Асеннія канікулы – час адпачыць ад будзённых клопатаў у кампаніі сям'і і сяброў. У Беларусі ёсць шмат магчымасцей правесці як паўнацэнны водпуск, так і невялікі ўік-энд. Каляндар падзей краіны заўсёды насычаны канцэртамі, фестывалямі, спартыўнымі падзеямі, паказамі і тэатральнымі пастаноўкамі. А ідэі для асенніх падарожжаў па Беларусі – у спецыяльнай падборцы!
Беларусь славіцца сваёй гасціннасцю, і лепшы спосаб гэта праверыць – агратурызм. Гэты від адпачынку – адзін з самых папулярных і развітых у Сінявокай, што пацвярджае першае месца Беларусі ў рэйтынгу лепшых краін для агратурызму па версіі National Geographic. Варыянтаў "сельскага адпачынку" шмат: арганізаваць беларускую сіесту на ўлонні прыроды, прадэгуставаць стравы нацыянальнай кухні, зрабіць прагулку на конях або веласіпедах, сплавіцца па рацэ, адправіцца на рыбалку…
Перавагі: невысокі кошт пражывання, адпачынак ад шуму і мітусні горада, знаёмства з культурай, кухняй і традыцыямі Беларусі.
У прыроды няма дрэннага надвор'я, тым больш калі прырода – самы вялікі запаведны лес Цэнтральнай Еўропы. У праграме наведвання Белавежскай пушчы ёсць некалькі must do: убачыць самую вялікую ў Еўропе папуляцыю зубра, наведаць маёнтак Дзеда Мароза (чараўнік жыве тут і здзяйсняе жаданні круглы год), вывучыць народны побыт у музеі старадаўніх тэхналогій і – на закуску – пакаштаваць традыцыйныя бліны з гарачым чаем на травах.
Перавагі: актыўны адпачынак, міні-падарожжы па экасцежках, адпачынак з дзецьмі ў рэзідэнцыі Дзеда Мароза.
Ад знакамітых Міра і Нясвіжа да загадкавых Гальшан і Крэва – падборка самых прыгожых замкаў і палацаў Беларусі дапаможа скласці турыстычны маршрут на свой густ.
Перавагі: эстэтычная асалода ад архітэктуры, экскурс у гісторыю краіны. У Мірскім і Нясвіжскім замках – магчымасць акунуцца ў жыццё мінулых стагоддзяў у час касцюміраваных паказаў і квэстаў.
Мінск не раз быў названы лепшым у СНД горадам для падарожжаў, у тым ліку ў залатую пару года. Вывучыўшы сталічныя выдатныя мясціны, абавязкова падбярыце праграму забаў на свой густ: азнаёмцеся з выяўленчым мастацтвам у Нацыянальным мастацкім музеі, з харэаграфічным і вакальным – у Вялікім тэатры, акуніцеся ў бесклапотнае дзяцінства – у Белдзяржцырку. Аматарам свецкіх вечарынак сталіцы таксама ёсць што прапанаваць: напрыклад, зазірнуць на Беларускі тыдзень моды – буйнейшую падзею ў фэшн-індустрыі краіны.
Перавагі: развітая інфраструктура, разнастайная афіша мерапрыемстваў, шмат варыянтаў размяшчэння і пражывання – ад бюджэтных да класа люкс.
Большасць санаторыяў Беларусі прадастаўляюць магчымасць экспрэс-аднаўлення і рэтрыту. У аздараўленчых цэнтрах можна прайсці поўную дыягностыку арганізма, скласці лячэбную або рэлаксацыйную праграму. Унікальныя працэдуры – сапрапелевыя гразі з асаблівым саставам, радонавая і мінеральная воды з лекавых крыніц, адзіны ў СНД спелярый (падземная саляная пячора з асаблівым мікракліматам), – у спалучэнні з традыцыйнымі метадамі аздараўлення дапамогуць адчуць прыток сіл і пазбавіцца ад асенняй хандры.
Перавагі: адпачынак і аднаўленне на прыродзе з магчымасцю поўнай дыягностыкі арганізма.