Адукацыя, Беларусь | Belarus.by | Пра Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Адукацыя

Адукацыя ў Беларусі

Каля 1 млн вучняў пачынаюць заняткі ў агульнаадукацыйных установах Беларусі 1 верасня
Каля 1 млн вучняў пачынаюць заняткі ў агульнаадукацыйных установах Беларусі 1 верасня

Беларуская адукацыя высока цэніцца ва ўсім свеце, таму навучанне ў Беларусі прываблівае мноства замежных студэнтаў.

У індэксе чалавечага развіцця (ІЧР), які складаецца Праграмай развіцця ААН, Беларусь займае 69-е месца са 193 краін свету (2023/2024). І вынікі сферы адукацыі адыгрываюць у гэтым велізарную ролю. Узровень адукаванасці  дарослага насельніцтва Беларусі – адзін з самых высокіх у свеце і дасягае сёння 99,7%. Ахоп базавай, агульнай  сярэдняй і прафесійнай адукацыяй складае 98% жыхароў краіны. Фактычна ў апошнія гады Беларусь перайшла да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі.

Сістэма адукацыі Беларусі ўключае некалькі ўзроўняў:

  • асноўная адукацыя (дашкольная, агульная сярэдняя, прафесійна-тэхнічная, сярэдняя спецыяльная, вышэйшая і паслявузаўская);
  • дадатковая адукацыя (дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі, дадатковая адукацыя дарослых);
  • спецыяльная адукацыя (для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця).

Дашкольная адукацыя

У Беларусі добра развіта сістэма дашкольнай адукацыі. І хоць яна не з’яўляецца абавязковай, большасць малышоў, перш чым пайсці ў школу, наведваюць  дзіцячыя дашкольныя ўстановы.

Школьная адукацыя ў Беларусі

Школьная адукацыя ў Беларусі пачынаецца з 6 гадоў і  прадугледжвае два ўзроўні: агульная базавая і агульная сярэдняя. Курс базавай школы разлічаны на 9 гадоў, сярэдняй – на 11 гадоў. Паспяхова скончыўшы  базавую школу, маладыя людзі маюць магчымасць прадоўжыць навучанне ў каледжах, ліцэях і прафесійна-тэхнічных вучылішчах, дзе адначасова  атрымліваюць сярэднюю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку. Жадаючыя могуць атрымаць агульную  сярэднюю адукацыю, прадоўжыўшы навучанне ў школе. Атэстат аб агульнай сярэдняй або сярэдняй спецыяльнай адукацыі асноўны дакумент, які дае права на паступленне ў вышэйшую навучальную  ўстанову.

У сістэме адукацыі Беларусі выкарыстоўваюцца дзве афіцыйныя мовы руская і беларуская.

Далейшая адукацыя ў Беларусі

У Беларусі суадносіны студэнтаў і агульнай колькасці насельніцтва адны з самых высокіх у Еўропе. Вышэйшая адукацыя ў рэспубліцы з’яўляецца прэстыжнай і даступнай. Прафесійную і навуковую падрыхтоўку студэнтаў ажыццяўляюць як дзяржаўныя, так і прыватныя вышэйшыя навучальныя ўстановы  розных тыпаў:

  • класічныя ўніверсітэты
  • профільныя ўніверсітэты і акадэміі
  • інстытуты

Паступаючы ў вышэйшую навучальную ўстанову, будучы студэнт выбірае форму навучання, якая можа быць дзённай, вячэрняй, завочнай, дыстанцыйнай.

З 2003 года ўступныя экзамены ў ВНУ краіны былі заменены цэнтралізаваным тэсціраваннем (ЦТ). Яно праводзіцца ў вызначаныя дні чэрвеня-ліпеня згодна з графікам, зацверджаным Міністэрствам адукацыі. Для паступлення ў ВНУ абітурыенту патрэбна да трох сертыфікатаў па розных вучэбных дысцыплінах – у залежнасці ад выбранай спецыяльнасці і наяўнасці ўнутраных экзаменаў.

Пры пераходзе да цэнтралізаванага тэсціравання ў краіне былі распрацаваны адзіныя правілы прыёму, якія ўлічваюць профільныя асаблівасці навучальных устаноў. Сярод іншых істотных змяненняў – упарадкаванне структуры спецыяльнасцей і стварэнне Класіфікатара спецыяльнасцей і кваліфікацый, увядзенне стандартаў вышэйшай адукацыі, увядзенне 10-бальнай шкалы ацэнак. Заключным этапам стала прыняцце Кодэкса аб адукацыі (2011).

З 2023 года ў Беларусі зацверджана новая рэдакцыя Правіл прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі. Змяненні накіраваны на ўдасканаленне сістэмы адбору абітурыентаў – дадатковыя магчымасці атрымалі таленавітыя і матываваныя маладыя людзі. Галоўная навацыя – увядзенне ў краіне цэнтралізаваных экзаменаў (ЦЭ), якія для навучэнцаў 11-х класаў з'яўляюцца выпускнымі па выніках навучання ў сярэдняй школе і адначасова могуць быць уступнымі ва ўстановы вышэйшай адукацыі (УВА). Гэта дазваляе значна скараціць колькасць іспытаў, якія здаюцца абітурыентам на працягу ўсяго некалькі месяцаў.

Два ЦЭ – па адной з дзяржаўных моў (беларускай/рускай) і дысцыпліне на выбар з ліку прадметаў для ЦТ) – абавязковыя для ўсіх выпускнікоў школ. Цэнтралізаванае тэсціраванне (ЦТ) таксама захоўваецца, але яно неабходна толькі тым, хто хоча паступаць ва УВА. Па форме і ўзроўні складанасці заданняў ЦЭ і ЦТ ідэнтычныя. Такім чынам, для паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі кожнаму абітурыенту па-ранейшаму неабходны сертыфікаты па трох (двух) вучэбных дысцыплінах. Таксама ўлічваецца сярэдні бал школьнага атэстата, а ВНУ могуць праводзіць унутраны экзамен або гутарку.

Праграма падрыхтоўкі ў вышэйшых навучальных установах рэспублікі разлічана на 4-6 гадоў. Студэнты дзённай формы навучання, якія займаюцца паспяхова, атрымліваюць стыпендыю. Усе выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў розных форм уласнасці атрымліваюць дыплом дзяржаўнага ўзору.

У Беларусі ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі, як дзяржаўныя, так і прыватныя, падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі.

Ці могуць замежныя студэнты вучыцца ва ўніверсітэтах Беларусі?

Шмат замежных студэнтаў навучаюцца ў вышэйшых навучальных установах Беларусі. Навучанне для грамадзян іншых дзяржаў, як правіла, платнае. Яго кошт залежыць ад выбранай спецыяльнасці, формы навучання і навучальнай установы.

Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць паступаць ва УВА Беларусі для атрымання вышэйшай адукацыі:

  • за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове – у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь;
  • на платнай аснове – па рэзультатах падагульняючай атэстацыі пры засваенні праграмы падрыхтоўкі асоб да паступлення ва УВА;
  • на платнай аснове – па выніках гутаркі, што ўстанаўлівае ўзровень валодання імі мовай, на якой ажыццяўляецца адукацыйны працэс, у аб'ёме, дастатковым для засваення зместу адукацыйнай праграмы вышэйшай адукацыі, правядзенне якой устанаўліваецца Міністэрствам адукацыі, а таксама дадатковай гутаркі або праверкі на ўзровень фізічнай падрыхтаванасці, парадак правядзення якіх устанаўліваецца УВА.

Дзе можна вучыцца?

У Беларусі 49 устаноў вышэйшай адукацыі.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі