Пасляваенны Мінск уяўляў сабой даволі сумнае відовішча: ад усёй капітальнай забудовы горада засталася толькі пятая частка, а цэнтр практычна поўнасцю быў у руінах. Стаяла пытанне мэтазгоднасці аднаўлення Мінска пасля жудасных маштабаў разбурэння. Гучалі прапановы аб будаўніцтве новага горада за некалькі кіламетраў ад існуючага. Але перамог пункт гледжання аб адраджэнні сталіцы рэспублікі на тым жа месцы. Работа закіпела!
Одным з жылых мікрараёнаў пасляваеннай забудовы стала Асмалоўка. Сваю назву яна атрымала ад прозвішча архітэктара Міхаіла Асмалоўскага, які ўдзельнічаў у распрацоўцы праекта. Новы мікрараён вырас у 1945-1948 гадах і пабудаваны нямецкімі ваеннапалоннымі. Комплекс тыпавых двухпавярховых дамоў пясочнага колеру займае плошчу амаль 7 га ў цэнтры Мінска. Мікрараён знаходзіцца ў межах вуліц Максіма Багдановіча, Кісялёва, Камуністычнай і Куйбышава. Каларытныя дворыкі, якія ў цёплую пару года патанаюць у зелені, перыядычна "здымаюцца" ў кіно.
Але забудоўваўся не толькі цэнтр. У 1946 годзе на ўскраіне тагачаснага Мінска на базе авіязавода было вырашана адкрыць трактарны завод. Для яго работнікаў пачалі ўзводзіць пасёлак з пераважна двух- і трохпавярховымі дамамі і грамадскім цэнтрам. У будаўніцтве мікрараёна, нараўне з савецкімі грамадзянамі, былі задзейнічаны і палонныя немцы. Дамы будаваліся такім чынам, каб паміж імі заставалася дастаткова свабоднай прасторы і тэрыторый, на якіх было шмат зялёных насаджэнняў.
Забудова ядра Трактаразаводскага пасёлка прадстаўлена будынкамі ў неакласічным стылі з цікавым мастацкім афармленнем. Сярод дэкаратыўных элементаў гэтых дамоў – ляпніна, пілястры, незвычайная форма балконаў, "грэчаскія" рэльефныя вазы, лаўровыя вянкі, вежы са шпілямі, каваныя ўпрыгажэнні і кветнікі пад вокнамі… У мікрараён уваходзяць вуліцы Алега Кашавога, Стаханаўская, Будзённага, Грыцаўца, Даўгабродская, Чабатарова, Шчарбакова, Клумава, Ванеева, Партызанскі праспект, завулак Вучнёўскі і бульвар Трактарабудаўнікоў.
Па падобным прынцыпе будаваўся ў 1940-я і рабочы пасёлак Мінскага аўтазавода. У адрозненне ад Трактаразаводскага пасёлка, ён падзелены на дзве часткі (паўночную і паўднёвую) Партызанскім праспектам. У мікрараён уваходзяць вуліцы Цэнтральная, Працоўная, Сацыялістычная, Лізы Чайкінай, Шасэйная, Чалюскінцаў, Катоўскага.