Салей Руслан Альбертавіч, беларускі хакеіст, абаронца, капітан нацыянальнай зборнай. Заслужаны майстар спорту Беларусі (2002). Нарадзіўся 2 лістапада 1974 г. у Мінску.
Руслан Салей - адзін з лепшых гульцоў у гісторыі беларускага хакея. Ён прымаў удзел ва ўсіх трох Алімпіядах (1998, 2002, 2010), на якіх выступала нацыянальная каманда. Чэмпіён Беларусі 1993, 1994, 1995 гадоў.
Салей выступаў у наймацнейшай лізе планеты з 1996 па 2011 год, правёўшы 917 матчаў у рэгулярных чэмпіянатах НХЛ за "Анахайм" (1996 - 2006), "Фларыду", "Каларада" і "Дэтройт" і набраўшы 204 (45+159) рэзультатыўныя ачкі. У 2003 годзе Руслан Салей першым з айчынных гульцоў дайшоў да фіналу Кубка Стэнлі.
Жыццё Руслана Салея трагічна абарвала авіякатастрофа 7 верасня 2011 г., калі самалёт Як-42 з камандай расійскага "Лакаматыва" на борце ўпаў пры ўзлёце пад Яраслаўлем.
Беларуская федэрацыя хакея вывела са звароту ў зборнай 24-ы нумар, пад якім Салей гуляў у нацыянальнай камандзе. Напярэдадні першай гадавіны авіякатастрофы пад Яраслаўлем у Мінску прайшоў першы Турнір памяці Руслана Салея, заснаваны як штогадовая хакейная падзея.
"Проста лепшы. Simply the Best" - так называецца кніга пра Руслана Салея, якую напісаў сябар хакеіста спартыўны журналіст Сяргей Аляхновіч.