Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь

Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай

2
Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай
У 1161 годзе па благаславенні прападобнай Ефрасінні майстрам Лазарам Богшам быў выраблены напрастольны крыж-каўчэг з часцінкамі дрэва Крыжа Гасподняга з кроплямі Крыві Збавіцеля, кавалачкам каменю ад дамавіны Маці Божай, часцінкамі мошчаў многіх святых угоднікаў Божых. "Дрэва святое бясцэннае", — гаворыць надпіс на ім. У гады Вялікай Айчыннай вайны святыня была страчана і не знойдзена да гэтага часу. У час святкавання тысячагоддзя Полацкай епархіі і Праваслаўнай царквы ў Беларусі ў 1992 годзе было вырашана аднавіць крыж. За гэту ганаровую місію ўзяўся ювелір-эмальер з Брэста Мікалай Кузьміч. І 24 жніўня 1997 года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі асвяціў копію крыжа Ефрасінні Полацкай. Цяпер адноўленая святыня захоўваецца ў Спаса-Ефрасіннеўскім жаночым манастыры. Крыж стаў духоўным сімвалам Беларусі, вобразам крыжовай славы нашага шматпакутнага набожнага народа. У 2003–2007 гадах мастак працаваў над стварэннем ракі для мошчаў Святой Ефрасінні Полацкай.