На ўрачыстым мерапрыемстве да Дня народнага адзінства 17 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аб'явіў аб старце рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Марафон адзінства". "Гэта будзе марафон трыадзінства традыцый: нацыянальнай культуры, якую беражліва захоўваем і развіваем, талентаў нашых людзей, якімі славіцца беларуская зямля, прыгажосці славянскай душы, якая напаўняе свет вакол гармоніяй і ўзаемаразуменнем", – расказаў аб тым, чаго чакае ад маштабнай грамадска-культурнай. акцыі, кіраўнік дзяржавы.
Маштабныя канцэрты, якія пройдуць у розных беларускіх гарадах, падораць гледачам мноства станоўчых эмоцый. Па сутнасці, яны стануць працягам унікальнага патрыятычнага форуму, які адбыўся ў сталіцы ў Дзень народнага адзінства, дзе на адной пляцоўцы перад публікай выступалі прафесійныя і самадзейныя калектывы розных узростаў, якія прыехалі практычна з усіх куткоў Беларусі.
Арганізатары аб'явілі, што пунктамі марафону стануць 13 гарадоў краіны: Брэст, Баранавічы, Пінск, Ліда, Гродна, Салігорск, Гомель, Жлобін, Маладзечна, Бабруйск, Магілёў, Віцебск і Орша. Тым не менш, маршрут акцыі можа быць пашыраны.
Калі, дзе:
3-4 студзеня – Салігорск
10-11 студзеня – Ліда
13-14 студзеня – Наваполацк
17-18 студзеня – Гродна
"Рэха мадэрнізму" прагучыць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў праз творы беларускіх аўтараў. Натхненнем да стварэння праекта паслужылі знакавыя працэсы ў еўрапейскім мастацтве канца XIX – пачатку XX стагоддзяў, сярод якіх – новы погляд імпрэсіяністаў на пейзаж, унутраны свет чалавека і яго страхі, пераасэнсаванне канонаў цялеснай прыгажосці, авангардныя ідэі Грыса, Клее і Кандзінскага. Наведвальнікі змогуць убачыць імерсіўны фільм-падарожжа ў свет мастацтва канца XIX – пачатку XX стст., а таксама прайсці тэматычны квест для блізкага знаёмства з экспазіцыяй. Таксама гасцей НЦСМ чакаюць інсталяцыі, спецыяльная тэматычная фотазона і інфармацыйныя стэнды з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці.
Калі: 25 кастрычніка 2024 – 7 лютага 2025
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, пр. Незалежнасці, 47, Мінск
Калекцыя з 26 веераў сярэдзіны XVIII – пачатку ХХ стагоддзя з Мірскага замка прадстаўлена ў будынку былой гарадской сядзібы, дзе ў мінулыя стагоддзі праходзілі свецкія вечары і прыёмы. Самым старадаўнім у экспазіцыі з'яўляецца французскі веер 1760-х, дэкарыраваны ручным роспісам, разьбой і пазалотай. Наведвальнікі выставы змогуць прасачыць гісторыю гэтага элегантнага жаночага аксесуара, а таксама модныя трэнды XIX стагоддзя, што адлюстраваліся ў зменлівасці дэкору, канструкцыі, матэрыялах і тыпах веераў. Таксама экспазіцыя знаёміць з яго асноўнымі функцыямі: акрамя махала, якое стварае патокі паветра для абвеву твару, веер таксама з'яўляўся статусным прадметам раскошы, што падкрэслівае высокае становішча ў грамадстве і багацце сваёй уладальніцы.
Калі: 13 лістапада 2024 – 26 студзеня 2025
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск
За святочным настроем мінчане і госці горада могуць адправіцца да сталічнага Палаца спорту, каб палюбавацца агнямі адной з самых запамінальных ёлак Мінска і паласавацца смачным. У навагоднім меню – бульба ў розных варыяцыях, шашлык, традыцыйны боршч, сулугуні ў лавашы, беларускія бургеры... Сагрэюць у гэтыя зімовыя дні гарачы шакалад, духмяная кава ці абляпіхавы чай з салодкімі пышкамі.
Калі: 14 снежня 2024 – 14 студзеня 2025
Дзе: пляцоўка каля Палаца спорту, Мінск
Папулярная стрытфуд-пляцоўка "Пясочніца" зімой адкрыецца ўсяго на 11 дзён, каб падарыць гасцям святочны настрой. Навінка гэтага года – паказы лялечнага тэатра на працягу ўсяго перыяду работы кірмашу. Спецыяльнае навагодняе меню прадставяць удзельнікі фэсту. На пляцоўцы разгорнецца лакацыя з самаварамі, цір Good Place і фотабудка WishYou.by. А пакуль дзеці будуць заняты аніматарамі і лялечнымі паказамі, дарослыя змогуць атрымаць асалоду ад жывой музыкі і майстар-класаў па стварэнні калядных упрыгажэнняў.
Калі: 19–29 снежня (у будні – з 16.00 да 22.00; у выхадныя – з 13.00 да 22.00)
Дзе: стрытфуд-пляцоўка "Пясочніца", вул. Куйбышава, 45, Мінск
Любімы мінчанамі і гасцямі горада зімовы кірмаш, які год таму шумеў каля Вялікага тэатра, у новым сезоне атрымаў прапіску каля Нацыянальнай бібліятэкі. Тут разгарнуўся калядны маркет і "Фабрыка падарункаў". З актыўнасцей – венецыянская карусель, паравозік для дзяцей, навагодняя пошта, дзе можна адправіць віншавальныя паштоўкі па ўсёй краіне, рамесная майстэрня, фуд-корт (прапануюць разнастайнасць ад японскай і кітайскай да іспанскай і мексіканскай кухні), спецыяльная зона з Дзедам Марозам і ёлачны базар, дзе можна набыць дрэвы, яловыя лапкі і калядныя вянкі.
Калі: 20 снежня 2024 – 7 студзеня 2025 (у будні – з 15.00 да 23.00; у выхадныя і святочныя дні – з 13.00 да 23.00)
Дзе: пляцоўка каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, пр. Незалежнасці, 116, Мінск
Праваслаўны фестываль "Радасць" прадставіць гасцям разнастайнасць фарматаў: сямейныя мерапрыемствы, маладзёжныя сустрэчы, паказы мастацкіх і дакументальных фільмаў, тэатральныя паказы, выступленні аматарскіх калектываў і прафесійных артыстаў, студэнцкі турнір, прысвечаны 2025-годдзю Раства Хрыстовага. Самых юных наведвальнікаў чакаюць майстар-класы, зона з актыўнымі гульнямі і аніматарам, спектаклі батлейкі і інтэрактыўная экспазіцыя "Шлях у Віфлеем", прэзентацыя работ удзельнікаў творчага конкурсу "Віфлеемская зорка". Акрамя каляднага маркета, праграму фестывалю дапоўняць паказ Дзеда Мароза "Вясёлая ёлачка" і канцэрт "Блакітны агеньчык".
Калі: 26 снежня 2024 – 6 студзеня 2025
Дзе: духоўна-асветны цэнтр "Каўчэг", Даўгінаўскі тракт, 164, Мінск
На калядную Куццю акунуцца ў самабытныя традыцыі беларусаў запрашае парк гісторыі "Вялікае княства Сула", дзе разгорнецца цікавая анімацыйная экскурсія з удзелам казачных персанажаў. Наведвальнікі змогуць паўдзельнічаць у такіх спрадвечна народных абрадах, як "Каляднае шэсце каралёў" і "Пячы ката". Таксама гасцей чакае дэгустацыя традыцыйных святочных страў, а кульмінацыяй стане вячэра ў лепшых традыцыях святкавання Раства.
Калі: 6 студзеня (19.00)
Дзе: в. Сула, Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць
Зімовы фестываль "Берасцейскія сані" адбудзецца ўжо чацвёрты раз: у 2022 годзе дэбютаваў у правядзенні студзеньскага свята абласны цэнтр Брэст, а потым эстафету падхапілі Баранавічы і Пінск. Чакаецца, што любімыя мерапрыемствы ў новай праграме захаваюцца. Галоўнай пляцоўкай для выступленняў артыстаў і тэатралізаваных паказаў стане плошча Леніна. А самая відовішчная падзея – шэсце Дзядоў Марозаў – пройдзе па цэнтральных вуліцах горада.
Калі: 11 студзеня
Дзе: Кобрын, Брэсцкая вобласць
Адным з памятных атрыбутаў зімовых свят з'яўляюцца паштоўкі. У нашы дні ім на змену прыйшлі электронныя паведамленні і стыкер-пакі, але многія дзесяцігоддзі менавіта паштоўкі былі самым душэўным прывітаннем і часта захоўваліся на працягу ўсяго жыцця. Гісторыя расказвае, што першую калядную паштоўку стварыў англійскі мастак Добсан у 1794 годзе. А масавая вытворчасць паштовак пачалася ў Англіі ў 1843-м, калі сэр Генры Коўл прыдумаў разаслаць віншаванні ўзамен асабістых візітаў. На выставе ў Мінску прадстаўлены павялічаныя копіі навагодніх паштовак пачатку ХХ стагоддзя з калекцыі даследчыка, лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне", аўтара праекта "У пошуках страчанага" Уладзіміра Ліхадзедава.
Калі: 2 снежня 2024 – 3 лютага 2025
Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, вул. К. Маркса, 12, Мінск
Ёлачныя цацкі з прыватнай калекцыі Наталлі Кавалёвай, прадстаўленыя на выставе ў Нясвіжскім замку, уражваюць уяўленне: антыкварныя, вінтажныя ёлачныя ўпрыгажэнні са шкла, пластыку, ваты, паперы, апілачнага кампазіту, пап'е-машэ і кардону... Сярод іх – і сучасныя, і савецкія (1930–1990-х гадоў), створаныя ў розных тэхніках і падзеленыя на тэматычныя блокі. Наведвальнікі выставы змогуць убачыць "Навагоднія ўпрыгажэнні ваеннага часу" і "Цацкі вытворчасці ГДР", "Ватныя навагоднія ўпрыгажэнні", "Ёлачныя цацкі свабоднага выдзімання" і створаныя ў тэхніцы "Глінка". Акрамя таго, у экспазіцыі прадстаўлены тэмы "Паветраплаванне і космас", "Агародніна і фрукты", "Асваенне Поўначы", "Цырк", "Шчаслівае дзяцінства"...
Калі: 6 снежня 2024 – 9 лютага 2025
Дзе: Нясвіжскі замак, малая выставачная зала палацава-паркавага ансамбля
У дні зімовых свят дом-музей Ваньковічаў запрашае гасцей акунуцца ў атмасферу дваранскага маёнтка XIX стагоддзя, дзе збіраліся прадстаўнікі культурнай інтэлігенцыі, мастакі, музыканты той эпохі. Акрамя знаёмства з экспазіцыяй, наведвальнікі змогуць далучыцца да калядных традыцый і ва ўтульнай абстаноўцы вырабіць аўтарскае ёлачнае ўпрыгажэнне з прыродных матэрыялаў – шышак, галінак, драўляных спілаў.
Калі: 12 снежня 2024 – 15 студзеня 2025
Дзе: Дом Ваньковічаў, вул. Інтэрнацыянальная, 33а, Мінск
Новы выставачны праект у галерэі FARBA дорыць не толькі святочны настрой, але і знаёміць гасцей з традыцыямі і звычаямі беларускага народа. Наведвальнікі даведаюцца аб некалі папулярных старадаўніх рамёствах нашых продкаў, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, фальклоры, батлейцы... Адметнасцю праекта "Зімовая казка" з'яўляецца злучэнне традыцый і інавацый: напрыклад, спектакль батлейкі праецыруецца на сцены імерсіўнай залы, а ў яго стварэнні быў задзейнічаны штучны інтэлект.
Калі: 13 снежня 2024 – 2 сакавіка 2025
Дзе: галерэя FARBA, пл. Свабоды, 8, Мінск
Адзін з самых вядомых і наведвальных музеяў Беларусі запрашае акунуцца ў атмасферу свята і гістарычных таямніц. Юных наведвальнікаў чакае захапляльная прыгода па экспазіцыі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: удзельнікам давядзецца праявіць вынаходлівасць у расследаванні і разгадаць сакрэт аднаго са старэйшых супрацоўнікаў музея. Таксама для гасцей даступна (па 12 студзеня) экспазіцыя ёлачных рэтрацацак з фондаў музея "Цацкі, якія захоўваюць памяць".
Калі: 3 і 4 студзеня (13.00)
Дзе: Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пр. Пераможцаў, 8, Мінск
Напярэдадні зімовых канікулаў і самых любімых свят Белдзяржцырк прэзентуе новую праграму. Госці акунуцца ў навагоднюю атмасферу пад акорды вясёлай казкі "Навагодні Ералаш". Згодна з сюжэтам, галоўныя героі спяшаюцца даставіць доўгачаканыя падарункі ўсім дзецям на планеце, але дарога наперадзе доўгая, а на шляху іх падсцерагаюць розныя перашкоды і выпрабаванні... У цыркавым шоу задзейнічаны паветраныя гімнасты і акрабаты, клоўны, а таксама іх кампаньёны па манежы – малпачкі-музыканты, дрэсіраваныя поні, сабачкі, коцікі, забаўныя гусі…
Калі: 14 снежня 2024 – 12 студзеня 2025
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск
"Формулу Новага года" трэба будзе адшукаць гасцям Галоўнай ёлкі краіны – 2025. Згодна з сюжэтам, у таямнічай лабараторыі пры дапамозе гэтага сакрэту навагоднія чарадзеі ствараюць сапраўдныя казкі, святочны настрой і доўгачаканыя падарункі. Разам з галоўнымі героямі – Міхасём і Васілісай – гледачам удасца зазірнуць у таямнічую лабараторыю Дзеда Мароза і Снягурачкі, а потым і дапамагчы ім адшукаць страчаную формулу ў адной з фантастычных кніг. Правадніком для публікі стане штучны інтэлект – дзяўчынка з імем Алеся, якая стварае маршруты ў невядомыя сусветы. Гледачы стануць удзельнікамі спектакля, дзе ім давядзецца разгадаць галаваломкі касмічных піратаў, разабраць адпраўленыя пасылкі, жангліраваць чароўнымі прадметамі, а таксама танцаваць і спяваць разам з персанажамі.
Калі: 22 снежня 2024 – 4 студзеня 2025 (11.00, 15.00, 18.00)
Дзе: Палац Рэспублікі, Кастрычніцкая плошча, 1, Мінск
Падарыць сабе свята і правесці ўтульны зімовы вечар пад акампанемент любімых джазавых кампазіцый запрашае музычная капэла SONORUS пад кіраўніцтвам маэстра Вячаслава Ларына. Слухачоў чакае цёплая настальгічная атмасфера, вакал ад салістаў камернага хору, саксафон, любімыя калядныя песні (Silent night, Last Christmas, Jingle bells), а таксама музыка Баха і Бізэ ў арыгінальнай джазавай апрацоўцы.
Калі: 3 студзеня
Дзе: КЗ "Верхні горад", пл. Свабоды, 23а, Мінск
Адзін з сімвалаў Каляд і Новага года – "Шчаўкунок" – у снежні вяртаецца на сцэну Вялікага тэатра Беларусі. Упершыню ж на галоўнай сцэне краіны казачны балет з'явіўся ў 1982 годзе: тады над ім працаваў творчы тандэм дырыжора Аляксандра Анісімава, харэографа Валянціна Елізар'ева, сцэнографа Яўгена Лысіка. У кастрычніку 2020-га спектакль паўстаў у новай аўтарскай рэдакцыі, і Елізар'еў не раз прызнаваўся, што з захапленнем працаваў над балетам, а першы акт спектакля наогул убачыў у сне. Паводле слоў артыстаў, яго харэаграфія віртуозная, няпростая ў выкананні, аднак гэта дазваляе прадэманстраваць тэхніку, музычнасць і, вядома, акцёрскае майстэрства.
Калі: 5, 8, 17 студзеня
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Рэжысёр, прадзюсар, стваральнік папулярнага тэлешоу "Ледніковы перыяд" Ілья Авербух вяртаецца ў Мінск з навагодняй казкай "Шчаўкунок і Мышыны кароль". Сусветна вядомы сюжэт з аднайменнай каляднай казкі Тэадора Амадэя Гофмана атрымаў новае – лядовае – прачытанне дзякуючы таленту Ільі Авербуха не толькі як фігурыста і танцоўшчыка на лёдзе, трэнера, але і як вопытнага пастаноўшчыка. У галоўных ролях на лёд сталічнай "Чыжоўка-Арэны" выйдуць яго сябры і калегі – алімпійскія чэмпіёны Аляксей Ягудзін, Таццяна Тацьмяніна і Максім Марынін.
Калі: 11 студзеня (11.00, 15.00)
Дзе: "Чыжоўка-Арэна", вул. Ташкенцкая, 19, Мінск
Адна з самых чароўных і доўгачаканых падзей – Раство Хрыстова – заўсёды ахутана атмасферай сямейнай цеплыні, любові і вялікіх надзей на наступны год. Згодна з народным календаром, пасля 7 студзеня настае час калядных свят, якія прадоўжацца 12 дзён да Хрышчэння Гасподняга. Прыемным сюрпрызам у гэты перыяд для праваслаўных вернікаў стане канцэрт-прынашэнне ад заслужаных калектываў краіны, сярод якіх – Харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы, Акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, вакальны ансамбль "Камерата", мітрапалічы хор Мінскага святадухаўскага кафедральнага сабора, ансамбль салістаў "Класік-Авангард".
Калі: 16 студзеня
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск
Напярэдадні свят сталічны Тэатр лялек прапануе акунуцца ў магічную атмасферу знакамітай аповесці Мікалая Гогаля: прэм'ера спектакля "Ноч перад Калядамі" адбылася ў 2023-м (рэжысёр – Кацярына Трафімук, мастак-пастаноўшчык – Таццяна Нерсісян), але застаецца любімай гледачамі. Лічыцца, што на калядную куццю адбываецца неверагоднае – месяц знікае з неба або моцная мяцеліца заносіць у такія прыгоды, што, здаецца, без нячыстай сілы тут відавочна не абышлося... "Ноч перад Калядамі" – гэта нагода сустрэцца са знаёмымі персанажамі, убачыць гісторыю сапраўднага кахання і адвечнага проціборства добрых і злых сіл.
Калі: 16 і 17 студзеня
Дзе: Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, вул. Энгельса, 20, Мінск
Галоўнымі пляцоўкамі вулічных гулянняў для мінчан і гасцей горада традыцыйна стануць:
Адправіцца ў зімовую казку пад грукат калёс поезда, які імчыцца ўдалечыню, прапануюць дзецям і дарослым напярэдадні Каляд і Новага года – 2025. Пункт назначэння – маёнтак беларускага Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы, працягласць ад Мінска да Брэста – звыш 350 км, час у дарозе – каля 10 гадзін. Гасцей чакае насычаная праграма. Акрамя наведвання сядзібы галоўнага ляснога чарадзея, яны ўбачаць Церам Снягурачкі, Чароўны Млын, пабываюць на Алеі знакаў Усходняга Календара, у "Скарбніцы" – Музеі падарункаў Дзеда Мароза, а таксама змогуць загадаць запаветныя жаданні на паляне Дванаццаці Месяцаў або на чароўным троне. Госці маёнтка пакаштуюць пушчанскія бліны і чай на травах, атрымаюць асалоду ад прыроды нацыянальнага парку. Па дарозе назад ім давядзецца сустрэцца з чыгуначным Дзедам Марозам.
Калі: 6–7 і 10–11 студзеня 2025
Дзе: Мінск-Пасажырскі – маёнтак Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы
Напярэдадні зімовых свят галоўная скарбніца Беларусі запрашае на мерапрыемствы для ўсёй сям'і. Акрамя выставачных праектаў "Расія – Беларусь. Скрыжаванне лёсаў" і "Лейба Альпяровіч. Да 150-годдзя", з 26 снежня стартавалі "Навагодняя містэрыя ў Мастацкім" і інтэрактыўная праграма "Каляднымі сцежкамі", а таксама праекты "Якога колеру зіма" з майстар-класам па размалёўцы навагодніх масак і "Усё самае цікавае пра фарфор: каляднае цуда". Калейдаскоп падзей у Нацыянальным мастацкім музеі дапоўняць спектакль Тэатра танца "Чарлі" "Падарунак на Каляды", канцэрт "Калядныя мары" ў выкананні хору "Паліфоніка", канцэрт дуэта А. Пшанічнага і А. Шынкевіч "Напярэдадні Каляд".
Калі: 21 снежня 2024 – 18 студзеня 2025
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск
Цудоўная рэзідэнцыя самых вядомых магнатаў мінулага акунецца ў атмасферу XVIII стагоддзя. Таямнічыя маскі і сілуэты, забавы і жывая музыка – усё гэта чакае гасцей у Партрэтнай зале. Па традыцыі на свята збяруцца кавалеры і дамы ва ўборах у духу таго часу. Дрэс-код адпаведны: строгі касцюм для мужчын, сукенка і абутак без абцаса для жанчын. Удзельнікаў балю чакаюць інструментальная музыка, танцавальныя майстар-класы, старадаўнія настольныя і рухавыя гульні, прыемныя сюрпрызы і фуршэт.
Калі: 11 студзеня, 19.00
Дзе: Мірскі замак, вул. Чырвонаармейская, 2, г.п. Мір, Гродзенская вобласць
Ужо больш за 15 гадоў Вялікі тэатр напярэдадні старога Новага года запрашае знатакоў рамантычнай бальнай эстэтыкі, салоннай атмасферы і чароўнай класічнай музыкі. Сустракаць першых гасцей пачнуць ужо ў 18.00. У фае тэатра размесціцца інструментальнае трыа "Глорыя", а ў 19.00 стартуе майстар-клас па танга і "Навагодні агеньчык" у камернай зале імя Л.П. Александроўскай. Каралеўскі баль збярэ гасцей у фае бельэтажа, а потым ужо разгорнуцца майстар-класы па гістарычных і бальных танцах і музычна-танцавальная праграма ад ансамбля салістаў аркестра Вялікага А.М.А.D.I.S. Brass. Кульмінацыяй вечара стане Венскі баль: вальсы, полькі і кадрылі прагучаць у выкананні Сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам дырыжора Віталя Грышчанкі. Завершыць праграму "Караоке з зоркай": госці праспяваюць з зоркамі оперы ў суправаджэнні струннага квінтэта "Серэнада", а з дванаццатым ударам курантаў станцуюць "паўночную кадрылю" пад музыку з "Лятучай мышы" І.Штрауса.
Калі: 13 студзеня, з 19.00 да 00:00
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск
Выдатная сядзіба ў вёсцы Скокі, якая належала ў XVIII стагоддзі пісьменніку, публіцысту, дзяржаўнаму дзеячу Юльяну Нямцэвічу, яшчэ знаходзіцца ў працэсе стварэння экспазіцыі: для наведвальнікаў даступны дзевяць з адзінаццаці залаў. Але свецкія раўты тут арганізуюць тройчы ў год – Калядны (ці Старанавагодні), майскі і асенні – у гонар дня заснавання сядзібы. У студзені адбудзецца традыцыйны зімовы баль у духу канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя. У праграме – танцы пад кіраўніцтвам прафесійнага балетмайстра, класічная і інструментальная музыка, салонныя гульні, музычныя фанты. Усяго запланавана пяць танцавальных аддзяленняў, а таксама канцэртныя нумары і забаўляльная праграма для ўдзельнікаў.
Калі: 18 студзеня, 18.00
Дзе: Гісторыка-мемарыяльны музей "Сядзіба Нямцэвічаў", в. Скокі, Брэсцкая вобласць
Цудоўную магчымасць адчуць эпоху, у якой жыў і працаваў стваральнік знакамітага паланэза "Развітанне з Радзімай" Міхал Клеафас Агінскі, дорыць старадаўняя фамільная рэзідэнцыя. У снежні 2024-га яе залы прынялі маладзёжны баль, а ў перыяд калядных свят адбудзецца яшчэ адзін. Суботнім вечарам тут чакаюць дам у бальных сукенках і кавалераў у смокінгах. Дарэчы, у "Паўночных Афінах" балі даваліся круглы год і былі настолькі важнай часткай дваранскага жыцця, што астатні вольны час быў падпарадкаваны падрыхтоўцы да іх. Гасцей Залесся запрашаюць незабыўна правесці час у інтэр'ерах сядзібы – атрымаць асалоду ад танцаў XIX стагоддзя, свецкіх размоў і святочнай атмасферы.
Калі: 18 студзеня, 18.00
Дзе: Музей-сядзіба Міхала Агінскага, аг. Залессе, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць