Старажытны горад Бярэсце, імперскі Брэст-Літоўск, міжваенны Брэст-над-Бугам, гераічны Брэст… Горад, які адзначае ў бягучым годзе свой міленіум – культурная сталіца СНД-2019 – нязменна прыцягвае гасцей непаўторнай атмасферай. Гэта месца – спалучэнне арыгінальнай архітэктуры розных часоў, дзіўных гарадскіх легенд і незвычайных персанажаў: чаго заслугоўвае адзін толькі ліхтаршчык, які стаў жывой гісторыяй Брэста. Рэкамендуем вам таксама ўключыць у свой маршрут размешчаныя непадалёку, такія розныя па ўражаннях, эмоцыях і напаўненні, але такія абавязковыя для наведвання мясціны, як Брэсцкая крэпасць-герой і прыродная жамчужына са Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА Белавежская пушча. Гэта трыа – сапраўднае must see Брэсцкай вобласці, што даступна для замежных турыстаў без візы на працягу 10 дзён.
Чыгуначны вакзал
Па надпісе "БРЭСТ", які бачны здалёк, і шпілі з зоркай, што ўзвышаецца над ім, становіцца зразумела: месца прыбыцця і адпраўлення, кропка адліку горада знаходзіцца тут. Некалі самы вялікі і прыгожы ў Расійскай імперыі, чыгуначны вакзал Брэста быў значна пашкоджаны ў час Другой сусветнай вайны і пазней рэканструяваны. Выгляд будынка знешне нагадвае сталінскія вышынныя дамы Масквы, а інтэр’ер уражвае багатым дэкорам з мармуру і граніту.
Вуліца Савецкая і знакаміты Ліхтаршчык
На мясцовым "Арбаце" – цэнтральнай пешаходнай вуліцы Брэста – штодзень можна сустрэць чалавека, які ўжо стаў брэндам горада – Ліхтаршчыка. За цырымоніяй запальвання сапраўдных газавых ліхтароў (а антураж працэдуры ацэніць любы эстэт: спецыяльная форма – сіні кіцель і фуражка, каваная лесвічка), нязменна назіраюць натоўпы турыстаў, многія з якіх адважваюцца прыняць удзел непасрэдна ў рытуале. Гарадская легенда гаворыць, што варта толькі патрымацца за гузік Ліхтаршчыка, як любое запаветнае жаданне здзейсніцца. Даведацца, калі Ліхтаршчык з’явіцца на "працоўным месцы", можна, зірнуўшы на гадзіннік у пачатку алеі ліхтароў.
Помнік 1000-годдзю Брэста
Помнік тысячагоддзю Брэста з’явіўся за 10 гадоў да яго міленіуму – у 2009 годзе. Манумент уяўляе сабой своеасаблівую мадэль горада: на 11-метровым круглым гарэльефе можна разгледзець важныя для гісторыі сюжэты: ад легенды аб заснаванні Бярэсця да пакарэння незямных арбіт беларускім касманаўтам родам з Брэсцкага раёна Пятром Клімуком. Вянчае 15-метровае збудаванне фігура анёла-заступніка, пад чыімі крыламі размясціліся скульптуры, якія ўвасабляюць гістарычных асоб і тры збіральныя вобразы – летапісца, маці і сына.
Брэсцкі тэатр драмы
Пабудова выканана адразу ў некалькіх архітэктурных стылях: тут функцыяналізм і канструктывізм спалучаюцца з класічнымі элементамі дэкору. Унутры будынка, у які трэба зазірнуць як мінімум на міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа", таксама знаходзіцца невялікая зала-музей. Хоць афіцыйна яна такой не лічыцца, тут можна ўбачыць мноства цікавых экспанатаў: бутафорыю, касцюмы, эскізы сцен і дэкарацый у карцінах і макетах.
Алея і сквер ліхтароў
Брэст – горад ліхтароў. Гэтым утульным асвятляльным прыборам тут прысвечана адразу некалькі месцаў. Акрамя вышэй апісанай Савецкай, у горадзе размясцілася цэлая алея ліхтароў-скульптур на вуліцы Гогаля (дарэчы, некалькі работ на сюжэты з твораў класіка тут таксама ёсць) і сквер старадаўніх ліхтароў на вуліцы Фаміна, дзе пад рэтра-музыку настальгічна пераміргваюцца лямпачкі рознакаляровых агнёў.
Месца для пацалункаў
Сцісла і па справе: гэта месца ідэальна прыдатнае для таго, каб стаць ключавым пунктам вашай рамантычнай прагулкі або спаткання. Менавіта Брэст стаў першым у Беларусі горадам, дзе з’явіўся адпаведны знак "Месца для пацалункаў". Арыенцір – дом 21 па вуліцы Дзяржынскага.
Музей Высоцкага
Аматарам творчасці Уладзіміра Высоцкага рэкамендуем пабываць у люксе нумар 209 гасцініцы "Буг": калі не пераначаваць (што, вядома, уваходзіць у прэйскурант паслуг атэля), то хаця б азнаёміцца з месцам, дзе двойчы спыняўся знакаміты бард. Акрамя нумара, стылізаванага ў духу 1970-х, можна наведаць музей, у якім знаходзіцца адзінае генеалагічнае дрэва Высоцкіх, што даказвае: карані вялікага музыканта – з Брэст-Літоўска, у якім жылі і працавалі яго прадзед і дзед.
Музей чыгуначнай тэхнікі
Абноўлены да грандыёзнага юбілею горада, музей прапануе наведвальнікам азнаямленне з чыгуначнай тэхнікай як у натуральную велічыню (калекцыя налічвае больш за 60 экспанатаў), так і ў макетах. На апошніх можна ўбачыць стылізаваныя вакзалы Беларусі, мадэлі лакаматываў і рэтра-вагонаў. Верагодна, частку экспанатаў вы ўжо бачылі, калі глядзелі кіно – напрыклад, знакамітую "Брэсцкую крэпасць" – бо дзеючая тэхніка актыўна выкарыстоўваецца для здымак.
Краязнаўчы музей
У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі стартаваў унікальны праект "12 артэфактаў", прысвечаны тысячагоддзю горада: на працягу года тут будуць дэманстраваць эксклюзіўныя прадметы, якія дагэтуль захоўваліся ў фондах і не прадстаўляліся публіцы. Кожны месяц на працягу толькі тыдня будзе экспанавацца адзін артэфакт, звязаны з гісторыяй і культурай Брэстчыны. Першым стаў самшытавы грэбень XIII стагоддзя з нанесенымі на яго 13 літарамі кірыліцы.
Музей Дзядоў Марозаў і Снягурачак
Незвычайны музей, зазірнуўшы ў які можна апынуцца ў навагодняй казцы, знаходзіцца ў доме брастаўчанкі Ганны Кавалёвай. Азнаямленне з калекцыяй з 400 фігурак Дзядоў Марозаў і Снягурачак суправаджаецца экскурсам у гісторыю Новага года і традыцый яго святкавання. Трапіць у арыгінальны музей можна па папярэднім запісе.
Парк культуры і адпачынку
Прагуляцца па алеях, злучаных шматлікімі масткамі, памедыціраваць каля возера, паглядзець на горад з вышыні птушынага палёту, седзячы ў кабінцы кола агляду – парк культуры і адпачынку можна назваць ідэальным месцам для таго, каб выбрацца з гарадской мітусні, не выязджаючы з Брэста.
Вяслярны канал
Каля Вяслярнага канала дарэчы і актыўны спорт, і няспешныя прагулкі, і гарадскія пікнікі. Мясцовыя жыхары раяць пабываць у гэтай маляўнічай мясціне на захадзе сонца і палюбавацца градыентнымі пейзажамі неба, што адбіваецца ў воднай роўнядзі.
Велізарная пяціканцовая зорка, прарэзаная ў бетонным блоку – уваход-партал у час самых страшных старонак гісторыі Брэста, гераічных подзвігаў і неверагодных страт. Маршрут па цэнтральным востраве крэпасці (Цытадэль) уключае:
На тэрыторыі Шпітальнага вострава знаходзіцца ўнікальны археалагічны музей "Бярэсце" з захаванымі да нашых часоў жылымі пабудовамі XIII стагоддзя; дзеючы Свята-Раства-Багародзічны манастыр і руіны Бернардзінскага.
Паўночны востраў – месца нешматлюднае, але чароўнае. Сярод дзікарослай зеляніны можна ўбачыць мясцовыя "артэфакты"-славутасці, круглае возера (паводле легенды, яно ўзнікла на месцы ўзрыву бомбы), прагуляцца па заходнім і ўсходнім фартах.
Каб трапіць на Пагранічны востраў, неабходна падаць заяўку за 10 дзён да яго наведвання. Акрамя таго, самастойна туды не дабрацца: вас пусцяць толькі ў складзе экскурсійнай групы.
Больш падрабязна пра Брэсцкую крэпасць
Прагулка па старажытным рэліктавым лесе Еўропы, які ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, абяцае падарожніку неверагоднае багацце флоры і фаўны, прадуманую інфраструктуру (развітая сетка асфальтаваных дарожак дазваляе скласці свой уласны веламаршрут па пушчы) і два музеі – прыроды і народнага побыту. Акрамя таго, тут круглы год жыве галоўны беларускі Дзед Мароз. У казачнага чараўніка ёсць свая рэзідэнцыя, якая штогод лідзіруе ў топ самых папулярных у турыстаў мясцін.
Больш падрабязна пра Белавежскую пушчу
Больш падрабязна пра сядзібу беларускага Дзеда Мароза