Іх называюць "лёгкімі Еўропы", "космасам на зямлі", нават "машынай часу", здольнай за імгненне перанесці на тысячы гадоў назад… Балоты займаюць вялізныя тэрыторыі і захапляюць сваім асаблівым характарам – пейзажамі, гукамі, пахамі, разнастайнасцю фаўны і флоры. Яны прыцягваюць і адначасова палохаюць непрадказальнасцю. Але, галоўнае, балоты выпрацоўваюць значна больш кіслароду, чым лясы, што вельмі важна для экалагічнага балансу на планеце. У нашай краіне балотамі пакрыты значныя тэрыторыі. І, несумненна, у спісе такіх унікальных прыродных комплексаў кантынента – Ельня – самае вялікае вярховае балота Беларусі і пятае па велічыні ў Еўропе. Яму ўжо больш за 9 тысяч гадоў!
Створаны тут рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Ельня" – адна з самых наведвальных прыродных выдатных мясцін краіны. Акрамя саміх балот, на тэрыторыі размешчана больш за 100 вялікіх і малых азёр, лясы. Тут жывуць 130 відаў птушак, у тым ліку такія рэдкія, як чорнаваллёвая гагара, арлан-белахвост і чорны бусел.
Кожную восень у верасні на Ельні можна ўбачыць цудоўную карціну, якая ўражвае, – тысячы шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў, якія збіраюцца тут перад сезонам міграцыі. У той жа час на балоце настае і самая смачная пара года – збор ураджаю журавін. Па яе запасах Ельня займае першае месца ў Беларусі. Грацыёзным птушкам і пунсоваму россыпу лекавых дзікіх ягад прысвечаны каларытны мясцовы фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю", які збірае гасцей з Беларусі і замежжа.
І ёсць яшчэ шмат прычын, каб прыехаць сюды: экстрэмальныя адчуванні, нетрывіяльная – нібыта незямная! – прыгажосць ландшафтаў, п’янлівы кісларод у паветры, які ў спалучэнні з водарам раслін становіцца ароматэрапіяй. Містыка таксама прысутнічае: ёсць на Ельні кропкі, дзе збіваюцца компасы і адхіляюцца ад маршрутаў дроны.
Для гасцей Ельні добраўпарадкаваны экасцежкі з драўлянымі насціламі для зручнасці перамяшчэння. Тут праходзяць арыгінальныя экскурсіі і туры (экстрэмальныя, расслабляючыя, экспедыцыі). Як Рамсарскае ўгоддзе і ключавая тэрыторыя для птушак, Ельня прыцягвае мноства бердвотчараў з усяго свету.