II Гульні краін СНД прайшлi ў Беларусі з 4 па 14 жніўня 2023 года. На маштабнае свята спорту, якое ахапіла 11 гарадоў, прыехалі больш за 6 тысяч удзельнікаў. Гэта амаль 4 тысячы атлетаў, трэнеры, суддзі, медперсанал, спартыўныя журналісты і замежныя балельшчыкі. А дзякуючы шырокай геаграфіі арэн, многія беларусы і госці краіны сталі сведкамі Гульняў.
Упершыню Гульні краін СНД адбыліся ў 2021 годзе ў Казані (Расійская Федэрацыя). У дэбютных спаборніцтвах прынялі ўдзел 1139 спартсменаў ва ўзросце ад 14 да 23 гадоў з дзевяці краін СНД. Беларусы заваявалі на гэтых стартах 69 узнагарод (8 залатых, 32 сярэбраныя, 29 бронзавых) і занялі 5-е месца ў медальным заліку.
У Беларусі Гульні краін СНД сталі больш маштабнымі. Рэгламент прадугледжваў адкрыты фармат – удзельнічаць могуць не толькі атлеты з СНД, але і прадстаўнікі дзяржаў, якія не ўваходзяць у склад Садружнасці. Зразумела, самыя шматлікія дэлегацыі прадставілі краіны СНД: Беларусь, Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан. Выступаюць у асобных праграмах каманды Бахрэйна, Венесуэлы, В'етнама, Егіпта, Ірана, Кубы, Кувейта, Лівана, Малайзіі, Манголіі, ААЭ, Амана і Пакістана.
За ўзнагароды ў большасці дысцыплін, як і на Гульнях у Казані, спаборнічалі моладзь і юніёры, якія яшчэ толькі заваёўваюць п'едэсталы. Аднак былі віды праграмы, дзе да ўдзелу запрашаліся ўсе мацнейшыя атлеты незалежна ад узросту. Гэта самба, цяжкая атлетыка, мастацкая гімнастыка, пляжны футбол і хакей на траве. Улічваючы ўзровень зборных СНД, спаборніцтвы былі супастаўныя з чэмпіянатамі Еўропы і свету.
Удзельнікі Гульняў змагаліся за медалі ў 20 відах спорту. Гэта лёгкая атлетыка, валейбол, сучаснае пяцібор'е, стральба кулявая, гімнастыка мастацкая, пляжны футбол, баскетбол 3х3, міні-футбол, спартыўная барацьба (грэка-рымская, вольная, жаночая), пляжны валейбол, гандбол, плаванне, тайландскі бокс, бокс, дзюдо, самба, хакей на траве, цяжкая атлетыка, стральба з лука, каратэ.
Цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў адбыліся 5 і 13 жніўня на буйнейшай крытай пляцоўцы беларускай сталіцы – "Мінск-Арэне".
Спаборніцтвы II Гульняў краін СНД прымалі 11 гарадоў Беларусі – сталічны Мінск, цэнтры рэгіёнаў Брэст, Віцебск, Гомель, Гродна, Магілёў, а таксама Барысаў, Жлобін, Маладзечна, Орша і Салігорск.
Гэта не толькі пашырыла геаграфію, але і дала магчымасць задзейнічаць самую зручную, а часам нават незвычайную інфраструктуру. Напрыклад, у Віцебску спаборніцтва прадстаўнікоў тайландскага бокса праходзіла ў знакамітым Летнім амфітэатры.
Мінск
Брэст
Віцебск
Гомель
Гродна
Магілёў
Жлобін
Маладзечна
Орша
Салігорск
Для балельшчыкаў уваход на спаборніцтвы – свабодны. У кожным горадзе, які прымаў Гульні, для гасцей падрыхтавалі насычаныя прэзентацыйныя праграмы і адкрылі фан-зоны.
Таксама ў рамках II Гульняў краін СНД адбыліся шматлікія майстар-класы, сустрэчы з выдатнымі спартсменамі розных часоў, аўтограф-сесіі. У спісе зорных гасцей – шматразовыя чэмпіёны свету і Алімпійскіх гульняў барэц Аляксандр Карэлін і плывец Уладзімір Сальнікаў, чэмпіён свету па боксе сярод прафесіяналаў Мікалай Валуеў і шмат іншых.
Гульні запрашалі не толькі наведаць спартыўныя мерапрыемствы, але і ўбачыць шмат цікавага ў Беларусі. Тураператары падрыхтавалі насычаныя экскурсіі па гарадах-удзельніках і знакамітых выдатных мясцінах рэгіёнаў краіны.
Лагатып Гульняў-2023 у Беларусі аб'яднаў традыцыйныя для нашай краіны элементы – васьміканцовую зорку, якая пераходзіць у яркі васілёк. Арнаментальная зорка адыходзіць каранямі ў міфалогію, а васілёк – адзін з даўніх сімвалаў гасціннай беларускай зямлі. Лагатып выкананы пераважна ў сінім і блакітным – васільковых колерах. Але таксама ў ім увасобіліся і іншыя колеры алімпійскіх кольцаў – чорны, чырвоны, жоўты, зялёны.
Слоган II гульняў краін СНД – "Моцны характар – яркая гульня!"
Талісманам Гульняў выбраны яркі прадстаўнік беларускай фаўны – рысь, якой далі сугучнае імя Рысь (Рысiк). Гэты спрытны лясны звер мае востры зрок і незвычайную прыродную інтуіцыю, і ў геральдыцы таксама часта апісваецца як спрытны, хуткі, разумны. Узоры на целе талісмана натхнёны творчасцю беларускай мастачкі Алёны Кіш. Яны адсылаюць да стылю маляванкі (маляваных дываноў) – народных размаляваных насценных дываноў.
Для ўдзельнікаў Гульняў і персаналу, задзейнічанага на спаборніцтвах, спецыяльным указам кіраўніка дзяржавы быў устаноўлены шэраг прэферэнцый, у тым ліку бязвізавы рэжым. Тэрмін яго дзеяння – з 3 ліпеня па 31 жніўня 2023 года.
Балельшчыкі – грамадзяне краін СНД – могуць прыязджаць у Беларусь без візы. Для замежных грамадзян з больш як 70 дзяржаў дзейнічае 30-дзённы бязвіз пры ўмове прыбыцця праз аэрапорты. Для суседзяў з Літвы, Латвіі і Польшчы таксама даступны бязвізавы ўезд, устаноўлены да канца 2023 года.
Як і Еўрапейскія гульні-2019, гэтыя старты таксама былі арганізаваны з удзелам валанцёраў: іх каля 1000. Юнакі і дзяўчаты, у асноўным студэнты і навучэнцы, прайшлі падрыхтоўку на тэставых турнірах, якія адбыліся да II Гульняў краін СНД.