Эcтафета "Полымя міру" стартавала 3 мая 2019 г. у Рыме каля знакамітай Аркі міру цырымоніяй запальвання агню II Еўрапейскіх гульняў і прадоўжылася 50 дзён. Даўжыня ўсяго маршруту эстафеты склала 7700 км.
Кантынентальнае полымя пабывала ў самай высокай кропцы Еўропы – на гары Манблан, а таксама ў Аўстрыі, Славеніі, Венгрыі, Славакіі, Чэхіі і Польшчы. 12 мая факел прыбыў у Беларусь. І на працягу амаль сямі тыдняў сімвал спартыўнага форуму падарожнічаў па краіне, наведаўшы ўсе рэгіёны – гарады і вёскі, вядомыя беларускія замкі, мемарыяльныя комплексы, нацыянальныя паркі, спартыўныя і гісторыка-культурныя аб'екты, вядомыя прадпрыемствы.
Факеланосцамі выступілі 450 чалавек: знакамітыя спартсмены, зоркі культуры, навукі, мастацтва, журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы. Іх суправаджалі 100 валанцёраў і 10 захавальнікаў агню.
Паглядзець, як падарожнічала "Полымя міру" па Беларусі, можна ў галерэі:
Цікава! Дызайн факела II Еўрапейскіх гульняў распрацавала Юлія Брайчук, над увасабленнем працавалі майстры Навагрудскага завода газавай апаратуры. Паводле задумы, галоўным упрыгажэннем сімвала стаў разны лагатып – палаючая папараць-кветка. Канструкцыя з нержавеючай сталі аб'яднала 40 дэталей, яе вага склала крыху больш за 1,7 кг, вышыня – 81 см. Цэнтр цяжару быў разлічаны для максімальна зручнага выкарыстання ў час бегу, прадугледзелі і магчымасць прымацавання да веласіпеда і інваліднай каляскі. Згодна з патрабаваннямі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, полымя не павінна было гаснуць на скорасці да 76 км/гадз: беларускі факел вытрымліваў выпрабаванні на скорасці 120 км/гадз.
Фінішам эстафеты "Полымя міру" стала цырымонія запальвання агню на стадыёне "Дынама" ў час урачыстага адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў 21 чэрвеня.
Права ўнесці агонь на арэну і разам запаліць сімвал Гульняў атрымалі славутыя алімпійскія чэмпіёны – Дар'я Домрачава, Аляксей Грышын, Максім Мірны, Юлія Несцярэнка, Раман Петрушэнка, Надзея Скардзіна і Дзмітрый Даўгалёнак.
Цікава! Афіцыйная назва чашы агню II Еўрапейскіх гульняў на стадыёне "Дынама" – "Чаша кветкі папараці" (The Fern Flower Cauldron). На час форуму-2019 знакаміты сімвал, устаноўлены на мінскай арэне да Алімпіяды-80, упрыгожыла кампазіцыя, якая нагадвае лісце папараці.
За некалькі дзён да цырымоніі адкрыцця Гульняў на фінальным адрэзку эстафеты "Полымя міру" старт падарожжу агню па сталічных вуліцах ад гарадской Ратушы даў знакаміты беларускі барэц-чэмпіён Аляксандр Мядзведзь, які амаль 30 гадоў таму запаліў агонь Алімпіяды-80 у чашы стадыёна "Дынама".