Касцюшка Андрэй Тадэвуш Банавентура, палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік паўстання 1794 г. Нацыянальны герой Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, вядомы ў гісторыі ўраджэнец беларускай зямлі.
Нарадзіўся ў 1746 г. ва ўрочышчы Мерачоўшчына каля горада Косава (цяпер – Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці).
У 1776-83 гг. добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. У 1784 г. вярнуўся на радзіму, з 1789-га – у польскай арміі. У 1794 г. аб'яўлены галоўнакамандуючым узброенымі сіламі і начальнікам паўстання 1794 г. У бітве каля Мацяёвіц (1794) быў цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць.
Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 г. вярнуўся ў Еўропу.
Памёр у 1817 г. у Швейцарыі, перапахаваны ў г. Кракаве.
У свеце налічваецца каля 200 помнікаў Т. Касцюшку. Яго імя носіць найвышэйшы пункт Аўстралійскага кантынента і яшчэ шэраг геаграфічных аб'ектаў розных краін.
У Беларусі адкрыты мемарыяльны музей-сядзіба ім. Т. Касцюшкі. Ён размешчаны ў адноўленым доме гістарычнага ўрочышча Мерачоўшчына (Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць) побач са знакамітым Косаўскім палацам.