса-Праабражэнскай царквы, ён аб’ядноўвае Крыжаўзвіжанскі сабор (1893-1897 гг.), Свята-Ефрасіннеўскую дамавую царкву, двухпавярховы жылы дом, браму-званіцу і сястрынскія карпусы, фундамент існаваўшага ў XII–XVII стст. храма-пахавальні.
Напярэдадні 1000-годдзя прыняцця хрысціянства ў Полацку з’явілася вуліца Ефрасінні Полацкай, а ў 2000 годзе ў цэнтры горада быў адкрыты бронзавы помнік святой заступніцы.
У 1580 годзе кароль Стафан Баторый заснаваў у горадзе Езуіцкі калегіум, дзе першым рэктарам стаў прапаведнік Пётр Скарга. Тады ж быў пабудаваны і галоўны корпус. У час пажару ў XVIII стагоддзі ён згарэў, але ў хуткім часе на яго месцы ўзвялі новы трохпавярховы корпус разам з драўляным саборам Святога Стафана. Пазней тут заснавалі бібліятэку і друкарню.
Вядома, што Стафан Баторый запрасіў у Полацк выкладчыкаў з усёй Еўропы. Сярод іх быў і Габрыэль Грубер – выдатны матэматык і інжынер-механік, які не толькі ўнёс вялікі ўклад у развіццё навукі, адукацыі і культуры, але і стварыў унікальную "механічную галаву" мудрага старца. Устройства магло адказваць на розныя пытанні адразу на некалькіх мовах. Сучасная версія, выкананая ў вобразе Сакрата, цяпер знаходзіцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, якому належыць будынак былога калегіума. Паразмаўляць з усёведнай "галавой Грубера" можна на 5 мовах.
Цікава, што ў час свайго кіравання імператар Аляксандр I рэфармаваў калегіум у Полацкую езуіцкую акадэмію, якая стала першай вышэйшай навучальнай установай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
І сёння ў сценах знакамітага архітэктурнага помніка вучыцца моладзь. Сярод славутасцей ВНУ можна ўбачыць помнік студэнту і ўніверсітэцкі гадзіннік. Кожную гадзіну ў двары старадаўняга калегіума пад гукі Gaudeamus і гімна Полацкага ўніверсітэта з ніш пад цыферблатам з’яўляюцца постаці выдатных гістарычных асоб Полацкай зямлі.
Ад Сафійскага сабора па лесвіцы можна спусціцца на Ніжне-Пакроўскую – самую старую і ўтульную вуліцу Полацка, якая праходзіць уздоўж берага Заходняй Дзвіны. Па абодвух баках тут захаваліся двухпавярховыя дамы і іншыя пабудовы XVII – пачатку ХХ стагоддзяў. І сёння многія з іх займаюць музейныя экспазіцыі. Напрыклад, у выдатным будынку на Ніжне-Пакроўскай, 11 размясціўся Краязнаўчы музей: некалі тут была лютэранская кірха XIX–XX стагоддзяў.
На Ніжне-Пакроўскай захаваўся комплекс былога Богаяўленскага мужчынскага манастыра. Ён быў заснаваны ў 1582 годзе на правым беразе Заходняй Дзвіны і доўгі час з’яўляўся важным цэнтрам праваслаўя ў горадзе. У манастыры знаходзіліся брацкая школа, дзе ў свой час прыняў манаства Сімяон Полацкі. У XVIII стагоддзі на тэрыторыі манастыра быў пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор па праекце архітэктара Джакама Кварэнгі, а на ранейшым месцы драўлянай брацкай школы з’явілася двухпавярховае збудаванне, дзе размясціліся келлі. Пазней тут працавалі народнае вучылішча і багадзельня, у савецкія гады манаскі корпус ператварыўся ў жылы дом. Пасля рэстаўрацыі ў нашы дні ў будынку адкрыліся Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага і Музей беларускага кнігадрукавання.
Богаяўленскі сабор, дзе пасля рэстаўрацыі 1981 года размяшчалася карцінная галерэя, у 1991 годзе вярнуўся вернікам, і сёння з’яўляецца кафедральным саборам Полацкай і Глыбоцкай епархіі.
Пра Музей беларускага кнігадрукавання, створаны на радзіме выдатнага генія эпохі Адраджэння, варта расказаць асобна. Менавіта Францыск Скарына з Полацка (каля 1490–1551 гг.) стаў першым, хто прынёс друкаванае слова не толькі на беларускія, але і ўсходнеславянскія землі.
6 жніўня 1517 года ў Празе Францыск Скарына выдаў Біблію на старажытнабеларускай мове – "Псалтыр". Менавіта гэта дата лічыцца днём нараджэння беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Біблія Скарыны выйшла раней, чым англійскі і французскі пераклады і амаль на 50 гадоў апярэдзіла "Апостал", выдадзены ў маскоўскай друкарні. Гэта быў навуковы, духоўны і адукацыйны прарыў.
Менавіта на радзіме ў Полацку Скарына атрымаў першапачатковую адукацыю, а лацінскую мову вывучаў пры манастыры бернардзінцаў. Прадоўжыў вучобу ў Кракаве, затым у Падуі, а пазней заснаваў друкарню ў Празе. У гісторыю знакаміты палачанін увайшоў як вучоны-медык, пісьменнік, філосаф-гуманіст, грамадскі дзеяч і прадпрымальнік. У яго гонар у Полацку названы цэнтральны праспект і плошча, на якой устаноўлены манумент першадрукару.
Музей кнігадрукавання адкрыўся ў 1990 годзе ў гонар 500-годдзя Францыска Скарыны. У 15 залах размешчаны каля 2,5 тысячы экспанатаў: гэтыя артэфакты расказваюць гісторыю станаўлення кніжнай справы Беларусі ад пачатку і да нашых дзён – не толькі перыяд з 1517 г. У экспазіцыі прадстаўлена ўся храналогія беларускай кнігі, звязаная з імёнамі Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны і іншых выдатных дзеячаў. Тут можна ўбачыць узоры паперы, прыстасаванні для вырабу кніг, прачытаць рэдкія фрагменты рукапісных тэкстаў.
Дзе: вул. Ніжне-Пакроўская, 22
У гістарычным цэнтры на Ніжне-Пакроўскай размясціўся дом, пабудаваны згодна з указам Пятра I у 1692 г. Вядома, што імператар спыняўся тут у час Паўночнай вайны для кіравання арміяй. Будынак аздабляюць барочныя элементы, сярод якіх прысутнічае раслінны арнамент, парадныя ж дзверы ўпрыгожваюць стылізаваныя фрэскі ў выглядзе львоў. Сёння тут размешчаны музей пад назвай "Прагулка па Ніжне-Пакроўскай", прысвечаны захапляючаму мінуламу вуліцы.
Дзе: вул. Ніжне-Пакроўская, 33
Незвычайны музей размясціўся ў будынку-помніку архітэктуры канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў. Гасцей запрашаюць у інтэрактыўнае падарожжа: экспанаты можна кранаць і разглядаць, прыводзіць механізмы ў дзеянне, а для самых актыўных ёсць гульнявыя зоны. Задача музея – дапамагчы дзецям зразумець, як працуюць законы прыроды, што такое раўнавага або як ідзе ход часу. Акрамя таго, жадаючыя могуць прапанаваць музею і свае калекцыі, дзякуючы чаму тут дэманстраваліся зборы рэдкіх фарфоравых лялек, мінералаў і многія іншыя.
Дзе: вул. Ніжне-Пакроўская, 46
Адзін з самых каларытных музеяў горада адкрыты ў будынку-помніку архітэктуры канца XIX – пачатку XX стст. Тут гасцям прапануюць прасачыць увесь шлях ператварэння знакамітага беларускага лёну ў тканыя вырабы, якія са старажытных часоў суправаджалі жыццё чалавека. Праз фальклор, абрады, звычаі раскрываецца велізарны культурны пласт, які нясе ў сабе ткацтва: з яго традыцыямі і асаблівымі рытуаламі, таямнічымі сімваламі і знакамі, легендамі і паданнямі.
У музеі арганізаваны экскурсіі, праходзяць лекцыі і майстар-класы, спектакль батлейкі "Цар Ірад". На працягу года гасцей запрашаюць паўдзельнічаць у святах – Каляда, Сустрэча вясны, Валачобнікі, Багач. А для закаханых пар праводзяць старадаўні вясельны абрад "Як зліліся дзве рэчанькі...", каб "прыцягнуць" да маладой сям’і шчасце і дабрабыт.
Дзе: вул. Войкава, 1
Музей размясціўся ў будынку старой воданапорнай вежы 1953 г. І падымаючыся па вітай лесвіцы, якая сімвалізуе "Дрэва Жыцця", госці могуць вывучыць розныя перыяды гісторыі развіцця Зямлі і экалагічнай свядомасці людзей. Першы ўзровень "Беларусь – наш дом" расказвае пра біяразнастайнасць і ўнікальнасць прыроды нашай краіны. Другі ўзровень – "Пасаг цывілізацыі" – знаёміць з экалагічнымі праблемамі сучаснага горада. Трэці ўзровень – "Ахоўныя тэрыторыі" – прысвечаны запаведнікам і помнікам прыроды, відам, занесеным у Чырвоную кнігу. На чацвёртым узроўні размешчаны кіна-лекцыйная і выставачная залы, а таксама аглядная пляцоўка, з якой адкрываецца маляўнічы від на горад.
Дзе: вул. Ф. Скарыны, 21
Музей запрашае гасцей у эпоху Сярэднявечча. І інтэр'еры адпаведныя: мураваныя сцены, аздобленыя гербамі беларускіх гарадоў, каваныя дзверы, залы з аўтэнтычнай мэбляй. У экспазіцыі – рэдкія калекцыі даспехаў, прадметаў побыту і зброі. Пры гэтым да часткі экспанатаў можна дакрануцца або прымерыць. Цікава, што экскурсаводам выступае і сам дырэктар музея – нашчадак старажытнага роду Рурыкавічаў. Побач з музеем устаноўлены помнік князю Андрэю Альгердавічу.
Дзе: вул. Энгельса, 3
У 2000 годзе беларускія вучоныя Аляксей Саламонаў і Валерый Аношка апублікавалі вынікі даследавання, дзе пры дапамозе спецыяльнай камп’ютарнай праграмы і абгрунтавання контураў Еўропы як адзінага цэлага ўстанавілі, што геаграфічным цэнтрам кантынента можа лічыцца кропка ў 48 км на паўднёвы захад ад Полацка недалёка ад возера Шо – 55°10′55″ паўночнай шыраты 28°15′30″ усходняй даўгаты.
На працягу гісторыі ў залежнасці ад методыкі разлікаў і вызначэння межаў Еўропы на гэты ганаровы статус прэтэндавалі розныя мясціны, і адзінай версіі не існуе да гэтага часу. Але гэта не перашкаджае падарожнікам даследаваць кантынент і наведаць самыя верагодныя з іх.
Полацк не знаходзіцца ідэальна ў кропцы, названай вучонымі. Аднак – як бліжэйшы вялікі горад і легендарны гістарычны цэнтр – менавіта ён стаў месцам, дзе можна афіцыйна атрымаць сертыфікат, што вы пабывалі ў геаграфічным цэнтры Еўропы. Адкрыццё памятнага знака адбылося ў 2008 годзе. У аснове кампазіцыі – ружа вятроў з абазначэннем бакоў свету, тут жа карта Еўропы з пазначэннем цэнтра ў Беларусі. Перакрыжаваныя дугі-мерыдыяны, упрыгожаныя трохмачтавым караблём, сімвалізуюць водныя шляхі, якія гістарычна праходзілі на полацкай зямлі. Надпісы на знаку перакладзены на 5 моў.
Дзе: пр. Францыска Скарыны
Адзіны ў Беларусі і ва ўсім свеце помнік 22-й літары беларускага алфавіта – "у нескладоваму" – з’явіўся ў Полацку ў 2003 годзе ў час святкавання Х Дня беларускага пісьменства. З даўніх часоў асаблівасць вымаўлення пасля галосных асаблівага гуку ў [w] – скарочанага і нібыта амаль "няўлоўнага" – была характэрна для мілагучнай беларускай мовы. У пісьмовых тэкстах на лацініцы выкарыстоўваліся розныя варыяцыі – ú, курсіўнае u, u з гачакам (ǔ), w̆, ŭ… Але з 1870–1890-х гадоў пры ўстанаўленні кірылічнага пісьма канчаткова замацавалася асаблівая літара – ў. Яна ўжываецца пасля галосных і можа адпавядаць адразу некалькім літарам (і гукам) іншых славянскіх моў – у, в або л.
Ідэя полацкага помніка была ўпершыню прапанавана беларускім каліграфам прафесарам Паўлам Семчанкам, які шмат гадоў вывучаў мастацкія шрыфты. На знаку, прысвечаным і літары "Ў", і ў цэлым самабытнасці беларускага слова і культуры, выціснуты алфавіт і цытата з верша народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ("Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет"). Размешчаны помнік у сімвалічным месцы – на бульвары, які носіць імя легендарнага першадрукара.
Дзе: бульвар Францыска Скарыны
Першы помнік у гонар падзей Айчыннай вайны 1812 года і слаўнай перамогі ў бітве за горад з’явіўся ў Полацку ў 1850 годзе. Ён стаў адным з 16 мемарыялаў, узведзеных па загадзе імператара Мікалая I у месцах найбольш значных бітваў. Цікава, што памер помнікаў і афармленне залежалі ад маштабаў бітвы, і ўмоўна яны падзяляліся на тры класы: помнік першага класа быў толькі адзін, другога – дзесяць (да іх адносіўся і Полацкі), трэцяга – пяць.
Манумент для Полацка стваралі на ліцейным заводзе ў Луганску амаль два гады, і напярэдадні даты легендарнай Барадзінскай бітвы (26 жніўня 1850 года) яго ўрачыста адкрылі. Гасцямі цырымоніі сталі цэсарэвіч Аляксандр Мікалаевіч, губернатары, архіепіскап, прадстаўнікі дваранства і іншыя выдатныя людзі свайго часу. Помнік-капліца ў выглядзе ўсечанай васьміграннай піраміды быў увянчаны цыбулепадобным купалам з пазалочаным праваслаўным крыжом. Сярэднюю частку ўпрыгожвалі восем пар калон з пазалочанымі двухгаловымі арламі.
На жаль, гэты помнік не захаваўся, паколькі ў 1932 годзе быў знесены і выкарыстаны для патрэб народнай гаспадаркі як крыніца металу. Адрадзілі манумент героям Айчыннай вайны 1812 года ўжо ў наш час. Працуючы над праектам, скульптары і архітэктары выкарыстоўвалі архіўныя чарцяжы і фатаграфіі, абапіраліся на віды захаванага падобнага помніка ў Смаленску. І 21 мая 2010 года адноўлены мемарыял зноў з’явіўся на галоўнай плошчы Полацка, дзе некалі стаяла ранейшая капліца.
Гуляючы па Полацку, госці будуць часта сустракаць цікавыя памятныя знакі і манументы, якія расказваюць пра багатую гісторыю горада і яго выдатных герояў. Вобраз святой Ефрасінні Полацкай устаноўлены на плошчы Свабоды, першы ў свеце помнік Францыску Скарыну ўзвышаецца на плошчы, якая носіць імя першадрукара, помнік Сімяону Полацкаму (Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч) узведзены на праспекце Скарыны.
На скрыжаванні вуліц Ефрасінні Полацкай і Кастрычніцкай знаходзіцца бронзавы помнік мудраму правіцелю князю Усяславу Чарадзею. Гэта першы конны манумент на Віцебшчыне, які быў створаны выключна на ахвяраванні гараджан і мецэнатаў.
Помнік крывічам – племені ўсходніх славян, якое заснавала Полацк – устаноўлены на праспекце Ф. Скарыны, 34. На бронзавай ладдзі – князёўна Рагнеда з сынам Ізяславам, які сталі родапачынальнікамі полацкай дынастыі, а побач з імі стаяць дружыннікі, гатовыя абараняць правіцеляў і радзіму.
Каля сцен Сафійскага сабора на беразе Заходняй Дзвіны стаіць помнік "Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці". Кампазіцыя вагой 8 тон, як лічыць аўтар Уладзімір Піпін, стала мнагазначным вобразам. Яна нагадвае і калыску, з якой пачынаецца жыццёвы шлях чалавека, і ладдзю, што плыве па рацэ вечнасці з мінулага і ў будучыню, і паўмесяц, які сузірае на свет яшчэ многія тысячагоддзі... Акрамя таго, помнік уяўляе сабой галерэю шчытоў: на адным баку адлюстраваны вобразы знакамітых гістарычных асоб ад князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да Усяслава Чарадзея і Ефрасінні Полацкай, з другога – вехі станаўлення дзяржаўнасці.
У горадзе некалькіх рэк масты заўсёды былі неабходнасцю. Сёння іх 5: два – цераз Дзвіну, два – цераз Палату і 1 – цераз Бяльчанку. Асаблівую вядомасць у гісторыі набыў мост над Палатой, які атрымаў назву Чырвоны. У кастрычніку 1812 года тут адбылася жорсткая бітва паміж французскімі і рускімі войскамі, пасля якой насціл быў поўнасцю заліты крывёй салдат... У 1975 г. на месцы драўлянага быў пабудаваны новы жалезабетонны мост, дзе аднавілі ранейшыя элементы афармлення. А перад мостам устаноўлены памятны знак з тэкстам у гонар загінулых воінаў.
Каля Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра знаходзіцца падвесны пешаходны мост цераз Палату, які гараджане рамантычна называюць Мостам пацалункаў. …З нядаўняга часу ён вядзе ў сімвалічнае месца яшчэ адной трагедыі ў гісторыі Полацка.
У 2020 г. у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны 22 чэрвеня ў Полацку адкрылі новы мемарыяльны комплекс – "Урочышча Пяскі", створаны на месцы масавых пахаванняў самых кровапралітных гадоў у гісторыі краіны. Менавіта тут – зусім недалёка ад Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра – немцы стварылі перасыльны лагер для савецкіх ваеннапалонных "Дулаг-125". Сюды ж прывозілі расстраляных ды павешаных з грамадзянскага лагера "Грамы", закопвалі вязняў гарадской турмы і гестапа. У вялізнай магіле пахаваны дзясяткі тысяч ахвяр нацызму.
Пры стварэнні мемарыяла астанкі забітых людзей не трывожылі. Тут з’явіліся капліца, Сцяна памяці з прозвішчамі загінулых, якіх удалося ўстанавіць, а таксама з сімваламі канфесій і рэлігій – праваслаўя, каталіцызму, іўдаізму і ісламу. Уваход на мемарыял зроблены ў выглядзе крыжа з цярновым вянком. У капліцы кожны жадаючы можа паставіць свечку.
Вялікая Айчынная вайна стала трагедыяй многіх народаў, і кожны горад, кожны раён захоўвае сваю памяць аб гэтых бязлітасных гадах. На берагах Заходняй Дзвіны бітвы забралі каля 200 тысяч жыццяў. У памяць пра іх летам 1966 года ў Полацку быў створаны Курган Бессмяротнасці. Пагорак вышынёй 10 метраў вырас з попелу спаленых вёсак, зямлі з брацкіх магіл у розных кутках Віцебскай вобласці, палёў бітваў, Брэсцкай крэпасці, а таксама Альшанскіх могілак савецкіх воінаў-вызваліцеляў у Празе. На вяршыні кургана з’явіліся пляцоўка і факел, які запальваюць у памяць аб загінулых па святах і днях смутку.
Каля манумента разбіты парк, прысвечаны 50-годдзю савецкай улады. Тут жа знаходзіцца Музей баявой славы, які прадстаўляе экспазіцыю аб гісторыі збудавання помніка.