Гомельская вобласць, Беларусь | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Геаграфія | Гомельская вобласць

Гомельская вобласць

Від на вул. Савецкую ў г. Гомелі
Від на вул. Савецкую ў г. Гомелі

Гомельская вобласць – адна з шасці абласцей Беларусі. Размешчана ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны.

Гомельская вобласць – найбуйнейшая па тэрыторыі вобласць Беларусі (40,4 тыс. кв. км). На ўсходзе вобласць мяжуе з Расіяй, на поўдні – з Украінай. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі займаюць каля 30% тэрыторыі рэгіёна.

Насельніцтва Гомельскай вобласці

  • 1 млн 338,6 тыс. чалавек (на 1 студзеня 2024 г.)
  • 72,93% насельніцтва жывуць у гарадах
  • 88,22% насельніцтва складаюць беларусы
  • 7,71% – рускія
  • 2,15% – украінцы

Асноўная рэлігія – праваслаўе.

Пасёлкі і гарады Гомельскай вобласці

Гомель – абласны адміністрацыйны цэнтр. Тэрыторыя вобласці падзелена на 21 раён. У склад вобласці ўваходзяць 18 гарадоў, 15 пасёлкаў гарадскога тыпу і 2249 сельскіх населеных пунктаў.

Транспартныя зносіны Гомельскай вобласці

Гомельская вобласць мае развітую дарожную інфраструктуру. Праз вобласць праходзяць буйныя міжнародныя аўтамагістралі, якія злучаюць краіны Еўропы з Расіяй і Украінай.

Гомельская вобласць мае шырокую чыгуначную сетку. 90% чыгуначных грузаў краіны і амаль палавіна пасажырскіх паяздоў праходзяць праз рэгіён.

Галоўная рака вобласці – Днепр. Яго працягласць – 420 км. Днепр перасякае тэрыторыю рэгіёна з поўначы на поўдзень. Прытокі Дняпра і ракі Прыпяць маюць суднаходнае і сплаўное значэнне, а таксама служаць водапрыёмнікамі для меліярацыйных каналаў, што асушаюць забалочаныя землі.

На тэрыторыі Гомельскай вобласці шырокая сетка каналаў. Акрамя таго, тут шмат азёр. Самае вялікае з іх – Чырвонае  (плошча 43,6 кв. км).

У Гомелі і Мазыры размешчаны аэрапорты.

Прамысловасць Гомельскай вобласці

Гомельская вобласць з’яўляецца адным з высокаразвітых індустрыяльных рэгіёнаў Беларусі. На яго тэрыторыі размешчана болей за 300 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў, доля якіх у аб’ёме прамысловай вытворчасці рэспублікі складае 19,6%. Каля 70% вырабленай прадукцыі ідзе на экспарт. Знешнегандлёвыя аперацыі ажыццяўляюцца больш як са 100 краінамі. Аб’ём выпускаемай прадукцыі Гомельскай вобласці ў разліку на 1 жыхара большы, чым у Мінску.

Вядучыя галіны прамысловасці:

  • паліўная 
  • хімічная 
  • лясная
  • лёгкая 
  • харчовая
  • вытворчасць сталі і металапракату
  • машынабудаванне (асабліва развіта сельскагаспадарчае машынабудаванне)

Асноўны прамысловы патэнцыял сканцэнтраваны ў гарадах Гомель, Мазыр, Жлобін, Светлагорск, Рэчыца, Добруш.

Створаны свабодная эканамічная зона "Гомель-Ратон" і Гомельскі навукова-тэхналагічны парк.

Прыродныя рэсурсы Гомельскай вобласці

Сярод карысных выкапняў, якія маюць асаблівую значнасць для народнай гаспадаркі вобласці, – паліўна-энергетычная сыравіна.

Разведана амаль 1500 радовішчаў торфу.

У 1964 годзе паблізу г. Рэчыца была здабыта першая прамысловая нафта. Сёння здабыча вуглевадародаў у Беларусі сканцэнтравана ў раёне Прыпяцкага прагіну (Гомельская і Магілёўская вобласці). З пачатку распрацоўкі здабыта больш за 144 млн т нафты і больш за 16 млрд куб. м спадарожнага нафтавага газу.

Трэць тэрыторыі вобласці пакрыта лясамі. Па запасах лесу Гомельская вобласць займае першае месца ў Беларусі.

У паўднёва-ўсходняй частцы Прыпяцкай упадзіны разведаны паклады каменнага вугалю.

У Ельскім раёне выяўлена радовішча гаручых сланцаў.

У 100 млн тон ацэньваюцца запасы бурага вугалю ў Жыткавіцкім і Брынёўскім радовішчах.

Разведаныя запасы каменнай солі перасягаюць 22 млрд тон. На базе Мазырскага радовішча створана буйнейшая ў рэспубліцы вытворчасць па выпуску солі (ААТ "Мазырсоль").

У вобласці ёсць перадумовы для выяўлення і падрыхтоўкі да прамысловага асваення новых відаў сыравіны – гіпсу, базальтавых валокнаў, мінеральных сарбентаў, ёдабромных расолаў.

На Гомельшчыне функцыянуе Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – адзіны такі ў свеце – у якім вывучаюцца і захоўваюцца ў прыродным стане тэрыторыі, якія зведалі радыеактыўнае ўздзеянне пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

На тэрыторыі Гомельскай вобласці размешчаны Нацыянальны парк "Прыпяцкі", дзе практычна ў некранутым стане захаваліся унікальныя ландшафты беларускага Палесся. Гэта адзіная мясціна на планеце, дзе ёсць першабытныя пойменныя дубровы.

Сельская гаспадарка ў Гомельскай вобласці

Аграпрамысловы комплекс вобласці здольны задаволіць патрэбнасці насельніцтва ў асноўных прадуктах харчавання і забяспечыць сыравінай перапрацоўчую галіну. Асноўныя сельскагаспадарчыя галіны: мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва і бульбаводства, а таксама льнаводства (ва ўсходняй частцы вобласці). Сельскагаспадарчыя ўгоддзі складаюць 1,4 млн. га.

Амаль 50% вырабленых у вобласці прадуктаў харчавання экспартуецца ў розныя краіны свету.

Культура і сродкі масавай інфармацыі Гомельскай вобласці

У Гомельскай вобласці знаходзіцца мноства помнікаў археалогіі, гісторыі, культуры і архітэктуры. У вобласці 26 музеяў, 4 тэатры і 2 мастацкія галерэі.

У рэгіёне праходзяць знакавыя фестывалі рэгіянальнага, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Сярод найбуйнейшых:

  • Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" у Гомелі
  • Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва "Славянскія тэатральныя сустрэчы" ў Гомелі
  • Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" ў нацыянальным парку "Прыпяцкі"
  • Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня" ў г.п. Акцябрскі

Прысваенне Гомелю статусу культурнай сталіцы Беларусі і СНД 2011 года стала сведчаннем высокіх дасягненняў Гомеля ў сферы культуры.

У Гомельскай вобласці выдаецца больш за 70 газет і часопісаў, працуюць рэгіянальныя тэле- і радыёстанцыі.

Выдатныя мясціны Гомельскай вобласці

Запаведная прырода беларускага Палесся, унікальныя поймавыя дубровы і найбагацейшая фаўна ў даліне "беларускай Амазонкі" Прыпяці, старажытныя гарады Тураў, Гомель, Мазыр, Рэчыца, Добруш, Лоеў – бясцэнная спадчына Гомельшчыны.

Архітэктурнай жамчужынай Гомеля, адным з найстарэйшых і найбольш аўтарытэтных музеяў краіны стаў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, цэнтрам якога з'яўляецца палац Румянцавых і Паскевічаў (помнік архітэктуры канца XVIII – сярэдзіны XIX стагоддзяў).

Сярод іншых вядомых мясцін рэгіёна:

Больш аб славутых мясцінах Гомельскай вобласці – тут.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі