Нацыянальны мастацкі музей – культурная скарбніца Беларусі, якая валодае адным з буйнейшых збораў ва Усходняй Еўропе. Сёння гэта не толькі музей-галерэя, але і сучасны навукова-адукацыйны цэнтр, арт-пляцоўка для мастакоў.
Калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея налічвае больш за 30 тысяч экспанатаў – шэдэўраў беларускага і замежнага мастацтва.
У 1939 годзе ў Мінску адкрылася Дзяржаўная карцінная галерэя. Аснову яе калекцыі склалі творы з гістарычных музеяў Мінска, Віцебска, Магілёва і Гомеля, палотны, падораныя Траццякоўскай галерэяй, Рускім музеем, Музеем выяўленчага мастацтва імя Пушкіна, Дзяржаўным Эрмітажам.
Пазней збор папоўнілі рарытэты з сядзіб і замкаў Заходняй Беларусі, у тым ліку і рэзідэнцыі князёў Радзівілаў у Нясвіжы. Сярод іх – слуцкія паясы, французскія габелены XVIII ст., партрэтны жывапіс XVI-XIХ стст.
Аднак у гады Вялікай Айчыннай вайны багатую калекцыю (больш за 2700 экспанатаў) вывезлі з краіны. Лёс многіх шэдэўраў дагэтуль невядомы.
У пасляваенны час калекцыю пачалі збіраць нанава: былі набыты палотны вядомых рускіх мастакоў Барыса Кустодзіева, Васіля Паленава, Карла Брулова, Ісаака Левітана, некаторыя экспанаты перададзены музеямі Масквы і Санкт-Пецярбурга...
У 1957 годзе Дзяржаўны мастацкі музей БССР адкрыўся ў новым велічным будынку, пабудаваным у адпаведнасці з праектам архітэктара Міхаіла Бакланава. Яго ўпрыгожылі скульптуры-алегорыі вядомых майстроў – "Жывапіс", "Скульптура" і "Слава".
Будынак у Мінску стаў адным з першых музейных збудаванняў у гісторыі савецкай архітэктуры. Ён быў адлюстраваны на беларускім грашовым банкноце ўзору 2000 года наміналам Br1000. І напярэдадні дэнамінацыі-2016 Нацыянальны мастацкі музей правёў акцыю "Тысяча, бывай!" – сімвалічнае расставанне з купюрай, на якой можна было ўбачыць і фасад музея, і фрагмент адной з карцін пастаяннай экспазіцыі.
На працягу дзесяцігоддзяў калекцыя музея папаўнялася новымі скарбамі з прыватных калекцый, шэдэўры беларускага жывапісу і графікі, іканапісу з поспехам выстаўляліся ў розных краінах свету.
Сам музей у 1970-1990-я гады ператварыўся ў вялікі комплекс, які аб’яднаў 5 філіялаў, у тым ліку знакамітыя замкі ў Міры і Гальшанах.
Да канца ХХ стагоддзя калекцыя музея настолькі павялічылася, што выстаўлялася толькі малая яе частка, таму ўзнікла неабходнасць у новых памяшканнях.
Музей пашырыўся за кошт суседніх будынкаў, дзе размясціліся лекторыі, аддзелы і службы. А ў 2007 годзе пасля грандыёзнай рэканструкцыі адкрыўся новы прыбудаваны корпус.
Аб’яднаўшы гісторыю і сучасны дызайн, архітэктар Віталь Бялянкін увасобіў вобраз музея-"горада пад дахам". Яго інтэр’ер упрыгожылі класічныя калоны і аркі, дэкаратыўная ляпніна, а замест даху з’явіўся шкляны купал.
Плошча будынка – 8902 м². Акрамя экспазіцыі, тут размясціліся запаснікі для захоўвання твораў мастацтва, рэстаўрацыйныя майстэрні з сучасным абсталяваннем, дзе на спецыяльнай экскурсіі можна паназіраць за работай рэстаўратараў.
У новых залах выстаўлены шэдэўры старажытнабеларускага, заходнееўрапейскага, усходняга, рускага і сучаснага беларускага мастацтва.
Сёння ў НММ Беларусі захоўваецца больш за 30 тысяч экспанатаў, якія складаюць 20 калекцый і 2 зборы – нацыянальнага і сусветнага мастацтва, у тым ліку творы майстроў Заходняй Еўропы і краін Усходу XV-XX стагоддзяў.
Унікальная калекцыя беларускага мастацтва ўключае старадаўні іканапіс, скульптуру, тканіны і разьбу па дрэве, жывапіс XIX стагоддзя, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадметы мастацтва XX стагоддзя.
У склад Нацыянальнага мастацкага музея ўваходзяць філіялы:
У НММ вядзецца навукова-даследчая і рэстаўрацыйная работа, папаўняюцца бібліятэчныя фонды і электронны каталог для абмену адлюстраваннямі твораў мастацтва з музеямі Беларусі і свету.
Музей прымае ўдзел у складанні кніг і альбомаў аб мастацтве. У 2011 годзе тут была заснавана серыя "Знакамітыя мастакі Беларусі", прысвечаная майстрам ХIХ-ХХ стст.
Акрамя выставак беларускіх і замежных мастакоў, у музеі праводзяцца лекцыі, інтэрактыўныя туры. На працягу 20 гадоў тут працуе дзіцячая творчая майстэрня.
Сучасны музей – гэта яшчэ і арт-пляцоўка, дзе праходзяць творчыя сустрэчы з мастакамі і мастацтвазнаўцамі, літаратурныя і музычныя вечары, презентацыі кніг і майстар-класы па жывапісе.
У 2013 годзе ў НММ адкрылася арт-кафэ. Яго "адметнасць" – выстаўкі мастакоў, паказы фільмаў аб беларускім мастацтве, выступленні музыкантаў.
Штогод НММ удзельнічае ў міжнароднай акцыі "Ноч музеяў" і не толькі прапануе свабодны доступ да ўсіх экспазіцый, але і здзіўляе наведвальнікаў незвычайнымі праграмамі.
Калекцыя музея пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі і дарамі мецэнатаў. Нядаўна ў ёй з’явіліся графічныя работы Марка Шагала, у планах – шэдэўры Фердынанда Рушчыца і іншых беларускіх мастакоў, слуцкі пояс.
Маючы багатыя сувязі, Нацыянальны мастацкі музей арганізуе выставачныя праекты з вядучымі музеямі і галерэямі свету – у Беларусі і за мяжой. З апошніх яркіх праектаў у Мінску:
Ужо нескалькі гадоў прадаўжаецца работа над стварэннем першага ў Мінску музейнага квартала, цэнтрам якога з’яўляецца менавіта Нацыянальны мастацкі музей.
Паводле задумы стваральнікаў, квартал аб’яднае цэлы комплекс галерэй і інфраструктуру для адпачынку.
Тут адкрыюцца новыя павільёны з творамі беларускага мастацтва, магазіны карцін і сувеніраў, дзе будуць прадавацца творы сучасных майстроў і копіі работ класікаў, мастацкія альбомы і паштоўкі…
У музейным квартале з’явяцца ўнутраны дворык пад шкляным дахам, парк скульптур, кафэ і арт-рэстаран, дзе можна будзе атрымаць асалоду ад твораў мастацтва і музыкі у жывым выкананні.
Кошт уваходнага білета ў музей – ад Br4 да Br8 (з фота- або відэаздымкамі за дадатковую плату). Наведаць музей за Br4 можна ў апошнюю сераду кожнага месяца.
У музеі праводзяцца лекцыі, групавыя і індывідуальныя экскурсіі ў залах з пастаяннай экспазіцыяй: для групы (5-25 чалавек) – Br20 – Br40. Можна ўзяць аўдыягід на рускай, англійскай або беларускай мовах.
Для школьнікаў, студэнтаў і ўсіх аматараў мастацтва прадугледжаны інтэрактыўныя праграмы.
Уваход у музей – з 11.00 да 18.30, без выхадных дзён.
Нацыянальны мастацкі музей знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска, недалёка ад праспекта Незалежнасці. Адрас – вуліца Леніна, 20. Самы зручны спосаб дабрацца – скарыстацца метро (ст.м. Кастрычніцкая, ст. м. Купалаўская). Таксама можна праехаць на аўтобусах нумар 100, 111 да прыпынку "Вуліца Леніна".