Марк Шагал – адзін з самых знакамітых ураджэнцаў Беларусі, таленавіты жывапісец і графік, яркі прадстаўнік мастацкага авангарда ХХ стагоддзя, які пакарыў свет сваім непаўторным стылем і асаблівым поглядам на жыццё...
Марк Шагал нарадзіўся ў Віцебску 6 ліпеня 1887 года ў сям'і дробнага гандляра Хацкеля (Захара) Шагала і стаў старэйшым з дзевяці дзяцей. Праз гады сам майстар заўсёды адзначаў свой дзень нараджэння 7 ліпеня.
У 19 гадоў па благаславенні маці Фейгі-Іты Марк паступіў у школу вядомага віцебскага жывапісца Юдэля Пэна, які разгледзеў яркі талент і прапанаваў юнаку займацца бясплатна. А праз некалькі месяцаў будучы мастак паехаў вучыцца ў Санкт-Пецярбург.
Некалькі гадоў малады Шагал займаўся ў рысавальнай школе Таварыства заахвочвання мастацтваў пад кіраўніцтвам Мікалая Рэрыха, потым – у прыватнай школе Алены Званцавай, дзе яго настаўнікамі былі знакамітыя Леон Бакст і Мсціслаў Дабужынскі.
У 1910 годзе Шагал прадоўжыў навучанне ў Парыжы: наведваў класы ў свабодных акадэміях мастацтваў, аглядаў разнастайныя выставы і галерэі, асвойваў новыя напрамкі ў мастацтве – кубізм, футурызм, арфізм... І пры гэтым ствараў свой уласны, не падобны да іншых стыль.
У чэрвені 1914 года ў Берліне адбылася першая выстава Марка Шагала, якая аб'яднала амаль усе напісаныя ў Парыжы карціны і малюнкі. Пасля яе поспеху пра Шагала даведаліся многія.
На парозе Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе Марк Шагал вярнуўся ў родны Віцебск, а 25 ліпеня 1915-га тут адбылося вяселле з Бэлай Разенфельд – жанчынай, якая стала яго найвялікшым каханнем і натхненнем на ўсё жыццё.
Пасля рэвалюцыі Марк Шагал у 1917 годзе быў назначаны камісарам па мастацтве ў Віцебскай губерні. У любімым горадзе ён заснаваў Народнае мастацкае вучылішча, дзе выкладалі Мсціслаў Дабужынскі, Іван Пуні, Ксенія Багуслаўская, Вера Ермалаева, Эль Лісіцкі, Казімір Малевіч.
У гэты перыяд на радзіме былі напісаны знакамітыя палотны "Над горадам", "Вянчанне", "Прагулка"... І ўсё ж работа ў вучылішчы стала для Шагала расчараваннем з-за творчых рознагалоссяў з калегамі.
У 1920 годзе мастак паехаў у Маскву, дзе займаўся афармленнем касцюмаў і дэкарацый у Яўрэйскім камерным тэатры. Потым у яго жыцці зноў былі Берлін і Парыж, дзе Шагал сышоўся са старымі сябрамі і набыў новых – Пабла Пікаса, Анры Матыса, П'ера Банара...
У пачатку Другой сусветнай вайны Марк Шагал з сям'ёй пераехаў у ЗША і ў хуткім часе збіраўся вярнуцца ў Францыю, але ў 1944 годзе раптоўна памерла Бэла. Пасля доўгага перапынку ў памяць аб каханай ён напісаў карціны "Вясельныя агні" і "Побач з ёй".
У Еўропу Шагал вярнуўся ў 1948 годзе. У пасляваенны час яго творчасць суправаджала біблейская тэма. Мноства афортаў да выдання французскай Бібліі, карціны, гравюры, вітражы і шпалеры склалі "Біблейскае пасланне" мастака свету, спецыяльна для якога ў 1973 годзе ў Ніцы ён адкрыў музей. Урад Францыі прызнаў гэты збор афіцыйным нацыянальным музеем.
У 1952 годзе мастак пазнаёміўся з Валянцінай Бродскай, якая стала яго другой жонкай.
У 1977 годзе Шагал удастоены вышэйшай узнагароды Францыі – ордэна Ганаровага легіёна, а ў гонар 90-годдзя майстра ў Луўры адбылася буйная прыжыццёвая выстава яго работ. Насуперак усім правілам, у знакамітай скарбніцы былі выстаўлены карціны аўтара.
Марк Шагал памёр у 1985 годзе ў горадзе Сен-Поль-дэ-Вансе на паўднёвым усходзе Францыі.
Мастацтва Марка Шагала ўражвае разнастайнасцю і не паддаецца строгай класіфікацыі. Аўтарскі стыль, які спалучае экспрэсію і нетрадыцыйную мастацкую манеру, фарміраваўся пад уплывам кубізму, фавізму, арфізму. У палотнах майстра праявіліся яго асаблівы светапогляд і рэлігійныя перакананні.
Сярод самых вядомых карцін Шагала – "Я і вёска", "Прысвячэнне маёй нявесце", "Памяці Апалінэра", "Галгофа", "Від Парыжа з акна", "Дзень нараджэння", "Над горадам", "Сіні домік", "Прагулка", "Белае распяцце", "Вясельныя агні", "Масты Сены", "Вайна" і інш.
Застаючыся адданым свайму стылю, Марк Шагал усё жыццё прадаўжаў эксперыментаваць у розных тэхніках і жанрах. У яго творчай спадчыне – кніжныя ілюстрацыі, графіка, сцэнаграфія, мазаікі, вітражы, шпалеры, скульптура, кераміка...
Адным з самых плённых напрамкаў для Шагала стала кніжная ілюстрацыя. Для знакамітых пісьменнікаў Андрэ Брэтона, Андрэ Мальро, Блеза Сандрара і Гіёма Апалінэра ён стаў увасабленнем літаратурнага мастака, які надае паэтычным радкам фантастычныя вобразы.
Арыгінальныя творы Марка Шагала ўпрыгожваюць буйныя тэатры свету. У 1964 годзе мастак распісаў плафон для глядзельнай залы парыжскай Оперы Гарньё, а ў 1966-м стварыў пано "Трыумф музыкі" і "Крыніцы музыкі" для нью-ёркскай "Метраполітэн-опера".
Шагал адным з першых пачаў выкарыстоўваць станкавы жывапіс у афармленні тэатральных дэкарацый. У 1940-50-я гады ён разам з Леонам Бакстам працаваў над пастаноўкамі з легендарных "Рускіх сезонаў" Сяргея Дзягілева, балетамі "Алека", "Жар-птушка", "Дафніс і Хлоя"...
У пачатку 1960-х гадоў ужо вядомы ўсяму свету жывапісец захапіўся манументальным мастацтвам і афармленнем інтэр'ераў. У Іерусаліме ён стварыў мазаікі і шпалеры для будынка парламента, вітражы для сінагогі медыцынскага цэнтра "Хадаса", пазней – упрыгожыў мноства каталіцкіх і лютэранскіх храмаў, сінагог па ўсёй Еўропе, Амерыцы і Ізраілі.
Таленавіты жывапісец пакінуў след і ў літаратуры: паэзія, эсэ і мемуары на ідышы яшчэ пры жыцці былі апублікаваны і перакладзены на іўрыт, рускую, беларускую, англійскую і французскую мовы. Сусветную славу заваявала аўтабіяграфічная кніга Марка Шагала "Маё жыццё".
Фільм рэжысёра Аляксандра Міты "Шагал – Малевіч", прэм'ера якога адбылася ў 2014 годзе, расказвае аб жыцці і ўзаемаадносінах двух сусветных геніяў, якія жылі і тварылі ў беларускім Віцебску ў 1918–20-я гады.
Цяпер кінастудыя "Беларусьфільм" здымае анімацыйны фільм пра Шагала на аснове яго кнігі "Маё жыццё". Стужка, у якой думкі, пачуцці і светаадчуванне мастака перададзены з дапамогай яго карцін, раскажа аб важных падзеях з віцебскага перыяду.
Летам 2015 года ў родным горадзе Шагала Віцебску ў гонар 100-годдзя вяселля з Бэлай Разенфельд адбылася тэатралізаваная "Вясельная феерыя "Закаханыя над горадам", а каля дома-музея прайшла сімвалічная цырымонія іўдзейскага шлюбу.
На сцэну Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску вярнуўся спектакль "Шагал... Шагал...", які ў 2000 годзе заваяваў галоўную ўзнагароду міжнароднага фестывалю ў Эдынбургу.
Першая выстава твораў Марка Шагала адбылася ў 1997 годзе па ініцыятыве яго ўнучак Бэлы Меер і Мерэт Меер-Грабер, якія прапанавалі кожны год адзначаць дзень нараджэння мастака новымі цікавымі праектамі.
У 1997–2005 гадах у краіне прайшлі выставы, прысвечаныя розным перыядам творчасці майстра: "Марк Шагал. Работы міжземнаморскага перыяду", "Марк Шагал. Прысвячэнне Парыжу", "Марк Шагал. Пейзажы", "Марк Шагал і сцэна", "Марк Шагал. Колер у чорна-белым".
У 2012–2013 гадах у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылася выстава "Марк Шагал: жыццё і каханне" з калекцыі Музея Ізраіля ў Іерусаліме.
Міжнародны праект даў магчымасць убачыць работы мастака, звязаныя з сусветнай літаратурай: графіка, ілюстрацыі да пастаральнага рамана "Дафніс і Хлоя", паэмы Гогаля "Мёртвыя душы", "Баек" Лафантэна, а таксама аўтабіяграфіі "Маё жыццё" і кніг яго музы Бэлы Разенфельд "Першая сустрэча" і "Мае сшыткі" і інш.
Адзіная дачка Марка Шагала і яго першай жонкі Бэлы Разенфельд – Іда – на працягу ўсяго жыцця была анёлам-ахоўнікам для бацькі, які і паказваў яе ў вобразе анёла на сваіх палотнах.
Пасля смерці жонкі менавіта Іда вярнула Шагала да творчасці і дапамагла ў выданні кніг Бэлы. Ёй жа належыць аўтарства першых перакладаў твораў на французскую мову.
Дачка стала біёграфам і даследчыкам творчасці Шагала, арганізатарам яго выстаў і самым шчырым памочнікам.
Радаслоўную Майстра прадоўжылі трое дзяцей Іды і яе мужа Франца Меера – унукі Марка Шагала Піт, Мерэт і Бэла.
Доўгі час у цені заставаўся пазашлюбны сын Шагала і Вірджыніі Хагард-Макніл – музыкант і пісьменнік Дэвід Макніл.
У 2015 годзе ў Музеі шакаладу ў Віцебску была створана першая шакаладная копія карціны "Закаханыя", прысвечаная 100-годдзю вяселля Марка Шагала.
У аснове лагатыпа міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" – знакаміты шагалаўскі васілёк, які з часам стаў вядомым брэндам, сімвалам не толькі роднага горада мастака, але і ўсёй краіны.