Цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Спорт | Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску | Цырымонія адкрыцця

Цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў

Яркім шоу на стадыёне "Дынама" 21 чэрвеня 2019 г. стартавалі II Еўрапейскія гульні. Спартсмены і прадстаўнікі каманд краін-удзельніц, валанцёры, госці на трыбунах (у гэты вечар на галоўнай арэне сабралося каля 25 тысяч чалавек!) і мільёны тэлегледачоў па ўсім свеце сталі сведкамі ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ў Мінску.

Назіралі за падзеямі і ганаровыя госці – кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, афіцыйныя дэлегацыі, якія прыехалі па запрашэнні кіраўніцтва Беларусі і Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.

Трохгадзінная праграма адкрыцця стала захапляючым гідам па гісторыі, культуры і духоўных традыцыях Беларусі. Цырымонія, галоўнай аб'яднальнай тэмай якой была прыгожая легенда аб папараць-кветцы, складалася з некалькіх частак. Пасля ўрачыстага падняцця Дзяржаўнага сцяга і выканання гімна Беларусі яе адкрыў эпізод "Купалле" – аб самабытнасці, ідэнтычнасці і шчырай гасціннасці беларусаў. А далей пачалася самая масавая частка дзейства – парад спартсменаў: дэлегацыі ўсіх 50 краін-удзельніц у алфавітным парадку прайшлі перад трыбунамі. Завяршыла парад краіна-гаспадыня – Беларусь.

Цікава! Сцяганосцам зборнай Беларусі на цырымоніі адкрыцця стаў Уладзімір Самсoнаў – экс-першая ракетка свету па настoльным тэнісе, трохразовы ўладальнік Кубка свету, уладальнік прыза Fair play, шматразовы чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў Еўропы і свету, удзельнік шасці Алімпійскіх гульняў.

Пасля прадстаўлення краін і гімна II Еўрапейскіх гульняў – песні Winners у выкананні маладога беларускага спевака Кірыла Гуды – пачалося тэатралізаванае шоу "Калі цвіце папараць" у пяці эпізодах:

  • першы расказаў пра легенды і паданні старажытнай Беларусі, міфічных герояў Лесуна, Цмока, Вужынага караля, Ваўкалака…
  • другі нагадаў пра багатую культурную і духоўную спадчыну краіны: гледачам расказалі пра знакамітых гістарычных асоб, такіх як Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая, Вітаўт, Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка, Францыск Скарына, Леў Сапега, Сімяон Полацкі, Казімір Семяновіч, вялікі здабытак беларусаў – кнігі, помнікі архітэктуры, унікальныя артэфакты…
  • трэці эпізод стаў прысвячэннем выдатным беларускім дзеячам XX стагоддзя, сярод якіх Янка Купала і Якуб Колас, Соф’я Кавалеўская, Марк Шагал і Лявон Бакст, Павел Сухой і Жарэс Алфёраў, Уладзімір Мулявін і Валянцін Елізар’еў…
  • эпізод пад назвай "Памяць" нагадаў аб традыцыі беларускіх ручнікоў, якія зберагалі ад бед і хвароб, расказаў пра самую трагічную старонку ў гісторыі краіны – Другую сусветную вайну…
  • пяты эпізод, сімваламі якога сталі легендарная Белавежская пушча і яе знакаміты жыхар – зрабіў акцэнт на тэме экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя. Трыбуны "Дынама" ўразіла постаць вялізнага зубра, які з’явіўся ў фінале тэатралізаванага шоу.

Яшчэ адным яркім элементам цырымоніі адкрыцця стала тэхналогія дапоўненай рэальнасці, дзякуючы якой гледачы на экранах тэлевізараў, а госці стадыёна – на сваіх смартфонах (з дапамогай спецыяльнага дадатка) бачылі надзвычай эфектную карцінку – буслоў, якія ляталі над трыбунамі, уяўных зуброў, якія праскакалі непасрэдна над чашай стадыёна, ззянне квітнеючай папараць-кветкі...

Урачыстую цырымонію прадоўжылі сімвалічныя моманты.

З відэавіншаваннем да ўдзельнікаў і гасцей II Еўрапейскіх гульняў звярнуўся Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Ён заклікаў "выкарыстоўваць спорт, каб пабудаваць мірную, квітнеючую, устойлівую будучыню, да якой мы ўсе імкнёмся".

Знакамітыя спартсмены – чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Алена Бялова, алімпійскі чэмпіён па дзюдо Ігар Макараў, трэнер па фрыстайле, чэмпіён СССР у скачках на батуце Мікалай Казека, алімпійскі чэмпіён па фехтаванні Аляксандр Раманькоў, алімпійская чэмпіёнка па фрыстайле Ала Цупер, алімпійская чэмпіёнка па лёгкай атлетыцы Яніна Правалінская-Карольчык – пранеслі па арэне "Дынама" сцяг Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. І калі ён быў узняты побач са сцягам Беларусі, прагучалі тры клятвы – атлетаў, суддзяў і трэнераў: ад імя ўсіх удзельнікаў іх агучылі Васіліса Марзалюк, Артур Фандо і Вольга Уласава.

Звяртаючыся да спартсменаў, прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) Янез Качыянчыч заклікаў спаборнічаць у адпаведнасці з духам спартыўнага майстэрства і сумленнай гульні, даказваць сваю перавагу на мяжы чалавечых здольнасцей, але сапернічаць у адпаведнасці з прынцыпамі чыстага спорту. Авацыямі сустрэў стадыён зварот прэзідэнта ЕАК на беларускай мове. Янез Качыянчыч падзякаваў краіне за гасціннасць, а таксама адзначыў, што Еўрапейскія гульні сталі самай значнай спартыўнай падзеяй у гісторыі Беларусі.

"Быць ля вытокаў стварэння Еўрапейскіх гульняў – гонар для Беларусі", – сказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, аб’яўляючы II Еўрапейскія гульні на гасціннай беларускай зямлі адкрытымі. Кіраўнік дзяржавы вітаў удзельнікаў спаборніцтваў, гасцей Мінска і ўсіх, хто сочыць за спаборніцтвамі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што такі спартыўны форум - грандыёзны праект, які збірае пад адным дахам лепшых спартсменаў Еўропы. Для атлетаў гэта магчымасць заявіць пра сябе і пазнаць сапраўдную Беларусь і яе людзей.

Кульмінацыяй шоу стала завяршэнне эстафеты "Полымя міру". Фінальныя метры на стадыёне "Дынама" даверылі сямёрцы знакамітых беларускіх спартсменаў, якія прабеглі з факеламі і разам запалілі агонь у “Чашы папараць-кветкі”.

Удзел у шоу адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў прынялі больш як паўтысячы артыстаў, музычнае суправаджэнне ўвесь вечар дарыў Прэзідэнцкі аркестр Беларусі. Хэдлайнерамі сталі зоркі сусветнай сцэны. На "Дынама" выступілі ўладальнік узнагароды "Лепшы азіяцкі спявак" Дзімаш Кудайберген, а таксама народная артыстка Расіі Ганна Нятрэбка і яе муж – драматычны тэнар Юсіф Эйвазаў.

Генеральным прадзюсарам цырымоніі выступіў тытулаваны расійскі кампазітар Ігар Крутой, рэжысёры-пастаноўшчыкі – Аляксандр Вавілаў і Аляксей Сечанаў.

Вялікі рэпартаж з лепшымі кадрамі цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў у Мінску вы можаце паглядзець у нашай галерэі.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі