Заказнік "Спораўскі" | Belarus.by | Беларуская прырода – флора, фауна, запаведнікі, заказнікі | Belarus.by | Пра Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Пра Беларусь

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Пра Беларусь | Прырода | Біялагічны заказнік "Спораўскі"

Біялагічны заказнік "Спораўскі"


Рэспубліканскі біялагічны заказнік "Спораўскі" – унікальны прыродны рэзерват на беларускім Палессі і адзін з самых багатых па разнастайнасці флоры і фаўны ў краіне, першая тэрыторыя Беларусі, якая атрымала міжнародны статус аховы Рамсарскага ўгоддзя. Яго сімвалам стала самая рэдкая пеўчая птушка Еўропы – вяртлявая чарацянка (лац. Acrocephalus paludicola). На мясцовых балотах гняздзіцца 9 працэнтаў сусветнай папуляцыі гэтага віду, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Сёння заказнік "Спораўскі", які ахоўваецца дзяржавай, размешчаны ў Брэсцкай вобласці на тэрыторыі 4 адміністрацыйных раёнаў – Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Івацэвіцкага. Яго плошча – 19 384 га. Эколага-асветны цэнтр заказніка знаходзіцца ў в. Высокае Бярозаўскага раёна.

Край вяртлявай чарацянкі і не толькі

Створаны ў 1991 годзе заказнік "Спораўскі" ўяўляе сабой буйнейшы масіў нізінных балот Палесся, размешчаных у пойме ракі Ясельды, які з'яўляецца ўнікальным па плошчы і прыроднай захаванасці для Цэнтральнай часткі Еўропы. Старадаўнія Спораўскія балоты і возера Спораўскае дайшлі да нас амаль у некранутым стане, што дало магчымасць уцалець многім знікаючым відам раслін, жывёл і птушак. Стварэнне рэзервата стала абаронай для амаль 40 відаў, якія жывуць практычна толькі тут. Многім з іх глабальна пагражае знікненне: колькасць зніжаецца з-за зарастання балот і гаспадарчай дзейнасці.

Флора заказніка – гэта больш за 600 відаў сасудзістых раслін, што складае каля 35 працэнтаў усіх у краіне. І 20 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, у "Спораўскім" можна палюбавацца самай прыгожай беларускай архідэяйВенерыным чаравічкам сапраўдным (Cypripedium calceolus L), які з'яўляецца не толькі старадаўнім прадстаўніком сям'і архідных, але і найбольш востра рэагуе на змяненні асяроддзя. Венерын чаравічак занесены і ў міжнародную Чырвоную кнігу.

Фаўна заказніка "Спораўскі" таксама надзвычай разнастайная. Тут адзначана 123 віды птушак, якія гняздуюцца, з іх 32 занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У заказніку пражывае 25 відаў млекакормячых (без уліку дробных грызуноў і рукакрылых), 6 відаў рэптылій, 8 відаў амфібій, 34 віды рыб і больш за 245 відаў насякомых.

Найбольш шматлікімі з рэптылій з'яўляюцца яшчаркі – порсткая і жывародная, вуж звычайны. Сустракаецца балотная чарапаха і мядзянка – ахоўныя віды. З земнаводных найбольш распаўсюджаны вастрамордая і травяная жабы, а з рэдкіх сустракаецца чаротная рапуха, якая занесена в Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. З рыб водзяцца шчупак, плотка, лінь, лешч, карась, карп, гусцяра, акунь, сустракаюцца канальны сомік, колюшка трохіголкавая, колюшка дзевяцііголкавая і іншыя, з рэдкіх – мінога рачная.

З млекакормячых на тэрыторыі заказніка пражываюць лось, еўрапейская казуля, высакародны алень, дзік, янотападобны сабака, лясны тхор, гарнастай, каменная і лясная куніцы, звычайны ліс, заяц-русак, амерыканская норка, рачны бабёр, андатра, выдра, воўк і іншыя. З ахоўных відаў адзначаны барсук.

І, зразумела, невыпадкова заказнік "Спораўскі" прызнаны тэрыторыяй, важнай для птушак (статус міжнароднай праграмы Important Bird Areas – IBA). Тут жывуць вяртлявая чарацянка, вялікі падворлік, лугавы канёк, дупель, вялікі вераценнік, балотная сава, драч, вялікі краншнэп…

Згодна з даследаваннямі вучоных-арнітолагаў, вяртлявая чарацянка сёння з'яўляецца самай рэдкай у Еўропе пеўчай птушкай. Месцы яе гнездавання захаваліся ў Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве і Германіі. У нашай краіне сканцэнтравана каля 43 працэнтаў сусветнай папуляцыі віду, у тым ліку ў біялагічным заказніку "Спораўскі" – прыкладна 9 працэнтаў, а ў суседнім рэспубліканскім ландшафтным заказніку "Званец" – каля 27 працэнтаў.

У канцы жніўня гэта птушка, памер якой не перавышае 13 см, а вага – усяго каля 10 грам, ляціць на зімоўку ў Афрыку, пераадольваючы 7-8 тысяч км. Спецыялісты высветлілі, што птушкі з Беларусі адпачываюць у Сенегале, а затым ляцяць углыб афрыканскага кантынента і спыняюцца ў Малі. У маі вяртлявая чарацянка вяртаецца ў месцы гнездавання. Аднак калі балота моцна зарастае або ўмовы пражывання мяняюцца ў выніку іншых фактараў – яна знікае…

У апошнія дзесяцігоддзі спецыялісты заказніка "Спораўскі" актыўна займаюцца вырашэннем праблемы зарастання ўнікальных пойменных балот, у тым ліку з дапамогай праектаў міжнароднай дапамогі. Яшчэ ў пачатку 2000-х вучоныя выступалі за забарону любой гаспадарчай дзейнасці на балотных масівах, але аказалася, што без удзелу чалавека не абысціся: многія віды раслін і жывёл патрабуюць выдалення лішняй расліннасці.

Таксама рэалізуюцца мерапрыемствы па кіраванні папуляцыяй вяртлявай чарацянкі, паколькі менавіта ў Беларусі два буйнейшыя балоты – Спораўскае і Званец – захавалі адносна стабільныя папуляцыі. Самая вялікая па колькасці асобін у Еўропе, сканцэнтраваная на балоце Званец, стала асновай для транслакацыі. У 2018-м з заказніка "Званец" упершыню былі пераселены 50 птушанят у літоўскі рэзерват "Жувінтас", а ў 2021-м – 35 птушанят перавезлі ў гідралагічны заказнік "Сэрвач" на поўнач Беларусі.

А ў заказніку "Спораўскі" створана экалагічная сцежка "У краі вяртлявай чарацянкі", якая сёння ўваходзіць у топ-10 самых папулярных і цікавых у Беларусі. Маршрут кальцавы (3 км) і двойчы перасякае раку праз паромную пераправу, што таксама з'яўляецца яго адметнай асаблівасцю. Экасцежка праходзіць па нізінным балоце (драўляны насціл), сасновай пасадцы, схіле да берага Ясельды, на шляху таксама ёсць назіральная вышка.

На сцежцы можна ўбачыць і пачуць шмат птушак, а лепшы час тут – з красавіка па кастрычнік, пакуль птушкі не адляцелі на зімоўку. Восенню і вясной экскурсію па экасцежцы можна сумясціць з наведваннем станцыі кальцавання птушак "Ясельда". Тут збіраюцца вопытныя арнітолагі, бёрдвотчары і проста энтузіясты, якія жадаюць дапамагчы ў справе захавання і вывучэння прыроды.

Экафестываль "Спораўскія сенакосы"

Яшчэ адным спосабам захавання ўнікальнай экасістэмы заказніка і папулярызацыі гэтага сапраўды рэдкага кутка прыроды стаў заснаваны ў 2007 годзе экалагічны фестываль "Спораўскія сенакосы". Па традыцыі ён праходзіць у жніўні. У штогадовай праграме - чэмпіянат па ручной касьбе нізіннага балота і адзіныя ў Беларусі спаборніцтвы "Футбол на балоце".

Фестываль ужо стаў брэндам не толькі Брэсцкай вобласці, але і ўсёй Беларусі.

У рамках чэмпіянату касцоў каманды ўдзельнікаў павінны на скорасць уручную скасіць вызначаныя арганізатарамі "дыстанцыі" балотнай травы – густой, высокай, цяжкай ад вільгаці. Але галоўнае, што нават малая доля балотнай расліннасці, скошанай у час спаборніцтваў, дае магчымасць кожнаму ўнесці пасільны ўклад у захаванне біяразнастайнасці ўнікальнай тэрыторыі.

Таксама гасцям экафестывалю прапануюць наведаць станцыю кальцавання птушак і прайсці па экалагічнай сцежцы, убачыць наваколле з вышыні палёту дэльтаплана, азнаёміцца з народнай культурай, рамёствамі і аўтэнтычнай кухняй жыхароў мясцовых палескіх вёсак.

Фестываль воднага турызму

З 2022 года біялагічны заказнік "Спораўскі" з'яўляецца адным з арганізатараў яшчэ аднаго мерапрыемства – фестывалю воднага турызму "Ясельдавыя хвалі", які праходзіць у чэрвені. Яго галоўная пляцоўка разгортваецца ў вёсцы Высокае на беразе ракі Ясельды каля паромнай пераправы экасцежкі "У краі вяртлявай камышоўкі".

У праграме фестывалю - "Спораўская рэгата" (9,5 км) па водах Ясельды, гонкі на кароткія дыстанцыі, майстар-класы па тэхніцы хаджэння на байдарках і каяках, канцэрты паходнай песні, конкурсы вырабаў з прыродных матэрыялаў і прыгатавання страў.

Рэалізацыя гуманітарнага праекта ў заказніку "Спораўскі"

У 2023 годзе ДПУ Рэспубліканскі біялагічны заказнік "Спораўскі" і АТ "Аб'яднаная транспартна-лагістычная кампанія – Еўразійскі чыгуначны альянс" заключылі пагадненне на рэалізацыю праекта "Рэінтрадукцыя папуляцый буйных траваедных жывёл для аднаўлення экасістэм пойменных лугоў".

Тэрмін рэалізацыі праекта: 2023-2024 гады.

У ходзе рэалізацыі праекта на тэрыторыі заказніка "Спораўскі" будзе створана новая мікрапапуляцыя тарпанападобных коней (30 асобін) і новая групоўка турападобнай жывёлы (17 асобін), што дасць  магчымасць стварыць новае месцапражыванне для такіх рэдкіх відаў птушак як дупель, вялікі вераценнік, вялікі краншнэп.

Бюджэт праекта: 1500 тыс. расійскіх рублёў (20 тыс. долараў ЗША)

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі