XII зімовыя Паралімпійскія гульні прaйшлі 9-18 сакавіка на арэнах, дзе спаборнічалі ўдзельнікі Алімпіяды-2018. Барацьбу за 80 камплектаў узнагарод у шасці відах спорту вялі каля 700 прадстаўнікоў 48 каманд.
Беларусь на Паралімпіядзе-2018 прадставілі 15 атлетаў (у тым ліку 6 дэбютантаў) у двух відах спорту – біятлоне і лыжных гонках.
Жанчыны: Лідзія Графеева, Святлана Саханенка, Ларыса Варона
Мужчыны: Васіль Шапцябой, Дзмітрый Лобан, Яўген Лук'яненка, Юрый Голуб
Жанчыны: Ядвіга Скарабагатая, Людміла Ваўчок, Валянціна Шыц, Святлана Саханенка, Лідзія Графеева, Дар'я Фядзьковіч, Ларыса Варона
Мужчыны: Яўген Лук'яненка, Дзмітрый Лобан, Вадзім Ліпінскі, Аркадзь Шыкуць, Мікіта Ладзесаў, Юрый Голуб
Сцяганосцам Паралімпійскай зборнай Беларусі на цырымоніі адкрыцця 9 сакавіка стала шматразовая чэмпіёнка і прызёр Паралімпіяд і чэмпіянатаў свету Людміла Ваўчок.
Капітан каманды – тытулаваны паралімпіец Дзмітрый Лобан.
Шэф беларускай місіі на Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане – Мікалай Шудзейка, генеральны сакратар Паралімпійскага камітэта Беларусі.
Зімовыя Гульні ў Пхёнчхане сталі самымі паспяховымі для Беларусі: на галоўных стартах чатырохгоддзя нашыя паралімпійцы заваявалі 12 медалёў – чатыры залатыя, чатыры сярэбраныя і чатыры бронзавыя. У выніковым медальным заліку зборная Беларусі заняла восьмае месца.
Найбольш тытулаванай у беларускай камандзе стала Святлана Саханенка, якая заваявала ў Пхёнчхане чатыры медалі ў спаборніцтвах сярод спартсменак з парушэннямі зроку: тры залатыя ў лыжных гонках (15 км свабодным стылем, у спрынце на 1,5 км класічным стылем, у гонцы на 7,5 км класічным стылем) і 1 бронзу (у спрынце на 6 км у біятлоне). Спартсменка выступала разам з вядучым Раманам Яшчанкам.
Чатыры ўзнагароды Пхёнчхана таксама на рахунку Юрыя Голуба. Ён стаў першым у біятлоннай гонцы на 12,5 км, а таксама заваяваў дзве сярэбраныя ўзнагароды (у спрынце на 7,5 км у біятлоне і ў лыжнай гонцы на 20 км) і стаў трэцім у лыжнай гонцы на 10 км класічным стылем. На Гульнях Юрый Голуб выступаў сярод атлетаў са слабым зрокам разам з вядучым Дзмітрыем Будзіловічам.
Адзін з самых вопытных паралімпійцаў у беларускай камандзе Дзмітрый Лобан заваяваў дзве ўзнагароды сярод спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Ён стаў сярэбраным прызёрам у біятлонным спрынце на 7,5 км і ў лыжным спрынце на 1,1 км.
Яшчэ два медалі ў скарбонку зборнай Беларусі прынесла Лідзія Графеева, якая заваявала дзве бронзавыя ўзнагароды ў спаборніцтвах сярод атлетаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату ў біятлонным спрынце на 6 км і ў гонцы на 12,5 км у біятлоне.