Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні" | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Культура | Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні"

Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні"

Лізавета Міснікава – прадстаўніца Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні"-2019
Лізавета Міснікава – прадстаўніца Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні"-2019

Беларусь удзельнічае ў міжнародным дзіцячым песенным конкурсе "Еўрабачанне" з пачатку яго арганізацыі ў 2003 годзе.

Нашу краіну на Junior Eurovision Song Contest прадстаўлялі:

  • Вольга Сацюк (2003), "Танцуй", 4 месца
  • Ягор Воўчак (2004), "Спявайце са мною", 14 месца
  • Ксенія Сітнік (2005), "Мы разам", 1 месца
  • Андрэй Кунец (2006), "Новы дзень", 2 месца
  • Аляксей Жыгалковіч (2007), "З сябрамі", 1 месца
  • Даша, Аліна, Карына (2008), "Сэрца Беларусі", 6 месца
  • Юрый Дземідовіч (2009), "Чароўны трусік", 9 месца
  • Данііл Казлоў (2010), "Музыкі святло", 5 месца
  • Лідзія Заблоцкая (2011), "Анёлы дабра", 3 месца
  • Ягор Жэшка (2012), "А мора-мора...", 9 месца
  • Ілья Волкаў (2013), "Спявай са мной", 3 месца
  • Надзея Місякова (2014), "Сокал", 7 месца
  • Руслан Асланаў (2015), "Волшебство", 4 месца
  • Саша Мінёнак (2016), "Музыка маіх перамог", 7 месца
  • Хелена Мерааі (2017), "Я самая", 5 месца
  • Даніэль Ястрэмскі (2018), "Time", 11 месца
  • Ліза Міснікава (2019), "Попельны", 11 месца
  • Арына Пехцерава (2020), "Прышэльцы" ("Aliens"), 5 месца

Поспех юных талентаў з Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні" пацвярджаецца высокімі прызавымі месцамі. На рахунку нашай краіны – дзве перамогі ў гэтым конкурсе. У 2005 годзе Ксенія Сітнік стала трыўмфатарам з песняй "Мы разам", а ў 2007 Аляксей Жыгалковіч заваяваў Еўропу кампазіцыяй "З сябрамі".

У чэрвені 2010 года Еўрапейскі вяшчальны саюз (ЕВС) афіцыйна даверыў Беларусі правесці дзіцячае "Еўрабачанне-2010" у Мінску. Праведзены ў Мінску конкурс "Еўрабачанне-2010" стаў яркай падзеяй не толькі для жыхароў краіны, але таксама для гасцей і ўдзельнікаў музычнага спаборніцтва. ЕВС ацаніў шоу як фантастычнае: цудоўны дызайн і афармленне сцэны, таленавітыя вядучыя, прафесійная аператарская работа, выдатная тэлевытворчасць.

Штогод па выніках рэспубліканскага адборачнага тура, які праводзіць Белтэлерадыёкампанія, вызначаецца прадстаўнік Беларусі на Junior Eurovision Song Contest.

"Еўрабачанне-2018" у Беларусі

Згодна з рашэннем Еўрапейскага вяшчальнага саюза Беларусь стала краінай – гаспадыняй музычнага конкурсу другі раз – у 2010 годзе дзіцячае "Еўрабачанне" праходзіла ўжо ў Мінску. Папулярнае шоу адбылося ў сталіцы 25 лістапада 2018 года. Па выніках галасавання гледачоў і ацэнак прафесійнага журы першае месца і галоўны прыз – хрустальны мікрафон – заваявала выканаўца з Польшчы Раксана Венгель. Прадстаўнік Беларусі Даніэль Ястрэмскі заняў адзінаццатае месца. Арганізатарам песеннага форуму выступіў адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза – Белтэлерадыёкампанія.

Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні"-2019 прадставіла Лізавета Міснікава

Пераможніцай беларускага нацыянальнага адбору стала 14-гадовая мінчанка Ліза Міснікава, якая выступіла з песняй "Попельны" ("Пепельный"), што атрымала па 10 балаў ад гледачоў і судзейскай калегіі. Прычым раней юная спявачка тройчы спрабавала прабіцца на "Еўрабачанне", і толькі на гэты раз яе чакаў поспех.

"У нумары мы першапачаткова зрабілі акцэнт на танцах, бо песня ў нас такая запальная, я б нават сказала, крутая, як любяць тынэйджары. Некаторым маё выкананне нагадвае амерыканскую спявачку Білі Айліш. Падлеткі пазнаюць кампазіцыю, яна ім падабаецца, яны танцуюць пад яе – мы рабілі стаўку менавіта на гэта, – расказала Лізавета Міснікава пасля перамогі ў нацыянальным адборы. – Дзіцячае "Еўрабачанне" – гэта такі значны этап у маёй музычнай кар'еры. Песню "Попельны" пачуе ўся Еўропа. І самая галоўная мая мэта – выступіць годна, каб мяне запомнілі, і, вядома, перамагчы".

Фінальнае шоу дзіцячага "Еўрабачання"-2019 прайшло 24 лістапада ў польскім Глівіцэ. На гэты раз конкурс аб'яднаў юных выканаўцаў з 19 краін: Аўстраліі, Албаніі, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Ірландыі, Іспаніі, Італіі, Казахстана, Мальты, Нідэрландаў, Партугаліі, Расіі, Паўночнай Македоніі, Сербіі, Украіны, Уэльса, Францыі і гаспадыні цяперашняга конкурсу  – Польшчы. Яго слоган – Share the joy! ("Падзяліся радасцю"). На сцэне Arena Gliwice Ліза Міснікава выступіла пад нумарам 7. Атрымаўшы ад гледачоў і журы 92 балы, юная прадстаўніца Беларусі заняла 11 месца.

Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2020" прадставіла Арына Пехцерава

У сувязі з пандэміяй каранавіруса ў 2020 годзе дзіцячы конкурс "Еўрабачанне" ўпершыню адбыўся ў новым фармаце. Па рашэнні Еўрапейскага вяшчальнага саюза 29 лістапада ў прамым эфіры прагучалі загадзя запісаныя юнымі ўдзельнікамі кампазіцыі.

Слоганам конкурсу ў гэтым годзе стала фраза Move the world! ("Рухай свет!"), а сімвалам – планета, размаляваная рознымі колерамі. Яны сведчаць аб тым, што кожны дзень людзі па ўсім свеце выконваюць свае абавязкі і такім чынам рухаюць зямны шар.
 
Удзел у міжнародным конкурсе прынялі 12 краін. Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2020" прадставіла 12-гадовая магіляўчанка Арына Пехцерава з песняй "Прышэльцы" ("Aliens"). Менавіта яе кампазіцыя аказалася лепшай з усіх заявак, накіраваных на разгляд экспертнага журы. Цікава, што Арыне пашанцавала толькі з трэцяга раза: да гэтага юная спявачка ўжо ўдзельнічала ў нацыянальным адборы на "Еўрабачанні" – у 2017 годзе ў складзе дуэта і ў 2019-м сольна.

Біяграфія выканаўцы з Магілёва – музычная. З 6 гадоў Арына Пехцерава займаецца вакалам, а з 8 гадоў вучыцца ў музычнай школе па класе фартэпіяна. У свабодны час захапляецца маляваннем і фатаграфіяй, асвойвае навыкі кампазітара і сонграйтара. За вакальныя поспехі юнай спявачцы двойчы прысуджвалася стыпендыя спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
 
Арына з’яўляецца ўладальніцай 30 узнагарод міжнародных і рэспубліканскіх вакальных конкурсаў і прэстыжных фестываляў. Сярод самых значных – сярэбраны медальён "Сусветнай асацыяцыі фестываляў "WAF". У 2016-м Арына Пехцерава стала самай юнай канкурсанткай Arpeggio International Singing Competition на Мальце. У 2019-м магіляўчанка ў складзе каманды Святланы Лабады змагалася за перамогу ў шостым  сезоне папулярнага тэлепраекта "Голас. Дзеці".
 
Сцэнічны нумар Арыны Пехцеравай на "Еўрабачанні-2020" быў запісаны ў студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі. Гледачы пачулі песню "Прышэльцы" на рускай і англійскай мовах. Па выніках галасавання журы і гледачоў беларуска набрала 130 балаў і заняла пятае месца.

Расказваючы пра гісторыю стварэння сваёй кампазіцыі "Прышэльцы", Арына прызналася, што песня была напісана яшчэ вясной, калі ў свеце пачалася эпідэмія каранавіруса. "Яе сэнс просты: свет спыніўся, межы закрыліся, людзі больш не могуць сустракацца, прыязджаць адзін да аднаго ў госці, нават дзіцячае "Еўрабачанне" ў гэтым годзе стала іншым. Але я веру, што будучыня ў нашых руках, і менавіта мы, дзеці, зможам выратаваць гэты свет, зрабіць яго лепшым!" – адзначыла выканаўца.
 
Важна! У гэтым годзе ў правілах дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне-2020" адбыліся змяненні: галасаваць можна было адразу за трох удзельнікаў, у тым ліку і за прадстаўніка сваёй краіны. 

 

Беларусь на конкурсе маладых музыкантаў "Еўрабачанне" (Eurovision Young Musicians)

У міжнародным конкурсе класічнай музыкі для маладых музыкантаў "Еўрабачанне" Беларусь удзельнічала двойчы – у 2010 і 2012 гадах.

Першы прадстаўнік Беларусі на конкурсе віяланчэліст Іван Карызна ўвайшоў у фінал конкурсу (з ліку 14 прэтэндэнтаў), пакарыўшы журы сваёй віртуознай тэхнікай.

Цымбалістка Аляксандра Дзенісеня, лаўрэат многіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, прадставіла Беларусь на музычным "Еўрабачанне-2012" у маі ў Вене.

Беларусь на танцавальным конкурсе "Еўрабачанне-2013" (Eurovision Young Dancers 2013) у Гданьску (Польшча)

Беларусь упершыню прыняла ўдзел у 15-м конкурсе маладых танцораў "Еўрабачанне-2013", які прайшоў 14 чэрвеня ў Гданьску.

Прадстаўніцай нашай краіны стала вучаніца Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Яна Штангей, якая займаецца пад кіраўніцтвам народнай артысткі Беларусі, заслужанай артысткі Расіі Клары Малышавай.

На сцэне Балтыйскай дзяржаўнай оперы Яна Штангей выканала варыяцыю Эсмеральды з балета "Эсмеральда" па матывах рамана Віктора Гюго "Сабор Парыжскай Божай Маці" на музыку Цэзара Пуні.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі