Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Турызм
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Гід па Беларусі

Гід па Беларусі: ідэі для вашых падарожжаў!

Што паглядзець у Лідзе: замак вялікага князя Гедыміна, вяселле караля Ягайлы, старадаўняя піваварня і гучны open air

Што паглядзець у Лідзе: замак вялікага князя Гедыміна, вяселле караля Ягайлы, старадаўняя піваварня і гучны open air

Горад Ліда, назва якога нагадвае прыгожае жаночае імя, нядаўна адзначыў 697-годдзе. У летапісах ён упершыню згадваецца ў 1323 годзе, але гісторыкі ўпэўнены, што паселішча з'явілася значна раней. А ў пачатку ХIV стагоддзя князь Гедымін – заснавальнік знакамітай дынастыі правіцеляў ВКЛ – заклаў у месцы зліцця рэк Лідзеі і Каменкі, якая цяпер амаль знікла, замак на насыпным пагорку. Яго моцныя сцены павінны былі абараняць гараджан ад частых у той час нападаў татараў і тэўтонскіх рыцараў.

Нягледзячы на рамантычную версію, назва горада паходзіць зусім не ад цудоўнай гераіні, а ад балцкіх слоў lydimas, lyda – "высечка", "апрацаванае поле на месцы высечанага лесу". У 2020 годзе Ліда атрымала ганаровы тытул культурнай сталіцы Беларусі. І ў рамках гэтага маштабнага праекта, нават нягледзячы на эпідэміялагічныя абмежаванні ў сувязі з COVID-19, горад па-новаму адкрыўся гасцям. Акрамя таго, яшчэ ў лістападзе 2019-га Ліда ўвайшла ў склад бязвізавай зоны, куды грамадзяне больш як 70 дзяржаў могуць прыехаць на 15 дзён.

І, несумненна, у самабытным горадзе ёсць што паглядзець. Архітэктурныя славутыя мясціны, непаўторная атмасфера Сярэдневякоўя, забавы з жыцця воінаў і дам, старадаўнія традыцыі піваварства і яркі open air фестываль – за гэта любяць Ліду беларусы і падарожнікі з іншых краін.

Лідскі замак

Самая грандыёзная спадчына Ліды – замак, закладзены ў 1323 г. вялікім князем Гедымінам, родапачынальнікам легендарнай дынастыі і заснавальнікам сталіцы ВКЛ Вільні. Лідскі бастыён справядліва лічаць унікальным, бо гэта першы мураваны замак Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі Беларусі. Ён і паслужыў правобразам іншага вядомага замка, які пазней у мястэчку Мір пабудаваў намеснік Ліды князь Юрый Ільініч. Хоць у адрозненне ад Мірскага, Лідскі замак вельмі аскетычны: глухія сцены з невялікімі вокнамі-байніцамі былі прызначаны ў першую чаргу абараніць ад ворага.

У гісторыю Лідскі замак увайшоў шматлікімі аблогамі, штурмамі, разбурэннямі ў ходзе войнаў. Пасля пажару 1891 г., калі згарэў практычна ўвесь цэнтр Ліды, улады пачалі разбіраць і прадаваць замкавыя збудаванні на матэрыялы для аднаўлення горада. У той час амаль зніклі астаткі паўднёва-заходняй вежы, частка заходняй сцяны.

У пачатку ХХ стагоддзя была праведзена невялікая рэстаўрацыя. Летам у замкавым двары спыняліся цырк-шапіто альбо звярынец, а зімой ставілі калядную ёлку і залівалі каток... У 1953 г. Лідскі замак увайшоў у спіс ахоўных помнікаў архітэктуры, але, на жаль, ад разбурэнняў гэта яго не ўратавала. З 1983 года аб'ект быў поўнасцю закансерваваны.

І толькі ўжо ў незалежнай Беларусі Лідскі замак пачаў вяртацца да жыцця. Былі адноўлены страчаныя фрагменты крапасных сцен, рэканструяваны вежы. У 2017-м адкрылася вежа Вітаўта, дзе размяшчаецца выставачная экспазіцыя рэдкіх артэфактаў. У 2020-м пасля рэстаўрацыі раскрыла вароты і вежа Гедыміна. Цікава, што тут няма агароджы, як звычайна ў музеях – наадварот, дазволена кранаць экспанаты, можна нават прысесці на выстаўленую мэблю. Але самае галоўнае, што ў Лідскім замку лёгка адчуць сябе сярэдневяковым князем або прыгожай дамай: тут праходзяць інтэрактыўныя тэатралізаваныя экскурсіі і праграмы, рыцарскія турніры, канцэрты, фаер-шоу.

Самае вядомае тэатралізаванае дзейства замка пераносіць гасцей у ХV стагоддзе на вяселле юнай прыгажуні Соф’і Гальшанскай і караля Ягайлы. …Калі 73-гадовы Ягайла – да гэтага тройчы жанаты, але так і не меўшы сыноў-спадкаемнікаў – гасцяваў у Друцкага князя, ён звярнуў увагу на пляменніц гаспадара, дачок Андрэя Гальшанскага Васілісу і Соф’ю. І папрасіў кароль сасватаць яму малодшую Соф’ю "з роду літоўскага" – можа, "Бог злітуецца" і падорыць з ёю наследніка. Так пасля нядоўгіх перагавораў у Навагрудку кароль павянчаўся з 16-гадовай князёўнай Гальшанскай. Некалькі дзён вяселле святкавалі ў Навагрудку. А адправіўшыся на каранацыю ў Кракаў, спыніліся і ў Лідскім замку... Праз гады каралева Соф’я нарадзіла Ягайлу трох сыноў.

Побач з Лідскім замкам у 2019 годзе з’явіўся новы манументальны помнік – вялікаму князю літоўскаму Гедыміну, дзякуючы якому сярэдневяковы горад стаў адным са значных цэнтраў княства.  

Касцёл Узвіжання Святога Крыжа

Побач з замкам на вуліцы Грунвальдскай стаіць касцёл Узвіжання Святога Крыжа – найстарэйшы храм горада. Гісторыя сведчыць, што першы касцёл з’явіўся ў Лідзе яшчэ ў 1388 годзе па загадзе караля Ягайлы, але ў хуткім часе ён быў спалены крыжаносцамі. Зноў адбудаваныя драўляныя храмы таксама не вытрымалі выпрабавання часам і агнём. І, нарэшце, у 1765–1770 гадах быў пабудаваны мураваны Крыжаўзвіжанскі касцёл. Яго архітэктарам стаў Іаган Крыстоф Глаўбіц – заснавальнік вядомага стылю віленскага барока.

Першапачаткова трохнэфную базіліку ўпрыгожвалі дзве сіметрычныя вежы-званіцы, але ў час войнаў яны былі знішчаны пажарамі. Не захавалася і цагляная агароджа вакол касцёла, аднак галоўныя багацці дайшлі да нашых дзён. Скляпенне і сцены храма ўпрыгожваюць фрэскі, інтэр’ер дапаўняюць арнаментальная лепка і скульптуры ў стылі ракако. Самая шаноўная рэліквія храма – абраз Божай Маці з дзіцем, які прывезлі ў Ліду яшчэ ў ХIV стагоддзі першыя місіянеры-францысканцы.

Францыск Скарына і Адам Міцкевіч

Недалёка ад замка і касцёла размешчана яшчэ адно сімвалічнае месца, якое прыцягвае ўвагу гасцей горада – помнік легендарнай асобе, асветніку, пісьменніку і першадрукару, гуманісту, вучонаму-медыку Францыску Скарыну. У Беларусі і за межамі краіны ўстаноўлена мноства манументаў герою беларускай і еўрапейскай гісторыі. У 1993 годзе такі з'явіўся і ў Лідзе – у гонар другой гадавіны незалежнасці рэспублікі. Скарына паказаны з узнятай уверх рукой. Гэты жэст увасабляе мудрасць, веды і сілу чалавечай думкі.

А на вуліцы Адама Міцкевіча можна ўбачыць бюст знакамітага паэта і палітычнага дзеяча, лёс якога цесна звязаны з Беларуссю. Пры гэтым сваім яго лічаць адразу некалькі народаў – палякі, літоўцы, беларусы. Адам Міцкевіч нарадзіўся недалёка ад Ліды на Навагрудчыне. У яго родных мясцінах – маёнтку Завоссе і ў самім Навагрудку – адкрыты дамы-музеі, якія расказваюць пра жыццё і творчасць майстра слова. У Лідзе імем паэта названа вуліца і ўстаноўлены памятны бюст.

Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор

Велічны храм – помнік эпохі класіцызму, рэдкі для Беларусі прыклад культавага збудавання ў выглядзе аднакупальнай ратонды з порцікам з калонамі, што адсылае да антычнасці і Пантэона ў Рыме. Да 1818 года на гэтым месцы стаяла драўляная царква, якую разабралі пры расшырэнні каталіцкага кляштара і будаўніцтве ў 1825 г. касцёла. Але ў час вялікага пажару ў Лідзе ў 1842 г. амаль увесь горад выгараў, у тым ліку і касцёл. І ў 1863 г. на яго руінах вырас цагляны сабор у выглядзе крыжа з кругам у цэнтры. На працягу ХХ стагоддзя храм перажываў розныя перыяды: быў закрыты, пераходзіў да католікаў, выкарыстоўваўся як жылы будынак, станавіўся музеем і нават планетарыем. І ўжо некалькі дзесяцігоддзяў ён з'яўляецца дзеючым храмам праваслаўнай епархіі, помнікам архітэктуры, які ахоўваецца. Таксама ўцалелі корпус кляштара, закрытага ў 1832 г., і аднаярусная званіца побач з саборам.

Царква Панцеляймона Лекара

У маштабах гісторыі гэты праваслаўны храм пабудаваны зусім нядаўна – у 2006 годзе, але ўжо стаў знакавай славутай мясцінай горада. Царква ў гонар святога велікамучаніка і лекара Панцеляймона ўзведзена ў неавізантыйскім стылі – накіраваная ўвысь і ўвянчаная купаламі. Унутры храм упрыгожвае разны драўляны алтар. 

Курган бессмяротнасці

Пра падзеі і герояў Вялікай Айчыннай вайны ў цэнтральным парку Ліды нагадвае Курган бессмяротнасці. Яго пачалі насыпаць 9 мая 1966 года: зямлю з месцаў баёў прывозілі ў горад шматлікія дэлегацыі. І ўжо да наступнага года сюды была перанесена Магіла невядомага салдата. Пяцігранная піраміда вышынёй 7 м з агульным перыметрам вакол фундамента 55 м стала месцам памяці і смутку па загінулых. У 1974 г. курган-мемарыял дапоўнілі пілоны са сталі вышынёй 14 м і нахіленыя пад вуглом 76 градусаў, што сімвалізуюць ствалы артылерыйскіх гармат.

Лідскі гісторыка-мастацкі музей

Музей у Лідзе быў заснаваны ў 1939 годзе. Некалькі разоў ён закрываўся і зноў прымаў гасцей, пераязджаў у розныя будынкі, у ліку якіх быў стары Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор, але нягледзячы на ўсе перыпетыі прадаўжаў збіраць артэфакты з гісторыі горада і раёна. У 2000 годзе Лідскі краязнаўчы музей аб'яднаўся з Лідзейскай карціннай галерэяй у адну скарбніцу – Лідскі гісторыка-мастацкі музей. Сёння яго збор складаецца з 25 калекцый і больш як 40 тысяч адзінак асноўнага фонду. Самыя багатыя – калекцыя археалогіі з рэдкасцямі, знойдзенымі ў час раскопак у замку і наваколлі, нумізматычная калекцыя са скарбам з былога кляштара кармелітаў, калекцыя прадметаў хатняга ўжытку…

Дзе: вул. Перамогі, 37а

Леў з ключамі, Камандзіровачны, Парыльшчык і помнік Беларускаму хлебу

Гістарычны герб горада, які атрымаў магдэбургскае права ў 1590 г., упрыгожваюць залаты леў і два скрыжаваныя ключы. А ў наш час гэтыя сімвалы ўвасоблены ў бронзе: вядомы беларускі скульптар Уладзімір Жбанаў стварыў кампазіцыю, якая ў 2010 г. упрыгожыла горад. Аўтар не толькі паказаў элементы геральдыкі, але і стварыў эфект шматграннасці, каб скульптура добра была відаць з усіх бакоў..

Гэты ж майстар стварыў для Ліды яшчэ некалькі цікавых гарадскіх скульптур. Напрыклад, "Парыльшчык", або як яго называюць мясцовыя, "Лазеншчык Вася" сустракае наведвальнікаў самай вялікай лазні горада. І калі пацерці яго нос, нагу і рыбу, што тырчыць з яго партфеля, – пара будзе лёгкай, а загаданае жаданне здзейсніцца. "Камандзіровачны" каля гасцініцы "Ліда" нібы запрашае спыніцца ў горадзе і пазнаць яго бліжэй. 

Да вялікага рэспубліканскага свята "Дажынкі" ў Лідзе з’явіўся помнік Беларускаму хлебу – перавязаны стужкай сімвалічны сноп каласоў, які па традыцыі ўручную зразаюць у першы дзень жніва. 

Музей "Лідскае піва"

Горад Ліда славіцца адной з самых старых піваварняў краіны і багатымі традыцыямі прыгатавання хмельнага напою, хлебнага квасу і газіраваных вод. У 1870-я гады піўны завод пабудаваў прадпрымальны гараджанін Носель Пупко. Да нашых дзён гістарычны будынак піваварні стаіць у сэрцы прадпрыемства на самай кароткай вуліцы Ліды – Піўной. А на старой завадской трубе цагляны мур нагадвае пра дату варкі першай партыі піва – 1876 г. Побач захаваліся аднапавярховы дом гаспадароў і старыя цэхі разліву. Тры пакаленні сям'і Пупко валодалі вытворчасцю, пакуль у 1939 г. завод не нацыяналізавалі.

Сёння ААТ "Лідскае піва" – адно з буйнейшых сучасных вытворчасцей Беларусі – уваходзіць у групу кампаній фінскага канцэрна Olvi. Завод можа выпускаць 250–270 млн літраў піва і напіткаў за год. А для гасцей горада тут адкрыты музей, які расказвае пра беларускае піваварства і гісторыю поспеху завода ў Лідзе. На экскурсіі можна трапіць на вытворчасць і паназіраць за працэсам прыгатавання піва, убачыць багатую калекцыю "Лідскага піва" – рэдкія фатаграфіі, рэтра-бутэлькі, этыкеткі і ўпакоўку, каштоўныя артэфакты і дакументы пра жыццё завода ў розныя гады.

Акрамя таго, брэндам Ліды стаў яркі музычны фестываль хмелю, соладу і вады LIDBEER, які штогод збірае больш за 100 тысяч гасцей з усіх рэгіёнаў Беларусі і замежжа. У 2020 годзе ён не праводзіцца і перанесены на 2021-ы ў сувязі з нестабільнай эпідэміялагічнай сітуацыяй у свеце і ў Беларусі.

Your mail*:
Friend mail*:
Your message: