Спартыўны форум завяршыўся ў Мінску 30 чэрвеня яркай цырымоніяй закрыцця.
Поле стадыёна "Дынама" ператварылася ў вялізную танцавальную пляцоўку, на якой размясціліся валанцёры і спартсмены, а ў цэнтры вырасла маштабная 16-метровая дэкарацыя ў выглядзе знакамітай славутасці Беларусі – Нацыянальнай бібліятэкі. Яе грані сталі праекцыйнымі экранамі, на якіх гледачам паказвалі відэа з момантаў Гульняў – кранальных, пераможных, прыкрых, балючых, радасных – усіх, з якіх і складаецца жыццё спартсменаў. Удзельнікі з розных краін расказвалі, што адчуваюць перад стартам і дзе чэрпаюць сілы, як спраўляюцца з няўдачамі і святкуюць перамогі, дзякавалі трэнерам і балельшчыкам...
Цікава! Сцяганосцам зборнай Беларусі на фінальным парадзе атлетаў стала двухразовая чэмпіёнка II Еўрапейскіх гульняў у веславанні на байдарках Марына Літвінчук.
У ложы ганаровых гасцей разам з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам за цырымоніяй назіралі высокапастаўленыя госці, сярод якіх Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, Прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян, кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах.
Шоу на стадыёне "Дынама" стала лагічным працягам цырымоніі адкрыцця. Арганізатары ўразілі гледачоў паказам з выкарыстаннем найноўшых тэхнічных сродкаў і IT-рашэнняў. Асаблівая ўвага – ушаноўванню спартсменаў і валанцёраў. Тэатралізаванае шоу "Ідзі за марай" было падзелена на шэсць эпізодаў: "Перад стартам", "Другое дыханне", "Трэнер", "Павага", "Новы выклік" і "Перамога" – кожны быў прысвечаны пэўнай грані спорту.
Пасля таго як на "Дынама" быў апушчаны сцяг Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, на полі з'явілася велізарная 12-метровая фігура талісмана – лісяняці Лесіка. Дзякуючы тэхналогіям дапоўненай рэальнасці ў чашы агню раскрылася папараць-кветка, а яе насенне разляцелася па ўсім стадыёне.
Фінальную песню цырымоніі закрыцця Time to Say Goodbye выканалі беларуская оперная дзіва Аксана Волкава і расійскі спявак Мікалай Баскаў.
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да гасцей форуму. "Мы закрываем II Еўрапейскія гульні. Але не развітваемся, а кажам: "Да новых сустрэч". У любы час. Сустрэч у Беларусі. Тут заўсёды будуць рады вам. Вядома, усе мы з нецярпеннем будзем чакаць наступныя Еўрапейскія гульні. І няхай іх гісторыя будзе доўгай і слаўнай!" – пажадаў кіраўнік дзяржавы.
"Гульні сталі сапраўдным святам еўрапейскага і міжнароднага спорту. Сумесна з нашымі сябрамі і арганізатарамі з Беларусі мы правялі яркі мультыспартыўны форум, па маштабе які ўступае толькі Алімпійскім гульням", – сказаў прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) Янез Качыянчыч.
Пад кампазіцыю "Да новых сустрэч" беларускай выканаўцы Юліі Быкавай агонь спартыўнага форуму "Полымя міру" згас, а сэрца Лесіка запалілася яркім чырвоным святлом.