Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Спорт | Зборная Беларусі па хакеі

Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі


Уступленне ў ІІХФ: 1992 г.
Асацыяцыя-член: Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь (ФХРБ)
Галоўны трэнер: Дзмітрый Квартальнаў (11 красавіка 2023 г. – ц.ч.)
Самая высокая пазіцыя ў рэйтынгу ІІХФ: 8-е месца (2009 г.)
Лепшы вынік на чэмпіянатах свету: 6-е месца (2006 г.)
Лепшы вынік на Алімпійскіх гульнях: 4-е месца (2002 г.)
Першы афіцыйны матч: Беларусь – Украіна – 1:4 (7 лістапада 1992 г., кваліфікацыя да чэмпіянату свету-1993)
Самая вялікая перамога: Беларусь – Літва – 21:1 (30 жніўня 1996 г., кваліфікацыя да Алімпійскіх гульняў у Нагана-1998)
Самыя вялікія паражэнні: Фінляндыя – Беларусь – 11:2 (7 красавіка 1997 г., таварыскі матч), Канада - Беларусь – 11:2 (19 сакавіка 1998 г., таварыскі матч)

Асноўныя дасягненні

Чэмпіянаты свету

Пасля распаду Савецкага Саюза краіны, якія сталі незалежнымі, аператыўна фарміравалі свае нацыянальныя хакейныя зборныя. Аднак усе яны – Беларусь, Казахстан, Украіна, Латвія і іншыя – за выключэннем Расіі, атрымалі права пачаць выступленні на чэмпіянатах свету толькі з нішэйшага дывізіёна.

Першы матч у гісторыі нацыянальнай хакейнай зборнай у кваліфікацыйным турніры чэмпіянату свету прашоў у мінскім Палацы спорту 7 лістапада 1992 года. Зборная Беларусі ўступіла зборнай Украіны з лікам 1:4.

У 1995 годзе з дывізіёна С1 беларусы прабіліся ў групу В, бар'ер якой пераадолелі праз 2 гады, заваяваўшы пуцёўку ў элітны дывізіён. І ў першы ж год у класе мацнейшых, на ЧС-1998 у Швейцарыі, каманда пад кіраўніцтвам Анатоля Варывончыка трапіла ў васьмёрку лепшых зборных планеты.

У 1999 і 2000 гадах беларуская дружына фінішавала на сусветных форумах на 9-й пазіцыі, а ў 2001-м у Германіі, заняўшы 14-е месца, пакінула вышэйшы дывізіён. Спецыяльным рашэннем ІІФХ зборная Японіі атрымала 5-гадовую броню ад вылету з элітнага дывізіёна, таму беларусы і нарвежцы апусціліся ніжэй.

На ЧС-2003 у Фінляндыі беларусы зноў занялі 14-е месца, але не замацаваліся ў класе мацнейшых каманд свету з-за прывілеі Японіі.

У 2004-м у Нарвегіі зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава ўпэўнена вярнулася ў вышэйшы дывізіён, дзе пастаянна выступае з 2005 года.

Напярэдадні ЧС-2005 у Аўстрыі зборную Беларусі ўпершыню ўзначаліў замежны спецыяліст – канадзец Глен Хэнлан. Пад яго кіраўніцтвам каманда захавала прапіску ў эліце (10-е месца). Галкіпер зборнай Беларусі Андрэй Мезін быў названы другім лепшым варатаром турніру пасля чэха Томаша Вакоўна (працэнт адбітых кідкоў 97,14%). Малады форвард Міхаіл Грабоўскі закінуў 4 шайбы ў ключавым паядынку са зборнай Аўстрыі (5:0).

У 2006 годзе ў Рызе зборная Беларусі ўпершыню ў гісторыі выйшла ў плэй-оф чэмпіянату свету, дзе ўступіла ў чвэрцьфінале камандзе Фінляндыі (0:3). Заняўшы выніковае 6-е месца, беларусы паказалі пакуль лепшы ў сваёй гісторыі рэзультат на чэмпіянатах свету, а галкіпер Андрэй Мезін увайшоў у сімвалічную зборную першынства планеты.

На чэмпіянатах свету ў 2007 і 2008 гадах зборнай Беларусі кіраваў амерыканскі спецыяліст Курт Фрэйзер, пад кіраўніцтвам якога каманда займала 11-е і 9-е месцы. Затым нацыянальную зборную зноў узначаліў Глен Хэнлан, і на ЧС-2009 у Швейцарыі беларусы выйшлі ў чвэрцьфінал, дзе ў драматычным паядынку ўступілі Расіі (3:4). Беларускі варатар Андрэй Мезін стаў лепшым галкіперам чэмпіянату і ўвайшоў у сімвалічную зборную па версіі журналістаў.

На ЧС-2010 зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Эдуарда Занкаўца заняла 10-е месца, а на наступных першынствах планеты (2011, 2012) беларусы, займаючы 14-е месца, з цяжкасцю захоўвалі прапіску ў элітным дывізіёне. На чэмпіянаце свету 2012 года галкіпер зборнай Беларусі Віталь Коваль увайшоў у пяцёрку лепшых варатароў турніру (92,02% адбітых кідкоў).

На чэмпіянаце свету-2013 у сталіцы Швецыі зборная Беларусі ў сямі матчах атрымала толькі адну перамогу – над Славеніяй (4:3), і трэці год запар заняла на першынстве планеты 14-е месца. У астатніх сустрэчах беларусы прайгралі зборным Чэхіі (0:2), Швецыі (1:2), Канады (1:4), Нарвегіі (1:3), Даніі (2:3) і Швейцарыі (1:4). На ЧС-2013 у Беларусі была бронь ад вылету ў ніжэйшы дывізіён, так як краіна прымала наступны чэмпіянат свету па хакеі, які адбыўся ў Мінску ў маі 2014 года.

Матчы ЧС-2014 праходзілі на дзвюх хакейных пляцоўках: "Мінск-Арэна" (умяшчальнасць 15 000 гледачоў) і "Чыжоўка-Арэна" (умяшчальнасць 9 600 гледачоў).

Зборная Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі-2014

На 79-м чэмпіянаце свету па хакеі ў Чэхіі зборная Беларусі прабілася ў 1/4 фіналу – чацвёрты раз за гісторыю выступлення ў самым моцным дывізіёне планеты. У папярэднім раўндзе каманда пад кіраўніцтвам Дэйва Льюіса набрала 14 ачкоў, што стала лепшым вынікам зборнай на гэтай стадыі турніру. Беларусы абыгралі каманды ЗША (5:2), Даніі (5:1), Славеніі (4:2), Нарвегіі (3:2), уступілі ў авертайме славакам (1:2) і па булітах фінам (3:4), а таксама пацярпелі паражэнне ў асноўны час ад Расіі (7:0). У раўндзе плэй-оф зборная Беларусі прайграла камандзе Канады (0:9), заняўшы 7-е месца ў падагульняючым рэйтынгу чэмпіянату свету.

На 80-м чэмпіянаце свету па хакеі ў Расіі (2016) нацыянальная зборная Беларусі выступіла ў групе В. Матчы адбыліся ў Санкт-Пецярбургу. Беларускія хакеісты пад кіраўніцтвам Дэйва Льюіса ў папярэднім раўндзе згулялі з камандамі Фінляндыі (2:6), ЗША (3:6), Канады (0:8), Славакіі (4:2), Германіі (2:5), Венгрыі (2:5) і Францыі (3:0). У выніку зборная Беларусі заняла 12-е месца і не выйшла ў плэй-оф сусветнага форуму. 

На ЧС-2017, які прымалі Францыя (Парыж) і Германія (Кёльн), беларуская зборная заняла 13-е месца.

Наступны чэмпіянат свету – 2018 года ў Даніі – стаў для каманды Беларусі сапраўды сумным. Тры паражэнні запар, у тым ліку разгромны матч з расіянамі (0:6) паслужылі прычынай адстаўкі галоўнага трэнера Дэйва Льюіса, а ў хуткім часе пакінуў трэнерскі штаб яго памочнік Андрэй Мезін. Як адзначалі эксперты, беларуская каманда была ледзь не першай за час правядзення чэмпіянатаў свету, якая адважылася на такія кардынальныя змены ўжо ў час турніру. Выконваючым абавязкі галоўнага трэнера стаў Сяргей Пушкоў. Тым не менш, пасля 13 гадоў барацьбы ў элітным дывізіёне, беларусы пакінулі топ лепшых зборных планеты, заняўшы 15-е месца.

У выніку, на ЧС-2019 у Славакіі зборнай Беларусі не было. Каб вярнуцца ў сусветную эліту, каманда пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Андрэя Сідарэнкі змагалася ў групе А першага дывізіёна на ЧС у казахстанскім Нур-Султане. Зборная выйграла тры матчы з пяці і, заняўшы 2-е месца, атрымала права зноў увайсці ў топ-16 мацнейшых.

Чэмпіянат свету па хакеі-2020, які рыхтаваліся прымаць швейцарскія Лазана і Цюрых, адмянілі з-за пачатай  пандэміі каранавіруса.

Згодна з сумеснай заяўкай, якая перамагла яшчэ ў 2017-м, сусветнае першынство-2021 павінна было прайсці  адразу ў дзвюх сталіцах – Мінску і Рызе. Аднак 18 студзеня 2021 года Міжнародная федэрацыя хакея з шайбай памяняла рашэнне, і ўсе матчы чэмпіянату адбыліся ў Латвіі. На турніры беларускія хакеісты пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава стартавалі ў групе А з паражэння ад славакаў. У наступным матчы зборная Беларусі мінімальна абыграла Швецыю – 1:0. Гэта вікторыя над "Трэ Крунур" стала для беларусаў першай у рамках чэмпіянатаў свету. Далей было паражэнне ад Чэхіі ў авертайме. Астатнія чатыры матчы таксама склаліся ў несуцяшальную серыю пройгрышаў ад зборных Вялікабрытаніі, Даніі, Швейцарыі і Расіі. Нягледзячы на апошні радок у групе А і падагульняючае 15-е месца з 4 набранымі ачкамі, зборная Беларусі засталася ў сусветнай хакейнай эліце дзякуючы таму, што з-за пандэміі не праводзіліся чэмпіянаты свету ў ніжэйшых дывізіёнах.

Зборная Беларусі па хакеі на Алімпійскіх гульнях

Зборная Беларусі па хакеі тройчы ўдзельнічала ў зімовых Олімпійскіх гульнях – у 1998, 2002 і 2010 гадах.

У ходзе кваліфікацыі на Гульні ў Нагана ў 1996 годзе Беларусь атрымала самую вялікую ў сваёй гісторыі перамогу – над зборнай Літвы (21:1). А на дэбютнай Алімпіядзе-1998 беларусы пад кіраўніцтвам Анатоля Варывончыка занялі 7-е месца.

Алімпіяда-2002 прынесла Беларусі небывалы поспех. У Солт-Лейк-Сіці падапечныя Уладзіміра Крыкунова зрабілі сапраўдны фурор, абыграўшы ў чвэрцьфінале амаль ці не галоўнага фаварыта турніру зборную Швецыі – 4:3. У паўфінале беларусы прайгралі Канадзе (1:7), а ў паядынку за бронзу – Рісіі (2:7). Заняўшы выніковае  4-е месца, хакеісты паказалі лепшы для беларускіх камандных гульнявых відаў спорту рэзультат на Алімпіядах.

Трапіць на Алімпійскія гульні ў Турыне-2006 беларусам не ўдалося. У вырашальным матчы кваліфікацыі ў лютым 2005-га ў Рызе сборная Беларусі драматычна прайграла зборнай Латвіі (4:5). Падапечныя Міхаіла Захарава вялі з лікам 4:2, але ў канцы сустрэчы, прапусціўшы на працягу 2 мінут 20 секунд тры шайбы, уступілі пуцёўку ў Турын хакеістам Латвіі.

На Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы зборная пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава заняла 9-е месца, што стала горшым вынікам у гісторыі выступленняў беларускай хакейнай зборнай на Алімпійскіх гульнях.

За пуцёўку на сочынскую Алімпіяду-2014 зборная Беларусі спаборнічалі ў лютым 2013 года ў Даніі. Уступіўшы зборнай Славеніі (2:4) у стартавым матчы, каманда Андрэя Скабелкі затым разграміла ўкраінскую зборную (6:0). Аднак у той жа вечар славенцы перамаглі датчан (2:1) і датэрмінова забяспечылі сабе пропуск на Гульні. Беларусь за тур да фінішу кваліфікацыйнага спаборніцтва пазбавілася шанцаў на паездку ў Сочы. У заключным матчы, які не меў турнірнага значэння, беларусы выйгралі ў датчан з лікам 3:2.

Алімпійскі кваліфікацыйны турнір па хакеі адбыўся ў Мінску 1-4 верасня 2016 года. У групе D зборная Беларусі згуляла з камандай Даніі (5:2), Польшчы (5:3) і Славеніі (2:3; па булітах). У выніку беларуская каманда заняла другое месца і не змагла атрымаць пуцёўку на зімовыя Алімпійскія гульні-2018 у Пхёнчхане (Рэспубліка Карэя).

Фінальны этап алімпійскай кваліфікацыі да Гульняў-2022 адбудзецца 27-30 жніўня 2020 года: турніры, дзе разыграюць тры пуцёўкі ў Пекін, прымуць Славакія, Латвія і Нарвегія. Сапернікамі зборнай Беларусі па групе D будуць каманды Славакіі, Аўстрыі і Польшчы. У групе E – Латвія, Францыя, Італія і Венгрыя, у групе F – Нарвегія, Данія, Паўднёвая Карэя, Славенія.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі