Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь – гэта праслаўлены калектыў майстроў сцэны, адна з буйнейшых тэатральных пляцовак Еўропы і архітэктурны сімвал беларускай сталіцы.
У 2023 годзе Вялікі тэатр Беларусі адзначае 90-годдзе. За час яго існавання былі пастаўлены 20 тысяч спектакляў і адбыліся больш як 200 прэм'ер.
Яшчэ ў 20-я гады ХХ стагоддзя ў першым Дзяржаўным драматычным тэатры Мінска працавалі салісты оперы, харавая і балетная трупы, сімфанічны аркестр. Тут ставіліся музычна-драматычныя спектаклі, урыўкі з опер і балетаў.
У 1930 годзе выдатны саліст Марыінскага тэатра Антон Баначыч арганізаваў у беларускай сталіцы першую Дзяржаўную студыю оперы і балета, на аснове якой у 1933 годзе адкрыўся Дзяржаўны тэатр оперы і балета.
Першая прэм'ера тэатра – опера "Кармэн" са знакамітай беларускай спявачкай Ларысай Александроўскай у галоўнай ролі.
У 1940 годзе тэатру прысвоена званне Вялікі, у 1964 – акадэмічны.
З першых дзён існавання Вялікі тэатр Беларусі ставіў шэдэўры сусветнай сцэны і ствараў нацыянальны рэпертуар.
У 1930-я гады вядомы архітэктар Іосіф Лангбард прапанаваў стварыць для тэатра грандыёзны палац у стылі канструктывізму з мноствам скульптур і барэльефаў.
У аснове плана быў вобраз рымскага амфітэатра, аднак пасля ўдакладнення праекта некаторыя элементы былі зменены, а колькасць месц скарацілася да 1,5 тысячы.
У 1939 годзе адбылося адкрыццё новага будынка тэатра прэм'ерай оперы Яўгена Цікоцкага "Міхась Падгорны" і балета "Бахчысарайскі фантан" у пастаноўцы Касьяна Галейзоўскага.
Плённы перыяд у рабоце тэатра пачаўся з нацыянальных пастановак: оперы "У пушчах Палесся" А.Багатырова, "Міхась Падгорны" (2-я рэдакцыя) Я.Цікоцкага, "Кветка шчасця" А.Туранкова і першага беларускага балета "Салавей" Міхаіла Крошнера (1939).
У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак тэатра быў пашкоджаны бамбёжкамі і разрабаваны, артысты пайшлі на фронт або прадоўжылі работу ў эвакуацыі.
Адразу пасля вызвалення Мінска калектыў вярнуўся і ў снежні 1944 года адкрыў сезон прэм'ерай оперы "Алеся" Яўгена Цікоцкага.
Тым часам пачался рэканструкцыя тэатра, якую ўзначаліў Іосіф Лангбард.
Была створана традыцыйная ярусная планіроўка, якая падзяліла залу на партэр і тры неглыбокія ложы. Колькасць месц скарацілася да 1200.
У глядацкай зале ўпершыню з'явіліся ярусныя балконы, а ў мастацкім афармленні тэатра – раскошныя дэкарацыі і ляпная аддзелка скульптара Андрэя Бембеля.
На прылеглай тэрыторыі разбіты маляўнічы парк, спраектаваны Іосіфам Лангбардам.
У 1947 годзе абноўлены тэатр адкрыўся, а ўжо да 1949 года быў адноўлены даваенны рэпертуар.
Яркімі падзеямі ў гісторыі нацыянальнага тэатральнага мастацтва сталі прэм'еры балета "Князь-возера" Васіля Залатарова і оперы "Кастусь Каліноўскі" Дзмітрыя Лукаса (1949).
У 1955 годзе створаны першы дзіцячы оперны спектакль "Марынка".
У рэпертуары тэатра з'явіліся пастаноўкі сусветных шэдэўраў і творы беларускіх кампазітараў, прысвечаныя гісторыі нашай краіны.
Візітнай карткай тэатра і цяпер з'яўляюцца нацыянальныя спектаклі: опера "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Солтана (1989) і балет беларускага кампазітара Андрэя Мдзівані "Страсці" ("Рагнеда") у пастаноўцы Валянціна Елізар'ева (1993).
У 2006 годзе пачалася рэстаўрацыя і рэканструкцыя тэатра, якую ўзначаліў архітэктар Анатоль Шабалін. Аднаўленне праводзілася па фатаграфіях 1940-50-х гадоў і эскізах Іосіфа Лангбарда.
Мастацкае афармленне дапоўнілі хрустальныя жырандолі 1950-х гадоў, гіпсавыя элементы, размалёўка на столі, пазалочаная ляпніна, заслона і драпіроўкі з чырвонага аксаміту. У аддзелцы інтэр'ераў выкарыстоўваліся натуральны камень – мармур і граніт, падлога ў фае выканана з 9 відаў граніту з арнаментальным рысункам.
Пасля змянення будынак набыў 3 паверхі, а у прамежкавым ярусе з'явіліся касцюмерны цэх і жывапісная студыя.
Фасад упрыгожыла скульптурная кампазіцыя Апалона і дзвюх німф.
На галоўнай алеі каля тэатра адкрыўся святлодынамічны каскадны фантан, які паўтарае сілуэт тэатра. З'явіліся Балетная і Оперная алеі, упрыгожаныя скульптурнымі групамі "Балет" і "Оперная муза".
У 2009 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё тэатра з удзелам Прэзідэнта Беларусі.
Таксама ў тэатры з'явілася "Камерная зала імя Ларысы Александроўскай", дзе праводзяцца вечары вакальнай і інструментальнай музыкі, паказваюцца аднаактовыя класічныя і сучасныя оперныя спектаклі.
Сёння сцэна Вялікага тэатра Беларусі (плошчай 597 м²) – гэта ультрасучасны трансформер, які складаецца з 21 пляцоўкі. Кожная можа падымацца на 4,6 метра над узроўнем падмосткаў і апускацца на глыбіню 3,3 метра, змяняць нахіл, ствараючы любую сцэнічную тапаграфію.
У пляцоўках ёсць люкі, праз якія артысты могуць раптам з'яўляцца на сцэне або, наадварот, знікаць. Для перамяшчэння акцёраў па паветры прадугледжаны "палётныя" ўстройствы, а панарама-экран на заднім плане стварае ілюзію руху.
"Сэрца" тэатра – механічныя канструкцыі сцэны:
Сама сцэна для паляпшэння бачнасці нахілена на 4º да глядацкай залы, і пры неабходнасці яна павялічваецца на 4 метры.
Аркестравая яма таксама механізавана і можа быць схавана ў спецыяльную кішэнь пад сцэнай. У тэатры – складаны комплекс верхняй механікі, таму на сцэне можна хутка зямяніць або выставіць адну за адной больш за 50 заслон або дэкарацый.
Вялікі тэатр Беларусі аснашчаны лепшым у свеце светлавым абсталяваннем. У распараджэнні мастакоў – камплект для спецэфектаў з рухомым адлюстраваннем і сістэма пражэктараў (толькі на вялікай сцэне іх больш за 400).
У тэатры ўпершыню прыменена распрацоўка беларускіх вучоных – новая сістэма кандыцыянавання, якая дае магчымасць падаваць паветра не са столі, а непасрэдна пад крэслы гледачоў.
Рэпертуар Вялікага тэатра Беларусі сёння налічвае каля 90 оперных і балетных спектакляў. Адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці – узбагачэнне нацыянальнага рэпертуару. Пры гэтым у Вялікім беражліва захоўваюць традыцыі: некаторыя пастаноўкі карыстаюцца вялікай папулярнасцю і не сыходзяць з тэатральных падмосткаў больш за тры дзесяцігоддзі. Сярод іх – опера "Мадам Батэрфляй", балеты "Стварэнне сусвету" і легендарны "Спартак" сусветна вядомага харэографа Валянціна Елізар’ева, які паўстаў абноўленым перад гледачамі ў дзень 70-годдзя маэстра.
Акрамя таго, Вялікі тэатр штогод праводзіць грандыёзныя культурныя праекты як на сваёй сцэне, так і на іншых пляцоўках Беларусі:
Тэатр стварыў свае філіялы ў Магілёве, Наваполацку і Гомелі. У 2012 годзе адкрылася Малая балетная сцэна – эксперыментальная пляцоўка для маладых харэографаў і музыкантаў.
Вялікі тэатр Беларусі развівае міжнародныя сувязі з буйнейшымі сцэнамі свету, сярод якіх – тэатры Расіі, Украіны, Балгарыі, Азербайджана, Грузіі, Польшчы, Славакіі і Румыніі. Калектыў тэатра пабываў з гастролямі больш як у 30 краінах свету.
У сезоне 2012/2013 за мяжой прадставілі 138 спектакляў, якія наведалі амаль 160 тысяч гледачоў у Германіі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Бельгіі, Францыі, Італіі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Расіі і Эстоніі.
На сцэне Вялікага тэатра Беларусі выступаюць лепшыя калектывы і выканаўцы свету. Толькі за апошнія гады тут былі Санкт-Пецярбургскі акадэмічны тэатр балета імя Леаніда Якабсона, Тбіліскі тэатр оперы і балета імя Захарыя Паліяшвілі, балетная трупа Барыса Эйфмана…
У 2010 годзе Андрыс Ліепа ўпершыню паказаў на беларускай сцэне балеты "Жар-птушка" і "Шахеразада" з легендарных "Рускіх сезонаў" Сяргея Дзягілева.
У 2013 годзе ў рамках праекта "Зоркі сусветнага балета" салісты сусветна вядомых тэатраў выканалі галоўныя партыі ў лепшых класічных ("Дон Кіхот", "Карсар", "Лебядзінае возера") і сучасных пастаноўках.
У 2014 годзе Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі быў удастоены прэстыжнай узнагароды за ўклад у сусветную культуру – памятнага медаля ЮНЕСКА "Пяць кантынентаў".
2015 год азнаменаваўся ўступленнем Вялікага ў еўрапейскую асацыяцыю оперных труп і фестываляў Opera Europa.
Ларыса Александроўская – самая вядомая артыстка беларускай оперы, мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр тэатра ў 1951-1960 гадах. Лепшая рэжысёрская работа – опера "Аіда". У 1927 годзе выступіла на Сусветнай музычнай выстаўцы ў Франфуркце-на-Майне – адной з роданачальніц сучаснага "Еўрабачання".
Валянцін Елізар'еў – выдатны саліст балета, балетмайстар, харэограф, аўтар больш як 30 пастановак у Беларусі і тэатрах свету. У 1986 годзе паставіў нумар, з якім Ніна Ананіяшвілі і Андрыс Ліепа атрымалі Гран-пры міжнароднага конкурсу ў Джэксане. У 1992-2009 гадах – мастацкі кіраўнік - дырэктар тэатра. У 2018 зноў прызначаны на гэтую пасаду.
Віктар Скорабагатаў – заслужаны артыст Беларусі, саліст, рэжысёр, стваральнік і кіраўнік творчага калектыву "Беларуская капэла".
Ніна Шарубіна – уладальнік рэдкага тэмбру, народная артыстка Беларусі, вядучы майстар сцэны, выканаўца больш як дзясятка вядучых партый, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 2012 года.
Маргарыта Ізворска-Елізар'ева – заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, оперны рэжысёр, мастацкі кіраўнік опернага тэатра ў 2002-2009 гадах.
Добрая традыцыя штогадовых Дзён адкрытых дзвярэй пачалася ў 2015 годзе: тады ў Вялікі ўпершыню запрасілі ўсіх жадаючых убачыць жыццё тэатра знутры, зазірнуць за кулісы і прасякнуцца таемствам стварэння шэдэўраў мастацтва.
У Дзень адкрытых дзвярэй гледачу адкрываецца мноства невядомых яму раней лакацый: гэта і рэпетыцыйныя залы, і тэхнічныя памяшканні сцэны, і грымёрныя, касцюмерныя, сховішчы тэатральнага рэквізіту... Кожны госць тэатра можа не толькі ўбачыць жыццё "з іншага боку заслоны", але і паспрабаваць сябе ў ролі артыста ў час майстар-класаў па вакале, класічным танцы, акцёрскім майстэрстве – з гэтым дапамогуць вядучыя майстры сцэны і рэжысёры.
Вялікі тэатр размешчаны практычна ў цэнтры Мінска, адрас – плошча Парыжскай Камуны, 1. Прыпынак наземнага транспарту – Оперны тэатр, зручна таксама скарыстацца метро і праехаць да станцыі "Няміга".