Нарачанскі край – унікальная прыродная скарбніца і буйнейшы курортны рэгіён Беларусі. Маляўнічыя пейзажы, чыстыя азёры і рэкі, гаючыя мінеральныя крыніцы прывабліваюць сюды гасцей з усяго свету.
Нацыянальны парк "Нарачанскі" размешчаны на паўночным захадзе краіны і з’яўляецца часткай Беларускага Паазер’я.
Нарачанскі край вядомы сваёй прыроднай разнастайнасцю і асаблівым ландшафтам, які ўтварыўся пры адступленні Валдайскага ледавіка амаль 15-20 тысяч гадоў таму. Менавіта тады ўзніклі славутыя нарачанскія азёры.
Вадаёмы займаюць прыкладна пятую частку парку і адносяцца да басейнаў Нёмана і Заходняй Дзвіны. Тут жа працякаюць рэкі Страча, Нарачанка, Узлянка, Свірыца.
У межах нацыянальнага парку размешчаны 43 возеры, у тым ліку 4 групы: Нарачанская, Мядзельская, Балдуцкая і Свірская. Жамчужына краю – самае вялікае возера Беларусі Нарач (плошча 79,6 км²), Мястра, Баторына.
Амаль 48% тэрыторыі парку пакрыта хваёвымі барамі і бярозавымі гаямі. Флора вызначаецца разнастайнасцю мхоў, лішайнікаў, грыбоў, водарасцей.
Тут налічваецца больш за 1400 відаў вышэйшых раслін, з іх 114 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у тым ліку самая прыгожая беларуская архідэя – венерын чаравічак.
Фаўну прадстаўляюць 314 відаў пазваночных жывёл: еўрапейскі высакародны алень, дзік, лось, казуля, янотападобны сабака, барсук, куніца, норка, выдра, бабёр, андатра...
Дзякуючы мноству вадаёмаў і балот мясцовасць насяляюць 218 відаў птушак, сярод іх больш за 51 з Чырвонай кнігі Беларусі: вялікі бугай, скапа, шэры журавель...
Нарачанскія азёры і рэкі насяляе каля 35 відаў рыб: шчупак, плотка, акунь, лешч, карась, гусцяра, ёрш..
З даўніх часоў навакольная мясцовасць Нарачы прываблівала хараством і багаццем прыроды аматараў адпачынку, палявання і рыбалкі, даследчыкаў і падарожнікаў.
У пачатку ХХ стагоддзя на беразе возера былі пабудаваны прыватныя вілы, рэстаран, яхт-клуб, прыстань для парусных лодак, тут курсіравалі дачныя паязды.
У 1946 годзе ў ходзе першай навуковай экспедыцыі былі знойдзены крыніцы мінеральных вод і лячэбныя гразі (сапрапелі) у азёрах Кузьмічы, Швакшты і Дзягілі. Гэта стала падставай для стварэння кліматабальнеалагічнага курорта.
У канцы 50-х гадоў пачалося актыўнае будаўніцтва турыстычных баз і дамоў адпачынку на ўзбярэжжы Нарачы. Ужо ў 1963 годзе адкрыўся санаторый "Нарач", пазней – дом адпачынку "Нарач", дзіцячы аздараўленчы лагер "Зубраня"…
У 60-70-я гады на тэрыторыі Нарачанскага рэгіёна ўзнікла вялікая курортна-аздараўленчая зона краіны.
Нацыянальны парк "Нарачанскі" быў утвораны ў 1999 годзе для захавання ландшафтаў, біялагічнага багацця і генетычнага фонду расліннага і жывёльнага свету.
Тэрыторыя парку займае больш за 87 тысяч гектараў, і акрамя запаведных угоддзяў (8,4 %) уключае санаторна-курортную, гаспадарчую зоны. Працягласць парку з поўначы на поўдзень – 34 км, з захаду на ўсход – 59 км.
У парку – 36 помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. Тут размешчаны асабліва каштоўныя прыродныя комплексы. Гэта заказнікі:
На тэрыторыі парку размешчана самая вялікая курортная зона Беларусі, якая аб’ядноўвае 11 санаторыяў і аздараўленчых цэнтраў. Сёння яна актыўна пераўтвараецца дзяюкучы рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы.
У нацыянальным парку для турыстаў распрацавана каля 30 экскурсійных маршрутаў, арганізуюцца шматдзённыя пешыя, веласіпедныя і водныя паходы. На ўзбярэжжы 9 азёр абсталявана 16 турыстычных стаянак.
Акрамя таго, летам можна зрабіць падарожжа на верталёце і ўбачыць найпрыгажэйшыя мясціны з вышыні птушынага палёту. Таксама ў парку арганізуюцца паляўнічыя і рыбалоўныя туры, падводнае паляванне, дайвінг.
На тэрыторыі парку пракладзены цікавыя экалагічныя маршруты:
"Блакітныя Азёры" – унікальны ўзгорыста-азёрны прыродны комплекс: яго ледавіковы рэльеф утварыўся дзясяткі тысяч гадоў таму. Флора налічвае больш за 500 відаў раслін, з іх каля 30 – з Чырвонай кнігі Беларусі. У 2005 годзе прыродны комплекс атрымаў статус ключавой батанічный тэрыторыі.
Асаблівую цікавасць уяўляе Балдуцкая азёрная група, якая аб’ядноўвае больш за 10 вадаёмаў. Возера Балдук – адно з самых глыбокіх у Беларусі (больш як 46 м). Таксама тут знаходзіцца другая па велічыні і сіле ў Беларусі Болтыцкая крыніца.
На тэрыторыі геалагічнага помніка прыроды "Паўвостраў Чараўкі" размешчаны Парк рэдкіх раслін, у якім расце больш за 10 рэдкіх відаў з Чырвонай кнігі Беларусі і ахоўных у Еўропе.
У 2002 годзе на берагах азёр Нарач і Мястра створаны дэндралагіны сад, дзе прадстаўлены дзіўная калекцыя з амаль 400 парод дрэў, кустоў, траў. Тут жа знаходзіцца Музей лесу, дзе можна паназіраць за жыццём дрэва на розных этапах развіцця.
Нацыянальны парк "Нарачанскі" размешчаны на тэрыторыі Мядзельскага і часткова Вілейскага раёнаў Мінскай вобласці, Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.
Адміністрацыйны цэнтр – курортны пасёлак Нарач (Мядзельскі раён). Адлегласць ад Мінска – 160 км, ад Віцебска – 280 км, ад Гродна – 350 км.
Найбольш зручна дабірацца на аўтамабілі, азнаёміўшыся з картай і выбраўшы трасы ў напрамку Мядзела. Дарога з Мінска да самага вялікага возера Беларусі займае каля 2 гадзін (Р58, Р28).
З Мінска ад аўтавакзала Цэнтральны курсіруюць аўтобусы і маршрутныя таксі. Найбольш падыходзяць маршруты Мінск – к.п. Нарач, Мінск – Мядзел.
Турысты могуць спыніцца ў камфартабельным гасцінічным комплексе "Нарач", гасцініцы і катэджах аўтакемпінгу "Нарач" (12 км ад пасёлка). Акрамя таго, да паслуг пастаяльцаў:
На тэрыторыі краю захоўваюцца помнікі беларускай гісторыі і культуры, у тым ліку 10 курганных пахаванняў, 20 гарадзішчаў і паселішчаў чалавека.
Нарачанская зямля славіцца хрысціянскімі святынямі і цудоўнымі храмамі, старадаўнімі сядзібамі.
У вёсцы Нарач можна ўбачыць Ільінскую царкву (ХIХ ст.), касцёл Святога апостала Андрэя (пач. ХХ ст.), вядомы старадаўнім арганам (1902), помнікам Іаану Паўлу II (2008).
У вёсцы Будслаў знаходзіцца самы вялікі каталіцкі храм Беларусі – касцёл Ушэсця Маці Божай. У ім захоўваецца адна з найбольш шанаваных рэліквій – цудатворны Будслаўскі абраз Маці Божай, які ў 1598 годзе мінскі ваявода Ян Пац атрымаў з рук Папы Рымскага Клімента III. У 1613-м абраз быў падораны Будслаўскаму манастыру бернардзінцаў.
Урачыстасці ў гонар 400-годдзя атрымання святыні ў 2013 годзе сабралі амаль 45 тысяч паломнікаў з усяго свету.
Сярод іншых выдатных мясцін: