Ефрасіння Полацкая, Беларусь | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Вядомыя беларусы | Ефрасіння Полацкая

Ефрасіння Полацкая

Ефрасіння Полацкая. Фрэска
Ефрасіння Полацкая. Фрэска

Ефрасіння Полацкая ўшаноўваецца як апякунка і нябесная заступніца зямлі беларускай.

Ефрасіння Полацкая нарадзілася каля 1101 г. (не пазней 1104) у сям’і князя Святаслава-Георгія, малодшага сына Усяслава Чарадзея.

Нечакана для блізкіх князёўна Прадслава ўпотай прыняла пострыг пад імем Ефрасіння.

Прападобная Ефрасіння заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, якія сталі цэнтрам асветы ў Полацкім княстве. Яе намаганнямі папаўнялася бібліятэка Сафійскага сабора і вялося полацкае летапісанне. Па заказе Ефрасінні майстрам Лазарам Богшам быў створаны ўнікальны шэдэўр старабеларускага прыкладнога мастацтва – крыж, названы яе імем.

Ефрасіння праславілася як першая беларуская мецэнатка. На яе сродкі і па яе заказе ў 50-я гг. XII стагоддзя была пабудавана царква святога Спаса – вяршыня полацкай архітэктурнай школы. З імем асветніцы звязана і з’яўленне ў Беларусі прывезенага з Візантыі абраза Божай Маці, вядомага як "Маці боская Адзігітрыя Эфеская".

Дабратворна паўплывала падзвіжніца і на пераадоленне варожасці паміж Полацкім і Кіеўскім княствамі. Завяршэннем жыцця Ефрасінні Полацкай стала паломніцтва ў Іерусалім, у час якога яна захварэла і ў 1173 годзе памерла.

Асветніца была пахавана ў манастыры непадалёк ад Іерусаліма. У 1187 годзе яе мошчы былі перавезены ў Кіева-Пячэрскую лаўру, а ў 1910-м – у Полацк, дзе знаходзяцца і да гэтага часу.

Штогод 5 чэрвеня хрысціянскі свет святкуе дзень памяці прападобнай Ефрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы зямлі беларускай. Гэта адзіны дзень у годзе, калі праводзіцца святочнае богаслужэнне ў Сафійскім саборы. Пасля ўрачыстай літургіі ўдзельнікі хрэснага ходу праходзяць ад сабора да Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра, заснаванага (1125 г.) самой Ефрасінняй. Некалі такім жа шляхам прайшла і знакамітая ігумення.

Прападобную Ефрасінню Полацкую аднолькава шануюць як праваслаўныя, так і католікі.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі