Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Што паглядзець у Магілёве: топ славутых мясцін горада на Дняпры

Што паглядзець у Магілёве: топ славутых мясцін горада на Дняпры

Горад на беразе Дняпра, які атрымаў загадкавую назву Магілёў, займае асаблівае месца ў гісторыі Беларусі. Стагоддзі таму ён быў пагранічнай крэпасцю, вотчынай знакамітых дынастый, буйнейшым гандлёвым вузлом княства, губернскім цэнтрам. У гады Першай сусветнай вайны тут знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага і рэзідэнцыя імператара Мікалая II. Напярэдадні Другой сусветнай Магілёў ледзь не стаў сталіцай Беларусі: Мінск тады апынуўся ў небяспечнай блізкасці да заходняй граніцы і ўрад прыняў рашэнне аб пераездзе. За рэкордна кароткі тэрмін у цэнтры Магілёва ўзвялі амаль дакладную копію мінскага Дома Урада, але перанос сталіцы ў выніку не адбыўся. А адной з самых памятных старонак у гісторыі ўсёй краіны стала гераічная абарона Магілёва ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Горад мужна трымаўся 23 дні, з іх 16 - у поўным акружэнні…

Цікава, што яшчэ ў канцы ХIX стагоддзя, упершыню пабываўшы ў Магілёве, вядомы беларускі этнограф, археолаг і грамадскі дзеяч Іван Луцкевіч назваў яго "маленькай Прагай". Горад захапляў выдатнай гістарычнай забудовай часоў Расійскай імперыі. Больш таго, у Магілёве было мноства рэлігійных збудаванняў – 26 праваслаўных храмаў, 6 каталіцкіх касцёлаў, некалькі дзясяткаў сінагог, лютэранская кірха... На жаль, пасля Другой сусветнай вайны большая частка спадчыны была страчана. Сёння ў Магілёве не толькі захоўваюць уцалелыя гістарычныя помнікі, але і ствараюць новыя турыстычныя славутасці. Таму гасцям старажытнага горада – а ў 2017-м ён адзначыў 750-годдзе – ёсць што паглядзець!

Магілёўскія львы

Магілёўскія львыЯк з’явілася назва Магілёў – дагэтуль дакладна невядома, але ёсць некалькі здагадак і легенд. Самая рамантычная расказвае пра высакароднага разбойніка-асілка Машэку па мянушцы Леў, які абараняў бедных і абяздоленых. А загінуў ад рукі каханай, якая стала жонкай каварнага багацея. На "магіле Льва" быў насыпаны курган, адкуль і пачаўся горад... Іншая версія звязана з імем Магіла, хоць у гісторыі горада пакуль не знайшлі звестак пра такога героя. Яшчэ адна сцвярджае, што назва паходзіць ад галіцка-валынскага князя Льва Данілавіча Могія (Магутны Леў), які ў 1267 годзе мог пабудаваць Магілёўскі замак. Аднак навукова факт не пацверджаны. Шэраг даследчыкаў прапануе фіна-ўгорскае слова "магіляй", што азначае "гара над вадой". Таксама цікавую версію знайшлі ў старажытнай "Магілёўскай хроніцы", дзе сустракаецца спалучэнне "Могій Леў", але не як апісанне канкрэтнага чалавека, а горада, які нібыта магутны леў процістаіць войнам, бедствам і нягодам... У любым выпадку, многія версіі нагадваюць пра цара звяроў, і ў нашы дні ён стаў сімвалам горада. У розных кропках Магілёва жыхароў і гасцей сустракаюць фігуры львоў – гранітны на ўездзе ў горад, адразу 4 бронзавыя – на мосце цераз Днепр, папулярны "Лёва з Магілёва" на вуліцы Міронава каля стадыёна "Спартак"…

Магілёўскі чыгуначны вакзал царскай эпохі

Магілёўскі чыгуначны вакзал царскай эпохіБудынак магілёўскага вакзала быў пабудаваны ў 1902 г. у стылі неакласіцызму. Ён стаў адным з самых прыгожых і зручных вакзалаў свайго часу, быў прыстасаваны да прыёму ўрадавых дэлегацый. Першапачаткова пасажыраў на станцыю дастаўлялі возчыкі, а ў 1911 г. тут з’явіліся таксаматоры, якімі валодаў Самуіл Сагал – сваяк сусветна вядомага мастака Марка Шагала. Звязаны з магілёўскай станцыяй і знакаміты паэт Сяргей Ясенін: у 1914-1915 гг. ён праходзіў тут службу ваенным санітарам… Пасля вайны вакзал неаднойчы рэстаўрыраваўся, аднак захоўваў гістарычны выгляд – з паўцыркульнымі вокнамі і пілястрамі, васьмігранным вестыбюлем, шкляным дахам.

Сёння побач з вакзалам гасцей сустракае скульптура станцыйнага наглядчыка: у фуражцы з кукардай, з гадзіннікам на ланцужку і ліхтаром – менавіта так і выглядаў галоўны па станцыі ў час Расійскай імперыі.

Трыумфальная арка на ўездзе ў Магілёў

Трыумфальная арка на ўездзе ў МагілёўГасцей, якія едуць у Магілёў з боку Мінска па аўтамабільнай трасе, сустракае новая славутасць – 20-метровая трыумфальная арка. Яна пабудавана за кошт ахвяраванняў жыхароў і прысвечана людзям, якія сваімі справамі праслаўлялі Магілёў на працягу ўсёй яго багатай гісторыі. Арку ўпрыгожваюць барэльефы высокіх узнагарод рэгіёна – ордэны Айчыннай вайны І ступені і Леніна. У падмурку канструкцыі закладзена капсула з пасланнем будучым пакаленням – пажаданні любіць і берагчы родны горад, прымнажаць яго традыцыі. Адкрыццё аркі адбылося ў кастрычніку 2018 г.

Арка Славы (Мемарыяльная арка)

Але яшчэ больш вядомая арка Магілёва знаходзіцца цяпер у цэнтры горада. Яна не так уражвае маштабамі, як сучасная ўязная і ўжо тым больш знакамітая Трыумфальная ў Парыжы, але захоўвае памяць пра важную гістарычную падзею. Яе пабудавалі ў 1780 годзе, каб здзівіць высокіх гасцей. Менавіта ў Магілёве адбылася сустрэча двух магутных манархаў Еўропы – расійскай імператрыцы Кацярыны II і аўстрыйскага імператара Іосіфа II. Гэтыя неафіцыйныя перагаворы вырашалі лёс Рэчы Паспалітай, і гарадскія ўлады пастараліся арганізаваць урачысты прыём, які спадабаўся б патрабавальнай самадзержыцы. Акрамя таго, манархі дагаварыліся, што ў памяць аб сустрэчы кожны з іх пабудуе храм – сабор святога Іосіфа ў Магілёве і сабор святой Кацярыны ў Вене. Магілёўскі сабор у выніку пабудавалі насупраць аркі, але, на жаль, да нашых дзён ён не захаваўся – быў узарваны ў 1938 годзе. Сама арка таксама ў савецкія гады змянілася. Спачатку тут з’явіліся барэльефы-сімвалы СССР, а ў 1960-я гады праход пад аркай закрылі сцяной, дзе размясцілі мемарыяльныя таблічкі з імёнамі загінулых чырвонаармейцаў, якія вызвалялі Магілёў ад нямецка-фашысцкай акупацыі.

Магілёўская ратуша

Магілёўская ратушаЗгодна з гістарычнымі данымі, у 1526 г. Магілёў атрымаў права горада, у 1561 г. – ад князя Сігізмунда Аўгуста малое магдэбургскае права і права на вайтоўства. І, нарэшце, у 1577 г. – ад караля Стафана Баторыя вялікае магдэбургскае права. Будынак магістрата, які будавалі з дрэва, некалькі разоў знішчалі пажары. У 1679 годзе на цэнтральнай Гандлёвай плошчы з’явілася мураваная ратуша з васьміграннай вежай вышынёй 46 метраў. Але і яна на працягу стагоддзяў не аднойчы разбуралася і зноў адбудоўвалася. Апошні раз ратуша была адроджана ў 2008 годзе на гістарычным месцы (цяперплошча Славы). І гэта адна з самых пазнавальных славутых мясцін Магілёва! Некалі з агляднай пляцоўкі ратушнай вежы горадам любаваліся Кацярына II і аўстрыйскі імператар Іосіф II. Сёння адсюль таксама відаць цудоўны краявід – ззяючая стужка Дняпра, выдатны парк Падніколле і ўвесь горад. Ратушу ўпрыгожвае вежавы гадзіннік, механізм якога прыводзіцца ў дзеянне цяжкімі гірамі, і механічная фігурка хлопчыка-гарніста, якога жыхары назвалі Магіслаў. Тройчы на дзень ён трубіць у фанфару на балконе: у 12.00, 20.00 і ў момант, калі ў горадзе садзіцца сонца.

Палац архіепіскапа Георгія Каніскага

Палац архіепіскапа Георгія КаніскагаАрхірэйскі палац выдатнага праваслаўнага дзеяча, вучонага і асветніка, прылічанага да ліку святых Беларусі –Георгія Каніскага – быў пабудаваны ў 1762–1785 гадах архітэктарам Янам Глаўбіцам. І да нашых дзён старадаўняя рэзідэнцыя застаецца ўпрыгажэннем Магілёва. Мноства дэталей – нішы, шалёўка з мудрагелістым малюнкам і раслінныя матывы – надаюць палацу барочны выгляд. У свой час па абодвух баках будынка размяшчаліся манастырскія келлі, малюнак на сценах якіх арганічна завяршаў афармленне ўсяго ансамбля. У вялікай зале на першым паверсе праводзіліся прыёмы, а верхні ярус, дзе размяшчаліся асабістыя пакоі, кабінет і бібліятэка, дзе архіепіскап мог пабыць у адзіноце. Сёння архірэйскі палац знакаміты не толькі як цудоўны помнік XVIII стагоддзя: тут працуе Духоўна-асветны цэнтр імя свяціцеля Георгія Каніскага.

Магілёўскі драматычны тэатр

Магілёўскі драматычны тэатрАрыгінальны будынак Магілёўскага тэатра стаў першым на тэрыторыі Беларусі, пабудаваным спецыяльна для акцёрскай трупы: да гэтага спектаклі ставілі ў палацах магнатаў і вулічных балаганах. Жыхары губернскага Магілёва яшчэ ў 1810-я гады марылі аб стацыянарным тэатры, але ажыццявіць ідэю ўдалося не адразу. Аўтарам праекта тэатра з чырвонай цэглы ў неарускім стылі, які пабудавалі на месцы замка XVII стагоддзя, стаў архітэктар Пётр Камбураў. Урачыстае адкрыццё адбылося 25 верасня 1888 года. Гонар тэатра – адна з лепшых па акустыцы сцэн Еўропы. Тут выступалі легендарны оперны спявак Фёдар Шаляпін, кампазітар-віртуоз Сяргей Рахманінаў, актрыса Вера Камісаржэўская… У час Першай сусветнай вайны менавіта ў зале тэатра імператар Мікалай II глядзеў ваенную кінахроніку, а з балкона прымаў парады салдат.

Каля ўвахода ў Магілёўскі тэатр гасцей сустракае бронзавая "Дама з сабачкам" – копія вядомай скульптуры беларускага майстра Уладзіміра Жбанава, якая ўстаноўлена каля Камароўскага рынку ў Мінску.

Пешаходная вуліца Ленінская

Пешаходная вуліца ЛенінскаяГістарычную атмасферу захоўвае пешаходная вуліца Ленінская, вядомая з XVI стагоддзя пад назвамі Ветраная, Вялікая Садовая, Інжынерная. Сёння тут можна ўбачыць будынкі XVIII–XIX стагоддзяў: былую гарадскую ўправу, палац архіепіскапа, корпус гімназіі, дзе вучыліся першы прэзідэнт Гавайскіх астравоў Мікалай Судзілоўскі, даследчык Поўначы Ота Шміт… Уражваюць і помнікі пачатку ХХ стагоддзя, напрыклад, будынак Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка, які быў пабудаваны ў 1904-1906 гг. у стылі эклектыкі.

У цэнтры вуліцы – незвычайная Плошча Зорак, якую ўпрыгожваюць адзіны ў свеце помнік астролагу і сонечны гадзіннік з 12 крэслаў, сімвалізуючых знакі задыяка. Іх аўтар – вядомы беларускі скульптар Уладзімір Жбанаў. У святочныя дні ў тэлескопе астролага ўключаецца лазер, прамень якога бачны ў небе на многія кіламетры.

Магілёўскі мастацкі музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі

Магілёўскі мастацкі музей Вітольда Бялыніцкага-БіруліУ знакамітым гістарычным доме на вуліцы Ленінскай сёння знаходзіцца філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі – музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Вядомы мастак-пейзажыст ураджэнец Магілёўшчыны тут не жыў, але сам будынак – помнік архітэктуры барока XVII стагоддзя – уяўляе сабой вялікую каштоўнасць. Дом прыналежаў багатай купецкай сям’і, і ў маі 1780 г., як лепшы з існаваўшых тады ў горадзе двухпавярховых мураваных асабнякоў, быў выбраны для прыёму аўстрыйскага імператара Іосіфа II. З 1815 па 1917 год тут размяшчаўся Магілёўскі дваранскі дэпутацкі сход. А ў ХХ стагоддзі дом стаў першым у краіне мемарыяльным музеем, прысвечаным жыццю і творчасці мастака. Талент пейзажыста акадэміка жывапісу Вітольда Бялыніцкага-Бірулі захапляў знатакоў у Беларусі і па ўсім свеце, яго работы адзначаны прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі. У фондах музея можна ўбачыць дакументы, фатаграфіі мастака і яго сям’і, асабістыя рэчы – эцюднік, палітру, пэндзлі, паляўнічую стрэльбу… Тут захоўваецца медаль, які атрымаў знакаміты "Зімовы сон" на выставе ў Барселоне (1911). Цікавы і цыкл карцін, прысвечаны пушкінскім мясцінам: "Міхайлаўскае. Домік няні А.С. Пушкіна Арыны Радзівонаўны", "Святагорскі манастыр. Магіла А.С. Пушкіна", "Трыгорскае. Бяроза ля ракі Сораць"…

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава

Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. МасленікаваЯшчэ адзін мастацкі музей Магілёва – не толькі скарбніца твораў мастацтва XVII–XIX стагоддзяў, але і цудоўны помнік архітэктуры. Будынак сялянска-зямельнага банка, дзе пазней размяшчаліся музеі, установы, рэдакцыі газет, будаваўся ў 1903–1914 гг. У праекце гарманічна спалучаны мадэрн, псеўдарускі стыль і позні класіцызм. А галоўнай славутасцю быў браніраваны пакой-сейф, дзе захоўваліся ўнікальныя каштоўнасці, многія з якіх бясследна зніклі ў час Вялікай Айчыннай вайны: Крыж Еўфрасінні Полацкай (цяпер у музеі працуе экспазіцыя пакоя з галаграмай рэліквіі), золата Пампеі, паднос Аляксандра Македонскага, карціны еўрапейскіх мастакоў, рукапісныя кнігі і граматы, манеты і абразы XVII–XIX стст. Дарэчы, будынак гэтага музея можна ўбачыць не толькі ў час прагулкі па Магілёве, але і на беларускіх грашах – банкнотах вартасцю 200 рублёў.

Сабор Трох Свяціцеляў

Сабор Трох СвяціцеляўГалоўны праваслаўны храм горада, помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, названы ў гонар усяленскіх свяціцеляў – Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова, Іаана Златавуста. Сямікупальны сабор у форме крыжа, вытрыманы ў строгіх лініях псеўдарускага стылю, мае цікавую асаблівасць: увайсці ў яго можна з трох бакоў. У гады Першай сусветнай вайны сабор часта наведваў імператар Мікалай II. Галоўная святыня храма – спіс цудатворнага Магілёўска-Брацкага абраза Божай Маці. Тут жа захоўваецца абраз свяціцеля Мікалая з часцінкамі мошчаў, спісы Бялыніцкага і Баркалабаўскага абраза Божай Маці, абраз прападобнай Еўфрасінні Полацкай 1910 года.

Кафедральны сабор Успення Прасвятой Панны Марыі і Святога Станіслава

Кафедральны сабор Успення Прасвятой Панны Марыі і Святога СтаніславаВыдатны барочны касцёл Успення Прасвятой Панны Марыі быў пабудаваны ў Магілёве ў 1738-1752 гг. на месцы манастыра кармелітаў. Паводле аднаго з паданняў, яго пабудавалі з пячной цэглы, што прынеслі гараджане, згладжваючы віну за забойства мясцовага шляхціца. Пасля наведвання храма ў 1780 годзе імператрыца Кацярына II загадала выселіць манахаў, а касцёл пераўтварыць у кафедральны. У канцы XVIII стагоддзя ён быў рэканструяваны ў стылі класіцызму і тады ж атрымаў другую назву – у гонар святога Станіслава.

Гонар касцёла – аўтэнтычныя фрэскі другой палавіны XVIII стагоддзя, выкананыя рознымі майстрамі на біблейскія сюжэты. І гэта адзін з найбольш поўных і прафесійных евангельскіх цыклаў у Беларусі. На жаль, быў знішчаны ўнікальны арган, які, паводле падання, лічыўся ў Ватыкане пад №2. У наш час у храме штогод праходзяць канцэрты міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа".

Свята-Нікольскі манастыр

Свята-Нікольскі манастырГісторыя манастыра звязана са з’яўленнем у Магілёве царквы ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца: першае згадванне пра храм адносіцца да 1522 г. Летапісы расказваюць, што драўляная царква шмат разоў перабудоўвалася, не аднойчы была абрабавана, і, на жаль, згарэла ў час вялікага пажару. Але ў сярэдзіне XVII стагоддзя ў маляўнічай мясціне каля Дняпра пачалі будаваць мураваны манастыр. І сёння Свята-Нікольскі манастыр – адзін з нямногіх захаваных да нашых дзён культавых ансамбляў у стылі беларускага барока. Ён аб’ядноўвае Свята-Нікольскі сабор 1669-1672 гадоў пабудовы (уключаны ЮНЕСКА ў рэестр найбольш каштоўных збудаванняў Еўропы ў стылі барока), храм прападобнага Ануфрыя Вялікага 1798 г., званіцу, магільны склеп, жылыя памяшканні для насельніц. Гонар Свята-Нікольскага храма – надзіва прыгожы чатырох’ярусны іканастас, выкананы адмысловымі магілёўскімі разьбярамі XVII стагоддзя, сярод якіх быў ураджэнец Шклова Клім Міхайлаў, вядомы работай над царскім палацам у Каломенскім, палатамі Крамля. Такі іканастас можна ўбачыць толькі ў Смаленскім саборы Новадзявочага манастыра ў Маскве.

Свята-Нікольскі храм нярэдка наведваў апошні расійскі імператар Мікалай II, а раней у сценах манастыра паслушнікам быў Ілжэдзмітрый II.

Парк Падніколле

Парк ПадніколлеПарк Падніколле з’явіўся адносна нядаўна, хоць бераг Дняпра побач са Свята-Нікольскім манастыром заўсёды быў адной з самых маляўнічых мясцін горада. У 2014 г. тут заснавалі вялікі ландшафтна-рэкрэацыйны комплекс, які аб’ядноўвае некалькі зон – рэкрэацыйную, гістарычную, пляжную і інш. Па ўсёй тэрыторыі добраўпарадкаваны пешаходныя і веласіпедныя дарожкі, устаноўлены альтанкі, лаўкі, дзіцячае гульнявое абсталяванне і шмат іншага. У планах – сірынгарый, вяровачны гарадок, крыты каток са штучным ільдом, амфітэатр, парк мініяцюр, рэстаран нацыянальнай кухні, турыстычны комплекс, навясны мост у Задняпроўі… Парк актыўна развіваецца і хутка стаў месцам прыцягнення для магіляўчан і гасцей, пляцоўкай цікавых гарадскіх свят. Упрыгажэнне парку і адна з самых фатаграфуемых славутасцей горада – лесвіца з каскадам фантанаў, якая спускаецца ад плошчы Арджанікідзэ і вуліцы Карла Маркса на вуліцу Вялікую Грамадзянскую ў Падніколле. Яе вышыня прыкладна роўная сяміпавярховаму дому.

Плошча Леніна і Дом Саветаў

Плошча Леніна і Дом СаветаўЦэнтр сучаснага Магілёва – плошча Леніна. Да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі гэта была ўскраіна горада, дзе размяшчаліся сянны базар, казармы, турма. Але ўжо праз некалькі дзесяцігоддзяў лёс месца вельмі змяніўся. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны Мінск апынуўся вельмі блізка да заходняй граніцы краіны і ўзнікла пагроза нападзення. Урад прыняў рашэнне перанесці сталіцу ў Магілёў. За рэкордна кароткі тэрмін у 1937-1939 гг. тут з’явіліся маштабныя збудаванні, адпаведныя статусу галоўнага горада рэспублікі. Дамінантай новай плошчына скрыжаванні вуліцы Першамайскай (цэнтральнай вуліцы яшчэ губернскага Магілёва) і маладой магістралі (праспекта Міру) стала практычна дакладная копія мінскага Дома ўрада, пабудаваная згодна з праектам вядомага архітэктара Іосіфа Лангбарда. Тым не менш, пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР сітуацыя змянілася: сталіцай застаўся Мінск, але і Магілёў быў у выйгрышы, атрымаўшы імпульс для далейшага развіцця. А вялікая плошча ў стылі канструктывізму і сёння нагадвае пра тую незвычайную старонку гісторыі. Цяпер у будынку Дома Саветаў працуе Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт. На паўднёвым баку плошчы размешчаны яшчэ адзін манументальны будынак савецкай эпохі: да 1961 г. тут знаходзілася штаб-кватэра НКУС, пазней – Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, сёння – Беларуска-Расійскі ўніверсітэт.

Мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле"

Мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле"На ўскраіне Магілёва каля вёскі Буйнічы – у тым самым месцы, дзе ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны абаронцы горада стаялі насмерць – створаны мемарыял "Буйніцкае поле". Ён адкрыўся 9 мая 1995 г., а з 2002 г. з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. І ўражвае кожнага, хто бывае тут! Магілёў справядліва называюць "бацькам Сталінграда", бо яшчэ ў ліпені 1941-га, калі краіна толькі мабілізавала рэсурсы, тут паказалі прыклад небывалай мужнасці – 23 дні армейцы і народныя апалчэнцы трымалі абарону. Помнікам ім стаў комплекс, у цэнтры якога ўзнімаецца капліца з чырвонай цэглы ў стылі праваслаўнай архітэктуры. Унутры на мемарыяльных дошках – сотні прозвішчаў загінулых пры абароне Магілёва, а пад купалам – маятнік Фуко як сімвал вечнай памяці аб абаронцах. Пад капліцай уладкаваны склеп, дзе і ў нашы дні праводзіцца ўрачыстае перапахаванне астанкаў воінаў, знойдзеных на полі бою ў навакольнай мясцовасці Магілёва. Ад манумента-капліцы разыходзяцца 4 алеі. Адна з іх прысвечана першаму "летапісцу" магілёўскай абароны – журналісту і пісьменніку, аўтару рамана "Жывыя і мёртвыя" Канстанціну Сіманаву. У ліпені 1941-га ён у якасці ваеннага карэспандэнта быў пад Магілёвам і бачыў гэту крывавую бітву на ўласныя вочы, а ў 1979 г. "вярнуўся" сюды, завяшчаўшы развеяць прах менавіта над Буйніцкім полем. Недалёка ад капліцы знаходзіцца Возера Слёз, якое ўвасабляе пакуты ўсіх маці, страціўшых дзяцей у час вайны… Акрамя таго, у мемарыяльным комплексе сабрана калекцыя баявой тэхнікі і гармат, якую можа агледзець кожны госць.

Ваенны музей пад адкрытым небам

Ваенны музей пад адкрытым небамНасупраць мемарыяльнага комплексу "Буйніцкае поле" ёсць яшчэ адзін унікальны аб’ект для тых, хто цікавіцца гісторыяй Другой сусветнай вайны. Па ініцыятыве выкладчыкаў і навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа ў Буйнічах створаны ваенны музей пад адкрытым небам. Ён расказвае пра не менш гераічныя падзеі, якія адбываліся цераз дарогу ад Буйніцкага поля ў час вызвалення Беларусі. На плацдарме вышынёй 40 метраў над узроўнем Дняпра – а цяпер на гэтай тэрыторыі знаходзіцца навучальная ўстанова – размяшчаліся моцныя нямецкія ўмацаванні. 27 чэрвеня 1944 г. чырвонаармейцы пад камандаваннем старшага лейтэнанта Івана Мяльнова пад кулямётным агнём ворага фарсіравалі раку, узлезлі на строму і выбілі немцаў з іх пазіцый… Праз 70 гадоў было вырашана аднавіць тут гістарычную лінію абароны – максімальна дакладна, абапіраючыся на архіўныя дакументы і ўспаміны відавочцаў ваенных падзей. Пачаўся музей з нямецкай даўгачаснай агнявой кропкі, што захавалася з часоў Другой сусветнай, і з кожным годам экспанатаў становіцца ўсё больш. Напрыклад, другі сапраўдны нямецкі жалезабетонны дот вагой каля 45 тон прывезлі сюды з Быхаўскага раёна. Цяпер у калекцыі музея – гарматы і тэхніка ваенных гадоў, адноўленыя траншэі, зямлянка, бліндаж, наглядальная вышка…

Магілёўскі заасад

Магілёўскі заасадЗаасад – таксама праект, які ў пачатку 2000-х пачаў развівацца пад патранажам мясцовага агралесатэхнічнага каледжа і з вучэбнай лабараторыі ператварыўся ў адну з самых папулярных славутых мясцін Магілёва. Ён распасцёрся ўздоўж Дняпра на тэрыторыі 150 гектараў. Трыццаць з іх займае ўтульная "жылая зона", дзе гадаванцы ўтрымліваюцца ў вальерах, і госці могуць паназіраць за імі. У кожнага з 20 відаў жывёл – а ўсяго іх прыкладна 350, "дом" абсталяваны з максімальнымі выгодамі. Астатняя тэрыторыя – амаль 120 гектараў – адведзена для практычна вольнага паселішча зуброў, аленяў, ланей, муфлонаў… Убачыць гэтых жыхароў заасада і палюбавацца маляўнічымі прасторамі ў даліне Дняпра можна, накіраваўшыся ў міні-падарожжа на поездзе "Сафары на чыгунцы". На маршруце працягласцю 2 км можна таксама назіраць разгалінаваную сістэму каньёнаў, якія ўтварыліся на тэрыторыі сучаснага заасада яшчэ ў ледавіковы перыяд.

Турысцка-этнаграфічны комплекс "Беларуская вёска XIX стагоддзя"

Турысцка-этнаграфічны комплексДа заасада прылягае стылізаваная "Беларуская вёска" – турыстычны комплекс і музей пад адкрытым небам. Прагульваючыся па яе вулачках, можна ўявіць, як жылі вяскоўцы на магілёўскіх землях у пазамінулым стагоддзі. У вёсцы ёсць вятрак, майстэрні ткача, цесляра, каваля, пекара, ганчара і нават самагоншчыка. Кожны з іх азнаёміць гасцей з сакрэтамі сваёй справы. У каларытным "доме памешчыка" размясціліся кафэ і гасцініца. Побач – "Карчма", дзе можна пакаштаваць стравы беларускай кухні і аўтэнтычныя напоі.

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: