Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Што паглядзець у Лоеве: геалагічнае агаленне, купецкая спадчына старога горада, мемарыял і музей легендарнай бітвы за Днепр

Што паглядзець у Лоеве: геалагічнае агаленне, купецкая спадчына старога горада, мемарыял і музей легендарнай бітвы за Днепр

На ўскраіне палескіх зямель, дзе Сож упадае ў Днепр, стаіць гарадскі пасёлак Лоеў, добра вядомы знаўцам ваеннай гісторыі. Узнікшы на месцы старажытнага гарадзішча дрыгавічоў, ён захоўвае мноства артэфактаў мінулага. У былыя часы цераз паселішча праходзіў легендарны гандлёвы шлях "з варагаў у грэкі". Менавіта тут размяшчаўся адзін з пагранічных бастыёнаў князёў Кіеўскай Русі, а ў далейшым Лоеў быў "яблыкам разладу" паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім. У гады Вялікай Айчыннай вайны Лоеўшчына стала сведкай неверагоднага подзвігу савецкіх салдат. Фарсіраванне ракі на гэтым участку фронту – адзін з найбольш кровапралітных эпізодаў у знакамітай бітве за Днепр. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры штурме Усходняга вала ў Лоеўскім раёне, Героямі Савецкага Саюза сталі 365 чалавек! Многія – пасмяротна… Усяго за фарсіраванне Дняпра высокага звання ўдастоены 2438 чалавек, што з'яўляецца своеасаблівым рэкордам Другой сусветнай вайны.

Першае пісьмовае згадванне пра Лоеў датуецца 1505 годам, калі крымскія татары пераправіліся цераз Днепр і дашчэнту спалілі горад. Аднак гісторыкі лічаць, што паселішча ўзнікла намнога раней – гэтаму спрыяла выгаднае геаграфічнае становішча, паколькі шлях "з варагаў у грэкі" быў важнейшым гандлёвым каналам, што звязваў больш за сотню гарадоў.

Нават сама назва Лоева сведчыць аб тым, што паселішча ўзнікла дзякуючы маракам і негацыянтам. Слова "лоіва", або "лонва" азначала вялікі човен, лодку. Шырокі тутэйшы бераг дазваляў не толькі прычаліць суднам, але і даваў магчымасць размясціцца на начлег і пагрэцца каля вогнішча стомленым падарожнікам. Паводле другой версіі, імя горада звязана са словам "лой": так называлі барановы тлушч, якім змазвалі і мазалі караблі. Таксама існуе меркаванне, што Лоеў названы па імені аднаго з купцоў, якога звалі Лой. Лічыцца, што гэты гандляр ацаніў выгаднае размяшчэнне стаянкі для лодак і вырашыў застацца. Ён збудаваў некалькі дамоў, каб у далейшым маракам было дзе атрымаць прытулак і вячэру. У хуткім часе пабудавалі царкву, і паступова з'явілася мястэчка, названае ў гонар кемлівага Лоя.

У XIV стагоддзі гарадок увайшоў ва ўладанні Вялікага Княства Літоўскага. У гэты час на правым беразе Дняпра пабудавалі замак, а паселішча вакол яго назвалі Лоева гара. У сярэдзіне XVI стагоддзя горад атрымаў Магдэбургскае права. Аднак будучы пагранічным бастыёнам, Лоеў не аднойчы станавіўся полем бітвы. У 1536 і 1538 гадах татары дашчэнту спальвалі паселішча, у канцы ліпеня 1649 года адбылася бітва казацка-сялянскай вайны 1648-1651 гг. паміж войскамі ўкраінскага гетмана Багдана Хмяльніцкага і военачальніка Рэчы Паспалітай Януша Радзівіла. Тым не менш кожны раз жыхары адбудоўвалі гарадок нанава.

Найбольш вядомым Лоеў стаў у час Вялікай Айчыннай вайны. Восенню 1943 года разгарнулася бітва за Дняпро – адна з буйнейшых аперацый на Усходнім фронце. Па зямлі Лоеўшчыны праходзіў стратэгічны абарончы рубеж гітлераўцаў – Усходні вал – сістэма моцных умацаванняў на высокіх берагах рэк. Нямецкія генералы лічылі яго непераадольным бар'ерам для Чырвонай Арміі. Аднак Цэнтральны фронт пад камандаваннем Канстанціна Ракасоўскага разарваў гэту лінію і авалодаў плацдармам на беразе Дняпра каля Лоева, які аказаўся ў эпіцэнтры падзей. …Знаходзячыся ўнізе на вадзе, чырвонаармейцы былі як на далоні. Пад градам куль і снарадаў яны перапраўляліся ўплаў, на плытах і лодках. Ваенны рэпарцёр газеты "Правда" напісаў: "На Днепре бойцы превзошли сами себя. Их нельзя назвать храбрыми, они сверххрабрые".

Гэты прарыў меў ключавое значэнне для далейшага паспяховага вызвалення Беларусі. Аб яго важнасці сведчыць і тое, што за фарсіраванне Дняпра 2438 воінаў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Такое масавае ўзнагароджванне за адну аперацыю было адзіным за ўсю гісторыю вайны.

Цікавы факт: 65-я армія пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Паўла Батава прарвала на дняпроўскіх берагах магутную нямецкую лінію, у гонар чаго Лоеў нават хацелі перайменаваць у Батаў. І ўсё ж горад захаваў сваю гістарычную назву.

І сёння ў пагранічным Лоеве можна ўбачыць рэдкія гістарычныя і прыродныя аб'екты, археалагічныя знаходкі, помнікі, якія расказваюць пра мінулае Палесся і гераічнай Беларусі.

Мемарыяльны комплекс "Бітва за Дняпро"

Бітва за Дняпро восенню 1943 года стала адной з буйнейшых у гісторыі чалавецтва. З абодвух бакоў у гэтай бітве прынялі ўдзел да 4 мільёнаў чалавек, а фронт расцягнуўся амаль на 750 кіламетраў. "Хутчэй Дняпро пацячэ назад, чым рускія возьмуць Усходні вал". Гэтыя словы Гітлера ў 1943-м былі лейтматывам нямецкай прапаганды. Надзеі на "Усходні вал" – ад Нарвы да нізоўяў Дняпра – ускладаліся вялізныя: сістэму эшаланіраванай абароны на высокіх берагах рэк фашысты лічылі непераадольнай для Чырвонай Арміі. Але Гітлер пралічыўся. Воды Дняпра ў дні гэтай памятнай восені сталі чырвона-бурымі ад патокаў крыві.

Вызваленне Лоева – важная частка самай гераічнай бітвы Другой сусветнай. Да нашых дзён горад свята шануе памяць пра салдат, загінулых у барацьбе за гэту зямлю. У 2015-м – да святкавання 70-й гадавіны Вялікай Перамогі – на цэнтральнай плошчы была ўзведзена Алея Герояў. На гранітных стэлах залатымі літарамі нанесены прозвішчы 365 воінаў, удастоеных самага высокага звання за баі на лоеўскім плацдарме. Побач пад адкрытым небам размешчаны пляцоўкі з ваеннай тэхнікай.

Брацкая магіла з помнікам невядомаму салдату дала спачын 544 воінам, загінулым у час фарсіравання Дняпра. Пахаванне каля цэнтральнай плошчы стала магілай для Герояў Савецкага Саюза Хаміта Агліуліна, Пятра Акуцыёнка, Максіма Апарына, Еўдакіма Волкава, Івана Карачарава, Барыса Царыкава, Мікалая Шавялёва. Іх імёны ўвекавечаны не толькі на мемарыяле – яны жывуць і ў назвах вуліц Лоева.

У цэнтры комплексу – стэла "Манумент Славы", абліцаваная гранітам з бронзавымі барэльефамі і ўвянчаная залатой зоркай. Гэты будынак узвялі ў 1966 годзе. Адкрываў помнік генерал Павел Іванавіч Батаў разам з іншымі ўдзельнікамі фарсіравання Дняпра. Калі ў 2015 годзе стэлу рэстаўрыравалі, знайшлі загорнутую ў газету "Правда" бутэльку з запіскай, датаванай 30 кастрычніка 1965 года – ад воінаў-будаўнікоў, якія ўстанаўлівалі помнік. Знаходку перадалі ў музей. У той жа дзень было прынята рашэнне змясціць у адрэстаўрыраваны абеліск новую капсулу часу з наказам нашчадкам берагчы і захоўваць мір. Манумент Славы з'яўляецца сімвалам адвагі і мужнасці, што былі праяўлены ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі, візітнай карткай Лоева.

Сёння на тэрыторыі Лоеўскага раёна пахавана звыш 10 тысяч воінаў, якія загінулі пры вызваленні краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод іх – 43 Героі Савецкага Саюза.

Адрас: Цэнтральная плошча

Музей бітвы за Дняпро

Лоеўскі "Музей бітвы за Дняпро" адкрыўся для наведвальнікаў у 1985 годзе і з'яўляецца філіялам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут захоўваецца больш за 5000 экспанатаў. Музей часта праводзіць сустрэчы з ветэранамі, канцэрты і тэматычныя вечары, ваенна-гістарычныя канферэнцыі і акцыі, дні памяці.

Экспазіцыя размешчана ў дзвюх залах. У першай можна даведацца пра пачатак і падрыхтоўку да фарсіравання Дняпра на Гомельшчыне войскамі Цэнтральнага фронту пад камандаваннем генерала арміі Канстанціна Ракасоўскага. Экспазіцыя другой залы раскажа пра баявыя дзеянні 65-й арміі пад кіраўніцтвам генерал-лейтэнанта Паўла Батава, якая вызваляла Лоеў і раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сярод прадстаўленых матэрыялаў – дакументальныя звесткі аб салдатах-земляках, спадручныя сродкі пераправы, воінская амуніцыя і нават прыватныя калекцыі зброі. Асаблівую цікавасць уяўляюць сабой баявыя ўзнагароды і асабістыя фатаграфіі франтавікоў, а таксама партызанскі дзённік і антыфашысцкія насценгазеты.

Адрас: вул. Савецкая, 3

Купецкія дамы старога Лоева

У XVIII стагоддзі Лоеў быў вядомым цэнтрам гандлю са штогадовымі вялікімі кірмашамі. У горадзе працавалі млыны і шляны завод. Тут будавалі караблі, выраблялі канаты, ганчарныя вырабы і дубленыя скуры.  Акрамя таго, дзейнічалі пошта, прыстань і паром на Дняпры. Менавіта ў гэты перыяд развіцця паселішча было пабудавана некалькі купецкіх дамоў, кожны з якіх з'яўляецца помнікам архітэктуры і ўнесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Уладальнікам аднаго з будынкаў каля берага ракі быў лесапрамысловец Навум Даўгін. Двухпавярховы асабняк на высокім фундаменце прыкметна вылучаецца на фоне радавой правінцыяльнай забудовы сярод крон мясцовых садоў. Вялікія вокны другога паверха аформлены сандрыкамі, шалёўкай і арнаментам, лучковыя аконныя праёмы першага паверха выкананы з замкавага каменю. Раней першы паверх дома займала гасцініца. Тут адпачывалі пасля дзённых пераходаў маракі з караблёў і барж, гандляры ў перыяд кірмашоў. Другі паверх займала сям'я Даўгіных. Пабудаваны ў 1847 годзе, дом з'яўляецца самым старым з тых, што захаваліся ў Лоеве.

Сёння ў асабняку размяшчаецца цэнтральная раённая бібліятэка.

Адрас: вул. Савецкая, 1

Яшчэ адзін купецкі дом пабудаваны з цэглы ў пачатку ХХ стагоддзя. Будынак уяўляе сабой прамавугольнае аднапавярхове збудаванне, пакрытае вальмавым дахам. Галоўны паўднёвы фасад сіметрычны, упрыгожаны рэйкамі, карнізам і пранізаны арачнымі аконнымі праёмамі ў молдынгах. Паводле расказаў краязнаўцаў, гэты будынак мог прыналежаць брату купца Навума Даўгіна. У асабняку доўгі час размяшчалася гасцініца, а ў нашы дні тут знаходзіцца прадстаўніцтва страхавой кампаніі.

Адрас: вул. Савецкая, 4

Гаспадаром дома па суседстве называюць або купца Гіля, або яго калегу Смоліча. Да рэвалюцыі на першым паверсе размяшчалася скабяная крама, на другім – жылыя памяшканні. Пасля Вялікай Айчыннай вайны доўгі час тут знаходзіўся раённы камітэт КПБ. У нашыя дні асабняк займае рэдакцыя мясцовай газеты.

Адрас: вул. Леніна, 6

Аднапавярховы прамавугольны будынак з трохсхільным дахам пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. Маленькі дом зачароўвае складаным карнізам з упрыгожаннем у выглядзе сухарыкаў. Гаспадар і архітэктар невядомыя. Цяпер у гэтым памяшканні размешчаны філіял банка.

Адрас: вул. Леніна, 23

Геалагічнае агаленне "Лоеў" (Лоеўскі разлом Лоева-Данецкай упадзіны)

Сярод аб'ектаў прыроды Беларусі, якія маюць навуковае, прыродна-гістарычнае, культурна-пазнавальнае і эстэтычнае значэнне, існуюць помнікі асаблівай групы – геалагічныя агаленні – выхады на зямную паверхню горных парод. Яны захоўваюць у сабе рэшткі раслінных і жывёльных арганізмаў. Часцей за ўсё гэта кветкавы і драўняны пылок, споры, насенне. Іх даследаванне дае магчымасць устанавіць, якія флора і фаўна пераважалі ў розныя перыяды геалагічнага мінулага – не толькі стагоддзяў, але і тысяч, мільёнаў гадоў таму! 

Лоеўскае геалагічнае агаленне – гэта ўнікальны разрэз старажытных азёрна-балотных адкладаў муравінскага міжстадыяла і папярэдняга позналедавікоўя (так званага лоеўскага інтэрстадыяла). Яго вышыня складае 18–20 метраў.  Вучоныя знайшлі ў нетрах насенне, пылок і споры больш як 100 відаў раслін, якія раслі 130 тысячагоддзяў таму. Акрамя таго,  спецыялісты змаглі вызначыць клімат і апісаць раслінны і жывёльны свет гэтай тэрыторыі пасля ледавіковага перыяду (каля 15 тысяч гадоў таму).

Беларускія вучоныя даследуюць аб'ект з 1930 года, а ў 1963-м яго аб'явілі помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Акрамя таго, Лоеўскае геалагічнае агаленне мае сусветную вядомасць. На планеце існуе два такія па характарыстыках разрэзы. Другі знаходзіцца ў Аргенціне, аднак ён размешчаны ў цяжкадаступным для вывучэння раёне.

Адрас: Лоеўскі гарадскі парк

Рэспубліканскі біялагічны заказнік "Днепра-Сожскі"

Атрымаць асалоду ад некранутай прыроды Палесся, прагуляцца па стагадовых дубровах і хвойніках, палюбавацца пейзажамі пойменных лугоў з вышыні абрывістага берага – усё гэта магчыма ў заказніку "Днепра-Сожскі", размешчаным паблізу Лоева. Дзякуючы паромнай пераправе і экалагічным маршрутам госці могуць падарожнічаць як па сушы, так і па рацэ. Азёры-старыцы, лясныя нізінныя балоты, затокі і пратокі рэк фарміруюць воднае ўбранне заказніка.

Лоеўшчына – дом для рэдкіх відаў, унесеных у Чырвоную кнігу Беларусі: 20 відаў птушак і 2 віды млекакормячых, 12 відаў раслін. Цікава, што матыль стракатка Сапфо (лац. Neptis sappho), які, лічылася, знік у нашай краіне, быў знойдзены менавіта ў Днепра-Сожскім заказніку ў 2018 годзе. Існавала меркаванне, што гэты від матылькоў у Беларусі знік пасля 1902 года – тады было зафіксавана апошняе іх згадванне. Таксама на тэрыторыі заказніка заўважылі яшчэ адзін рэдкі экзэмпляр – зерынцію Паліксену (лац. Zerynthia polyxena), уключаную ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Заказнік "Днепра-Сожскі" стаў адной з тэм для каштоўных памятных манет Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Выявы званка лілеялістага і сцерлядзі, якія сустракаюцца ў запаведніку, адлюстравалі на сярэбранай манеце ў 2007 годзе.

Адрас: в. Карпаўка, Лоеўскі раён

Мохаўскі археалагічны комплекс

У Беларусі захаваліся археалагічныя помнікі агульнаеўрапейскага значэння, якія паказваюць, як фарміравалася Кіеўская Русь і як адбывалася аб'яднанне зямель Беларусі, Украіны і Расіі.

Недалёка ад Лоева размешчаны самы вялікі некропаль у Прыпяцкім Палессі – Мохаўскія курганы. Першае пахаванне, якое ў 1890 годзе знайшоў прафесар Уладзімір Зянонавіч Завітневіч, адносіцца да другой паловы IX стагоддзя. Таксама зафіксавана звыш 600 курганоў, сярод якіх нямала пахаванняў воінаў, што жылі са сваімі сем'ямі і былі на службе ў кіеўскіх князёў.

У час раскопак у Мохаве знойдзены гаршкі з касцьмі, перацягнутыя жалезнымі кручанымі абручамі, сякеры, наканечнікі коп'яў і стрэл, а таксама іншы воінскі рыштунак. Нетыповымі (для радавых могільнікаў) знаходкамі Мохава выглядаюць драўлянае вядро, каромысел шаляў, "шышачныя" каралі і інш.

Згодна з заключэннем Завітневіча, у наваколлі Лоева знаходзіўся ваенізаваны лагер, пабудаваны ў X-XI стагоддзях вялікімі князямі ўсходнеславянскай дзяржавы ў мэтах кантролю над шляхам "з варагаў у грэкі".

Адрас: в. Мохаў, Лоеўскі раён

Дзесятуха і шанаванне святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы

Адна са старажытных традыцый Лоеўшчыны – святкаванне Дзесятухі, калі ўшаноўваюць святую велікамучаніцу Параскеву Пятніцу, заступніцу краю.

Паводле падання, цудатворны абраз святой з'явіўся на сасне ў 1710 годзе. Адбылося гэта ў дзясятую пятніцу пасля Вялікадня ў лесе паміж вёскамі Шчытцы і Крупейкі. Мясцовыя жыхары пабудавалі там капліцу, а пазней, у 1872 годзе, узвялі драўляную царкву. У гэтым месцы на свята Дзесятухі праходзілі малебны і кірмашы.

У савецкія гады царква і капліца былі разбураны. Але народная пагалоска гаворыць, што велікамучаніца Параскева не пакінула жыхароў: старыя вераць, што яна абараніла Лоеў у гады Вялікай Айчыннай вайны, адвёўшы ад яго бяду і гібель. У 1943 годзе нямецкія войскі адступалі і мелі намер спаліць горад. Аднак 16 кастрычніка, якраз напярэдадні дня святой Параскевы, Лоеў быў вызвалены савецкімі войскамі.

Пасля вайны царкву адбудавалі нанава, а ў далейшым штогод ушаноўвалі памяць не толькі воінаў-абаронцаў, але і дзеянні велікамучаніцы-заступніцы. Кожную Дзесятуху хрэсным ходам з цудатворным абразом Параскевы Пятніцы жыхары са свяшчэннікамі ішлі па вуліцах Лоева да месца разбуранага ў 1937 годзе храма, дзе цяпер стаіць памятная капліца. І ў наш час у дні святкавання Дзесятухі Лоеў чуе ўрачысты перазвон перасовачнай званіцы, якая ўслаўляе мір і спакой над роднай зямлёй

 

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: