Размешчаны на берагах знакамітай ракі Прыпяць, адзін з самых старадаўніх на Палессі, з вуліцамі, якія пралягаюць у глыбокіх ярах, уладальнік самага вялікага ў Беларусі рачнога порта – усё гэта Мазыр, або, як яго рамантычна называюць, "горад на сямі ўзгорках". Першыя летапісныя згадванні аб гэтай прыстані сярод балот адносяцца да 1155 года, калі кіеўскі князь Юрый Далгарукі перадаў Мазыр ноўгарад-северскаму князю Святаславу Ольгавічу.
Вучоныя да гэтага часу спрачаюцца, адкуль горад атрымаў сваю назву. Ёсць версія, што яна пайшла ад фіна-ўгорскага слова "мосар" – "балота; балоцістая нізіна, зарослая травой, кустамі". Ёсць меркаванне, што тапонім "Мазыр" утвораны ад этноніма "мазур", але даследчыкі лічаць, што імя горада старэйшае, чым найменне народнасці. Яшчэ шэраг версій звязваюць назву са словамі цюркска-іранскага паходжання: "мозра" – пасёлак, хутар, выселкі; "мозор", "мазар" – магіла, узгорак; "можары" – мясцовасць з узгоркамі, узвышшамі.
У розныя гады Мазыр знаходзіўся пад уладай Кіеўскага, Чарнігаўскага і Тураўскага княстваў. З сярэдзіны XIV стагоддзя ўваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага, з 1569 г. – Рэчы Паспалітай. У 1577 годзе горад атрымаў права на самакіраванне. Гэты прывілей цяпер захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Мазыр перайшоў пад юрысдыкцыю Расійскай імперыі. Ужо ў савецкі час ён шаснаццаць гадоў быў галоўным горадам Палескай вобласці БССР, а ў 1954-м стаў раённым цэнтрам Гомельскай вобласці. Цяпер гэта значны прамысловы горад з больш як 100-тысячным насельніцтвам, вельмі прыгожае месца, якое нярэдка называюць беларускай Швейцарыяй, жамчужынай Палесся.
Паэтычную назву "горад на сямі ўзгорках" Мазыр атрымаў, вядома, невыпадкова. Мясцовасць, на якой ён размешчаны, мае вельмі кантрасны рэльеф – ад глыбокіх яроў да ўзвышшаў. Такі ландшафт утварыўся ў выніку сходу леднікоў. Для пераважна раўніннага беларускага Палесся ўзвышшы Мазырскай грады дасягаюць абсалютных адзнак 220,7 м, стромкасць схілаў можа даходзіць да 30°. Для захавання ўнікальнай экасістэмы яшчэ ў 1986 годзе быў створаны заказнік "Мазырскія яры". Пачынаецца ён непасрэдна ў межах горада: праз яры праходзяць вуліцы. Для турыстаў створана экасцяжына, уздоўж якой расце мноства відаў раслін – толькі лекавых больш за сотню. На дне яроў можна сустрэць вялізныя валуны, з вяршынь жа адкрываецца надзвычайны від на даліну Прыпяці.
Для ўмацавання схілаў, каб пазбегнуць апоўзняў, ствараліся тэрасы з дрэў. У асноўным гэта былі шырока распаўсюджаныя ў Беларусі клён, бяроза, асіна, ліпа і вольха. Але можна ўбачыць і бук з лістоўніцай і піхтай. На тэрыторыі заказніка расце рэліктавы клапагон еўрапейскі (звычайны). Гэту чырванакніжную расліну ў Беларусі можна сустрэць толькі тут і ў Белавежскай пушчы.
Ніводны сярэдневяковы горад не мог абысціся без абарончага збудавання. І на ўзвышшы ў самым цэнтры Мазыра размяшчаўся замак. Першыя дакладныя звесткі аб крэпасці належаць да 1519 года: тады вялікі князь Сігізмунд I прадаў яе Альбрэхту Гаштольду "за 1500 копъ грошей...". Захавалася апісанне, па якім драўляны замак меў тры вежы са сценамі таўшчынёй большай за метр. Вежы злучаліся гароднямі вышынёй каля 10 м. На тэрыторыі гарадзішча стаяў храм святога Спаса, з-за чаго гару доўгі час называлі Спаскай.
Замак не аднойчы ўдзельнічаў у войнах, знішчаўся і адбудоўваўся нанава. Апошнія згадванні аб крэпасці адносяцца да 1676 года. Пасля аднаго з канфліктаў Мазырскі замак быў спалены і ўжо не аднаўляўся.
Ужо ў наш час да 850-годдзя горада было вырашана аднавіць гарадзішча. Так у Мазыры з'явіўся стылізаваны драўляны замак, які стаў месцам прыцягнення гараджан і гасцей. Тут працуюць краязнаўчы музей, кафэ, пляцоўкі для рамеснікаў.
Дзе: вул. Гара Камунараў, 8
Багатаму мінуламу і самабытнасці зямлі мазырскіх палешукоў прысвечаны краязнаўчы музей, заснаваны ў 1948 годзе. Гэта сапраўдны цэнтр этнакультурнага і рэгіянальнага даследавання. У музеі прадстаўлены экспазіцыі прыроды і археалогіі краю, баявой славы воінаў. Акрамя адноўленага гістарычнага цэнтра "Мазырскі замак", у яго склад уваходзяць выставачная зала, музей-майстэрня арыгінальнага мастака-кераміста Мікалая Пушкара, музей народнай культуры Мазыршчыны "Палеская веда", музей партызанскай славы ў вёсцы Раманаўка.
Дзе: вул. Гара Камунараў, 8
Недалёка ад былога гарадзішча ў гістарычным цэнтры Мазыра ўзвышаецца праваслаўны храм – кафедральны сабор святога Архангела Міхаіла. Гісторыя гэтага помніка архітэктуры барока на беларускіх землях пачалася ў 1615 годзе, калі Сігізмунд III Ваза заснаваў у горадзе манастыр бернардзінцаў. Праз тры гады да манастыра прыбудавалі невялікі драўляны касцёл. У 1645 годзе адстаўны афіцэр Стафан Лозка падарыў частку ўзгорка насупраць Мазырскага замка браціі і ініцыяваў будаўніцтва мураванага манастыра. На жаль, праз некалькі гадоў манастыр, як і ўвесь горад, быў фактычна знішчаны ў ходзе чарговай вайны. Мазыру даводзілася зноў паўставаць з попелу.
У 1745 годзе прадстаўнікі дваранскага роду Аскеркаў вырашылі пабудаваць новы мураваны манастыр бернардзінцаў, цэнтрам якога стаў велічны храм з цэглы. Пасля паўстання 1830-1831 гадоў манастыр закрылі, у будынку размясціліся дзяржаўныя ўстановы Мазырскага павета і бальніца. Касцёл жа перадалі праваслаўнай царкве, якая асвяціла яго ў гонар Святога Архістратыга Міхаіла.
Царкве пашанцавала адносна лёгка перажыць Першую сусветную вайну і рэвалюцыі пачатку XX стагоддзя. Горшае чакала храм наперадзе. Чатыры гады – з 1937 па 1941 гады – у сценах Свята-Міхайлаўскай царквы размяшчалася турма НКУС Палескай вобласці. Паводле некаторых даных, больш за 2000 чалавек былі прыгавораны тут да смерці. У 1941 годзе храм зноў адкрылі для прыхаджан. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, у 1952 годзе, царкву адрамантавалі. Яшчэ праз 40 гадоў, ужо ў незалежнай Беларусі, Свята-Міхайлаўскі сабор стаў галоўным храмам адроджанай Тураўскай епархіі.
У плане царква мае прамавугольную форму, раздзеленую ўнутры на тры нефы. Галоўны фасад уяўляе сабой трох'ярусную кампазіцыю з дзвюма звонавымі вежамі па баках. У крыпце сабора размясціўся адзіны ў Беларусі храм-музей палітычных рэпрэсій.
Дзе: вул. Камсамольская, 16
На тэрыторыі Беларусі было ўсяго тры манастыры ордэна цыстэрцыянцаў, прычым два з іх (мужчынскі і жаночы) знаходзіліся ў Мазыры, ва ўрочышчы Кімбараўка. Ад манастыра цыстэрцыянак, закладзенага на беразе Прыпяці ў 1610 годзе, захавалася некалькі гаспадарчых пабудоў і касцёл Святога Міхаіла Архангела. Яго пабудавалі ў 1743–1745 гадах з цэглы ў стылі позняга барока замест старых драўляных будынкаў, узведзеных па ўказе караля Сігізмунда II Аўгуста.
Касцёл уяўляе сабой аднанефавы храм з трохграннай апсідай. Ён накрыты высокім двухсхільным дахам. Галоўны фасад падзелены на тры часткі высокімі пілястрамі і карнізным поясам, фігурнымі нішамі. Парадны ўваход праходзіць праз нізкі шматгранны прытвор. Першапачаткова да храма з паўднёвага ўсходу прымыкаў жылы корпус у форме літары П. Да нашых дзён захаваўся прамавугольны ў плане двухпавярховы аб'ём пад двухсхільным дахам.
Манастыр цыстэрцыянак ліквідавалі ў 1883 годзе, праз яшчэ пяць гадоў яго збудаванні перадалі праваслаўнай царкве. У канцы XIX стагоддзя касцёл рэканструявалі, дабавіўшы да яго званіцу і каменныя галерэі па баках. Сам манастыр у розныя гады выкарыстоўваўся як ваенныя казармы, дзіцячы дом. Да 1990-х гадоў у касцёле было музычнае вучылішча. Пасля храм вярнулі католікам і адрэстаўрыравалі.
Дзе: вул. Гогаля, 93А
Мазыр - адзіны раённы цэнтр Беларусі з уласнай трамвайнай сістэмай. Усяго ў краіне толькі чатыры гарады могуць пахваліцца наяўнасцю гэтага экалагічнага віду транспарту: Мінск, Віцебск, Мазыр і Наваполацк. На фоне сваіх сабратаў Мазырскі трамвай самы малады - ён курсіруе з 1988 года.
Асноўны маршрут працягласцю 21 км - "Дэпо-МНПЗ". Яго трамвай паспявае праехаць за 40 мінут. Ён звязвае горад з прамзонай, у якой размяшчаюцца Мазырская ЦЭЦ, завод "Этанол" і нафтаперапрацоўчы завод. Паколькі трамвай ведамасны, яго галоўная функцыя - даставіць работнікаў на НПЗ. Адсюль і своеасаблівы расклад. Але гэта не перашкаджае гараджанам і жыхарам размешчаных паміж Мазыром і НПЗ вёсак карыстацца трамваем. За год па маршруце ездзяць каля двух мільёнаў пасажыраў.
Асаблівасць шляху - а большая яго частка праходзіць за горадам у наваколлі маляўнічых краявідаў - дае магчымасць пракаціцца на трамваі з ветрыкам: у "полі" ён можа разагнацца да 60 км/гадз. Рухомы састаў трамвайнага ўпраўлення (47 пасажырскіх вагонаў) поўнасцю складаецца з машын КТМ-5. Цікава, што ў парку Мазырскага НПЗ няма адзінкавых вагонаў - толькі счэпы. Не выключана, што гэта ўнікальная для краін былога СССР сітуацыя.
Гасцям горада трамвайны маршрут дае магчымасць праехаць па ўзгорыстай мясцовасці, характэрнай для горада і яго наваколля. Вагоны лёгка пераадольваюць пад'ёмы і спускі. Ёсць планы па прадаўжэнні трамвайнай лініі ў Мазыры. Плануецца будаўніцтва дзвюх ветак па вуліцах Інтэрнацыянальнай і Сацыялістычнай. Агульная даўжыня шляху за кошт гэтага можа павялічыцца да 34,5 км.
Вялікая Айчынная вайна стала жорсткім выпрабаваннем для Беларусі, і тут няма мясцін, якія яна не закранула. Мазыр не выключэнне. 875 дзён горад знаходзіўся пад акупацыяй – з 22 жніўня 1941 года па 14 студзеня 1944 года. У гэты дзень войскі 1-га Беларускага фронту пры падтрымцы партызан выбілі нямецкую армію, узяўшы штурмам Мазыр і Калінкавічы. У памяць загінулых на палях бітваў самай кровапралітнай вайны ў чалавечай гісторыі да 23-й гадавіны вызвалення горада быў адкрыты першы аб'ект мемарыяльнага комплексу "Курган Славы" – вялікі куб на гранітным пастаменце з гаўбіцай узору 1938 года. На кубе – эпітафія "Абаронцам Радзiмы ад мазыран". У тым жа 1967 годзе 7 лістапада Курган дапоўнілі 45-метровым абеліскам і запалілі вечны агонь.
Праз 10 гадоў мемарыял набыў сваё сучаснае аблічча. Тады там з'явілася брацкая магіла салдат і партызан, якія загінулі ў ходзе вызвалення Мазыра. Іх астанкі былі ўрачыста перапахаваны. У 2011 годзе на Кургане Славы ўстанавілі помнік блакаднікам і абаронцам Ленінграда. Яшчэ праз год было вырашана ўвекавечыць памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў час вайны ў Афганістане. Каля мемарыяла пахавана капсула з афганскай зямлёй. Завяршае ансамбль музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам.
Дзе: вул. Рыжкова
Насупраць гарадскога парку на беразе Прыпяці размясціўся каларытны комплекс Мазырскага піўзавода. Варыць тут пенны напітак пачалі ў 1885 годзе. Адзін з уладальнікаў заказваў фірменныя бутэлькі нават з Санкт-Пецярбурга. Вытворчасць піва перыядычна перапынялася, напрыклад, у 1917 годзе пачалі саліць рыбу для патрэб арміі. У больш спакойныя гады тут зноў разлівалі піва. Так, у 1925 годзе завод выпускаў тры гатункі: "Баварскае", "Пільзенскае" і "Маргоўскае". З канца 1920-х завод стаў дзяржаўным. Пасля Вялікай Айчыннай вайны прадпрыемства пераабсталявалі, павялічылі магутнасці і пашырылі асартымент: цяпер ужо варыліся пяць гатункаў піва і дзесяць відаў безалкагольных напіткаў. У 2004 годзе пасля рэарганізацыі Мазырскі піўзавод перастаў выпускаць піва, пераключыўшыся на вытворчасць медавухі і збітня.
Заводскія будынкі – а некаторыя з іх узведзены больш за сотню гадоў таму – у мясцовасці пад назвай Кімбараўка нязменна прыцягваюць увагу гасцей горада і не толькі. Пабудаваныя ў пачатку XX стагоддзя з чырвонай цэглы і дапоўненыя элементамі белага колеру карпусы часам "здымаюцца" ў кіно.
Дзе: вул. Савецкая, 180