Мясцовыя выбары ў Рэспубліцы Беларусь | Belarus.by
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада

Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Выбары | Мясцовыя выбары

Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў у Рэспубліцы Беларусь

Сесiя Вiцебскага абласнога Савета дэпутатаў
Сесiя Вiцебскага абласнога Савета дэпутатаў

Мясцовыя Саветы дэпутатаў выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак тэрмінам на чатыры гады.

Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў праводзяцца па аднамандатных выбарчых акругах.

Для правядзення выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў утвараюцца выбарчыя акругі ў колькасці, якая залежыць ад колькасці насельніцтва:

  • па выбарах у абласны Савет дэпутатаў, Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў – ад 40 да 60 выбарчых акруг;
  • па выбарах у раённы, гарадскі Савет дэпутатаў – ад 25 да 40 выбарчых акруг;
  • па выбарах у гарадскі Савет дэпутатаў (у гарадах раённага падпарадкавання) – ад 15 да 25 выбарчых акруг;
  • па выбарах у пасялковы, сельскі Савет дэпутатаў – ад 5 да 11 выбарчых акруг.

Тэрміны правядзення выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у Рэспубліцы Беларусь

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў новага склікання назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь не пазней як за тры месяцы да адзінага дня галасавання.

Выбары дэпутатаў праводзяцца ў адзіны дзень галасавання ў апошнюю нядзелю лютага пятага года паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Патрабаванні да кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў у Рэспубліцы Беларусь

Дэпутатам мясцовых Саветаў можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 18 гадоў, не мае судзімасці, пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі або звязаны з ёй па сваёй прафесійнай дзейнасці.

Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў не могуць быць вылучаны грамадзяне, якія маюць нязнятую або непагашаную судзімасць.

Грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, маюць права ў парадку, прадугледжаным гэтым Кодэксам, удзельнічаць у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў у адпаведнасці з міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў у Рэспубліцы Беларусь

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца за 70 дзён і заканчваецца за 40 дзён да выбараў.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога, раённых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў ад палiтычных партый ажыццяўляецца адпаведна кіруючымі органамі абласных, Мінскай гарадской, раённых, гарадскіх арганізацый гэтых партый, створаных ва ўстаноўленым парадку да назначэння выбараў.

Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты гарадскiх (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў ад палiтычных партый ажыццяўляецца адпаведна кіруючымі органамі раённых, гарадскiх арганiзацыйных структур, створаных ва ўстаноўленым парадку да назначэння выбараў.

Вылучэнне кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў таксама можа ажыццяўляцца на сходах выбаршчыкаў па месцы работы. Сходы выбаршчыкаў у працоўных калектывах па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты могуць праводзіцца:

  • у абласны і Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў – у калектывах, што налічваюць не менш як 150 працуючых;
  • у раённы, гарадскі Савет дэпутатаў – не менш як 75;
  • у гарадскі (горада раённага падпарадкавання), пасялковы і сельскі Савет дэпутатаў – не менш як 20.

Асобу, прапанаваную для вылучэння кандыдатам у дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў, павінны падтрымаць не менш як адзін працэнт выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі гэтай выбарчай акругі, але не менш як 10 выбаршчыкаў.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў у Рэспубліцы Беларусь

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты пачынаецца за 40 дзён і заканчваецца за 25 дзён да выбараў.

Рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты прымаецца пры наяўнасці адпаведных дакументаў, што паступілі ў акруговую, тэрытарыяльную выбарчую камісію да пачатку рэгістрацыі.

Падвядзенне вынікаў выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у Рэспубліцы Беларусь

Выбраным лічыцца кандыдат у дэпутаты, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні. Пры правядзеннi галасавання па адной кандыдатуры кандыдат лiчыцца выбраным, калi ён атрымаў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

У Выбарчым кодэксе не ўстаноўлены парог яўкі выбаршчыкаў, неабходны для прызнання выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў праведзенымі.

Вынікі выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў устанаўліваюць адпаведныя тэрытарыяльныя камісіі і публікуюць аб гэтым паведамленне.

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі