У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь яе грамадзяне маюць права свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні.
Прамымі з'яўляюцца ўсе выбары ў Беларусі, за выключэннем выбараў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, які фарміруецца шляхам ускосных выбараў.
Права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія ўтрымліваюцца па прыгаворы суда ў месцах пазбаўлення волі.
Выбарчая сістэма Рэспублікі Беларусь уключае выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў мясцовых Саветаў.
Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі.
Пры правядзенні выбараў маюць права прысутнічаць наглядальнікі – дэпутаты, давераныя асобы кандыдатаў, прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, СМІ і замежныя наглядальнікі.
Правы наглядальнікаў:
Выбарчыя працэдуры на тэрыторыі Беларусі пачалі прымяняцца яшчэ ў эпоху Сярэднявечча, калі дваране выбіралі дэпутатаў у вышэйшы прадстаўнічы орган – Сейм, а мяшчане – склад гарадскіх саветаў.
Аднак пасля ўваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі гэтыя традыцыі на некаторы час былі забыты.
Першымі свабоднымі выбарамі ў Беларусі як суверэннай дзяржаве сталі выбары Прэзідэнта краіны ў 1994 годзе. У гэтых выбарах перамог апазіцыйны кандыдат Аляксандр Лукашэнка, які тады з вялікім адрывам апярэдзіў дзеючага прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча, экс-спікера парламента Станіслава Шушкевіча, а таксама лідараў буйнейшых беларускіх партый – камуністаў (ПКБ) і нацыяналістаў (БНФ).
З тых часоў у Беларусі яшчэ пяць разоў праходзілі выбары Прэзідэнта (2001, 2006, 2010, 2015, 2020), сем разоў праводзіліся парламенцкія выбары (1995, 2000, 2004, 2008, 2012, 2016, 2019). Мясцовыя выбары прайшлі ў 1995, 1999, 2003, 2007, 2010, 2014 і 2018 гадах.
У 2024 годзе ў Беларусі ўпершыню адбыўся адзіны дзень галасавання (апошняя нядзеля лютага) на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя Саветы дэпутатаў. Новая норма, якая аб'яднала дзве электаральныя кампаніі, што раней не супадалі па тэрмінах, з'явілася пасля ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю і выбарчае заканадаўства. Увядзенне адзінага дня галасавання дае магчымасць упарадкаваць палітычныя працэсы ў краіне, кансалідаваць палітычныя сілы для ўдзелу ў выбарчым працэсе адначасова на ўсіх узроўнях прадстаўнічай улады, а таксама аптымізаваць арганізацыйныя і фінансавыя затраты дзяржавы.